Радыё Свабода. 8 траўня 2007

(Караткевіч: ) "Вы прыхільнік беларускага манархізму. Зь Якога роду могуць быць беларускія манархі, патлумачце".

(Аркуш: ) "Адкуль мая любоў да манархізму? Мне здаецца, што нам найбольш не хапае сёньня шляхетнасьці і гонару. З гэтага ўсе нашыя праблемы.

Што тычыцца вашага пытаньня, ёсьць дзьве "партыі" манархістаў. Ёсьць прыхільнікі ВКЛаўскія, "гедымінавічы", і полацкія, "рагвалодавічы". Я лічу, што "рагвалодавічы" больш легітымныя. Кроў Рагвалодавічаў ёсьць у дацкім манархічным доме, гэты манархічны дом непарыўны з таго часу, і абсалютна легітымна запрасіць прадстаўніка дацкага манархічнага дома, гэта і будзе наш манарх.

(Караткевіч: ) "Можа і імя ведаеце?"

(Аркуш: ) "Яўхім, малодшы сын дацкай каралевы. Ён не прэтэндуе на дацкі трон і цалкам рэальна зрабіць яму прапанову".


Радыё Свабода. 16 красавіка 2007.
Аксак: “Я ведаю, што вы знайшлі сучасных спадкаемцаў Рагвалода і дзесьці, здаецца, створаны нават клюб нашчадкаў Рагвалода...”

Аркуш: “Справа ў тым, што гісторык Катлярчук, які жыве ў Швэцыі, надрукаваў артыкул, зь якога стала вядома, што ў манархічнай сям’і Даніі ёсьць кроў Рагвалодавічаў. Княжна Соф’я Валадараўна з роду Рагвалодавічаў была мужам аднаго з каралёў Даніі, і два ейныя сыны былі потым каралямі Даніі. А гэты каралеўскі род непарыўны з тых часоў. Аднойчы я напісаў у інтэрнэце, што тэарэтычна мы можам запрасіць прадстаўніка манархічнага двара Даніі стаць каралём Беларусі, і гэта абсалютна легітымна будзе. Шмат каму гэтая думка спадабалася, і была створаная суполка “Беларускія манархісты”, у якой мяне прызначылі старшынёй. Я, канечне, успрымаю гэта як культуртрэгерскі праект”.

Аксак: “Як завуць гэтага патэнцыйнага караля Беларусі?”

Аркуш: “Яго імя, калі я не памыляюся, Яўхім. І яно абсалютна для нас падыходзіць, і я бачыў ягоны фотаздымак, то і абліччам ён для нас падыходзіць, і ўзросту ён маладога. Гэта малодшы сын дацкае каралевы, і ён не прэтэндуе на трон Даніі”.

Аксак: “А ці ведае ён пра тое, што зьяўляецца нашчадкам манархічнага трону Беларусі?”

Аркуш: “На адной з канфэрэнцыяў, якая адбывалася ў Познані, я сказаў пра гэта ў сваім дакладзе, і ён быў надрукаваны потым у сур’ёзнай кнізе. Так што ў Эўропе, я думаю, той-сёй пра гэта ведае”.

Аксак: “Маем сюжэт для новага прыгодніцкага гістарычнага раману...”

Аркуш: “Гістарычна-прыгодніцка-футурыстычнага раману...”