21 студзеня 2008 г. споўнілася 215 гадоў аднаму з найвялікшых злачынстваў у сусьветнай гісторыі і найцяжэйшаму злачынству "вялікай" францускай рэвалюцыі - ганебнаму забойству Караля Францыі Людовіка XVI.
Француская буржуазная (г.зн. па-беларуску - "мяшчанская") рэвалюцыя па-свойму сапраўды "вялікая". Яна вялікая сваймі злачынствамі, саступаючы ў гэтым толькі адной рэвалюцыі, таксама названай "вялікай", а менавіта - кастрычніцкай. Але няма сумневу, што ані лютаўскай, ані кастрычніцкай рэвалюцыяў у Расеі б не было, калі б ня гэтая, апетая "свабодалюбамі" ўсяго сьвету, француская крывавая лазьня канца XVIII ст., якая нікому не прынесла столькі гора й бедаў, як самому францускаму народу.
Да XVIII ст. Францыя дасягнула вяршыні сваёй палітычнай магутнасьці. Дзякуючы шматвяковай дзейнасьці сваіх Уладароў, такіх як Філіп II Аўгуст і Людовік IX Сьвяты, Філіп IV Прыгожы і Людовік XI, Францыск I і Генрых IV і, асабліва, дзякуючы тытанічнай працы Людовіка XIV, Францыя ператвараецца ў адну з найвялікшых дзяржаваў Эўропы і ўсяго сьвету. Далучэньнем багатай Лятарынгіі завяршыўся працэс зьбіраньня францускіх земляў у адзіную дзяржаву.
Рашэньне вялікіх нутраных і вонкавых палітычных задачаў спарадзіла, натуральна, і свае праблемы. Цяжкія войны, якія Францыя пераможна вяла на працягу стагодзьдзяў у Эўропе, надзвычайна напружылі яе эканоміку, казна патрабавала новых папаўненьняў, бляск самага пышнага ў сьвеце Вэрсальскага двару, які меў галоўнай мэтай не задавальненьне нейкіх жарсьцяў Караля, а падтрыманьне міжнароднага прэстыжу Францыі, патрабаваў вялікіх выдаткаў, прыгняталі і каляніяльныя праблемы.
І Госпад пасылае Францыі Караля, які якраз і мог вырашыць усе гэтыя задачы. Караля міралюбнага, добрага, сьціплага і пабожнага, які разумеў, што эпоха пераможных войнаў для Францыі скончаная і краіне патрэбны мір, спакой і згода. Людовік XVI шмат у чым адрозьніваўся ад большасьці сучасных Яму Манархаў. Гром гарматаў і літаўраў быў Яму чужы, бляск двара, ужо вычарпаўшы сваё гістарычнае прызначэньне, Яго толькі раздражняў. З усіх арыстакратычных забаваў Ён любіў толькі паляваньне, але яшчэ больш сьлясарную і кавальскую справы, прычым быў працавітым і таленавітым майстрам. Цудоўны сем'янін, які горача кахаў жонку і дзяцей, настолькі высокамаральны, што нават паскудны рэвалюцыйны друк не адважваўся вінаваціць Яго ў распусьце або марнатраўстве, Ён добра разумеў паўсталыя перад Ім задачы, але ведаў, што вырашыць іх можна толькі паступова, ня бурачы ўсталяваных стагоддзямі асноваў. Людовік XVI быў чалавекам разумна асьцярожным і мужным, які не жадаў, каб справа, нават надзвычай вялікая і важная, суправаджалася хоць бы малымі ахвярамі. Ягонымі высілкамі краіна пачатку выходзіць з крызісу, хоць для гэтага і прыйшлася трохі прыціснуць вышэйшую арыстакратыю і буйную буржуазію, чаго апошнія і не змаглі дараваць гэтаму мудраму і моцнаму кіраўніку.
Перадрэвалюцыйны крызіс Францыі быў не ў эканоміцы - яе паступова можна было наладзіць, і не ў міжнародным прэстыжу краіны - ён быў высокі; крызіс быў у сьвядомасьці людзей, перадусім, людзей багатых і шляхетных. У замках арыстакратаў, душа якіх была атручаная масонством і вальтэр’янствам, славалюбствам і кар'ерызмам, высьпявала злачыннае насеньне рэвалюцыі і царазабойства. Нават у палацы прынца крыві, герцага Арлеанскага, гэтага арыстакрата-дэмагога, які марыў аб кароне, можна было сустрэць і філёзафа-вольнадумцу, і журналіста-пасквілянта, і ўзлаванага няўдалай кар'ерай адваката, і фінансавага туза з нуварышаў, незадаволенага тым, што яшчэ ня ўсе магчымасьці адкрытыя ў Францыі для ўсёмагутнага грашовага мяшка. Плёткі аб "слабасьці і бясталентнасьці" Караля з пазалочаных сьвінарнікаў вяльможаў і банкіраў трапляюць на вуліцы Парыжу, дзе досыць чэрні, гатовай смакаваць усялякую пошласьць, асабліва калі гаворка вядзецца аб людзях высакародных і вялікадушных.
І вось, скліканыя Каралём для вырашэньня важных фінансавых праблемаў Генэральныя Штаты, з дапамогай герцага Арлеанскага, нягодніка і крымінальніка графа Мірабо, баязьлівага абата Сіеса, "высакароднага" Лафаета і некалькіх дзясяткаў сумніўных асобаў, абвяшчаюць сябе "Нацыянальным Сабраньнем", узурпуючы сабе права казаць ад імя нацыі, якая на 90% складаецца зь верных Каралю сялянаў-каталікоў; і пачынаецца доўгае й пакутлівае ўзыходжаньне Людовіка XVI і Яго Жонкі, Каралевы Марыі-Антуанэты на Галгофу.
А далей ідзе цэлая сэрыя правакацыяў, што мелі на мэце любым коштам, аж да войны з усёй Эўропай, да кровапралітнай грамадзянскай вайны, ня проста ўсталяваць рэспубліку, а абавязкова давесьці Караля да эшафоту. Да старых герояў смуты далучаюцца новыя, ужо бяз графскіх тытулаў, акадэмічных дыплёмоў і мільённых багацьцяў, але прагныя да ўлады, грошай, ушанаваньняў і, асабліва, да крыві - ад Дантона і Марата да Робэсп'ера і Эбэра. Неўзабаве яны ўсё возьмуць у свае рукі і паспрабуюць адправіць на гільяціну - гэтае "гуманнае" вынаходніцтва рэвалюцыі - сваіх папярэднікаў, а пакуль - трэба хутчэй забіць Караля.
Людовік XVI, які рабіў усё магчымае, каб супакоіць краіну і ня даць праліцца крыві, быў зрынуты мяцежным натоўпам з Трону, кінуты ў турму, разлучаны зь сям'ёй і перададзены "суду", як "вораг францускага народа".
Напярэдадні "сьвяткаваньня" ўгодкаў францускае рэвалюцыі ў 1989 г. была зарганізаваная тэлепастаноўка, якая дакладна паўтарала гэта ганебнае судзілішча, вынік якога быў ужо вядомы. Пасьля перадачы аўдыторыю прасілі вынесьці вэрдыкт: з 116.391 гледачаў, што прынялі ўдзел у галасаваньні, 72% адказалі - "невінаваты". Зусім іншы "прысуд" быў вынесены 200 гадоў таму бунтарскай чэрню - Караля асудзілі на сьмерць. Нават "дэмакратычная" спроба вынесьці рашэньне гэтага пытаньня на суд простага народа ўсёй Францыі была адчайна забалатаваная. Здраднікі разумелі, што францускае сялянства ніколі не асудзіць свайго Караля, нягледзячы на ўсю прапаганду бунтаўнікоў. Лёс Караля быў перадвызначаны ў хвіліну Ягонага арышту бунтаўнікамі.
Кароль мужна сустрэў і прысуд, і самое пакараньне сьмерцю. Вось што піша сьведка падзеі: "Кароль, падыйшоў да эшафота, цьвёрдым крокам падняўся на яго... Тры каты, атачыўшы Яго, сказалі, што цяпер абстрыгуць Яму валасы і зьвяжуць рукі. "Зьвязаць мне рукі?! - горача ўсклікнуў Ён, - О, я ўпэўнены ў сабе!". У гэты момант усхваляваны голас зьвярнуўся да Яго; ён належаў дабрадзейнаму сьвятару, абату дэ Фірмону: "Вось узор пакутаў з Хрыстом Ісусам, - сказаў ён, - з гэтым Богам, Які стане ўзнагародай Вашай Вялікасьці". І Людовік XVI тут жа са сьвятой пакорнасьцю зьмірыўся перад пакутніцтвам... Затым, наблізіўшыся да краю эшафоту, Ён спыніў бой барабанаў і, зьвярнуўшыся да нерухомага, зьнямелага натоўпу, вымавіў гучным, глухім голасам: "Французы! Я паміраю бязьвінна і дарую ўсім маім ворагам. Я малю Бога таксама іх прабачыць, і не спагнаць з Францыі за пралітую імі кроў. А ты - няшчасны народ!.."
Злачыннае забойства Караля, натуральна, выклікала цэлы шэраг контррэвалюцыйных раялісцкіх сялянскіх паўстаньняў. Амаль пагалоўна паўсталі Вандэя, Брэтань, Нармандыя, выбухнулі контррэвалюцыйныя выступы ў Ліёну, Бардо, Тулузе і іншых буйных гарадох.
Вось тады і выявілася "народалюбства" рэвалюцыянэраў. Толькі падчас здушэньня сялянскага раялісцкага паўстаньня ў Вандэі было забіта больш за 400.000 чалавек. У 1793 г. генэрал рэвалюцыйнага войска Ф. Вэстэрман пісаў у Канвэнт: "Я растаптаў дзяцей капытамі коней. Я перарэзаў жанчын, каб яны не маглі больш нараджаць бунтаўнікоў. Я ня браў палонных, я зьнішчыў усё". Вандэйскія сяляне былі выразаныя амаль пагалоўна. Тое ж самае адбывалася і ў іншых частках Каралеўства.
Такіх ахвяраў каштавала Францыі ўсталяваньне "волі, роўнасьці й братэрства". І гэта было яшчэ ня ўсё; эфэмэрныя перамогі ілжэманарха Напалеона, якія завяршылі рэвалюцыю, пакінулі на абшарах Эўропы больш за паўтары мільёны моцных і дужых французаў. Францыя перастала быць лідэрам Эўропы ва ўсім, акрамя жаночых модаў.
І вось цяпер, праз 200 гадоў пасьля забойства Караля-Пакутніка Людовіка XVI, у Францыі пачынае ўзнаўляцца рух за адраджэньне Манархіі. Вялікую ролю ў гэтым працэсе займаюць правакаталіцкія колы, якія да нядаўніх часоў узначальваў архібіскуп Лефэвр. Іх хвалюе вялікая задача адраджэньня каталіцызму ў Францыі, разбуранай бязьвер'ем, масонством, ісламам і экзатычнымі культамі Ўсходу, у краіне, Манархі якой мелі тытул "Найхрысьціянскіх Каралёў". І хочацца верыць, што недалёкі той дзень, калі бязьвінны пакутнік Кароль Людовік XVI зойме годнае месца ў мартыралёгу Заходняе Царквы.
Я.Лукашыцкі
На падставе крыніцы: газета "Монархистъ", 1993-18

RSS-стужка