У суботу 24 студзеня ў менскім Палацы мастацтваў адбылася прэзентацыя "літоўскага" нумара альманаха DRUVIS.

Прэзентацыя выклікала вялікую цікавасць - канферэнц-заля нават не здолела змясьціць усіх жадаючых. Падчас мерапрыемства з дакладамі пра дзейнасьць Цэнтра этнакасмалогіі "Крыўя" выступілі выдаўцы альманаху. Таксама прагучала прамова аднаго з аўтараў выданьня, госця з Літвы доктара Разаўскаса, які заклікаў да паслядоўнага вывучэння і паступовага вяртання да сваіх каранёў, без шызафрэнічнай палітызацыі гэтага пытання і без хваравітага пошуку ўласнай ідэнтычнасці. Арганізатары прэзентацыі адказалі на пытанні, распавялі пра планы на будучыню і пра тэмы будучых нумароў альманаху "Druvis", які зараз мусіць выходзіць двойчы на год. Таксама адбыўся выступ гурта рытуальнага фальклору ESSA.

Нагадаем, што "Літоўскі" нумар прысвечаны тысячагоддзю першай пісьмовай згадкі Літвы (1009 г.), а таксама дваццацігоддзю дзейнасці Цэнтра этнакасмалогіі "Крыўя".

У гэтым нумары альманаху чытачы знойдуць грунтоўныя артыкулы пра паходжанне назвы Літва, беларуска-літоўскія паралелі ў абсягу міфалогіі і традыцыйнай культуры, тутэйшую дударскую традыцыю, міфалагічную семантыку герба "Пагоня", узроўні ідэнтычнасці шляхты ВКЛ, гісторыю літоўскай манархіі ды шмат іншага. Бадай усе матэрыялы – унікальныя, адкрыўчыя, напісаныя адмыслоўцамі ў сваіх галінах веды. Яшчэ адна адметнасць гэтага нумара – досыць вялікая прысутнасць літоўскіх аўтараў, якія напісалі свае тэксты спецыяльна для беларускай аўдыторыі дзеля пачатку прыязнага, узаемакарыснага дыялогу прадстаўнікоў нацыянальных гісторыяграфій і ўсіх тых, хто цікавіцца міфалогіяй ды мінуўшчынай нашага Краю. Рэцэнзію Аляксея Ластоўскага на згаданы нумар можна прачытаць тут.

Ніжай змешчаны здымкі з прэзентацыі. Разгорнутую справаздачу можна прачытаць на kryuja.org

 

 

Канферэнц-заля цалкам запоўнена.

 

Прамаўляе доктар Разаўскас.

 

Старажытная сімволіка перад "крыўскімі валькірыямі".