Нядаўна тут закраналася праблема вернасьці старым дынастыям і фэномэн зьяўленьня новых правадыроў. Прапаную прыгадаць даволі павучальнаю гісторыю Мэксіканскай Імпэрыі, якая паяднала абодва згаданыя пачаткі.

Нараджэньне і сьмерць Першай Мэксіканскай Імпэрыі былі імклівымі. У Гішпаніі ў 1820 годзе распачалася рэвалюцыя, скіраваная супраць караля Фэрдынанда VII. Мэксіканская арыстакратыя вырашыла адмежавацца ад рэвалюцыйнай мэтраполіі, і скончыць тым самым шматгадовую вайну з антыгішпанскімі партызанамі. Ачоліў гэты рух напачатку 1821 года, як зараз кажуць - махровы рэакцыянэр і зацяты манархіст, былы камандуючы гішпанскімі войскамі сэньёр дон Агустын дэ Ітурбідэ. Пасьля некалькіх сутычак з каралеўскімі войскамі, яму ўдалося схіліць каляніяльную адміністрацыю да мірнай супрацы на трох прынцыпах (плян Ігуала):

1) Сувэрэнітэт і незалежнасьць Мэксіканскай Імпэрыі;
2) Захаваньне чысьціні каталіцкай веры;
3) Еднасьць мэксіканцаў (індзейцаў і крэолаў) і ўраджэнцаў Гішпаніі.

Пры гэтым меркавалася запрасіць на мэксіканскі трон Фэрдынанда VII на ўмовах асабістай уніі, альбо іншага прадстаўніка Бурбонаў. У выпадку іхнае адмовы выбар кандыдатуры пакідаўся за мэксіканскім парлямэнтам.

Ітурбідэ начале сваіх і партызанскіх войскаў урачыста ўвайшоў ў Мэхіка 27 верасьня 1821 года - на дзень свайго нараджэньня. Адразу ж былі створаныя ўрадавая хунта і рэгенцкая рада. Ітурбідэ атрымаў чын генэралісімуса марскіх і сухапутных войскаў Імпэрыі. Тады ж зьявіўся і мэксіканскі сьцяг з трох вэртыкальных палосаў, адпаведна пляну Ігуала: зялёнай (незалежнасьць), белай (чысьціня веры) і чырвонай (еднасьць).

Напрыканцы 1821 года адбыліся выбары ў мэксіканскі кангрэс, які павінен быў вырашыць лёс трону. Неўзабаве Бурбоны былі аўтаматычна выкрэсьленыя са сьпісу кандыдатаў - гішпанскія картэсы 13 лютага 1822 года адмовіліся прызнаваць мэксіканскую незалежнасьць. У гэтай сытуацыі ўсё больш мэксіканцаў свае мроі зьвязвалі з Ітурбідэ-Лібэртадорам.

І вось тут сьвежаабраны кангрэс, адчуўшы смак улады, пачаў усяляк адхіляць Ітурбідэ ад кіраўніцтва краінай, а таксама замаруджваць стварэньне манархіі. Урэшце ноччу з 18 на 19 траўня 1822 года сталічны гарнізон узьняў путч супраць парлямэнцкіх балбатуноў пад лёзунгам "Жыве Агустын I, Імпэратар Мэксікі!". На наступны дзень пад націскам путчыстаў кангрэс прыняў патрэбную пастанову аб увядзеньні спадчыннай манархіі. 24 траўня Ітурбідэ прынёс прысягу і адгэтуль пачаў лічыцца законным Імпэратарам Мэксікі. Ягоны старэйшы сын Агустын Хэроніма стаў спадчынным прынцам.

21 ліпеня 1822 года адбылася пышная цырымонія каранацыі, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі вышэйшага чынавенства і касьцёлу. Перад алтаром катэдры Ітурбідэ стаў на калені, біскуп Руіс дэ Кабаньяс урачыста памазаў яго, а кіраўнік кангрэсу Рафаэль Манхіна ўсклаў карону на галаву Імпэратара.

Як і належыць Імпэратару, Ітурбідэ пасьпяхова пашыраў межы сваёй краіны: да канца 1822 года былі далучаны цэнтральнаамэрыканскія абшары, у тым ліку сучасныя Гватэмала, Сальвадор, Гандурас, Нікарагуа і Коста-Рыка.

Яшчэ ў часы ўрадавай хунты Ітурбідэ распачаў маштабную эканамічную рэформу: радыкальна былі зьменшаны падаткі, шматлікія імпартныя пошліны замененыя адзіным тарыфам 25%, амаль увесь экспарт быў вызвалены ад пошлін. Гандлёвыя сувязі са зьнешнім сьветам пачалі імкліва пашырацца, насуперак гішпанскай блякадзе.

Але адсталая мэксіканская эканоміка з цяжкасьцю вытрымлівала канкурэнцыю з танным імпартам. Замест таго, каб мадэрнізаваць прамысловасьць і сельскую гаспадарку, мясцовым магнатам было прасьцей скінуць выскачку-імпэратара і ўсталяваць рэспубліканскае безуладдзе. У гэтым жа былі зацікаўленыя і ЗША, якія бачылі ў Імпэрыі Ітурбідэ небясьпечнага суперніка. Эўрапейскія краіны таксама не сьпяшаліся прызнаваць Мэксіканскую Імпэрыю, каб не пакрыўдзіць Бурбонаў.

І вось у сьнежні 1822 года ў Веракрусе рэспубліканцы распачалі бунт, першая хваля якога была ўсё ж здушана. Але ў лютым 1823 года пачынаецца працэс масавай здрады вышэйшых чыноўнікаў і вайскоўцаў свайму Iмпэратару. У сакавіку бунтаўнікі бяруць Мэхіка пад свой кантроль. 29 сакавіка 1823 года на закрытым паседжаньні кангрэсу Ітурбідэ выракаецца прастолу: "Людзі несправядлівыя да сваіх сучасьнікаў: няхай судзяць нашчадкі, бо запалы паміраюць разам з сэрцам, што іх месьціць..."

Ітурбідэ 11 траўня 1823 года быў высланы ў Італію. Там у Ліворна ён напісаў свае мэмуары, якія былі выдадзеныя на ангельскай і французскай мовах.

Былая імпэрыя імкліва разбуралася: на поўначы ЗША распачалі інтэнсіўную калянізацыю Тэхасу, на поўдні цэнтральна-амэрыканскія землі абвясьцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. Кангрэс толькі бавіў час у бездапаможных дыскусіях. У гэтых варунках у тым жа 1823 годзе ў Мэксіке ўзьнік рух за вяртаньне былога імпэратара, які ачолілі некалькі генэралаў у Гвадалахары.

Ітурбідэ неаднаразова наведвалі дэлегацыі ягоных мэксіканскіх прыхільнікаў, якія прасілі яго вярнуцца, як зрабіў Напалеон у свой час. Ітурбідэ пераехаў у Ангельшчыну, адкуль 11 траўня 1824 года з сям'ёй і купкай прыхільнікаў адплыў у Мэксіку. Але рэспубліканцы былі папярэджаны пра гэта і рыхтаваліся да сустрэчы.

14 ліпеня карабель з імпэрататрам дасягнуў берагоў Мэксікі. Але калі Ітурбідэ сышоў на бераг і паспрабаваў паглыбіцца ў краіну, яго арыштавалі рэспубліканскія атрады. 18 ліпеня заканадаўчы сход штата Тамаўліпас прыгаварыў яго да растрэлу. Імпэратар быў растраляны у горадзе Падыльі назаўтра ж - 19 ліпеня 1824 года, і пахаваны на мясцовых царкоўных могілках. Удава і сям'я Ітурбідэ былі зноў высланыя з Мэксікі. Праўда, пазьней Агустын Хэроніма вярнуўся на бацькаўшчыну, удзельнічаў у войнах і займаў дзяржаўныя пасады.

А Мэксіка зрабілася рэспублікай. І вось некаторыя яе "дасягненьні" за некалькі дзесяцігоддзяў: канчатковая страта Цэнтральнай Амэрыкі і Тэхасу, анэксія ЗША паўночнай паловы краіны, крывавая грамадзянская вайна паміж кансэрватарамі і лібэраламі...

Нядзіва, што шмат мэксіканцаў з настальгіяй прыгадвалі слова Імпэрыя. Але зараз яны спадзяваліся запрасіць на трон прадстаўніка законнай эўрапейскай дынастыі. Іхны выбар прыпаў на брата аўстрыйскага імпэратара Франца-Ёзафа - камандзіра праслаўленага карабля "Навара" Максіміліяна фон Габсбурга.

Максіміліяна на мэксіканскі трон запрасіла ў першы раз у 1859 годзе дэлегацыя начале з арыстакратам Хасэ Пабла Мартынэсам дэль Рыо. Але Максіміліян не сьпяшаўся, ведаючы пра анархію і грамадзянскую вайну ў краіне.

Тым часам у Мэксіцы перамаглі лібэралы, якія ў 1861 годзе абвясьцілі дэфолт па іншаземных пазыках. У адказ Францыя, Гішпанія і Вялікая Брытанія высадзілі ў Мэксіцы экпэдыцыйныя войскі, якія змусілі рэспубліканцаў у 1862 годзе распачаць перамовы. Урэшце Гішпанія і Брытанія эвакуявалі свае войскі, але французскі Імпэратар Напалеон III вырашыў падтрымаць ідэю адраджэньня Мэксіканскай Імпэрыі і канчаткова зьліквідаваць анархічную і непрадказальную рэспубліку. Пасьля жорсткіх баёў французскія войскі разам з атрадамі мэксіканскіх кансэрватараў уступілі ў Мэхіка 7 чэрвеня 1863 года. Там была створана часовая хунта, праведзены плебісцыт, і 10 ліпеня 1863 года было прагалошана адраджэньне Мэксіканскай Імпэрыі.

Карона была афіцыйна прапанавана Максіміліяну Габсбургу, і 3 кастрычніка ён пагадзіўся яе прыняць. Паўномоцтвы Імпэратара Максіміліян I усклаў на сябе 10 сакавіка 1864 года, падпісаўшы Мірамарскую дамову з Напалеонам III. На сваёй знакамітай "Навары" Максіміліян разам з жонкай Карлотай Бэльгійскай 14 красавіка выпраўляецца ў Мэксіку і прыбывае туды 28 траўня.

Ад 12 чэрвеня 1864 года Імпэратар знаходзіцца ў сталіцы і распачынае там чалавекалюбныя рэформы, скіраваныя на паляпшэньне становішча няшчаснага мэксіканскага народу, у тым ліку скасоўвае дзіцячую працу і зьмяншае працоўны дзень. Таксама ён плянаваў правесьці зямельную рэформу, пашырыць самакіраваньне і рэлігійныя свабоды.

Максіміліян распачаў кампанію па масавым перасяленьні ў Мэксіку амэрыканскіх канфэдэратаў, якія цярпелі паразу ў грамадзянскай вайне ў ЗША (праект "Новая Вірджынія"). Для калянізацыі незаселеных абшараў запрашаліся таксама перасяленцы з Нямеччыны, Аўстрыі і Францыі. Мэтай гэтых захадаў была паскораная мадэрнізацыя і эўрапеізацыя краіны.

Цікавае рашэньне было знойдзена бязьдзетным Максіміліянам, каб аб'яднаць манархічны рух Мэксікі: 13 верасьня 1865 гада ён робіць двух унукаў Агустына I сваймі прыёмнымі сынамі і абвяшчае аднаго з іх, двухгадовага Агустына дэ Ітурбідэ Грын, спадчынным прынцам. Такім чынам, былі паяднаны дынастыі Габсбургаў і Ітурбідэ.

Тым часам апазіцыйны рэспубліканскі ўрад цалкам перайшоў на ўтрыманьне ЗША, якія былі напужаныя адраджэньнем Мэксіканскай Імпэрыі. Па меры таго, як завяршалася амэрыканская грамадзянская вайна, нарастала ўмяшаньне ЗША ў мэксіканскія справы. Урэшце ў 1865 годзе амэрыканскі кангрэс адмовіў у прызнаньні Мэксіканскай імпэрыі і запатрабаваў неадкладна эвакуяваць французскія войскі.

Лёс Мэксіканскай Імпэрыі быў перадвырашаны ў 1866 годзе, калі французы вывелі свае войскі. Асьмялеўшыя рэспубліканцы пры падтрымцы ЗША распачалі актыўны наступ на Імпэрыю з поўначы. На дапамогу Максіміліяну выправілася амаль 10 000 добраахвотнікаў з Аўстрыі і Бэльгіі, але і яны ня здолелі пераламіць сытуацыю.

Напалеон III прапаноўваў Максіміліяну эвакуявацца, але той, як і належыць годнаму арыстакрату, адмовіўся і застаўся на сваёй новай радзіме. Сваю жонку Карлоту ён выправіў ў Эўропу, каб тая прасіла дапамогі ў Парыжы, Вене і Ватыкане - але ўсё было дарэмна. За 1866 год рэспубліканскія атрады паступова выцесьнілі імпэрскую армію амаль з усіх рэгіёнаў краіны. Бандыты распачалі тэрор супраць запрошаных каляністаў з паўднёвых штатаў ЗША і Эўропы, змусіўшы іх да ўцёкаў.

9 сакавіка 1867 года распачалася аблога Сант'яга-дэ-Кэрэтара, дзе знаходзіўся Імпэратар. 11 траўня Максіміліян паспрабаваў прарвацца цераз рэспубліканскія пазыцыі, але праз здраду падкупленага палкоўніка Мігеля Лопэса быў схоплены і праз некалькі дзён ваенна-палявым судом прысуджаны да сьмяротнага пакараньня.

Шматлікія каралеўскія асобы і вядомыя дзеячы культуры прасілі мэксіканцаў зьлітавацца над уласным 34-гадовым манархам, але рэспубліканская ўлада была няўмольная: 19 чэрвеня 1867 года Максіміліян разам з двума вернымі генэраламі Мігелем Мірамонам і Томасам Мехіа быў растраляны. Апошнімі словамі Імпэратара былі: "Мэксіканцы! Сёньня я паміраю за справядлівыя рэчы: за незалежнасьць і свабоду Мэксікі. Спадзяюся, што Бог дазваляе праліць маю кроў, каб назаўжды пакласьці канец пакутам маёй новай радзімы. Жыве Мэксіка!"

На наступны дзень пасьля растрэлу Імпэратара здалася сталіца Імпэрыі. Рэспубліканцы прывезьлі туды набальзамаванае цела Максіміліяна і выставілі яго для дэманстрацыі натоўпу. Пазьней прах Імпэратара даставіла ў Аўстрыю ягоная верная "Навара".

Шмат вады і крыві ўцякло з тых часоў у Мэксіцы, але спакою і дабрабыту краіне рэспубліканская ўлада так і не прынесла. Нямым напамінкам пра часы аплявузганай Другой Імпэрыі стаіць у Мэхіка Чапультэкскі палац Максіміліяна, ад якога ідзе галоўны праспэкт сталіцы - Пасэо-дэ-ля-Рэформа, пабудаваны ў гонар Імпэратрыцы Карлоты. А Мэксіканскі Імпэратарскі Дом існуе і зараз, яго ўзначальвае дон Максіміліян фон Готцэн-Ітурбідэ, які жыве ў Аўстраліі.

 

 

 

Aliaks

 

Крыніца: суполка ЖЖ by_monarchist.