
Нішто гэтак не адпавядае праву і натуральнаму парадку [...] як imperium,
без якога не могуць трымацца ні дом, ні грамадзянская супольнасць, ні народ,
ні чалавецтва ў цэлым, ні ўся прырода, ні сам сусвет. Бо і сусвет
падпарадкоўваецца боскаму, яму пакорныя і мора, і зямля, і жыццё людзей
падпарадкоўваецца загадам вышэйшага закону.
Цыцэрон
Звычайна Беларусь апісваюць як ахвяру імперый. Найбольш гэтаму паспрыялі адмоўныя канатацыі досведу знаходжання ў Расійскай імперыі і СССР. Не закранаючы тут пытання пра досыць прыкметную ды актыўную ролю выхадцаў з беларускіх земляў у гэтых дзяржаўных утварэннях, між іншым, варта згадаць, што «нацыяналізаваныя» беларусамі гаспадарствы — Полацкае княства і Вялікае Княства Літоўскае таксама можна разглядаць праз імперскую прызму[1]. Але перадусім гэта вымагае іншага гледзішча на сутнасць імперыі, калі заўгодна, паглыблення ў яе таямніцу (arcana imperii), што дагэтуль не дае спакою шмат каму з даследчыкаў, прыхільнікаў і праціўнікаў «імперскасці», а таксама таго, якое дачыненне яна мае да нашага найвялікшага гаспадарства мінуўшчыны (casus Lithuaniae) і, урэшце, да перспектываў будучыні.
Лацінскі панятак imperium ‘імперый, улада, уладарнасць’, які паходзіць да дзеяслова imperare ‘загадваць’ пачаткова азначаў у даўнім Рыме поўніцу выканаўчай улады — кіраванне войскам і грамадзянскай адміністрацыяй. Праз выбары імперый надаваўся магістратам — тым, хто займаў вышэйшыя дзяржаўныя пасады, спачатку царам, затым консулам, прэтарам, дыктатарам ды інш., але пры гэтым правы і паўнамоцтвы носьбіта імперыя розніліся ў залежнасці ад месца займанай пасады ў дзяржаўнай герархіі. Найвышэйшая ступень імперыя (summum imperium) са знікненнем рэспубліканскай мадэлі кіравання надавалася дыктатару, пазней прынцэпсу-імператару, які разам з уваходжаннем на пасад, пажыццёва атрымліваў вярхоўныя кіроўныя ды вайсковыя паўнамоцтвы на ўсю тэрыторыю Рымскай дзяржавы, і ў выніку імперый стаў яе сінонімам — Imperium Romanum[2]. Імперый меў сакральнае вымярэнне і быў звязаны з абрадам аўспіцый, які ладзіўся дзеля ухвалы Юпітэрам яго носьбіта[3]. Пачынаючы з Аўгуста імператар як Pontifex Maximus з’яўляўся главой рымскай дзяржаўнай рэлігіі[4]. Сакралізацыя постаці імператара ў Рыме знайшла працяг у хрысціянскім свеце, дзе ён разглядаўся як адзіны зямны намеснік Бога, кароль каралёў і бацька ўсіх падданых, адказны за падтрыманне парадку ў грамадстве[5].
У вачах рымлянаў іх імперыя была ўніверсальнай асновай адзінай вышэйшай цывілізацыі, бо панавала над усёй зямлёй або прынамсі тымі яе часткамі, якія былі гэтага вартыя[6]. Ад рымскай імперыі бярэ пачатак ўяўленне пра яе не гэтулькі як дзяржаву, колькі як ўсё цывілізаванае і палітычна арганізаванае чалавецтва, упарадкаваны Космас:
Імперыя як спосаб упарадкаванага, негвалтоўнага існавання з яе цягай да ўніверсалізму і татальнасці [...] у ідэале — свайго роду перфектная рэальнасць», што "рэпрадукуе з найбольшай паўнатой міфалагічную парадыгму ўзаемадзення чалавека і свету[7].
Містычная місія Рыма бачылася ў бездакорным валадаранні светам: «Ты ж, о рымлянін, памятай — дзяржаўна ўладарыць народамі; // Будзе ў гэтым мастацтва тваё, каб мір пашыраць // Літасць пакорным даваць і вайной скараць ганарлівых»(Энэіда, VI.
Рым адначасна быў матэрыяльнай і духоўнай магутай, [...] і разам з гэтым з’яўляўся нечым сакральным, бо не было ніводнай праявы жыцця, грамадскай або прыватнай, як на вайне, гэтак і ў міры, якому не спадарожнічаў бы рытуал або сімвал — Рым быў культурнай формай таямнічага паходжання, у якой былі свае паўбагі і боскія цары, [...] і гэтая форма была кульмінацыяй pax augusta et profunda (лац. «мір аўгусцейшы і глыбокі»), дзе нават матэрыяльна рэалізавалася ўніверсальнае адлюстраванне вечнасці (aeternitas), што ўшаноўвалася ў самой імперскай функцыі[8].
З Рымам звязаная традыцыя надання дзяржаве нейкага абсалютнага, сусветнага сэнсу, эманацыі якой пашыраюцца на ўсё агляднае кола земляў[9].
У сярэднявечнай Еўропе рымская ідэя імперыі атрымала працяг у абліччы усеахопнага хрысціянскага ўніверсуму[10], разуметая праз новую рэлігійную прызму яна стала ўспрымацца як гістарычная сіла, здатная затрымаць з’яўленне антыхрыста і канец цяперашняга эона[11], гэта Sacrum Imperium — арганічна падзеленая супольнасць, якая ахоплівае ўсю зямлю, але якая ўтвараецца не з асобных індывідаў як грамадзянаў свету, а з шэрагу звязаў ды супольнасцяў і толькі праз гэты шэраг вядзе да асобнага чалавека[12]. Гэта азначала, што замест індывідуалістычнай мадэлі, у імперыі натуральна працягвалі існаваць шматлікія прамежкавыя формы сацыялізацыі, які ў найбольш поўнай форме адпавядалі палітычнай, этнічнай, канфесійнай, прафесійнай ідэнтычнасці: сямейныя кланы, вясковыя супольнасці, брацтвы, рамесніцкія звязы, вольныя гарады, княствы і г. д. Як заўважае Ален дэ Бенуа:
«прынцып імперыі імкнецца ўзгадніць адзінкавае і множнае, прыватнае і ўніверсальнае, яе асноўным законам ёсць аўтаномія і шанаванне разнастайнасці. Імперыя імкнецца да ўніфікацыі на найвышэйшым узроўні, без руйнавання разнастайнасці культураў, народаў і этнічнай адметнасці. Яна — цэлае, чые часткі аўтаномныя сувымерна трываласці таго, што іх лучыць. Гэтыя часткі дыферэнцаваныя і арганічныя»[13].
Сярэднявечная еўрапейская імперыя ўяўляла сабой ідэалізаваны трансцэндэнтны парадак, які ажыццяўляўся як адзінства ў шматстайнасці[14].
Аналізуючы гісторыю еўрапейскіх і не толькі еўрапейскіх імперый, можна вылучыць іх тыповыя рысы, характарыстыкі, элементы, з якіх звычайна складваецца імперская сістэма. Звернемся да найбольш аўтарытэтных аўтараў, чые дэфініцыі імперыі знайшлі навуковае прызнанне і якімі актыўна карыстаюцца пры вывучэнні канкрэтных імперскіх фармацый. Джэйн Бурбанк і Фрэдэрык Купер прапануюць разумець пад імперыямі «вялікія палітычныя структуры, экспансіянісцкія альбо тыя, што памятаюць пра ўладу, якая пашыралася на вялікія прасторы; палітыі, што стваралі размежаванні і герархію па меры таго, як яны ўлучалі ў сябе новых падданых. [...] Імперская дзяржава схільная падкрэсліваць адрозненні і няроўнасць свайго шматстайнага насельніцтва», яна "звернутая навонкі, яна захоплівае і ўбірае ў сваю палітычную структуру — часта праз прымус — новыя народы, пры гэтым адкрыта прызнаючы іх адрозненні. Сама канцэпцыя імперыі мае на ўвазе, што народы, якія яе насяляюць, кіруюцца па-рознаму»[15].
Апрача тэрытарыяльнай працягласці, экспансіянізму, адкрытасці і герархічнай арганізацыі найбольш істотным ёсць характар унутраных дачыненняў у імперскай структуры. Чарльз Цілі піша:
Імперыя — гэта вялікая, складаная палітычная супольнасць, звязаная з цэнтральнай уладай праз ускоснае кіраванне. Цэнтральная ўлада ажыццяўляе пэўны вайсковы і фіскальны кантроль у кожным сегменце свайго імперскага панавання, але дазваляе два асноўныя элементы ўскоснага кіравання:
- захаванне або стварэнне апрычоных, адрозных пагадненняў для кіравання кожным сегментам;
- ажыццяўленне ўлады праз пасярэднікаў, якія карыстаюцца значнай аўтаноміяй у межах сваіх абсягаў, у абмен на лаяльнасць, даніну і вайсковую супрацу з цэнтрам[16].
Цэнтр імперыі, як правіла, ідэнтыфікуецца з пэўнай этнічнай або грамадскай групай, тэрытарыяльным задзіночаннем, якія пануюць над іншымі этнічнымі, тэрытарыяльнымі або сацыяльнымі групамі[17].
Асяродак імперыі ёсць метраполіяй, якая кантралюе падпарадкаваную перыферыю, у звязку з чым Майкл Дойл вызначае імперыю як сістэму «узаемадзеяння паміж дзвюма палітычнымі адзінкамі, адна з якіх — дамінуючая метраполія, здзяйсняе палітычны кантроль над унутранай і знешняй палітыкай , то-бок дзейсным суверэнітэтам іншай адзінкі — падпарадкаванай перыферыі»[18]. Аляксандр Матыль заўважае, што імперыя як «герахічна арганізаваная палітычная сістэма са ступіцападобнай структурай — кола без аправы — у якім элітнае ядро і дзяржава дамінуе над перыферыйнымі элітамі і супольнасцямі, выступаючы пасярэднікамі ў найважнейшых узаемадзеяннях і скіроўваючы рэсурсы з перыферыі ў цэнтр і назад у перыферыю»[19]. Рычард Суні гэтак падсумоўвае сутнасць імперыі:
Гэта складанаствораная дзяржава, у якой метраполія так ці інакш адрозніваецца ад перыферыі, а дачыненні паміж імі вызначаюцца метраполіяй і ўспрымаюцца перыферыяй як апраўданая або неапраўданая няроўнасць, субардынацыя і/або эксплуатацыя[20].
Ці досыць толькі гэтых азначэнняў для разумення і аналізу імперый? Так, гэта пэўны ўніверсалізаваны набор прыкметаў, наяўнасць якіх дазваляе з навуковага гледзішча казаць пра імперскі характар той або іншай дзяржавы. Але тут адразу хацелася б засцерагчы ад скрайнасцяў пазітывісцкага падыходу, каб не ўжываць згаданыя вышэй характарыстыкі ў якасці інструментарыя для «дакладна-матэматычнага» вымярэння. Здаецца, найбольш аптымальны паход тут быў прапанаваны ў межах школы «новай імперскай гісторыі», якая ўзняла аналагічныя пытанні адносна імперыі:
Ці то гэта гістарычная катэгорыя, ці то аналітычны канцэпт, ці то метафара гетэрагеннасці а можа быць усё разам? Між тым, «імперыя» — гэта даследніцкая сітуацыя, а не структура, праблема, а не дыягназ. «Прадумаць як імперыю» можна любое грамадства, гэтаксама як у намінальнай «імперыі» можна знайсці рысы — або цэлыя эпохі — нацыянальнага. Сакрэт у тым, што [...] аналітычны інструментарый мадэрнасці цалкам цалкам «нацыянальны» і імперыю нельга апісваць у асадах адной мадэлі з дапамогай нейкага аднаго метанаратыву. Таму ўбачыць імперыю можна толькі свядома і кантэкстуалізавана спалучаючы розныя даследніцкія "оптыкі"[21].
Ёсць яшчэ адна прыкмета, якую няпроста метадалагічна карэктна апісаць, але яна таксама вельмі часта ёсць неад’емнай часткай імперыі. Гэта «імперскі міф», што ўвасабляецца ў форме ідэалогіі, культурнай палітыкі, калектыўнай памяці ды настальгіі, і жыве ён даўжэй за самі імперыі, шторазу вяртаючы іх да жыцця, не зважаючы на ўзніклыя межы ў часе ды прасторы:
Імперыя ўнікальная тым, што ў ёй злучаныя ў адно канкрэтна-гістарычная (і таму бягучая) дадзенасць і нейкая метафізічная таямніца, геапалітычная і часта пачварная рэчаіснасць ды містычная паводле духу ўніверсалісцкая парадыгма сацыяльна-гістарычнага быцця, своеасаблівы спосаб узаемадзеяння чалавека і свету, што перасягае ў сваім прыхаваным значэнні свае знешнія этнакультурныя перыметры. У імперыях ў адно зліваюцца час і вечнасць, і таму іх міфы не паміраюць[22].
Узброіўшыся гэтымі ведамі, мы можам смела здзейсніць даследніцкі экскурс у айчынную гісторыю з мэтаю пошуку імперыі.
Як ні дзіўна, але вытокі аўтэнтычнай імперскай традыцыі мы можам шукаць ужо ў гісторыі аднаго з першых дзяржаўных утварэнняў на нашых землях — Полацкага княства. Як заўважаюць Генрых Лаўмянскі і Васіль Варонін, Полацкае гаспадарства ў часе свайго росквіту з гарадамі фарпостамі у ніжнім Падзвінні ды каланізацыйнай дзейнасцю у балтыйскім напрамку, памяць пра якую дажывае ажно да XVI ст. (параўн.: «Палачане ёсць той асаблівай думкі, што Полацкая зямля мела свае межы з ракі Дзвіны, якая цячэ да мора, і яны запэўніваюць, што ваш горад, званы Рыга, стаіць на Полацкай зямлі»), выяўляе «імперскія» прыкметы[23].
Ад самога пачатку сваёй дзяржаўнасці Полацк знаходзіўся ў эпіцэнтры палітычных, эканамічных і культурных кантактаў Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкі, аб’ядноўваючы пад сваёй уладай балтаў, славянаў, германцаў, фіна-вуграў. Фактычна гэта быў першы тутэйшы досвед дзяржаўнага кіравання рознымі землямі і этнасамі, пачатак паганска-хрысціянскага(праваслаўнага) культурнага сінтэзу. Панаванне ў Полацку варажска-рускай дынастыі азначала таксама ўлучэнне ў вайскова-палітычныя працэсы ў цэлым абшары паміж Балтыйскім і Чорным морамі.
У гэтым кантэксце можна разглядаць дзейнасць полацкага князя Усяслава Брачыславіча, скіраваную на ўсталяванне гегемоніі ў рускім свеце: прэтэнзіі на кіеўскі вялікакняскі пасад, пабудова ў Полацку бажніцы Святой Сафіі як сімвалічнага сакральнага цэнтру дзеля пацверджання статуса богаабранасці сваёй сталіцы і зямлі[24]. Полацкі «сепаратызм» у дачыненні да Кіева[25] вынікаў не толькі з наяўнасці апрычонай княскай дынастыі, але, відаць, таксама з таго, што гэтая дынастыя пэўны час імкнулася да ўсталявання сваёй вярхоўнай улады ў Кіеўскай Русі[26]. Гэтае змаганне завяршылася безпаспяхова і да пачатку XIII ст. Полацкая зямля спыніла свой удзел у міжусобных канфліктах на Русі[27]. З сярэдзіны XIII ст. яно трапляе сферу ўплыву літоўскіх князёў ды становіцца пазней часткай Вялікага Княства Літоўскага са значнай ступенню аўтаноміі.
Полацкая дзяржаўная традыцыя і версія гісторыі практычна не была прадстаўленая ў гістарыяграфіі ВКЛ XV — XVI стст.[28], між тым, да нас дайшло вельмі цікавае этнагенетычнае паданне з Паўночнай Беларусі, у якім у якасці міфічнага перашапродка беларусаў выступае князь Бай. Адметна, што ў Бая (Боя) было сем жонак: Вольга, дачка княскага дружынніка; Рагнеда з Полацку; Красуля са Смаленску; Ода з Кіеву; Доня, служанка красулі; Альда з Літвы; Ліля, сястра Альды. Паводле меркавання Сяргея Санько апісаныя шлюбныя стасункі адлюстроўваюць прэтэнзіі суверэна на іншыя землі, у складзе якіх называюцца Полацк, Смаленск, Кіеў і Літва, а само гэтае паданне, падобнае па форме на аналагічныя генеалогіі, вядомыя на тэрыторыі ВКЛ у XV — XVI стст., магло быць створана ў Полацку ў познім Сярэднявеччы або ў эпоху Рэнесансу на ўзор больш архаічных вусных генеалогій[29].
Вядома, згаданых вышэй асобных элементаў зусім недастаткова для таго, аб казаць пра існаванне нейкай развітай імперскай сістэмы на Полаччыне, таму яны выступаюць хутчэй як перадумовы, што ўзніклі ў гэтай раннесярэднявечнай дзяржаве і пазней былі перанятыя ды развітыя ў ВКЛ.
Ці можам мы дастасаваць тэрмін «імперыя» для характарыстыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага? Прынамсі, зважаючы на тое, што апрача Святой Імперыі нямецкай нацыі нават сярэднявечныя Ангельшчына ды Францыя могуць de facto уважацца за імперыі[30] мы можам паспрабаваць выявіць у палітычнай сістэме, ідэалогіі і культуры ВКЛ пэўныя імперскія элементы. Пагатоў, што разважанні пра імперскі характар гэтага гаспадарства не ёсць экзотыкай і іх можна сустрэць нават у папулярнай літаратуры, параўн.:
Экспансіянісцкая палітыка Вялікага Княства, уваходжанне ў яго склад велізарных абшараў Усходняй Еўропы надавалі нашай дзяржаве характар імперыі. Асабліва гэта датычыць часоў Вітаўта, калі ўлада манарха была неабмежаванай, межы гаспадарства сягалі Балтыйскага і Чорнага мораў, а пад яго пратэктаратам знаходзіліся Ноўгарад Вялікі, Пскоў і Разань[31].
Мабыць лепей прызнаць, што гэтая тэма і гэткі ракурс проста выпадалі з поля зроку беларускіх даследнікаў, якія найчасцей разглядалі спадчыну ВКЛ выключна праз прызму нацыянальнага наратыву, што істотна скажала саму перспектыву яго вывучэння:
Канфедэратыўнасць ВКЛ сыграла з ім кепскі жарт: яго гісторыя, сапраўды, пазбаўленая гістарыяграфічнай цэласці. Гэта аскепкі разбітага люстэрка, якія краіны-спадкаемцы складваюць як хочуць. Але ў іх увесьчас атрымліваецца не аблічча рэальнага ВКЛ, а «княства крывых люстэркаў», крывізна якіх абумоўленая дыскурсамі сучасных літоўскай, польскай, беларускай, украінскай, расійскай гістарыяграфій. Таму вывучэнне мінуўшчыны Усходняй Еўропы наўрад ці магчыма ў якасці нацыянальных гісторый. Тут патрэбны даследніцкі інструментарый новай імперскай гісторыі[32].
Надаўна да ВКЛ у абсягу кампаратыўнай гістарычнай сацыялогіі імперый звярнуўся Зянонас Норкуc, які ў выніку грунтоўнага аналіза выявіў наступныя, з яго гледзішча, прыкметы імперскасці ВКЛ:
На думку Томаса Качараўскаса палітыка-эканамічнае вымярэнне pax lituanica дапаўнялася ў перыяд станаўлення ВКЛ істотным культурным чыннікам — паганствам (у шырокім сэнсе — цывілізацыяй, у вузкім — рэлігіяй), якое знаходзілася ў цэнтры палітычнага кампрамісу, было адмысловым рэцэптам дзяржаўнай палітыкі і забяспечвала баланс паміж заходнім (каталіцкім) і усходнім (праваслаўным) вектарамі[34]. Пра гэта сведчыць досыць паказальныя словы князя Гедыміна:
«Christianos facere Deum suum colere secundum morem suum, Ruthenos secundum rutum suum, Polonos secundum morem suum et /nos/ colimus Deum secundum ritum nostrum, et omnes habemus unum Deum» ("хрысціяне шануюць Бога свайго па-свойму: русіны па-свойму, палякі па-свойму, а мы шануем Бога па нашаму звычаю, і ва ўсіх /нас/ адзін Бог»)[35].
На своеасаблівы «чароўны» характар літоўскага «імперыялізму», які вынікаў з яго паганскай сутнасці і камплементарныя дачыненні з падпарадкаванымі землямі, у тым ліку рускімі, звяртаў таксама ўвагу Гінтарас Бераснявічус[36]. Зрэшты, падобная характарыстыка ВКЛ не ёсць выключна гістарыясофскім канструктам, згадайма хаця б азначэнне гэтай дзяржавы аўтарытэтным даследчыкам Стывэнам Роўвэлам у якасці "Pagan Empire»[37].
Андрэй Казакевіч, аналізуючы «Хроніку Быхаўца» — агульнадзяржаўны летапісны звод ВКЛ, створаны ў першай палове XVI ст., прыйшоў да высновы, што паводле гістарычнай візіі яе аўтара
Літва з’яўляецца, безумоўна, соцыумам паганскім, але ўласцівасці і адносіны да паганства ў «Хроніцы» пры апісанні гісторыі да княжання Міндаўга характарызуюцца дастатковай нейтральнасцю. Паганства не выступае як «татальнае ліха», а мае вобраз нечага нейтральнага неагрэсіўнага ці нават натуральнага, без надання негатыўных сімвалаў[38]. [...] «Новая» Літва — «паганская імперыя». «Хроніка», вядома, не ўтрымлівае канцэпту «імперыя» і ўвогуле не падзяляе гісторыю Літвы на пачатковы і новы перыяды. Але адрозненні паміж Літвою ў працэсе рымскай каланізацыі і «посткаланізаванай» Літвы як суб’екта знешнепалітычнай актыўнасці значныя і больш чым выразныя. Сутнасць становіцца суцэльна іншай, на месца вобраза Літвы, як пусткі і вольнай праторы крэатыўнасці прыходзіць Літва як суб’ект экспансіі, палітычнага адзінства і культурнай асаблівасці[39].
Сярод асноўных рысаў гэтай «паганскай імперыі» паводле «Хронікі» можна вылучыць наступныя: крэатыўная экспансія пераважна дынастычнага характару, экстэрытарыяльнасць — палітычнае жыццё Літвы рэалізуецца выключна ў знешніх адносінах, землі, апанаваныя рымскімі каланістамі, утвараюць пэўнае дзяржаўнае і дынастычнае адзінства, геакультурная структура Літвы вымагае шчыльнага ўзаемадзеяння і кампрамісу з суседняй Руссю[40].
«Рускі» вектар дзейнасці літоўскіх князёў — адзін з найважнейшых фактараў, які абумовіў сутнасць і спецыфіку палітычнай і этнакультурнай сітуацыі ў ВКЛ. Ужо вялікі князь Альгерд фармулюе імператыў: «Omnis Russia ad Letvines deberet simplicitler pertinere» ("Уся Русь павінна належыць Літве»)[41], абвяшчаючы гэтым асновы літоўскай «імперскасці». Гэтай жа мэце служыла і спроба Альгерда падпарадкаваць літоўска-наваградскай мітраполіі ўсё праваслаўнае (рускае) насельніцтва былой Кіеўскай Русі[42]. Звяртае на сябе ўвагу і спроба выкарыстання Альгердам у перапісцы з канстанцінопальскім патрыярхам Філафеям тытутула basileus, раўназначнага з лацінскім imperator — паводле меркавання А. Голубева «размах яго планаў быў вялікі, для іх выканання ён хацеў надаць сваёй уладзе нейкі выключны статус, таму і пайшоў раней маскоўскіх вялікіх князёў шляхам пошуку адэкватнай его мэтам палітычнай тэрміналогіі, ужываючы царскі тытул»[43]. Агулам жа, сутыкненне і ўзаемадзеянне літоўскага ды рускага элементаў у дзяржаве ўпісваюцца ў пэўныя мадэлі імперскіх практык, якія варта разгледзіць асобна.
Дачыненні Літвы і Русі ў ВКЛ у XIV — XVI стст. у тэрытарыяльным і этнасацыяльным плане, здаецца, добра адпавядаюць схеме дачыненняў паміж паноўнай метраполіяй і перыферыяй, што знаходзіцца ў стане палітычнага падпарадкавання і фармальнага кантролю. Сапраўды, уласна Літва (Lithuania Propria) улучала землі верхняга і сярэдняга Панямоння, Павілля, з якіх пачаўся працэс дзяржаватварэння, была палітычным ядром гаспадарства. Адтуль паходзіла бальшыня першапачатковых прадстаўнікоў палітычнай нацыі ВКЛ, у якую ўваходзіла літоўская арыстакратыя з атачэння дынастыі Гедымінавічаў[44], там жа размяшчалася і бальшыня яе прыватных зямельных уладанняў. З іншага боку, рускія Полацкая, Віцебская, Смаленская, Кіеўская, Чарнігава-Северская землі і Валынь адносіліся да ліку з г. зв. зямель «прыслухоўваючых» або анэксаў[45]. Падставай іх падпарадкавання цэнтру была наяўнасць дамовы («ряда») і прывілея (устаўной граматы) ад вялікага князя, якая, як правіла, легітымізавала палітычнае вяршынства вялікага князя, санкцыянавала юрыдычную ды эканамічную аўтаномію зямлі-анэкса і дэкларавала захаванне яе звычаёвага права ды «старыны». Апрача гэтых земляў існавалі яшчэ ўдзельныя княствы (Слуцкае, Клецкае, Мсціслаўскае, Пінскае, Тураўскае ды інш.) з вельмі шырокай аўтаноміяй, што кіраваліся князямі-васаламі або намеснікамі гаспадара.
Гэтая палітыка-тэрытарыяльная структура, складзеная з цэнтральных гаспадарскіх вотчын і земляў, набліжаных да гаспадара нобіляў, удзельных княстваў ды земляў-анэксаў адпавядае асноўным прыкметам сярэднявечнай імперыі — гетэрагеннай ў палітычным, прававым і этнаканфесійным сэнсе прасторы, з наяўнасцю метраполіі, што кантралюе суверэнітэт перыферыі, герархічнасцю і складанай адміністрацыйнай сістэмай, якая ўлучае інкарпараваныя малыя палітычныя адзінкі. У звязку з гэтым вельмі трапным можна назваць назіранне Генадзя Сагановіча, які заўважыў падабенства Вялікага Княства Літоўскага да Святой Рымскай Імперыі нямецкай нацыі, што таксама ўяўляла сабой шматстайны кангламерат старых і новых інстытутаў, задзіночанне розных паводле памеру і статусу тэрытарыяльных утварэнняў[46].
Адрозненні Літвы і Русі вынікалі з розных чыннікаў (розныя этнаканфесійныя дамінанты, палітыка-прававыя статусы і нават удзел у агульнадзяржай вайсковай павіннасці[47]). Княская дынастыя і арыстакратыя літоўскага паходжання безумоўна палітычна дамінавалі, а колькасна пераважная руская супольнасць мела падначалены статус, без магчымасці ўплыву на дзяржаўную палітыку. Няроўнасць двух асноўных этнакультурных кампаненаў узмацнілася пасля хросту Літвы, і ў яшчэ большай ступені пасля Гарадзельскай уніі 1413 г., якая афіцыйна замацавала манаполію літоўцаў-каталікоў на ўдзел у агульнадзяржаўных справах[48]. «Рымскі» этнагенетычны міф таксама падкрэсліваў вяршынства літоўскага набілітэту і натуральнасць яго панавання над Руссю, часам з фанабэрыяй у дачыненні да рушчыны, як у Міхалона Літвіна:
Мы (літвіны) вывучаем рускую мову, якае не змушае нас да мужнасці, паколькі руская гаворка — замежная для нас, літвінаў, бо мы паходзім ад італійскай крыві[49].
Усё гэта дало падставы некаторым беларускім даследчыкам казаць не проста пра палітычную дыскрымінацыю рускага насельніцтва ў перыяд станаўлення ВКЛ, якое аўтаматычна атаесамляецца са старабеларускім, але пра антаганізм, несумяшчальнасць літоўскай і беларускай ідэяў, пра існаванне жорсткага непразрыстага падзелу паміж літоўскай і рускай (беларускай) ідэнтычнасцю і г. д., якія грунтавалася на моўна-канфесійнай дыхатаміі: рускае — праваслаўнае, славянскае / літоўскае — каталіцкае(паганскае), балцкае[50]. Мы ўжо звярталі ўвагу на некарэктнасць падобнага падыходу, які не ўлічвае складаную спецыфіку трансгранічнай ідэнтычнасці, ментальна-моўнай «церазпалосіцы», характэрнай для рэгіёну ВКЛ, асабліва ў зоне інтэнсіўных балта-славянскіх кантактаў, калі мяжа паміж літоўскім і рускім, балцкім і славянскім праходзіла не толькі ў прасторы і часе, але і праз адзін народ, адну культуру і нават праз аднаго чалавека, калі ў розных абставінах магла па-рознаму актуалізоўваццца этнічная, культурная, моўная адметнасць[51].
Вывучаючы праблему рутэнізацыі балтаў у ВКЛ да аналагічных высноваў прыйшоў і Алег Ліцкевіч:
Пастаянная «дыфузія», узаемапранікненне, змешванне, нават мімікрыя — такімі бачацца ўзамаадносіны рускага і балцкага (літвінскага) этнаканфесійных кампанентаў на тэрыторыі ВКЛ у разгледжаны перыяд. Паўсюль, на ўсіх узроўнях грамадства на працягу жыцця двух-трох пакаленняў мы сустракаем пераходныя этнаканфесійныя тыпы, якія ўзніклі ў выніку ўзаемадзееяння трох культур: паганскай балцкай, Slavia Orthodoxa, і Slavia Romana [...] Працэс «балцка-славянскага» сінтэзу не абмяжоўваўся толькі дынастыямі Гедымінавічаў і толькі якімі-небудзь рэгіёнамі, з той ці іншай ступенню інтэнсіўнасці ён праходзіў на ўсёй тэрыторыі ВКЛ, на ўсіх сацыяльных узроўнях, чаму спрыяла наданне балцкім нобілям зямель у Заходняй Русі, іх ратацыя на дзяржаўных пасадах у заходнярускіх рэгіёнах[52].
Асновы гэтага «сінтэзу» нам уяўялюцца яшчэ глыбейшымі, шчыльна звязанымі не толькі з палітычнай, але і этнакультурнай гісторыяй беларуска-літоўскага краю. Тут трэба згадаць генетычную блізіню балцкіх і славянскіх моў, пры імаверным паходжанні саміх славянскіх моваў з заходнябалцкіх дыялектаў, наяўнасць балцкага этнакультурнага субстрату на ўсёй тэрыторыі Беларусі, што ператварала яе ў своеасаблівую балта-славянскую «лабараторыю», дзе адбываліся працэсы ўзаемнай асіміляцыі, ментальнай, этнічнай, лінгвістычнай трансфармацыі. Адмысловай увагі і оптыкі патрабуе канфесійная праблематыка з не менш складанай спецыфікай. Прыкладам, у XV ст. у ВКЛ існавала не проста двух-, а трохвер’я з напаўпаганскімі (semipaganus) праваслаўем і каталіцызмам ды жывым яшчэ мясцовым язычніцтвам[53], пазней у гэтую палітру дадаецца і пратэстанцкі элемент. Імаверна, менавіта аўтахтоннае насельніцтва ВКЛ XVI — XVIII стст., якое спалучала паганскія, праваслаўныя і каталіцкія элементы ў рэлігійнай практыцы ды культуры называлася ў крыніцах старалітвой[54].
Досыць нетыповым для бальшыні імперый ёсць моўна-культурная сітуацыя, якая склалася ў ВКЛ, бо тут не паноўны стан балцка-літоўскага этнічнага паходжання перадае падуладнаму іншакультурнаму (рускаму) насельніцтву сваю мову, культуру і права, прыкладам, як у Рымскай імперыі, а наадварот пераймае ўсё гэта ад яго. У гэтым сэнсе ВКЛ больш падобнае да імперыі франкаў. А прычыны гэтага могуць тлумачыцца тым, што мясцовая руская культурная традыцыя была ў свой час для літоўскай эліты ці не адзіным ды найбольш зручным інструментам кіравання, пагатоў, часткай гэтай эліты яна ўжо магла ўспрымацца як свая. Таму выснову Эдвардаса Гудавічуса пра тое, што «Вялікае Княства Літоўскае было дзяржавай паганскага народа, кіраванага гаспадарамі-паганцамі, а руска-візантыйская культура — усяго толькі цывілізацыйны феномен яго васальных правінцый»[55], трэба дапоўніць прызнаннем таго, што гэты цывілізацыйны феномен меў досыць вялікі ўплыў і на кіроўныя колы Літвы, і на балцкае насельніцтва простага паходжання.
Адносна моўнай сітуацыі ў ВКЛ надзвычай цікавае меркаванне выказаў лінгвіст Вячаслаў Іванаў:
Літоўская мова, на якой гутарыла насельніцтва, што захавала архаічную політэістычную рэлігію індаеўрапейскага паходжання, заставалася беспісьмовай (пісьмовасць на ўсім аглядным абшары звязаная з вялікімі рэлігіямі восевага — у сэнсе К. Ясперса — часу; не выключана, што з рэлігійнымі меркаваннямі і табу была суаднесеная і адсутнасць пісьмовасці на літоўскай мове, якая з’яўляецца пасля прыняцця каталіцкай веры і пачатку моцнага польскага ўплыву. [...] Баючыся заходніх суседзяў і звязаных з імі лаціны, польскай і нямецкай моваў, літоўская эліта і вялікі князь прымаюць простую мову ў якасці асноўнай мовы справаводства. [...] У дачыненні да моваў, што выкарыстоўваліся ў пачатку разгляданага перыяду ў зоне захавання архаічных міфалогій пры беспісьмовым характары асноўнай мовы насельніцтва, характэрны ў выпадку сацыяльнай неабходнасці ў пісьмовай мове выбар такога з ужо наяўных кайнэ, якое ў найменшай ступені пагражае стабільнасці існай сістэмы. Гэтак можа тлумачыцца выбар простай мовы як канцылярскай першымі літоўскімі вялікімі князямі[56].
Рутэнізацыя балтаў у ВКЛ, у тым ліку, у асяродку арыстакратыі як вынікае з найноўшых даследаванняў[57] была нашмат больш пашыранай з’явай, чым уяўлялася раней як у літоўскай, гэтак і ў беларускай гістарыяграфіі. Змяшаныя балцка-рускія шлюбы, прыняцце праваслаўя, ужыванне праваслаўных імёнаў побач з паганскімі, ужыванне рускай мовы ў якасці размоўнай або ў справаводстве, прыхільнасць да візантыйска-праваслаўнай культуры — гэта асноўныя маркеры рутэнізацыі балцкага насельніцтва[58], у выніку якога складваліся «прамежкавая» літоўска-руская ідэнтычнасць ды культурны сімбіёз. Пры гэтым, вядома, не варта ідэалізаваць літоўска-рускія дачыненні, асабліва, калі з’явіўся яшчэ адзін канфесійны чыннік — каталіцкі. Прыкладам, у грамадзянскай вайне паміж прыхільнікамі Жыгімонта Кейстутавіча і Свідрыгайлы Альгердавіча ў
Улагоджванне ўнутраных канфліктаў і ўніфікацыя таксама можа быць апісаная з пазіцый імперскай метадалогіі. У ВКЛ адбывался тэрытарыяльная ўніфікацыя праз замену прадстаўнікоў дынастыі Рурыкавічаў і рутэнізаваных Гедымінавічаў у рускіх землях на лаяльных да гаспадара і паноўнай літоўска-каталіцкай партыі намеснікаў. Адбывалася ўраўнанне правоў і свабодаў рускай ды літоўскіх частак «палітычнай нацыі» (прывілеі 1432, 1434 і 1563 гг.), а таксама паступовая цэнтралізацыя праз скасаванне ўдзельных княстваў і стварэнне ваяводстваў ды паветаў. У абсягу ідэалогіі быў распрацаваны інтэгральны «рымскі міф» (асабліва ў «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага), які абгрунтоўваў перавагу літоўскага набілітэту і дабраахвотнае падпарадкаванне Русі. У ананімнай паэме «Miłośnik Ojczyzny do Senatu y Rzeczypospolitej Litewskiej» (1597 г.) сталіца Літвы — Вільня ўжо выяўляецца як «маці гарадоў», у прыватнасці, для рускіх Кіеўскага і Віцебскага ваяводстваў[61]. Алег Латышонак ў сваіх працах звярнуў увагу на тое, што разам са з’яўленнем літоўскай рымскай легенды, якая істотна скажала ўяўленні пра дачыненні Літвы і Русі, з рускага боку не было практычна ніякай рэакцыі ў выглядзе пярэчання або апеляцыі да мінуўшчыны Полацкай зямлі. Русіны, безумоўна, памяталі пра агульную кіеўска-рускую традыцыю, але ўспрымалі ВКЛ як «сваю» дзяржаву[62]. «Рымскі міф», відаць, добра адлюстроўваў status quo у грамадстве, з часам ён стаў прывабным і для рускай эліты (пра гэта сведчаць літоўскія генеалогіі гэткіх вядомых родаў рускага паходжання як Сапегі, Хадкевічы, Вішнявецкія), якая разам з літоўскай стала арганічнай часткай адзінай «палітычнай нацыі» ВКЛ[63].
У еўрапейскім сярэднявечным свеце тэма перадачы ўлады, пераемнасці імперый (translatio imperii) была адной з цэнтральных для легітымацыі і ўзвялічвання дзяржаўнасці. Translatio imperii паўставала як паспяховая перадача вярхоўнай улады манарху таго рэгіёна, адкуль паходзіў аўтар пэўнай «лініі пераемнасці» — Ота Фрэйзінгенскі: рымляне — грэкі (візантыйцы) — франкі — лангабарды — немцы (Святая Рымская імперыя); Крэцьен дэ Труа: Грэцыя — Рым — Францыя; Рычард Б’юры: Афіны (Грэцыя) — Рым — Парыж (Францыя) — Ангельшчына[64].
Уласная версія translatio imperii існавала і ў ВКЛ, якую змяшчаў этнагенетычны «рымскі міф» або квазігістарычная тэорыя пра італійскае паходжанне літоўскай арыстакратыі. Першыя, ускосныя звесткі пра сувязь пруска-літоўскай традыцыі з рымскай прыведзеныя ў пачатку XIV ст. тэўтонскім манахам Пётрам з Дусбургу ў «Хроніцы зямлі Прускай», у якой ён даводзіў сувязь назвы балцкага паганскага рэлігійнага цэнтру Рамове з Рымам[65]. Затым тэорыя пра італійскае паходжанне літоўцаў, жамойтаў і ятвягаў на падставе падабенства іх мовы і рэлігійных звычаяў да старарымскіх развіваецца Янам Длугашам (канец XIV ст.). «Класічная» версія «рымскага міфа» пра заснавальніка вялікакняскай дынастыі — рымскага нобіля Палямона з’яўляецца ў беларуска-літоўскіх летапісах другой рэдакцыі, корпус якіх склаўся ў
Па сутнасці, гэта тыповая для свайго часу мадэль translatio imperii (Рым — Літва), але, вядома, са сваімі асаблівасцямі[67]. Палямон, паводле падання, меў кроўнае сваяцтва з імператарам Неронам: «княже римское именем Полемон, которыи же цесару Нерону был кровныи»[68], то бок легітымнае дачыненне да ўлады, што перадаецца яшчэ ад цэзара Аўгуста, «который иже не толко Риму, але и всему свѣту пановал». Але праз жорскасць і шматлікія крыўды Нерона рымскія нобілі і паспаліты люд былі змушаныя шукаць справядлівасці ды спакою ў іншых землях. Адным з іх быў князь Палямон, які з пяцюстамі шляхецкімі родамі трапляе ў вусце Нёмана і далей засяляе Жамойць і Літву. Ад сыноў Палямона паходзіць дынастыя літоўскіх князёў. Зважаючы, на антыдэспатычны характар падання яго можна назваць арыстакратычна-рэспубліканскай версіяй перадачы ўлады ад імперскага Рыму, якая адлюстроўвала ідэалагічныя ўстаноўкі кола паноўных у ВКЛ арыстакратычных родаў.
Пошук рэальнага рэальнага гістарычныга прататыпа асобы Палямона хутчэй за ўсё ёсць марным, бо паводле логікі міфа-гістарычнага наратыва гэта другаснае пытанне ў параўнанні з магчымымі народна-этымалагічнымі сувязямі гэтага персанажа. У звязку з гэтым правамерным можна лічыць пытанне пра тое, чаму аўтар легенды пра Палямона каб давесці рымскае паходжанне літоўскай арыстакратыі надаў рымскаму нобілю грэцкае імя?[69] Імаверна, прычына гэтаму не толькі ў тым, што імя магло быць проста ўзятае аўтарам «рымскага міфа» з тагачасных крыніц па антычнай гісторыі ды сугуччы з грэц. πολεμος ‘вайна, бойка’, што падкрэслівала ваяўнічы характар легендарнага правадыра і яго нашчадкаў. Вельмі цікава, што нягледзячы на варыятыўнасць формы імя, ва ўсіх выпадках захоўваецца кансанантны касцяк -p...l-: Палемон, Полемон, Публій Лебон і нават Аполон[70]. Гэта, у сваю чаргу адсылае нас да фарманта pol-/pel-, багата прадстаўленага ў індаеўрапейскай антрапа- і этнаніміі (параўн. паходжанне ад родапачынальніка Пала скіфскага народу палаў, з якім таксама звязваецца і этнонім паляне)[71]. Аснову -поль змяшчае і імя легендарнага першапродка беларусаў Белаполя — сына князя Бая паводле адной з версій нашага этнагенетычнага падання, пра якога мы ўжо згадвалі вышэй. Такім чынам, імя Палямона магло быць і вынікам пераасэнсавання ды падвёрствання пад гістарычныя рэаліі тутэйшых міфалагічных персанажаў. Не выключана таксама, што пэўную ролю ў выбары гэтага імя магло адыграць і сугучча з тыповым літоўскім антрапанімічным коранем -mant, прадстаўленым менавіта сярод крывічэслівых літвінаў, прыкладам, Даўмант, Скірмант, Нарымант, Эйсмант і г. д. (літ. -mantas прыпольск. -mont/-munt і бел. -мон/-ман): *Pal- & -mant(as) > Палямон.
Існавала таксама і манархічна-цэзарысцкая версія, выкладзеная Міхалонам Літвінам у трактаце «Аб норавах татараў, літвінаў і маскавітаў» (каля 1550 г.). Паводле яго продкі літоўскай арыстакратыі былі вернымі ваярамі Гая Юлія Цэзара, караблі якіх прыбіла да берагу ў Жамойці і адтуль яны пачынаюць апаноўваць прылеглымі краямі, у тым ліку, землямі раксаланаў-русінаў, вызваліўшы іх ад татараў ды падпарадкаваўшы сваёй уладзе ўвесь абшар паміж Балтыйскім і Чорным морамі[72]. Адметнае і досыць талерантнае стаўленне Міхалона да літоўскіх паганскіх звычаяў, наўпрост звязаных, на яго думку, з рымскімі.
У найбольш закончаным выглядзе «рымскі міф» паўстае ў «Хроніцы» (1582 г.) Мацея Стрыйкоўскага, дзе дадацца яшчэ адна версія пра ўцекі Палямона (Публія Лебона) ад нашэсця Атылы і апісваюцца этнічныя падставы сацыяльнай дыферэнцыяцыі ў ВКЛ:
Z tych że też Włochów i z onych walecznych Gotów Żmudzka i Litewska slachta starodawna [...] wywód swój zda się mieć, a prości ludzi i czerń z starych Gepidów, Sudowitów i Litalanów albo Alanów męznych[73].
Праз аланаў М. Стрыйкоўскі звязвае генеалогію насельнікаў Літвы з сармацкім коранем і, адпаведна, адлюстроўваючы новыя палітычныя рэаліі ў аб’яднанай польска-літоўскай дзяржаве, «рымскі міф» мусіў гэтак аб’яднацца з сармацкай тэорыяй палякаў ды ператварыцца ў дзяржаўную ідэалогію Рэчы Паспалітай[74]. Таксама М. Стрыйкоўскі кажа аб пераносе «стальца» з Кіева ў Літву, што павінна было падкрэсліваць пераемнасць рускай і літоўскай дзяржаўных традыцый ды служыць легітымацыі ўлады Літвы над Руссю[75].
Між іншым, польскі «сармацкі міф» з яго культам шляхецкіх вольнасцяў і антыманархічным пафасам фактычна быў процілеглым літоўскаму «рымскаму», што таксама засведчыў М. Стрыйкоўскі ў вершаванай частцы сваёй «Хронікі»:
Augustus cesarz Rzymski gdy panował,
Wszytkiemu prawie światu roskazował,
Tylko Sarmatę, Scite wolni byli,
Ci z nim walczyli[76].
Ідэалагічнае процістаянне «сармацкай» шляхецкай дэмакратыі як сваволяй ды скрайнім індывідуалізмам з апеляцый да рымcкага паходжання Ягелонскай манархіі характэрна для "Размовы Паляка з Літвінам«[77]. На думку Даруса Куоліса ў літоўскай літаратуры эпохі барока можна заўважыць выразную палеміку з ідэяй «Сармацкай імперыі», якой процістаўляецца ідэя адзінства балцкіх земляў і «Літоўскай імперыі». Прыкладам, «Радвіліада» Яна Радвана пачынаецца з ўсхвалення магуты і велічы літоўскай дзяржавы ад Балтыйскага да Чорнага мораў, пры гэтым ВКЛ бачыцца як край населены роднаснымі (балцкімі) плямёнамі[78].
У выніку абвастрэння польска-літоўскіх супярэчнасцяў і з’яўлення ў Літве «прашведскай» радзівілаўскай партыі Самуэль Доўгірд у сваёй, натхнёнай працай Стрыйкоўскага, «Генеалогіі або кароткім апісанні вялікіх князёў літоўскіх» (1626 г.) распрацоўвае альтэрнатыўную «рымска-гоцкую» тэорыю, паводле якой арыстакратычныя роды Літвы — гэта нашчадкі Палямона, «Syna Rzymskiej Korony», а просты люд паходзіць ад слаўных готаў[79].
Ёсць падставы меркаваць, што менавіта пад уплывам літоўскага «рымскага міфа» ў першай чвэрці XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве ствараецца ўласная манархічная версія translatio imperii, выкладзеная ў «Сказе аб вялікіх князях Уладзімірскіх», паводле якой пачынальнік дынастыі Рурыкавічаў, што спадкуе кроў рымскага імператара Аўгуста, паходзіць з Прусіі і адтуль ён быў пакліканы на валадаранне ў Русі. Відаць, ключавую ролю ў стварэнні маскоўскай версіі «рымскага міфа» адыграў святар і авантурыст Спірыдон-Сава на мянушку Сатана, які быў пэўны час у ВКЛ і відавочна добра арыентаваўся ў тамтэйшай ідэалагічнай сітуацыі[80]. У яго «Пасланні аб Манамахавым вянцы» «рымскае паданне» набывае выразна манархічны і прамаскоўскі акцэнт.
Адначасна з гэтым з гэтым яно становіцца абгрунтаваннем імперскай канцэпцыі «Масква — трэці Рым» ды пачаткам доўгай вайны «міфа-гістарычных» наратываў паміж Масковіяй і Літвой. У прыватнасці, там змяшчаецца аповед пра рускае (полацкае або смаленскае) паходжанне літоўскіх князёў і іх пачаткова «нізкі» сацыяльны статус. Гэтыя легенда выкарыстоўвалася дзеля апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзій Масквы на рускія землі ВКЛ і нават уласна на Літву[81]. Можна сказаць, што ідэолагі Маскоўскай дзяржавы перахапілі тут ініцыятыву ды паслядоўна развілі імперскі элемент «рымскага міфа», тады як у ВКЛ у выніку канкурэнцыі розных яго версій ды ўплыву з боку «сарматызма» ён так і не стаў ідэалагічным інструментам для дасягнення больш амбітных мэтаў[82].
Адным з важных складнікаў «імперскага міфа», бадай, любой імперыі ёсць постаць валадара — заснавальніка гаспадарства або таго, пры кім яно дасягнула найвышэйшай магуты і росквіту. Старарымскі rex, функцыі якога пазней перанялі прынцэпсы-імператары меў перадусім сакральныя паўнамоцтвы, што адпавядала індаеўрапейскай канцэпцыі царскай улады[83]. Як прадстаўнік багоў ён быў рупліўцам унутранага парадку на зямлі, таму ягонай прэрагатывай было права суду, пакарання вінаваных і абвяшчэння законаў. Ён здзяйсняў ахвярапрыношанні багам ад імя ўсяго народу і быў вайсковым правадыром, якога народны сход уганароўваў паўнамоцтвамі imperium — найвышэйшай вайсковай уладай[84].
Як паказвае матэрыял, у беларускай народнай культуры вялікі князь Вітаўт выступае тыпова міфалагічным персанажам, сакралізаваным валадаром, які валодае рысамі дэміюрга, першапродка, надзяляецца медыятыўнай функцыяй пасярэдніка, што сімвалізуе пераход ад старога да новага (часу, прасторы). Паданні пра Вітаўта, што актуалізуюць семы ‘вялізарны рост’, ‘сіла’, ‘будаўнік’ суадносяцца з пашыраным у беларускім фальклоры матывам аб веліканах-волатах, якія ў часе небяспекі выйдуць з гор і будуць бараніць краіну[85]. У паданні пра ўваладаранне князя Вітаўта, запісанага ў Смаленскай губерні, апавядаецца, як пасля смерці караля-волата яго слугі вырашылі пусціць па волі каралеўскага каня з тым, каб той знайшоў сабе новага ездака. Конь, колькі там хадзіўшы, знайшоў старога дзядка, які віў «абрыўкі за авінам». Ён і быў ушанаваны за караля і атрымаў імя Вітаўт[86]. Апісаны ў паданні рытуал узыходжання на пасад новага валадара цалкам адпавядае добра вядомаму ў індыйскіх арыяў рытуалу ашвамэдхі, у часе выканання якога цар крочыць за выпушчыным белым канем і, гэтым самым, сведчыць сваю ўладу над усімі землямі, куды прыйдзе конь. Пасля таго, як конь абыходзіў усё царства, ён прыносіўся ў ахвяру[87]. Матыў падання пра вяртанне Вітаўта пасля смерці ў часе небяспекі для краіны, карэлюецца з еўрапейскімі легендамі пра Карла Вялікага, што спачывае са сваім войскам у гары Одэнберг, пра кайзера Фрыдрыха Барбаросу, які спіць у нетрах гары Кіфгойзэр і чакае свайго часу або караля Артура, які спіць у Авалоне ды прачнецца, каб выратаваць Брытанію.
Падобнае стаўленне да асобы Вітаўта вядомае таксама і ў кніжнай традыцыі. Перадусім гэта тычыцца г. зв. «Пахвалы вялікаму князю Вітаўту», створанай, як мяркуецца, яшчэ пры жыцці князя і таксама на Смаленшчыне, якую можна назваць своесаблівым літоўскім «імперскім маніфестам». Зачын твору адразу акцэнтуе ўвагу на звышнатуральных здольнасцях гаспадара: «Тайну цареву таити добро есть, а дела великаго господаря паведати добро жь есть. [...] не мощьно исповедати, ни писанию предати дела великого князя. Яко же бы мощно кому испытати высота небесная и глубина морская, тоже бы исповедати мощьно сила и храбрость того господаря»[88](параўн. аналагічныя эпітэты ў дачыненні да імператара Фрыдрыха II Гагенштаўфена: «Твая сіла, о Цэзар, не мае межаў, яна перасягае ўсе чалавечыя абмежаванні і тоесная боскай сіле»[89]).
Ужо звярталася ўвага на тое, што ў дачыненні да Вітаўта аўтар «Пахвалы» выкарыстоўвае царскую вобразнасць і тытулятуру, падкрэслівае пакору ды залежнасць ад яго ўсіх астатніх валадароў свету[90]:
Сии князь велики Витовт, бяше же ему дръжаще Великое Княжение Литовськое и Руское, иныи многыи земли, спроста реку вся Руская земля[91]. Не токмо же Руская, но еще господарь Угоръскои земли, зовемыи цесарь римьскии, у великой любви живяще с нимь. [...] Некогда сущу тому славному господарю, бывшю ему у своем градѣ в Луцку у Великомь и послал послы свои королю угорьскому, цесарю римьскому, и повеле ему быти к собе. Он же беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею, и честь велику и дары многы подаваша имь; оттоле же в ниьх утвердися велико любовь. Како не почюдимся чти великаго господаря, иж которыи земли на устоце или на западе приходяче поклоняються славному господарю, иж есть царь надо всею землею, и тои пришед поклонися славному царю великому князю Александру. Еще же и турецькии царь честь велику и дары многы подаваше. Славному госпадарю, благоверному же и христолюбивому царю цариградскому, и тому с нимь у великой любви живущу. [...] Еще же и инии цари усточнии служахуть ему. [...] Мног бяше и ордыньских великих цареи служаху у дворе его[92].
Вітаўт паўстае тут як валадар валадароў, які мае статус, роўны рымскаму і канстанцінопальскаму імператарам, яму служаць і мусульманскія гаспадары. Постаць Вітаўта набывае ў гэтым панегірычным творы аблічча касмакратара, імператара сусвету паводле тагачасных уяўленняў:
Імператар — Vicarius Christi, пастаўлены звыш над усімі зямнымі ўладамі, над усімі валадарствамі; вобраз Вышняга Бога, ён як бы другі Стваральнік (alter creator) на зямлі. Ён валадар Сусвету (imperator orbis terrarum), у параўнанні з якім усе іншыя манархі не больш чым кіраўнікі асобных правінцый (reguli provinciarum). Ён не падпарадкаваны ніякай уладзе на зямлі і аддае справаздачу толькі Богу[93].
У дачыненні да рымскага імператара ідзецца нават пра яго падпарадкаванне Вітаўту, які «повеле ему быти к собе» і той «беза всякого ослушания ускоре приехаль к нему и своею каролицею». Гэта досыць дзіўная сітуацыя, бо ў сярэднявечнай Еўропе на царскі/імператарскі тытул, і адпаведна, на вяршынства ва ўладнай герархіі, маглі прэтэндаваць толькі рымскі імператар у каталіцкім свеце і візантыйскі ў праваслаўным, а таму выкарыстанне яго валадаром, які фармальна быў толькі вялікім князем, яўна выдае на парушэнне тагачаснай «субардынацыі». Выкарыстанне летапісцам царскай тытулятуры і вобразнасці сведчыла пра імперскія амбіцыі Вітаўта і яго ідэолагаў, імаверную спробу стварэння «трэцяга» імперскага полюсу ды прэтэнзію на вярхоўны суверэнітэт над усімі астатнімі валадарамі. Імперскія ідэі, імаверна, пранікалі ў ВКЛ праз мясцовае рускае пасярэдніцтва з Візантыі, дзе можна шукаць і пэўныя аналогіі «Пахвалы», але дакладны аналіз твора паказвае, што ў яго няма дакладных аналогій і ён ёсць арыгінальным панегірыкам, створаным з мэтай узвялічвання Вітаўта накшталт візантыйскіх імператараў[94].
Імперскі праект Вітаўта разам з яго каранацыяй гэтак і не быў рэалізаваны, але час ягонага кіравання неўзабаве стаў успрымацца як «залаты век», а сам ён з гістарычнай постаці ператварыўся ў ідэалізаваную ды міфалагічную. Падобную тэндэнцыю мы сустракаем у палітычным трактаце Міхалона Літвіна або ў паэтычнай форме ў Міколы Гусоўскага:
Вітаўта княжаньня час, я мяркую, названы
Найпрыгажэйшы ня толькі з прычыны ваяцкіх
Княжых удачаў, але мо й таму, што над грошы,
Ўдачу ды славу стаўляў Вітаўт духа багацьце[95].
З гледзішча даследчыка рэнесансавай і барочнай гістарычнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага Д. Куоліса з «Хронікі» М. Стрыйкоўскага вынікае, што «Вітаўт, пашыраючы свае ўладанні не ствараў новую імперыю, але намагаўся аднавіць колішнюю балцкую дзяржаўнасць«[96]. Сакралізацыя і ўзвялічванне Вітаўта характэрнае не толькі для барочнай літаратуры ды народнай традыцыі[97], але прысутнае таксама і ў сучаснай гістарыяграфіі, дзе ён ужо называецца не іначай як Вітаўт Вялікі[98].
Імперская інтэрпрэтацыя ВКЛ вымагае разгляду яшчэ адной праблемы — суаднясення рэспублікі і імперыі. Д. Куоліс мяркуе ў звязку з гэтым, што Літва ўсё ж не была імперыяй, бо тут рэалізавалася ідэя translatio rei publicae, у адрозненні ад translatio imperii як у Масковіі[99]. Гэтае адрозненне даследчык грунтуе на процістаўленні літоўскага рэспубліканскага ладу і маскоўскага дэспатызму. Насамрэч, у ВКЛ існавала манархічна-арыстакратычная форма кіравання: кароль і паны-рада, пазней шляхецкая «палітычная нацыя», тады як у Маскве ўтварыўся самадзяржаўны лад усходняга тыпу, чым былі абумоўленыя і розныя версіі «рымскага міфа».
Але з нашага гледзішча наяўнасць той ці іншай формы кіравання не мае беспасярэдняга дачынення да дыягнаставання імперскасці, хаця часам існаванне цэнтралізаванай манархічнай улады можа спалучацца з імперыяй. Аднак істотна тое, што Рым стаў імперыяй будучы яшчэ рэспублікай, гэтаксама і да Афінаў — калыскі еўрапейскай дэмакратыі і рэспубліканскай традыцыі — у заходняй гістарыяграфіі ўжыванне тэрміна «імперыя» ёсць звычайным праз рэальную сутнасць афінскай палітыкі ў дачыненні да калоній і падпарадкаваных земляў[100]. Да падобнай высновы прыйшлі і даследчыкі імперый Джэйн Бурбанк і Фрэдэрык Купер:
Пачынаючы з Рымскай рэспублікі III стагоддзя да н. э. і заканчваючы Францыяй XX стагоддзя, мы сустракаем імперыі без імператараў, кіраваныя рознымі спосабамі, называныя рознымі імёнамі. Імперыямі кіравалі дыктатары, манархі, прэзідэнты, парламенты і цэнтральныя камітэты. Тыранія была і застаецца магчымай як у імперыях, гэтак і ў нацыянальна гамагенных дзяржавах[101].
Разам з тым, існаванне ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай адной з найвялікшых у Еўропе поліэтнічных «шляхецкіх нацый», якая прымала актыўны ўдзел у кіраванні дзяржавай і ўтрымлівала палітычную еднасць дзяржавы[102] ставіць пытанне пра яе «імперскую» ролю. Эліта — яшчэ адзін важны элемент імперскай сістэмы, пры гэтым яна можа быць цэнтральнай, ідэнтыфікаваць сябе з фактычным цэлым імперыі, з «імперскай ідэяй», што ўлучае экспансіянісцкую інтэнцыю, нейкую звышзадачу, пакліканне, а можа быць перыферыйнай, якая ідэнтыфікуе сябе толькі з адным з «месцаў» у вялікай прасторы, што служыць даляглядам і кантэкстам магчымага дзеяння[103]. Асяродак імперыі, метраполія можа характарызавацца не толькі этнічна і геаграфічна, але адмысловым палітычным статусам або класавым характарам, мець «сацыяльнае» ўвасабленне ды атаесамляцца з палітычным класам або служылай арыстакратыяй[104].
Ну думку Анджэя Новака ў Рэчы Паспалітай, створанай пасля Люблінскай уніі і пры канцы панавання дынастыі Гедымінавічаў-Ягалайлавічаў менавіта шляхта можа быць разгляданая як калектыўны імператар[105]. У гэты час літоўска-руская «палітычная нацыя» ВКЛ злучацца з польскай і пачынае актыўна пераймаць польскую мову і культуру. Ідэалагічным падмуркам гэтага становіцца «сармацкі міф», які заступае месца «рымскага». Адной з ключавых характарыстык «сармацкай» ідэі было месіянства — вера ў богаабранасць, выключнасць Рэчы Паспалітай, яе палітычнага ладу, з пакліканнем быць antemurale christianitatis — апірышчам хрысціянскай веры, разуметай выключна як каталіцызм, перад абліччам ісламскага Поўдня і схізмацкага Ўходу[106]. Спыненне турэцкай экспансіі і спроба трансфармацыі Маскоўскай дзяржавы паводле рэспубліканскай мадэлі Рэчы Паспалітай можна назваць аднымі з найбольш амбітных праяваў «сарматызма».
Апошняе здзейсніць гэтак і не артымалася, стаўшы сімптомам таго, што ў самой польска-літоўскай дзяржаве наспелі вельмі сур’ёзныя праблемы, якія ўрэшце пахавалі яе саму, а разам з ёй і Літву як апрычоную імперскую фармацыю.
Якім часам магчыма датаваць канец літоўскага імперскага праекта? Следам за Альвідасам Нікжэнтайцісам мы можам прыняць перыядызацыю[107], прапанаваную для гісторыі ВКЛ:
Такім чынам, з другой паловы XVI ст. ВКЛ уваходзіць у сыходную фазу свайго развіцця і з гэтага часу пачынаецца «згортванне» Літвы як імперскага праекту. Гэты працэс быў комплексным ды ўлучаў з’яўленне і пашырэнне шэрагу крызісных з’яваў як унутранага, гэтак і вонкавага характару. Люблінская ўнія 1569 г. стала сімвалічным пачаткам канца, якая засведчыла лідэрства польскага палітычнага асяродку і паступовую страту ініцыятывы з літоўскага боку. Вельмі істотныя тэрытарыяльныя саступкі — перадача Польскай кароне Падляшша, Валыні, Падолля і Кіеўшчыны азначалі змену этнаканфесійнага балансу, што праз стагоддзе стане адной з прычынаў крывавых казацкіх войнаў. У 1572 г. памірае кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст — апошні прадстаўнік дынастыі Гедымінавічаў-Ягайлавічаў на троне. De facto спадчынная манархія, якая забяспечвала стабільнасць і пераемнасць улады, заступае месца выбарнай. Ад гэтага часу пачынаецца перманентнае змаганне паміж рознымі групоўкамі шляхты і магнатаў за кандыдатаў на пасад і працэдуру абрання караля.
Пачынаюцца зацятыя рэлігійныя канфлікты: антыунійныя выступы ў рускай частцы дзяржавы, Контррэфармацыя, каталіцка-пратэстанцкія і каталіцкая-праваслаўныя закалоты. Адначасна адбываюцца кардынальныя змены ў свядомасці кіроўнай эліты — ідэалогія «сарматызма» становіцца чыннікам абсалютызацыі дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, «залатых шляхецкіх вольнасцяў», якія фактычна паралізавалі нармальнае палітычнае жыццё краіны, правадніком рэлігійнага шавінізма, які падрываў этнаканфесійнае адзінства грамадства. Прыкладам, для езуіта Пятра Скаргі Літва выступае ўжо як аб’ект каланіяльнай місіі: «Nie trzeba nam Indii Wschodnich i Zachodnich, jest bowiem Indią — Litwa Północna»[108].
Геапалітычнае і ідэалагічнае лідэрства ў рэгіёне ды «збіранні» рускіх земляў перахоплівае Маскоўская дзяржава, войны з якой, і як іх вынік — тэрытарыяльныя страты, знясільваюць ды падрываюць эканамічны і дэмаграфічны баланс у Літве. «Патоп» 1654 — 1667 гг. становіцца праўдзівай катастрофай для ўсяго грамадства ВКЛ, пасля якой яно гэтак і не здолела ачуняць. Зруйнаваная Літва мела вялікія страты таксама ў інтэлектульным абсягу, што яшчэ больш паскорыла працэс паланізацыі яе эліты, як заўважае Кірыла Карлюк:
Ад Патопу свой пачатак бярэ гісторыя сармацкай Літвы, якая ў праўным і культурным сэнсе ўсё больш ператваралася ў трэцюю правінцыю Рэчы Паспалітай (Вялікая Польшча, Малая Польшча і Літва)[109].
Наступныя паўтара стагоддзі сталі часам войнаў, палітычнай нестабільнасці, грамадзянскіх канфліктаў і адкрытага ўмяшальніцтва суседзяў ва ўнутраныя справы дзяржавы. Улада і магута «рымскай» Літвы распусцілася ў «сармацкай» анархіі libertum veto, а разам з гэтым пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай ВКЛ канчаткова знікла з палітычнай карты Еўропы.
Імперскія фармацыі, як правіла, не знікаюць бясследна, яны пакідаюць багатую спадчыну — ідэалагічную, культурную, адлюстроўваюцца ў калектыўнай памяці народаў-спадкаемцаў. У гэтым плане ВКЛ, безумоўна, працягвала існаваць і пасля 1795 г. у якасці ідэі, мроі аб аднаўленні колішняй дзяржаўнасці (згадайма праект адраджэння ВКЛ Адама Чартарыйскага ў напалеонаўскую эпоху, Канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага 1915 — 1917 гг. і нават Літоўска-Беларускую ССР). «Апошнія грамадзяне ВКЛ» з ліку «краёўцаў», якія былі носьбітамі шматузроўневай польска-літоўскай ідэнтычнасці[110], спрабавалі ў першай палове XX ст. — эпоху росквіту этнанацыяналізмаў у нашым рэгіёне прыцягнуць увагу да інтэгральнай Ягелонскай традыцыі, а некаторыя з іх наўпрост апелявалі да імперскай ідэі (Станіслаў Цат-Мацкевіч, Адольф Бахеньскі)[111].
Калі прыняць пад увагу разуменне імперыі, якое прапанаваў Аляксандр Філіпаў: «Імперыя, у маім разуменні, гэта не столькі пэўнага кшталту „дзяржава“, колькі нейкая самавідавочнасць вялікай палітычнай прасторы, нешта, амаль заўсёды меркаванае як самы агульны прасторавы кантэкст здзяйснення камунікацый, задаваных палітычнай мяжой. [...] Любая вялікая дзяржава, тэрытарыяльная прыналежнасць да якога не артыкулюецца ў дзеяннях і камунікацыях, але можа быць праяўленая, прамоўленая ў якасці гэткай, ёсць імперыяй. Дакладней кажучы, аб імперыі як рэальнасці можна азаць, калі гэты сэнс пастаянна (гэтая працягласць не вымяраецца аб’ектыўна, але сацыяльна ўспрымаецца і суб’ектыўна трактуецца як пастаянства) пераносіцца на масу дзеянняў і камунікацый. Падобныя з’явы „выпадкам“ могуць мець месца і па-за імперыяй. У такім разе — гэта не рэалізаваны як палітычная мяжа імперскі сэнс» [112], то няцяжка заўважыць, што ідэя існавання або аднаўлення «рэгіёну ВКЛ», прыналежнасць да якога пастаянна і дагэтуль артыкулюецца ў дзеяннях і камунікацыях даследчыкаў, мысляроў і проста энтузіястаў ёсць, па сутнасці, падобным імперскім сэнсам, пакуль не рэалізаваным як палітычная мяжа.
Праблематыка «рэгіёну ВКЛ» або «Літоўскай імперыі» перажывае праўдзівы бум з пачатку
Мы мусім стварыць самастойную імперыю і трывала ўсталёўваць нашую вось. Колішнія тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага складаюць нашыя натуральныя межы [...]. У чым карысць мець нашую ўласную імперыю? Яна нам патрэбная ў разе, калі Злучаныя Штаты і Расія стануць слабымі. Тады Еўропа застанецца сілавым полем і мы мусім быць адной з тых сілаў, што кантралююць Еўропу[114].
Досыць правакатыўныя думкі Бераснявічуса, між тым, знайшлі збольшага прыхільны водгук сярод літоўскай інтэлектуальнай эліты (гісторыкаў, філосафаў, палітолагаў, сацыёлагаў)[115]. Імперская ідэя становіцца запатрабаванай у эпоху постнацыяналізма[116]. Найбольш фундаментальнае развіццё ідэя разумення ВКЛ як імперыі атрымала ў кнізе Зянонаса Норкуса «Неабвешчаная імперыя. Вялікае Княства Літоўскае з гледзішча гісторыка-параўнаўчай сацыялогіі імперый» (2009 г.), дзе даследчык даводзіць імперскі характар ВКЛ і яго месца ў тыпологіі імперый. Беларускія аўтары таксама звярнулі ўвагу на «імперскі» трэнд у літоўскай і еўрапейскай гістарыяграфіі і публіцыстыцы[117], сінхронны з дынамічным развіццём імперыялагічных штудый у свеце, але сама гэтая тэма яшчэ патрабуе глубокага асэнсавання і распрацоўкі з беларускага боку, бо без Беларусі ў нашым рэгіёне любыя: «неа-імперскія праекты практычна вырачаныя на паразу [...] «мяккая» форма сучасных імперскіх праектаў дазваляе адстойваць свае інтарэсы і лакальную самабытнасць, але разам з тым прывучае жыць ня проста побач з іншымі, а разам з імі»[118].
Актуальнасць імперскай візіі ВКЛ і супольнай з літоўцамі, украінцамі, палякамі, латышамі і часткова расійцамі мінуўшчыны вынікае таксама з таго, што цяперашні Еўрапейскі Саюз усё часцей разглядаецца менавіта як імперскі праект[119]. Наш уласны гістарычны досвед можа быць тут вельмі дарэчным і карысным[120]. Дзеля паспяховага ўзлёту ў вышыню, імперскі арол адзінай Еўропы патрабуе не толькі «Каралінгаўскага», але і моцнага «Ягелонскага» крыла.
Менск — Ракаў — Вільня