Наталя Гардзіенка. Станіслаў Ляшчынскі — забытая легенда XVIII стагодзьдзя

Станіслаў ЛяшчынскіСпрэчкі пра ролю асобы ў гісторыі распачаліся ўжо даўно і наўрад ці прыйдуць да аднаго канкрэтнага выніку. А між тым, хоць гісторыя асобаў — гэта яшчэ ня ўся гісторыя, яна цалкам мае права на існаваньне. Жыцьцё кожнага чалавека непарыўна зьвязанае з жыцьцём грамадзтва, зьяўляецца часткай ягонай гісторыі, а таму праз пэрыпэтыі лёсу канкрэтнай асобы можна заўважыць асаблівасьці разьвіцьця краіны цалкам. Асабліва гэта датычыць тых, што імкнуліся самі ствараць гісторыю. Што мы пра іх ведаем? Чым жылі Ян Сабескі і Станіслаў Панятоўскі, Панамарэнка і Гусараў? Хто яны і які лёс прывёў іх на Беларусь? Мы нічога пра іх ня ведаем! А можа не жадаем ведаць? Ці ня годзе быць народам, які згубіў памяць? Або нам патрэбная толькі салодкая гераізаваная гісторыя Сярэднявечча? Не, нам неабходна ведаць усю гісторыю, якой бы непрыгожай яна не здавалася на першы погляд. Яна нашая. І кіраўнікі ў нас былі розныя, але яны былі і штось тут рабілі. Мы павінны вызначыць кожнаму зь іх пэўнае месца ў нашай гісторыі. Можа, так мы здолеем лепш зразумець сучаснасьць і прадбачыць, што нас чакае…

Лёс Станіслава Ляшчынскага нельга назваць ардынарным. Двойчы кароль і двойчы безь дзяржавы, бацька францускае каралевы, сябра Вальтэра, філёзаф і рэфарматар, які ва ўзросьце 86 гадоў зьбіраўся ў трэці раз змагацца за каралеўскую пасаду… На жаль, беларускія гісторыкі не зьвяртаюць увагі на гэтую легендарную асобу. Жыцьцё Станіслава Ляшчынскага зрабілася глебай для шматлікіх літаратурных твораў яшчэ ў XVIII стагодзьдзі, а мы зараз нават ягонае імя не заўсёды згадваем у ліку валадароў Рэчы Паспалітай. Няхай ён ня здолеў доўга пратрымацца на каралеўскай пасадзе, няхай не пасьпеў ажыцьцявіць тое, пра што марыў у сваіх філязофска-рэфарматарскіх працах, аднак гэты чалавек — частка нашага мінулага, і мы павінны адвесьці яму адпаведнае месца ў аналах беларускае гісторыі.

Станіслаў Ляшчынскі прыйшоў у вялікую палітыку ў вельмі маладым ўзросьце. Ён нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 году ў сям'і найбольш значнага вялікапольскага дзеяча (вялікага кароннага падскарбія) Рафала Ляшчынскага і Анны Ябланоўскай, празь якую меў сваяцкія сувязі з каралеўскім родам Сабескіх. Атрымаўшы звычайную для шляхціца тых часоў адукацыю, павандраваўшы па Эўропе (Вена, Рым, Флярэнцыя, Парыж і г.д.) і зрабіўшы, згодна з адной зь легендаў, вялікае ўражаньне на самога Людовіка XIV, Станіслаў заняўся натуральнай для юнака ягоных колаў дзейнасьцю — палітыкай. Спачатку атрымаў невялікую пасаду старасты, потым пазнанскага ваяводы (1699 г.) і распачаў актыўную соймавую дзейнасьць, безумоўна, не без дапамогі ўплывовага бацькі. За дзяржаўнымі справамі не забываючы пра сябе, ва ўзросьце 21 году Станіслаў ажаніўся з дачкой другога па значнасьці пасьля Ляшчынскіх вялікапольскага магната Катарынай Апалінскай, якая прынесла яму дзьвюх дачок — Анну і Марыю (будучую каралеву Францыі).

Тым часам сытуацыя ў Рэчы Паспалітай на мяжы стагодзьдзяў была складаная. Пасьля сьмерці Яна III Сабескага 17 чэрвеня 1696 году ў дзяржаве распачалася чарговая барацьба за карону. На яе прэтэндавалі розныя асобы, як грамадзяне Рэчы Паспалітай, так і замежнікі, якія імкнуліся стварыць сабе падтрымку ў магнацкіх колах краіны. Найбольш вострая барацьба разгарнулася між прыхільнікамі саксонца Аўгуста Вэтына (стаўленіка Расеі і Аўстрыі) і француза Франсуа Людовіка дэ Бурбон графа Конці (натуральна, крэатуры Францыі). У выніку працяглага змаганьня адбылася дваістая элекцыя, калі на адным сходзе абралі Конці, а на наступны дзень пры дапамозе расейскіх войскаў на іншым сходзе каралём быў абвясьцілі саксонца, які і быў каранаваны як Аўгуст II.

Катарына АпалінскаяАднак падобны вынік барацьбы не задаволіў вялікую частку магнатаў, якія не зьяўляліся прыхільнікамі Саса, а таму ў краіне паступова пачала стварацца моцная апазыцыя, у шэрагах якой ішлі і Ляшчынскія. Традыцыі апазыцыйнай дзейнасьці ў гэтай фаміліі былі вельмі моцныя яшчэ з тых часоў, калі большасьць яе прадстаўнікоў прыняла пратэстанцкае веравызнаньне (ад якога, праўда, Ляшчынскія ўжо даўно адмовіліся на карысьць каталіцтва).

Міжнародная сытуацыя на мяжы стагодзьдзяў вызначалася ростам напружанасьці і насьпяваньнем вайны. Заўсёднае супрацьстаяньне Францыі і Габсбургаў наклалася на барацьбу Швэцыі з Расеяй. Цікава, што ўладары апошніх Карл XII і Пётр I былі тады вельмі маладыя людзі, якія жадалі даказаць усім сваю вартасьць, а таму зьявіліся праводцамі вельмі агрэсіўнай палітыкі.

Вайна, якую хутка назавуць “Паўночнаю”, распачалася ў 1700 годзе пасьпяхова для Швэцыі. Кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст II, хаўрусьнік Пятра I, мусіў наладжваць абарону сваіх уладаньняў як у Саксоніі, так і ў Рэчы Паспалітай. Ужо ў наступным годзе швэдзкія войскі зьявіліся на тэрыторыі апошняй. Змаганьне Аўгуста з Карлам ускладнялася тым, што ўся ўнутраная апазыцыя Сасу ў дзяржаве перайшла на бок швэдаў. Аўгуст II мусіў уцячы, і Карл XII дамогся абвяшчэньня ў лютым 1704 году беcкаралеўя ў Рэчы Паспалітай і прызначэньня новых выбараў. Кандыдатуры магчымых каралёў цяпер разглядаў сам Карл.

Прэтэндэнтаў на карону ў Рэчы Паспалітай заўсёды было шмат: мясцовыя магнаты імкнуліся паўтарыць дасягненьні Вішнявецкіх і Сабескіх, замежнікі ўкладалі вялікія сродкі ў замацаваньне ўласнага ўплыву ў адной з найбуйнейшых паводле тэрыторыі эўрапэйскіх краінаў. На разгляд Карлу патрапілі такія найбольш верагодныя кандыдатуры, як: старэйшыя сыны папярэдняга караля Яна III Сабескага Якаб і Канстанцін, а таксама нешчасьлівец мінулай элекцыі Франсуа Людовік дэ Бурбон граф Конці — крэатура Францыі, швэдзкае хаўрусьніцы. Аднак Карла не задаволіла ніводная з гэтых прапановаў. Шлях да трону першых перапыніў выгнаны Аўгуст II, бо, ужо калі швэдзкі кароль быў пагадзіўся на абраньне старэйшага Якуба, Сас здолеў захапіць абодвух братоў Сабескіх у палон і трымаў у адным са сваіх палацаў як арыштаваных да 1706 году. Французу Конці перашкодзіла актыўная падтрымка Францыі — Карлу патрэбны быў новы кароль, які б цалкам залежаў выключна ад яго і ня меў ні сваіх уласных замежных уладаньняў, ні іншых пратэктараў. Такім патрэбным прэтэндэнтам на карону Карл XII убачыў маладога Ляшчынскага. Паданьне сьцьвярджае, што лёс апошняга вырашыла адна толькі сустрэча са швэдам, пасьля якой той пастанавіў даць Рэчы Паспалітай новага караля Станіслава.

Малады Ляшчынскі як найлепш пасаваў да ролі марыянэткі. Разважлівы і павольны, аматар раскошы, нясхільны да актыўных дзеяньняў, ён мог зрабіцца добрым выканаўцам. Пасьля бацькавай сьмерці ў 1703 годзе Ляшчынскі застаўся бяз сталай падтрымкі і заняўся стварэньнем уласнага палітычнага капіталу. Станіслаў браў удзел у апазыцыі Аўгусту, актыўна падтрымаў Карла і выступаў у падтрымку Сабескіх на троне Рэчы Паспалітай (сам ён спачатку нават ня марыў пра тое, што здолее заняць каралеўскую пасаду, ды яшчэ так хутка). Аднак гісторыя падаравала яму шанец апярэдзіць усіх славутых і значных магнатаў краіны, бо, як гэта ні парадаксальна, ягонай перавагай зрабілася ў той момант менавіта слабая падтрымка. Супраць “выскачкі” Ляшчынскага натуральна мусілі паўстаць і Патоцкія, і Любамірскія, і Радзівілы, і іншыя, безумоўна, значнейшыя роды краіны, якія лічылі сябе больш вартымі каралеўскага пасаду. Аднак штыкі швэдаў былі тады больш красамоўным аргумэнтам, і таму 12 ліпеня 1704 году пад наглядам швэдзкіх войскаў у Варшаве на адпаведным сойме адбылася афіцыйная элекцыя Станіслава Ляшчынскага. Праўда, яна была зробленая крыху насуперак традыцыі, бо дакумант пра абраньне падпісаў не прымас Міхал Радзяёўскі (які адмовіўся зрабіць гэта), а толькі пазнанскі біскуп Мікалай Сьвянціцкі.

Элекцыя Ляшчынскага ў 1704 г.Хутка пасьля элекцыі мелася адбыцца каранацыя, аднак справа зацягнулася, і запаволіў яе часткова сам Станіслаў. Ён разумеў усю хісткасьць свайго становішча і пажадаў стварыць сабе больш значную прыхільнасьць у краіне. Яшчэ перад элекцыяй новы кароль абвясьціў (і нават падпісаў адпаведны дакумэнт), што ён прыме карону толькі з тым, каб потым перадаць яе больш законнаму ўладальніку — арыштаванаму Якабу Сабескаму, калі той будзе вызвалены. Ці гэта была sancta simplicitas маладога чалавека, ці дакладны разьлік разумнага палітыка — цяжка вызначыць. Можна канстатаваць, што прыхільнасьці менавіта гэтым крокам новы кароль сабе не прыдбаў, хоць частка з тых, хто падтрымліваў Сабескіх, сапраўды павярнулася да яго.

Ня вельмі дапамагалі ў справе набыцьця прыхільнасьці і швэды, чые паводзіны ў Рэчы Паспалітай не адзначаліся ветлівасьцю. Так, яны зброяй захоплівалі гарады і маёнткі і накладалі на іх вялікія кантрыбуцыі. Уладальнікі маёнткаў зьвярталіся да Станіслава па дапамогу, каб той дамогся ў Карла вызваленьня ад пабораў, але швэд неахвотна ішоў на якіясь палёгкі. Так рабілася відавочным, што новы кароль ня будзе сапраўдным уладаром дзяржавы, пакуль за ягонымі плячыма стаіць Карл. Невялікую падтрымку Ляшчынскаму, безумоўна, набылі швэдзкія грошы і войска, з дапамогай якіх некаторых хаўрусьнікаў усё ж удалося прыдбаць, аднак апазыцыя была значна больш магутная, а на чале яе стаяў выгнанец Аўгуст II. Апошні меў у вачах вялікай колькасьці грамадзянаў дзяржавы законныя правы на карону, бо быў афіцыйна абраны і каранаваны, а Станіслаў пакуль выглядаў самазванцам. Акт каранацыі павінен быў крыху выправіць гэтае становішча, бо правы Ляшчынскага на карону тады былі б таксама афіцыйна замацаваныя. Адначасова неабходна было на дзяржаўным узроўні замацаваць адносіны Швэцыі з Рэччу Паспалітай.

У верасьні 1705 году нарэшце сабраўся (таксама пад наглядам швэдзкіх войскаў) Каранацыйны сойм у Варшаве, і 3 кастрычніка ў Саборы Сьв. Яна Станіслаў урачыста падпісаў pacta conventa, а на другі дзень арцыбіскуп Львоўскі Канстанцы Зялінскі правёў цырымонію каранацыі Ляшчынскага і ягонае жонкі. Каранацыя таксама прайшла нязгодна зь некаторымі традыцыямі. Так, цырымонія прайшла ня ў Кракаве, а ў Варшаве, і праводзіў яе ня прымас, а арцыбіскуп Львоўскі, што надавала ёй пэўныя рысы неправамоцнасьці * . Што ж да прысутнасьці тут швэдзкіх войскаў, то хоць гэта і супярэчыла афіцыйным пастановам і абвешчанаму прынцыпу вольнай элекцыі, але на той час абраньне караля з дапамогай замежнага войска зрабілася на практыцы звыклай зьявай (варта хаця б нагадаць каранацыю самога Аўгуста II).

Неўзабаве пасьля каранацыі быў падпісаны мірны трактат паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй, які меў характар “Кардынальных правоў”, што маглі быць зьмененыя толькі са згоды Швэцыі і мелі абавязковую моц для ўсіх наступных уладароў дзяржавы. Тут замацоўвалася пэўная ступень залежнасьці Рэчы Паспалітай ад Швэцыі, а становішча самога Ляшчынскага ў выніку ніяк не зьмянілася.

Кароль Станіслаў залежаў ад Карла ня толькі ў палітычным, але яшчэ больш у матар'яльным пляне. Амаль адразу пасьля элекцыі прыхільнікі Аўгуста II захапілі і вынішчылі землі Ляшчынскага (якія былі дагэтуль ці ня самыя прыбытковыя ў краіне, хоць і ня самыя вялікія), таму новы кароль мусіў пазычаць грошы або за мяжой, або ў свайго апекуна Карла. Апошні ж быў досыць сквапны і не любіў грашовых справаў. Вось і атрымалася, што кароль Станіслаў, нават калі б і пажадаў выйсьці з-пад уплыву швэда, то ня меў на гэта сродкаў. Пытаньне — ці жадаў?

Так Рэч Паспалітая атрымала адразу двух афіцыйна абраных і легітымных каралёў, што выклікала яшчэ большы раскол грамадзтва. Здаецца, на пэўны час Аўгуст адмовіўся ад вяртаньня кароны і ўцёк у свае ўладаньні ў Саксоніі, аднак афіцыйны ягоны статус ад гэтага не зьнікаў. Каб пэўным чынам выправіць гэтае становішча і дашчэнту зьнішчыць суперніка, Карл XII у 1706 годзе робіць выправу на Саксонію і прымушае яе гаспадара капітуляваць. У выніку падпісаньня Альтранштацкага міру Аўгуст II адмаўляўся ад кароны і афіцыйна прызнаваў Станіслава за караля. Ёсьць зьвесткі, што падчас перамоваў тут узьнікла прапанова аб падзеле Рэчы Паспалітай, каб Аўгуст забраў сабе Карону Польскую, а Станіслаў Ляшчынскі — Вялікае Княства Літоўскае, аднак гэтыя пляны не былі падтрыманыя.

Трэба заўважыць, што ў выніку капітуляцыі Аўгуста выйшлі на волю браты Сабескія, што зноў ускладніла становішча Ляшчынскага. Невядома, што падказвала яму сумленьне, аднак ніякіх размоваў пра перадачу кароны не вялося, і Карл не жадаў пра гэта чуць, бо яго цалкам задавальняў зроблены ім кароль. Гэты кароль, затое, не задавальняў Пятра I, усходняга суседа і хаўрусьніка Аўгуста, а таксама галоўнага ворага Карла. Войскі Пятра ўвайшлі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай з мэтай або дапамагчы Аўгусту вярнуць карону, або перашкодзіць прасоўваньню швэдаў да межаў Расеі. Павадле некаторых зьвестак, Пётр I меў на мэце таксама пасадзіць ў Рэчы Паспалітай свайго караля: або царэвіча Аляксея, або аднаго з Сабескіх, або яшчэ каго. Аднак гэтыя пляны ня зьдзейсьніліся, а расейскія войскі добра парабавалі Вялікае Княства Літоўскае, ствараючы тут падтрымку ідэі выгнаньня Ляшчынскага з пасады.

Швэдзкае войска шукала сустрэчы з расейскім, аднак такая сустрэча спачатку не ўваходзіла ў пляны Пятра. Ён зацягваў Карла далей ад Швэцыі (адкуль маглі прыйсьці дадатковыя войскі і правізія) і чакаў. Разьлік стаўся правільным, што і вызначыла вядомая Палтаўская баталія.

Пасьля 7 ліпеня 1709 году паранены Карл мусіў уцякаць у турэцкія валоданьні, і Ляшчынскі застаўся адзін: апекуна няма, прыхільнікаў мала, швэдзкае войска не жадае яму падпарадкоўвацца, бо, змучанае працяглай вайной, імкнецца толькі хутчэй дадому. Да таго ж Аўгуст, які пэўны час быў заняты вайною з Францыяй у Фляндрыі, прачуўшы пра перамогу Пятра, вяртаецца з 10-тысячным войскам у Рэч Паспалітую.

Ляшчынскі паспрабаваў быў пайсьці на высакародны крок і 19 жніўня 1709 года выдаў маніфэст, згодна зь якім прапанаваў аддаць карону дзеля вырашэньня яе лёсу грамадзтвам Рэчы Паспалітай і прапанаваў прызначыць новыя выбары. Аднак гэта супярэчыла плянам Пятра I. Да таго ж гэтае прапановы не зразумелі прыхільнікі Станіслава, якія ўбачылі тут праяву слабасьці, няверы ў сябе.

Тым часам, пад пагрозай наступу расейскага і саксонскага войскаў, Станіслаў выяжджае да Шчэціна (раней сюды былі перапраўленыя жонка і дочкі караля) на тэрыторыю Памор'я, якое тады мела нэўтральны статус. Пасьля таго, як Карл XII у сьнежні 1710 году, хоць сам і знаходзіўся ў Порце, абвясьціў Ляшчынскага генэральным упаўнаважаным у Швэцыі, з тым, каб той сабраў там войска і рушыў у Рэч Паспалітую, у Пятра I і Аўгуста II зьявіліся падставы для ўварваньня ў Памор'е. Станіслаў Ляшчынскі мусіў уцякаць у Швэцыю.

Неабходна заўважыць, што ваенныя няўдачы Карла замацавалі няпрыязныя настроі да яго ўнутры ягонай краіны, таму ніхто не сустрэў Ляшчынскага тут як жаданага госьця і сабраць войска цяпер было вельмі цяжка. Аднак Станіслаў здолеў празь некаторы час разам з 10 тысячамі жаўнераў рушыць на Памор'е, аднак выправа не была ўдалая і Ляшчынскі хутка зноў застаўся адзін.

Аднак гісторыя паўтарылася. Як калісьці Аўгуст быў бяз моцы, але з афіцыйным тытулам караля, так цяпер Станіслаў быў небясьпечны ўжо толькі таму, што меў статус афіцыйнага і адзінага на той час караля Рэчы Паспалітай. Каб вымусіць яго адмовіцца ад тытулу, пачалася сапраўдная кампанія. Па-першае, Аўгуст II забраў у дрэздэнскага банкіра Легмана расьпіску на вялікую суму грошай, выдадзеную Ляшчынскім, і аддаў яе асабістаму ворагу караля Флемінгу, які адабраў усе ягоныя маёнткі і згаджаўся вярнуць іх толькі за адмову ад пасады (нават прыплаціўшы, калі трэба).

Па-другое, зноўку ўзьнікла прапанова падзелу краіны. Аднак у выніку 5 сьнежня 1712 году была падпісаная Рыбніцкая дамова, паводле якое Ляшчынскі згаджаўся адмовіцца ад усіх прэтэнзіяў на карону і вяртаў Аўгусту Альтранштацкі акт, за што той абвяшчаў амністыю прыхільнікам Станіслава, выплочваў яму 100 тысяч дукатаў адначасна, а таксама па 150 тысяч талераў штогод. Землі ж Ляшчынскага павінны былі вярнуцца да яго толькі са згоды Рэчы Паспалітай. На гэтую дамову патрабаваўся дазвол Карла, і Станіслаў паехаў да яго. Швэд жа не жадаў слухаць пра капітуляцыю, да таго ж хутка султан загадаў арыштаваць швэда. Станіслава султан таксама пакінуў пры сабе, праўда, з прапановай дапамагчы ў вяртаньні кароны — ягоную карту цяпер браўся згуляць сам султан. За гэтую паслугу ён прасіў фартэцыю Камянец і ўсю Ўкраіну. Аднак пакуль ішоў торг, туркі заключылі мір зь Пятром I, і Ляшчынскі зноў мусіў уцякаць праз Малдавію, Сяміградзьдзе і Нямеччыну на поўнач у Швэцыю. Сюды ж празь некаторы час прыбыў Карл XII, які выдзяліў свайму былому стаўленіку невялічкую зямлю на ўтрыманьне. Швэды часам забываліся выдаткоўваць грошы на жыцьцё Станіслава зь сям'ёй, таму ён ня меў шанцаў сур`ёзна ўплываць на падзеі ў Рэчы Паспалітай. Ад дамовы зь ім Аўгуст II хутка адмовіўся і цалкам даверыўся Пятру I.

Кароль Францыі Людовік XV з жонкай Марыяй ЛяшчынскайЛяшчынскі мусіў шукаць грошай, бо маёнткаў у яго не засталося, а таксама змагацца з замахамі на сваё жыцьцё, якія раз-пораз наладжваў ўсё той жа нястомны вораг, уладальнік польскіх маёнткаў Станіслава Флемінг, што лічыў былога караля вельмі небясьпечным і для сябе асабіста, і для краіны ў цэлым. Так, сакратаром Ляшчынскага быў таемны агент Саса, які даносіў апошняму пра ўсе перамяшчэньні свайго гаспадара. Вядома, што ўлетку 1717 году група малойцаў наладзіла засаду на Ляшчынскага ў ягоных жа валоданьнях, але той выпадкова даведаўся пра злавесныя пляны і сам у меркаваную вандроўку не паехаў; злачынцаў схапілі. Хадзілі чуткі, што для забойства караля Станіслава Флемінг спрабаваў наняць вядомага авантурніка Казанову, аднак той доўгі час карміў абяцанкамі, а можа нават і браў грошы адначасова і ў Флемінга, і ў Ляшчынскага, а потым зьнік. Спэцыяльна, каб зьвесьці караля Станіслава са сьвету, быў выраблены атручаны тытунь, але і ён не дасягнуў мэты.

Да іншых няшчасьцяў у 1717 годзе далучылася сьмерць васямнаццацігадовай дачкі Ганны, а на наступны год і Карла XII, якога, верагодна, забіў нейкі суайчыньнік. Так ці інакш, але пэнсія ад швэдзкага ўраду рабілася ўсё меншаю і Ляшчынскі мусіў шукаць сабе новага прытулку. Усімі забыты (пра яго няма згадак ні ў швэдзка-расейскім Ніштацкім міры [1721], ні ў швэдзка-саксонскім [1729], ні ў міры Швэцыі з Рэччу Паспалітай [1732]), без уласных маёнткаў, ўвесь час пад пагрозай жыцьцю з боку якіх-небудзь чарговых наймітаў Флемінга (гэты ніколі не забываў пра Станіслава), Ляшчынскі скіраваў свой позірк на Францыю.

У 1719 годзе кароль Рэчы Паспалітай атрымаў дазвол на жыцьцё ў Францыі ў невялікім Вісэмбургу разам зь сям'ёй і дваром, а таксама штогадовае утрыманьне ў 20 тысяч ліўраў (няшмат па тым часе). Францускі ўрад палічыў карысным для сябе даць прытулак каранаванаму выгнаньніку, каб пазьней, магчыма, згуляць ягоную карту. Тагачасная француская манархія перажывала крызіс і вельмі востра паўстала пытаньне шлюбу малога і відавочна хворага Людовіка XV, каб ягоная жонка дала кароне здаровага спадкаемца. Было разгледжана шмат кандыдатур, аднак канчатковы выбар прыпаў на Марыю Ляшчынскую. Безумоўна, тут не абышлося без інтрыгаў, шмат што вырашала палітыка, аднак у жніўні 1725 году быў абвешчаны шлюб 22-гадовай Марыі з 15-гадовым Людовікам.

Станіслаў Ляшчынскі адразу атрымаў новую пэнсію ў 2 тысячы ліўраў штотыдзень як каралеўскі цесьць, аднак у буйную францускую палітыку яго не запрашалі. Ён зрабіўся філёзафам, што праявілася ў вядомым творы — павучэньні для дачкі, якая ўступае на францускі трон. Ягоная філязофія, адмысловая мяшанка асьветніцкіх ідэяў, рэлігійных каталіцкіх традыцыяў і жыцьцёвага вопыту, здабыла яму пэўных прыхільнікаў. Аднак гісторыя паказала, што рана яшчэ было канчаткова выключаць Станіслава Ляшчынскага зь вялікай эўрапэйскай палітыкі.

Надышоў 1733 год. 1 лютага на 63 годзе жыцьця ад антонавага агню ў нагах памёр Аўгуст II. Было абвешчанае чарговае беcкаралеўе і Ляшчынскі атрымаў шанец зноўку заняць каралеўскую пасаду на радзіме, але цяпер ужо з дапамогай Францыі. Францускія колы ўклалі шмат грошай у стварэньне прыхільнасьці Станіславу ў краіне. Нямала зрабіў і ён сам — напярэдадні выбараў ён напісаў свой праект рэфармаваньня Рэчы Паспалітай пад назвай “Голас вольны, што волю абяцае”, які зрабіўся вельмі папулярны на радзіме. Апошняму паспрыяла яшчэ і тое, што на францускія сродкі былі выкупленыя ці ня ўсе друкарні ў Рэчы Паспалітай, а таму агітацыйнай літаратуры ў падтрымку Ляшчынскага і супраць Сасаў было выдадзена вельмі шмат. Вынікам такой палітыкі зрабілася сапраўды вялікая прыхільнасьць да Станіслава на радзіме, што выявілася ў выніках Канвакацыйнага сойму, згодна з пастановамі якога было вырашана “абіраць Пяста”.

Уцёкі з ГданьскуАднак існаваў яшчэ адзін моцны супернік. Хоць стары Аўгуст II не стварыў сабе вялікай падтрымкі ні ў краіне, ні ў Эўропе, аднак ягоны нашчадак спадзяваўся здабыць сабе каралеўскую пасаду і зноў з дапамогай Расеі. 20-тысячнае расейскае войска перайшло межы Рэчы Паспалітай і рушыла на дапамогу новаму Аўгусту. Пачала свой рух морам і невялікая француская дапамога, з двайніком Ляшчынскага на борце. Сапраўдны ж Станіслаў у адзеньні гандляра Брамбака праехаў празь Нямеччыну інкогніта і нечакана для ўсіх зьявіўся ў Кракаве падчас Элекцыйнага сойму. На гэтым агульнанацыянальным сходзе прысутнічала 20 тысяч шляхты. Са зьяўленьнем Ляшчынскага ягоныя прыхільнікі пачалі актыўную дзейнасьць, у выніку якой 12 верасьня 1733 году прымас абвясьціў новага “старога” караля Станіслава. Аднак вялікай вайсковай падтрымкі Ляшчынскі, як і даўней ня меў, і шчырая прыхільнасьць суайчыньнікаў не магла рэальна супрацьстаяць расейскай зброі, якая празь некалькі дзён зьявілася пад мурамі Кракава. Станіслаў зноў апынуўся ў становішчы голага караля. Ён мусіў уцякаць да мора ў Гданьск, каб чакаць дапамогі.

А 5 кастрычніка ў Кракаве з дапамогай расейскіх войскаў быў абраны новы кароль Аўгуст III, які і быў неўзабаве каранаваны. А расейскія войскі рушылі на Гданьск, каб зьнішчыць канкурэнта. Апошні ж чакаў тут францускае дапамогі, а яна ўсё не зьяўлялася. Кароль быў зноў забыты, Францыя замест таго, каб накіраваць войскі супроць Расеі, пачала кампанію супраць Аўстрыі: яе войскі ўварваліся ў Лятарынгію, занялі Лямбардыю і рушылі на Нэапаль. У гэты ж час, у лютым 1734 году пачалася аблога Гданьску расейцамі. Амаль паўгода цягнулася гераічная абарона гораду, але ніякай дапамогі не было. Калі ж не засталося ніякай надзеі, Ляшчынскі мусіў уцякаць, пераапрануты селянінам, у Прусію, а адтуль у Францыю.

Франка-аўстрыйская вайна скончылася мірам, падпісаным у верасьні 1734 году, у выніку якога Станіслаў Ляшчынскі захоўваў афіцыйны тытул караля, аднак замест Рэчы Паспалітай атрымоўваў заваяваную французамі Лятарынгію. Рэальна кіраваць гэтай правінцыяй яго дапусьцілі неадразу. Некалькі гадоў зь ім вялі перамовы, і ў выніку была падпісаная дамова, згодна зь якой Ляшчынскі ня мог атрымліваць прыбыткі ад гаспадаркі Лятарынгіі, а жыў толькі на афіцыйна прызначаную ўрадам пэнсію, нібыта чыноўнік. Праўда, кароль тут меў вялікія і прыгожыя палацы, працягваў сваю мэцэнацкую і філязофскую дзейнасьць (найбольш вядомая яго палеміка з Русо). Ён зрабіўся вядомы ў Эўропе ня толькі праз свае палітычныя авантуры. Партрэт Станіслава Ляшчынскага быў зьмешчаны нават у залі паседжаньняў Рымскай Акадэміі. Да яго прыяжджалі юнакі з Рэчы Паспалітай, ён зрабіўся жывой легендай.

Цікава, што ўжо ва ўзросьце 86 гадоў, пасьля сьмерці чарговага караля Рэчы Паспалітай Аўгуста III, стары Ляшчынскі прапанаваў францускаму ўраду зноў падтрымаць яго ў якасьці прэтэндэнта на карону, аднак ягоную кандыдатуру адмовіліся разглядаць. Праз два гады (23 лютага 1766 году) двойчы каранаваны кароль памёр. Ёсьць меркаваньні, што ён заснуў ля коміну і згарэў. Станіслаў Ляшчынскі быў пахаваны ў горадзе Нансі, дзе жыў апошнімі гадамі і дзе яму, як вялікай славутасьці, быў нават пастаўлены помнік.

Прайшоў час, і гісторыя сьцерла з памяці нашчадкаў прыгоды й памкненьні гэтага, безумоўна, незвычайнага чалавека. Толькі некалькі радкоў у падручніку (і то ня ў кожным) — вось і ўсё, што засталося ад незвычайнага і тыповага для свайго часу лёсу, на якім перакрыжоўваліся інтарэсы найбуйнейшых эўрапэйскіх краінаў.


Герб роду Ляшчынскіх

* - Спачатку прымас Рэчы Паспалітай Радзяёўскі адмовіўся ўдзельнічаць у каранацыі і нават зьехаў з Варшавы, а паводле традыцыі толькі ён меў права ўскласьці карону на галаву новага манарха. У абыход усіх традыцыяў каранацыю Станіслава Ляшчынскага зьдзейсьніў ня прымас, а львоўскі арцыбіскуп Зялінскі (адзіны, хто на гэта згадзіўся). Новага караля напаткалі і праблемы з сымбалямі каралеўскай годнасьці (карона, меч і скіпэтар) — прыхільнікі Аўгуста ІІ скралі іх і вывезьлі за межы краіны. Паколькі наладжваць пошукі было бэссэнсоўна, Карл ХІІ папрасіў варшаўскіх майстроў вырабіць новыя сымбалі каралеўскай улады з золата, сабранага з акупаваных польскіх земляў у якасьці падаткаў. Майстры са сваёй задачай справіліся, і Станіслаў быў каранаваны новай каронай. Хадзілі чуткі, што адразу пасьля ўрачыстасьцяў карону пераплавілі на залатыя манэты, так неабходныя швэдзкай арміі. Урачыстая каранацыя новага манарха адбылася 4 кастрычніка 1705 г., на наступны дзень пасьля падпісаньня Станіславам Ляшчынскім уласных pacta conventa, своеасаблівай дамовы караля з грамадзтвам Рэчы Паспалітай. І няхай традыцыі былі парушаныя (яшчэ і тым, што падзеі адбываліся ня ў Кракаве, а ў Варшаве), але з гэтага моманту былы пазнанскі ваявода зрабіўся афіцыйным каралём Рэчы Паспалітай. Крыніца: "Каранацыя не па правілах".


Гардзіенка Наталя нарадзілася 6.07.1977 у г.Менску. У 1994 г. скончыла Ліцэй пры Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце. З 1994 г. навучалася на гістарычным факультэце БДУ, які пасьпяхова скончыла ў 1999 годзе. З восені 1999 г. навучаецца ў асьпірантуры БДУ на катэдры сусьветнай і айчыннай гісторыі. Займаецца дасьледаваньнем праблемаў беларускай гісторыі XVIII стагодзьдзя.



Крыніца: Беларускі Калегіюм