nam quae Mars aliis, dat tibi regna Venus.
Maximilianus I imperator Sacri Romani Imperii
Няхай іншыя ваююць, а ты, шчасьлівая Аўстрыя, гуляй вясельлі, бо ўлада, якую адным дае Марс, табе прыносіць Вэнэра.
праграма на блізкую й далёкую будучыню. Як і многае іншае з таго, што рабілі два імпэратара, бацька й сын, Фрыдрых і Максіміліян, гэтыя радкі прасякнутыя няўлоўным містыцызмам. Імпэратар нібы кажа: мы, Габсбургі, пакліканая дынастыя, прыйшлі ўратаваць сьвяшчэнную Кроў старадаўніх правячых Дамоў Эўропы для будучыні, злучыць у дынастычную ўнію іх кароны й землі й легітымна кіраваць імі імем гэтае Крыві. Імпэрыя зьяднаная повязямі Крыві, а не сілаю зброі й гвалту, як мадэрныя “нацыянальныя” дзяржавы. Гэта й ёсьць вобраз традыцыйнае сярэднявечнае эўрапейскае imperium. Не, гэта не адзінае штучна ўніфікаванае, цэнтралізаванае гаспадарства накшталт антычнага Рыму, але арганічны зьвяз шэрагу каронаў пад уладаю аднаго манарха-спадкаемцы. Межы imperium, усталяваныя тысячагадовымі традыцыямі, укладаюцца ў абрысы гэтых каронаў, зьвязаных уніяй. Няма ня этнічнае й культурнае варажнечы (эра звыродніцкага нацыяналізму яшчэ далёка), няма штучнае ўніфікацыі традыцыйнага права асобных каронаў. Манарх ёсьць бацькам для ўсіх. Імпэрыя-ідэал, якая, ня гледзячы на націск сілаў дэканструкцыі традыцыі, была аб’ектыўнаю рэальнасьцю яшчэ якіх тры стагодзьдзі таму.
Сучасныя спробы перапісаць гэтую гісторыю ў рэчышчы антычнага ці мадэрнага разуменьня канцэпцыі зямнога imperium выглядаюць для мяне вельмі дзіўнымі. Не магу зразумець, бо навошта выдумваць ровар, калі продкі стварылі для нас ідэальны правобраз дэцэнтралізаванага традыцыйнага гаспадарства, захаваўшы як запавет нават жыцьцёвы мэханізм яго існаваньня (дынастычнасьць).
Асабліва шмат пытаньняў узьнікае, чуючы цьвярджэньні аб гістарычнасьці такіх зьяваў, як польская, швэдзкая… ці літоўская імпэрыя. Блытаніна ўзьнікла, калі за imperium пачалі ўважаць ці сярэднявечны regnum (Польшча), ці мадэрнае разуменьне імпэрыі (Швэцыя часоў Stormaktstiden). Зь Літвою ўвогуле выйшла складаная гісторыя, бо, калі яшчэ не сьціхлі дыскусіі, ці было Вялікае княства Літоўскае ўласна regnum (у сэнсе дзяржаўным), летась пачалі высоўвацца розныя гіпотэзы аб яго нібыта імпэрскае ісьце. Усё гэта выглядала б слушна ў рамках альтэрнатыўнае гісторыі, але відавочна размова ідзе ўжо аб іншым дыскурсу.
Гэта натуральна не спроба фальшаваньня гісторыі, аднак падмена паняцьцяў тут можа мець шэраг сур’ёзных наступстваў для традыцыяналістычнага руху не толькі ўласна Літвы й Крыў’і, але й усяго абшару Цэнтральнае й Паўночнае Эўропы. Ствараючы альтэрнатыўны “імпэрскі” літоўскі праект, мы ставім крыж на арганічнае імпэрыі Габсбургаў, спадкаемцаў старэйшае лініі Ґедымінавічаў-Ягайлавічаў, і самой ідэі адраджэньня дынастычнае дзяржаўнасьці. Ці маем мы права з-за нейкіх прычынаў пазбавіць Літву магчымасьці стаць тым, чым яны мусіла быць яшчэ чатырыста гадоў таму – каронаю Аўстрыйскага Дому?
Пяць жахлівых стагоддзяў Габсбургі баранілі свае легітымныя правы, а разам зь імі й ўсю Эўропу ад навалы дэструктыўнага хаосу ісламу, лібэралізму, нацыяналізму, шавінізму, нацызму, камунізму (імя ім легіён). Баранілі саму ідэю манархіі, права этнасаў і рэгіёнаў быць самімі сабою, а не растварыцца ў дэструктыўным моры якога-кольвек новага “Нямецкага Райху” ці Расеі. Гэта яна, габсбургская манархія, бараніла саму сутнасьць традыцыйнае дзяржаўнасьці, калі сэрбскі нацыяналіст забіў нашчадка трону апошняе праўдзівае дамадэрнае імпэрыі. Так, яны былі зусім “несучасныя”, кансэрватыўныя, гэтыя апошнія аўстра-вугорскія імпэратары, не йшлі ні на якія кампрамісы; не мелі шанцаў ваяваць “супраць усіх”. Але яны прынялі гэты выклік хаосу. Гэтак як і архітэктар імпэрыі Максіміліян І, апошні рыцар Эўропы, Аўстра-Вугоршчына мусіла зысьці ў нябыт гэтаксама годна, але разам з тым балюча, цяжка, у полымі жахлівае сусьветнае вайны*… Ці можам мы адмовіць гэтае імпэрыі адрадзіцца? Ці можам мы адмовіць нашчадку Ґедыміна адбудаваць адну з самых вялікіх ўнівэрсальных імпэрыяў у эўрапейскае гісторыі? Дзеля чаго ўвогуле крыўскі манархічны рух? Для кожнага тутэйшага легітымістага ён (манархізм) найперш зьвязаны з магчымасьцю адрадзіць тысячагадовыя традыцыі пад вяршэнствам законнага спадкаемцы колішніх вялікіх князёў літоўскіх. Габсбургі – гэта нашая надзея на повязь з сапраўднаю літоўскаю манархічнаю традыцыяй, згубленаю стагодзьдзі таму. Багі працягнулі для нас гэтую сакральную нітку, каб мы, ўхапіўшыся за яе, зноў вярнуліся да вольных часінаў традыцыйнае Эўропы. Гэты край блаславёны стаць часткаю вялікае дынастычнае еднасьці пад вяршэнствам Габсбургаў.
AEIOU – вось яна, тая нітка, яшчэ адзін таямнічы сымбалічны код Габсбургаў. Упершыню гэтая сэквэнцыя зьявілася ў 1437 г. у запісах імпэратара Фрыдрыха ІІІ Габсбурга. Імпэратар неўзабаве загадаў нанесьці гэтыя літары на сваю вопратку, вокладкі кнігаў і нават зьмяшчаць на архітэктурных пабудовах**. Сам манарх ніколі не тлумачыў містычны сэнс абрэвіятуры (магчыма яе таямнічая сіла абавязвала да гэтага), але адна за адною зьявіліся яе шматлікія інтэрпрэтацыі (некалькі дзесяткаў на латыні й нямецкае), сэнс якіх так ці інакш зводзіўся збольшага да самае слыннае – Austriæ Est Imperare Orbi Universo***. Пад “Аўстрыяй” натуральна разумелася не невялікае нямецкае эрцгерцагства (дарэчы, таксама ўзьведзенае ў гэты статус усё тым самым імпэратарам Фрыдрыхам ІІІ), а ўласна Аўстрыйскі Дом. І прароцтва пачало збывацца ўжо пры яго сыне Максіміліяну й яго нашчадках. Колішнія ўладаньні магутнае Бургундыі (шмат у чым гістарычны аналяг нашага ВКЛ), гішпанскія каралеўствы, Нэапаль, Мілан, спадчына старэйшае лініі Ягайлавічаў (Багемія й Вугоршчына)… Унук Максіміліяна, імпэратар Карл V
У 1572 г. пасьля сьмерці апошняга літоўскага гаспадара зь Ягайлавічаў да імпэрыі аўстрыйскіх Габсбургаў мусіла далучыцца Польшча й Літва. Ня гледзячы на ўсе намаганьні цягам наступных ста гадоў, Габсбургі так і не здолеюць апанаваць пасадам сваіх продкаў. На жаль. Austriæ Est Imperare Orbi Universo засталося як наказ для нас усіх, чакаючых на паўстаньне колішняе Габсбургскае імпэрыі ад Артуа й Міляну да Смаленску, ад Балтыцкага й Паўночнага мораў да Адрыятыкі й Чорнага Мора...
Сярод шматлікіх тлумачэньняў AEIOU ёсьць і старажытнае містычнае Austria Erit In Orbe Ultima****… Што гэта, калі ня сымбаль для нас, тых што жыве ў цемры Калі-Югі: AEIOU – вось наш апошні прыпынак, наш традыцыяналістычны манархічны бастыён. За яго мы мусім трымацца моцна, каб зноў не згубіць. Каб покліч гэты пачуў наш гаспадар, бо разам з AEIOU мы кажам яму: вяртайся, імпэратар!
* З прапагандысцкіх плякатаў Аўстра-Вгуоршчыны тых часінаў на нас глядзяць мужныя рыцары з мячамі й шчытамі – менавіта вось такою бачылі гэтую вайну Габсбургі.
**Напрыклад, AEIOU можна бачыць на балюстрадзе хораў венскае царквы сьв. Рупрэхта.
*** Лёс Аўстрыі – уладарыць усім сьветам (лац.).
**** Аўстрыя будзе апошняю ў сьвеце (лац.).

RSS-стужка