Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Юрыдычныя падставы рэстаўрацыі ВКЛ (Litwa № 21/2007)

У ГІСТАРЫЯГРАФІІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ не было глыбокіх апрацаваньняў датычна юрыдычных аспэктаў ліквідацыі і адпаведна мажлівай рэстаўрацыі Вялікага Княства Літоўскага. Вынікае гэта з факту, што дадзеная тэма ўяўляецца дасьледчыкам пазбаўленай практычнага дастасаваньня і адпаведна немэтазгоднай да распрацоўкі. Прымаецца за аксіёму сьцьверджаньне, што ВКЛ аднавіць немажліва, а таму і няма сэнсу глыбока разважаць менавіта над юрыдычнымі аспэктамі яго ўпадку і магчымасьцямі аднаўленьня. У той жа момант шмат гаворыцца і пішацца аб іншых: палітычных, вайсковых, культурных аспэктах упадку. Аўтару дадзеная прапорцыя падаецца несправядлівай, бо незалежна ад адказу на пытаньне "Ці можна адрадзіць ВКЛ?", належыць глыбока прааналізаваць усе аспэкты яго ўпадку, а перад усім юрыдычныя, бо толькі яны грунтуюцца ў сваёй абсалютнай большасьці на дакумэнтах, што робіць такое апрацаваньне непараўнальна больш годным даверу, чым найверагоднейшая палітычная вэрсія.

Неабходнасьцю навуковай карэктнасьці тэксту зьяўляецца вызначэньне агульных рамак і зыходных пастулятаў дасьледваньня, пры якіх высновы тут прадстаўленыя будуць падавацца важнымі. За часовы пэрыяд дасьледваньня аўтар уважае слушным узяць прамежак часу ад 1768 г. – завязаньня Барскай канфэдэрацыі да падзеяў 1991 г. – упадак СССР. Аўтар зыходзіць у сваіх разважаньнях таксама з наступнага дапушчэньня:

актамі, што датычаць пытаньня ВКЛ зьяўляюцца таксама акты, у якіх узгадваецца толькі назва Каралеўства Польскае, бо незалежна ад фізычнага засягу такіх утварэньяў, іх утваральнікі альбо падначаленыя ці падданыя заўжды мелі на ўвазе аднаўленьне Уніі Літвы і Кароны, і адпаведна ВКЛ.

Пры аналізе комплексу дакумэнтаў была пастаўлена задача: выясьніць, якія прававыя акты стаяць сёньня на перашкодзе да рэстаўрацыі ВКЛ, а таксама якія акты могуць стаць асновай для рэстаўрацыі ВКЛ. Пры аналізе былі сфармаваныя адпаведныя прававыя лініі, існаваўшыя неперарыўна на працягу пэўнага часу. Для лепшай нагляднасьці яны выкладзены ў форме ніжэйпрыведзенай табліцы 1.

У выніку ўсе акты, што датычаць прававых дзеяньняў ВКЛ альбо дзеля яго аднаўленьня можна падзяліць на тры галоўныя палітычна-прававыя лініі. Барска-канстытуцыйная (I) вынікала з ідэяў і дзейнасьці Барскай канфэдэрацыі і акту Канстытуцыі 3 Мая. Потым яе ідэі праявіліся часткова ў дзяржаўных утварэньнях, заснаваных Напаліёнам Банапартам. Кансэрватыўна-лібэральная (II) вынікала з ідэяў і дзейнасьці кансэрватыўна-лібэральнай апазіцыі (Таргавіцкай канфэдэрацыі) ў пэрыяд пасьля прыняцьця Канстытуцыі 3 Мая і ў часе 'Гродзенскага Сойму" 1793 г. Трэцюю групу (Іншыя) утвараюць шэраг спробаў аднаўленьня Кароны Польскай і ВКЛ, заініцыяваных трэцімі бакамі ў розны час. На супрацьлеглай шалі знаходзяцца акты трэціх бакоў, што закраналі тэрыторыі ВКЛ, але ня мелі на мэце аднаўленьне ці згадак аб ВКЛ (акты XX ст.).

Разгледзім больш падрабязна кожную з ліній. Найбольш добра дасьледавана з іх першая - барска-канстытуцыйная. Яна мае два асноўныя этапы: ад Барскай канфэдэрацыі да Канстытуцыі 3 Мая, ад Канстытуцыі да III падзелу Рэчы Паспалітай. Яе частковым працягам зьяўляецца Напалеаніяда - ад утварэньня Варшаўскага Княства да Венскага Кангрэсу. Ад 1815 г. і далей немажліва казаць аб існаваньні дадзенай лініі, якая па вызначэньні была замкнёная Венскім Кангрэсам, а замест узьнікла расійска-імпэратарская, якая слаба нагадвала ўзгаданую. Хаця трэба зазначыць некаторыя прававыя нормы перавандравалі з Варшаўскага Княства ў Каралеўства Польскае і існавалі там да 1831 г. У барска-канстытуцыйнай лініі ёсьць адзін да канца нявызначаны момант, які не дазваляе мець яснае ўяўленьне аб апошнім прававым стане ВКЛ. Гэта пытаньне легітымнасьці прыняцьця Канстытуцыі 3 Мая. Як вядома яна была прынята пры адсутнасьці кворуму. Тым не меней, дэ-факта, Канстытуцыя 3 Мая дзейнічала да 23 ліпеня1792 г. - моманту далучэньня Караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Таргавіцкай канфэдэрацыі. Гэта пацьвярджаюць дакуманты аб апрабацыі Канстытуцыі мясцовымі соймікамі, а таксама міжнародныя рэакцыі на прыняцьцё Канстытуцыі, як рэальнага факту. Акт прысягі Т.Касьцюшкі ў 1794 г. зьяўляецца дзеяньнем, скіраваным на аднаўленьне ладу паводле Канстытуцыі 3 Мая, але фармат гэтага дзеяньня і форма кіраваньня (дыктатура) не дазваляе аднесьці яго да актаў дзяржаўных, хіба толькі да прота-дзяржаўных. Магчыма так адбылося і з-за таго, што Канстытуцыя 3 Мая скасоўвала мажлівасьць скліканьня канфэдэрацый і адпаведна звузіла прававое поле для будучых дзеяньняў па ўласным аднаўленьні. 3 пункту гледжаньня пытаньня аб магчымай рэстаўрацыі ВКЛ у сёньняшнім дні, фармальны ўпадак Канстытуцыі 3 Мая зьяўляецца фактам пазітыўным, толькі не з прычыны ўяўнага абмежаваньня сувэрэнітэту ВКЛ у той час 2, але з пункту гледжаньня менавіта скасаваньня канфэдэрацый. Праз упадак Канстытуцыі, адраджэньне ВКЛ магчыма праз скліканьне Гэнэральнай Канфэдэрацыі ВКЛ. Да таго ж няма звужэньня поля пошуку будучага манарха, бо захоўваецца элекцыйнасьць. У той жа час аўтар лічыць неабходным, дзеля ўмацаваньня выбранай лініі разьвіцьця, адразу пасьля рэстаўрацыі ВКЛ ухваліць Канстытуцыю 3 Мая, якая забясьпечвае традыцыйную для Літвы дзедзічнасьць манарха.

Другая, кансэрватыўна-лібэральная лінія названа так паводле асноўных пастулятаў яе прадстаўнікоў: захаваньне станавых прывілеяў, але неўспрыманьне "абсалютысцкага дэспатызму" Канстытуцыі 3 Мая. Лінія гэтая пачынаецца дзейнасьцю Таргавіцкай канфэдэрацыі, а сканчваецца Гродзенскім Соймам 1793 г.

Так сталася, што з пункту гледжаньня легітымнасьці нельга цалкам успрыняць канцэпцыю I ці ІІ ліній. За вызначальнік фактычна дзеючых нормаў, адпаведна і ладу дзяржавы, аўтар узяў пазіцыю караля Рэчы Паспалітай. Яго ваганьні зрэшты адлюстроўвалі і рэальныя настроі ў краіне. Згодна з гэтым, апошнім актам Рэчы Паспалітай (адпаведна Кароны і ВКЛ), які адбыўся да ліквідацыі фэдэратыўнай дзяржавы быў Гродзенскі Сойм 1793 г., а апошнім днём існаваньня ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай - 24 лістапада 1793 г.

На думку аўтара, пасьля 24.11.1793 не існуе цалкам легітымнай лініі, на якой неабходна было б грунтаваць адраджэньне ВКЛ. Тым ня меней, некаторыя акты ці лініі адлюстроўвалі складаны працэс унармаваньня юрыдычнай спадчыны ВКЛ, і аказалі свой уплыў на далейшае гістарычнае разьвіцьцё земляў ВКЛ. Трэба адзначыць, што думка аб аднаўленьні ВКЛ ніколі не пакідала розумаў эліты - шляхты ВКЛ. Да гэтага неабходна дадаць, што ў розумах шляхты ВКЛ ніколі не ўзьнікала ідэя аб разрыве Уніі з Польшчай, а нават, калі так і здавалася звонку, то гэтага не было ў сапраўднасьці. Па гэтым прызнаку належыць вылучыць толькі спробу абвяшчэньня аднаўленьня дзяржаўнасьці канстытуцыйна-манархічнай Літвы ў Уніі з Вюртэмбэргам 11.12.1917 з пакліканьнем на літоўскі трон Міндаўгаса ІІ (князя Вільгэльма фон Урах Вюртэмбэрг). У даным выпадку можна адназначна сьцьвердзіць аб разрыве Уніі з Польшчай і завязаньні новай Уніі з Княствам Вюртэмбэрг.

Апроч моманту юрыдычнага, важным ідэалягічным момантам у пытаньні аднаўленьня ВКЛ была традыцыя Канстытуцыі 3 Мая. Многія праціўнікі Канстытуцыі лічылі яе творам якабінаў - найбольш гарачых рэвалюцыянэраў - прэкурсораў бальшавікоў. Больш таго лічылі, што яна ёсьць рэвалюцыйна-аўтарытарнай, якая нішчыць спрадвечныя "вольнасьці шляхэцкага стану". А ўважаючы сябе за "рэпубліканаў" казалі аб увядзеньні ў Рэчы Паспалітай абсалютнай манархіі. 3 іншага боку лібэралы і якабіны ўважалі Канстытуцыю 3 Мая за недасканалую, старасьвецкую і кансэрватыўную, якая толькі трошкі адчыняла брамы свабоды. На думку аўтара найбольш адпавядае сутнаснаму духу Канстытуцыі наступнае выказваньне Міхала Сакальніцкага: "Такім чынам парадак, які хацелі ўсталяваць Палякі, анархія, якую яны пажадалі задушыць у зародку, у вачох Кацярыны Вялікай – філёзафа, было бунтам. Манархічная водле духу Канстытуцыя 3 Мая 1791 г. была для яе нічым іншым, як брыдкім творам якабінізму, Праўда ж у тым, што Палякі, усе як адзін імкнуліся выключна да нацыянальнай незалежнасьці, прытым незалежнасьці па сапраўднаму палітычнай, але ні ў якім разе не да алігархічнай, якая ўрэшце рэшт і скінула іх у бездань." 3 Аб тым, што Канстытуцыя 3 Мая не была творам якабінізму сьведчыць і рэакцыя Аўстра-Вугоршчыны, краіны, якая на працягу ўсяго XIX в. лічылася апорай каталіцка-традыцыяналістычнай ідэі ў Эўропе. У 1791-1792 гг., да сьмерці Цэсара Леапольда ІІ, Аўстра-Вугоршчына пазытыўна адносілася да Канстытуцыі, пераконвала Электара Саксоніі Фрыдэрыка Аўгуста прыняць прапанову і заняць польска-літоўскі трон. Найлепш няхай сьведчаць словы самога Цэсара, выказаныя 11.06.1791 у лісьце да Электара: "...са свайго боку суджу, што Ваша Каралеўская Міласьць цалкам перакананы, што ўсе суседнія моцы могуць толькі цешыцца з гэтага выбару. Ён адпавядае жаданьням усіх Палякаў і ў будучы прынясе ім сапраўднае шчасьце". 4 Хаця вядома агульны неспакой перад распаўсюджваньнем францускіх ідэяў існаваў, тым ня менш існавала і свядомасьць у неабходнасьці ўмацаваньня Канстытуцыі кансэрватыўнымі мэханізмамі, аб чым сьведчыць размова паміж пляменьнікам Караля Станіслава Аўгуста, князем Станіславам Панятоўскім і Цэсарам Аўстра-Вугоршчыны Леапольдам ІІ у лістападзе 1791 г.: "..Згодна з даручэньнямі Станіслава Аўгуста кн. Станіслаў стараўся пераканаць Цэсара, што боязь перад пашырэньнем францускіх дэмакратычных, ці ўвогуле якабінскіх ідэяў у Полышчы абсалютна неабгрунтаваная. Адказваючы на гэта Леапольд II "падкінуў ідэю ўсталяваньня ў нас праз Pacta Conventa дзедзічнага сэнату і маяратаў. Нават Расея бачыла б у гэтым свой інтарэс, разьлічваючы на сталыя стасункі з пэўнымі фаміліямі. Абсалютна неабходна - казаў Леапольд II - каб вы заняліся аховай вялікай маёмасьці. Я трактую Польшчу, як бар'ер паміж Расеяй і маімі гаспадарствамі, неабходны дзеля забесьпячэньня для іх спакою. Ідэя дзедзічнага сэнату можа спадабацца электару..." 5

Іншым важным аспэктам правапераемнасьці польска-літоўскага трону было т.зв. "саксонскае пытаньне". Пытаньне гэтае стаяла на парадку дня ад моманту прыняцьця Канстытуцыі 3 Мая - у 1791 г. ажно да 18 мая 1815 г., калі Кароль Саксоніі зрокся сваіх прэтэнзіяў на трон Варшаўскага Княства. Прычынай неяснасьцяў вакол гэтага пытаньня быў абсалютна няпраўны акт зрачэньня Станіслава Аўгуста Панятоўскага польска-літоўскага трону на карысьць Расеі 25 лістапада 1795г. Кароль Рэчы Паспалітай ня меў права зракацца трону на карысьць якой-кольвек дзяржавы, а мусіў бы настаць час безкаралеўя, пасьля якога новая элекцыя. Зыходзячы з гэтага акту адрачэньня Расея ўважала сябе за адзіную спадчыньніцу польскага трону, а Напаліён адцягваў абвяшчэньне Каралеўства Польскага ажно да вайны з Расеяй, бо пачуваўся зьвязаным гэтым актам адрачэньня, хаця і пасадзіў саксонскага караля на трон Варшаўскага Княства, зрабіўшы актуальным "саксонскае пытаньне" да Венскага Кангрэсу. Цікавы момант датычыць акту зрачэньня 6 саксонскага караля. Паводле яго Кароль Саксоніі зрокся толькі і выключна Варшаўскага Княства, нідзе ж няма гутаркі аб зрачэньні польска-літоўскага трону ў разуменьні Рэчы Паспалітай, што робіць гэты акт няважным адносна рэстаўрацыі ВКЛ, як і ўсёй Рэчы Паспалітай.

Асобна неабходна разгледзіць лінію, утвораную Напаліёнам Банапартам. Дэ-факта яна пачынаецца з 22 ліпеня 1807 г. Напаліён не надаў Княству Канстытуцыі 3 Мая, уважаючы яе за "надта кансэрватыўную", а ўвёў свой унівэрсальны кодэкс. У юрыдычным сэнсе Каралеўства Польскае аднаўляецца на Надзвычайным Сойме Варшаўскага Княства толькі пасьля пачатку вайны з Расеяй, з прычынаў, апісаных вышэй. Важную ролю адыгрывае акт аднаўленьня Люблінскай Уніі ў Вільні, на падставе якога ўтвараецца Камісія Часовага Ўраду ВКЛ, якая дзейнічае да ліпеня 1813 г. На прыкладзе дадзенай лініі можна прасачыць мэханізм аднаўленьня ВКЛ, які можа быць задзейнічаны і ў сёньняшнім часе, аб чым будзе сказана ніжэй.

У пэрыяд пасьля Венскага Кангрэсу ажно да I СВ ідэя аднаўленьня ВКЛ не дачакалася свайго праўнага ўвасабленьня. Спробы арганізацыі земляў ВКЛ у Расейскай Імпэрыі неаднакроць прадпрымаліся, але ўсе высілкі разьбіваліся аб непераможную лёгіку, зададзеную яшчэ Кацярынай II: "...отторженныя возвратих", згодна зь якой землі ВКЛ не зьяўляюцца чужымі, але сваімі вернутымі пасьля шматвяковай акупацыі. У гэтым сэнсе падзелы Рэчы Паспалітай не зьліквідавалі да канца польскай дзяржаўнасьці, але ліквідоўвалі перад усім дзяржаўнасьць ВКЛ і яго унію з Польшчай. Адпаведна не патрабавалася спэцыяльна аднаўляць нейкую суб'ектнасьць ВКЛ. Тым ня меней на адной са спробаў належала б затрымаць увагу, а менавіта на праекце Агінскага ў 1811 г., які ў абліччы небясьпекі з боку Напаліёна, павінен быў бы служыць аб'яднаньню мясцовай шляхты пад царскім штандарам. Вяртаньне да гэтай ідэі адбылося яшчэ раз ў 1817 г., калі пад уладай намесьніка Каралеўства Польскага князя Канстанціна Паўлавіча былі сканцэнтраваныя ў адной вайсковай акрузе 7 землі Каралеўства, а таксама губэрніі Віленская, Гродзенская, Менская, Валынская і Падольская, а апошнія таксама разам і ў Віленскай Адукацыйнай Акрузе. Князь Канстанцін Паўлавіч быў чалавекам брутальным, але простым. Імкнуўся да аб'яднаньня пад сваёй уладай усіх земляў I-й Рэчы Паспалітай, чаму перашкодзіла лістападаўскае паўстаньне 1831 г., у часе якога ён памёр. Гледзячы аднак на справу шырэй, трэба сьцьвердзіць, што гэтаму перашкаджала ўся палітычная лёгіка Расейскай Імпэрыі, згодна з якой аднаўленьне ВКЛ ў тым ці іншым выглядзе, сьведчыла б фактычна аб неаднароднасьці дадзеных земляў з цэнтральнай часткай Імпэрыі.

Пераломным момантам у пытаньні аднаўленьня ВКЛ зяўляецца рашэньне Савецкага Ўраду ад 28 жніўня 1918 г., згодна з дэкрэтам Савнаркаму ад 28 кастрычніка 1917 г., у якім Савецкі Ўрад "касуе цалкам і неадклічна пагадненьні і канвэнцыі, заключаныя трыма Ўладамі, адказнымі за падзел, што мае дачыненьне да Польшчы, пачынаючы з пагадненьняў аб трох падзелах Польшчы ад 4 студзеня і 25 ліпеня 1772 г., 23 студзеня 1793 г., і 24 кастрычніка 1795 г., з усімі наступнымі актамі демаркацыі, лучна з пагадненьнем ад 4 кастрычніка 1833 г., заключаным паміж Нямеччынай і Расеяй". Гэтае ўрачыстае і канчатковае рашэньне Савнаркаму было апублікавана ў "Весьніку законаў і дэкрэтаў" Рэспублікі Саветаў, аб ім таксама праінфармаваны Нямецкі Ўрад афіцыйнай даклярацыяй Савецкага Ўраду ад 3 кастрычніка 1918 г., і з гэтага дня зьяўляецца юрыдычна важным.

Надзвычайная важнасьць дадзенага рашэньня праяўляецца ў двух момантах. Па-першае, гэтым актам касаваліся ўсе акты падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама і акты Венскага Кангрэсу. Па-другое, Савецкая Расея, прымаючы такое рашэньне не магла проста інкарпараваць былыя землі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, але павінна была ўтварыць на іх месцы замяшчальныя структуры, якімі зьявіліся УССР, БССР, а пазьней і ЛітССР. Гэтыя структуры былі фармальна незалежнымі і не ўвайшлі ў склад РСФСР. У выніку былыя землі ВКЛ аказаліся як бы пад часовым кіраваньнем новаўтвораных суб'ектаў без гістарычнай традыцыі, выключна на праве сілы. Урэшце, у выніку Патсдамскіх пагадненьняў гэтыя суб'екты набылі сёньняшні тэрытарыяльны кшталт, але іх прававая сутнасьць засталася нязьменнай:

- гэтыя суб'екты ня маюць легітымнай пераемнасьці ад ВКЛ;

- гэтыя суб'екты ўтвораны на падставе сумніўнай "квазідэмакратычнай" працэдуры пры сілавой падтрымцы Савецкай Расеі, а потым СССР.

Разам з распадам СССР зьнікла прававая сувязь паміж суб'ектамі на тэрыторыі ВКЛ і Расеяй. Расея, якая зьяўляецца правапераемніцай Савецкай Расеі і СССР, адпаведна ўсіх рашэньняў гэтых структур, якія не пярэчаць пазьнейшым міжнародным дамовам, павінна выконваць і рашэньне ад 28 жніўня 1918 г. Менавіта таму, і зараз, у выпадку Саюзу Беларусі і Расіі ніяк не можа быць гутаркі аб інкарпарацыі земляў Рэспублікі Беларусь, а толькі аб "дабравольным" саюзе дзьвюх дзяржаваў. Фактычна рашэньне 28.08.1918 і да сёньня абараняе землі ВКЛ ад інкарпарацыі ў Расею і забясьпечвае іх аўтаномію.

Што датычыць іншых суб'ектаў, якія зьяўляліся на міжнароднай арэне паміж 1918 г. і сёньняшнім днём, тэрыторыі якіх накладаліся на тэрыторыю ВКЛ, то для аўтара найбольш важным падаецца разгляд сытуацыі двух з іх: Рэспублікі Польшча і Літоўскай Рэспублікі. У свой час міжваенныя ІІ-ая Рэспубліка Польшча 8 і Літоўская Рэспубліка спрабавалі прэтэндаваць на спадчыну ВКЛ, пры чым прэтэнзіі ІІ-ой Рэспублікі Польшча выглядалі больш абгрунтавана з прычыны перайманьня ўлады ад Рэгэнцыйнай Рады Каралеўства Польскага 11 верасьня 1918 г., а таксама зыходзячы з тэксту рашэньня Савнаркома ад 28 жніўня 1918 г., у якім пад Польшчай разумеліся ўсе землі I-й Рэчы Паспалітай, што не выключала ў пэрспэктыве асобнай арганізацыі часткі зь іх у вьглядзе ВКЛ, ці кантонаў на ўзор Швайцарыі. Літоўскія палітыкі міжваеннай пары свае прэтэнзіі, за выключэньнем спробы абвяшчэньня аднаўленьня дзяржаўнасьці канстытуцыйна-манархічнай Літвы ў Уніі з Вюртэмбэргам 11.12.1917 з пакліканьнем на літоўскі трон Міндаўгаса ІІ (князя Вільгэльма фон Урах Вюртэмбэрг), грунтавалі на падставе чыста этнічнага прынцыпу. У той жа час няма фактаў, каб сьцвярджаць правапераемнасьць паміж ВКЛ і гэтымі дзяржавамі новага часу. Яны не аднаўлялі легітымных органаў ВКЛ (Канфэдэрацыі шляхты альбо Рэгэнцыйнай Рады), не аднаўлялі адпаведнага нутранога ладу ВКЛ – манархіі, не пераймалі на сябе адказнасьць па абавязацельствах ВКЛ і г.д.Зыходзячы з вышэйсказанага можна акрэсьліць сытуацыю, якая мела месца з утварэньнем новых дзяржаваў на тэрыторыі былога ВКЛ як з tabula rasa альбо было скарыстана права выбару дамоваў, як у сытуацыі зь Літоўскай Рэспублікай. Але ў любым выпадку не існавала кантынуітэту адносна ВКЛ. Такі кантынуітэт, на думку аўтара, можа быць адноўлены праз стварэньне легітымнага органу ВКЛ – Рэгэнцыйнай Рады альбо Канфэдэрацыі шляхты ВКЛ, аб чым будзе гутарка ніжэй.

Пасьля разгляду ўсіх неабходных момантаў можна перайсьці ўласна да ацэнкі актуальнай сытуацыі ў пытаньні рэстаўрацыі ВКЛ. На сеньняшні дзень асноўныя тэрыторыі ВКЛ займаюць два суб'екты – Рэспубліка Беларусь і Літоўская Рэспубліка. Абодва яны ня маюць легітымнай пераемнасьці з ВКЛ, аб чым узгадвалася вышэй. Адпаведна ВКЛ можа быць адноўлена на тэрыторыі адной зь іх, альбо ў двух адначасова. Пры гэтым у кожнай зь іх можа адбывацца двума шляхамі:

-праз канфрантацыю з адным альбо абодвума існуючымі суб'ектамі;

-паводле рашэньня адпаведнага альбо адпаведных суб'ектаў.

Трэція бакі, апроч Кароны Польскай 9, калі б такая была адноўлена, ня маюць юрыдычных падстаў для ўмяшальніцтва ў пытаньне рэстаўрацыі ВКЛ. Прыкладам "мяккай" канфрантацыі можа служыць сытуацыя з Радай БНР, якая прэтэндуе на ўладу, над тэрыторыямі, якія знаходзяцца ў дадзены момант пад уладай Рэспублікі Беларусь. Некалькі год таму прыхільнікамі дзяржаўнасьці пад сьцягам БНР зьбіраліся заявы аб уступленьні ў грамадзянства БНР. БНР хаця і ёсьць суб'ектам міжнароднага права, ня мае прызнаньня з боку іншых паўнавартасных суб'ектаў, таму такая акцыя не ўтварала прававых калізій для яе ўдзельнікаў. Тым не менш у больш напружанай сытуацыі, пры большай ступені яе падтрымкі на месцах, яна магла б прывесьці да палітычных пераўтварэньняў, як гэта напрыклад было ў Эстоніі і Латвіі на пачатку 90-х, дзе "Кангрэсы грамадзян да 1940 г." аднаўлялі дзейнасьць старых канстытуцыяў. Пры ўтварэньні легітымнага органу ВКЛ падобная сытуацыя таксама можа мець месца. Канкрэтныя крокі па аднаўленьні ВКЛ могуць улучаць:

- утварэньне Рэгэнцыйнай Рады ВКЛ альбо скліканьне Гэнэральнай Канфэдэрацыі ВКЛ;

- перадача ўсёй поўні ўлады Рэспублікай Беларусь, і (альбо) Літоўскай Рэспублікай Рэгэнцыйнай Радзе альбо Гэнэральнай Канфэдэрацыі ВКЛ;

- скліканьне адным з гэтых органаў Сойму ВКЛ;

- прыняцьцё рашэньня аб рэстаўрацыі ВКЛ і аднаўленьня дзейнасьці органаў і Статуту ВКЛ з магчымым станам безкнязёўя (безкаралеўя);

- прыняцьцё Канстытуцыі 3 Мая альбо "Вольная Элекцыя";

- пры прыняцьці Канстытуцыі 3 Мая прапанова заняць трон прадстаўніку саксонскай дынастыі (мае наступнікаў да сёньня).

Утварэньне Рэгэнцыйнай Рады ўяўляецца на сёньня ня цалкам легітымным крокам, бо яна магла быць утворана толькі паводле Канстытуцыі 3 Мая, якая паводле аўтара не дзейнічае 10, а апошнім соймам быў Гродзенскі Сойм 1793 г. Таму шлях да рэстаўрацыі ляжыць праз скліканьне Гэнэральнай Канфэдэрацыі шляхты ВКЛ, на падставе рашэньня якой можа быць скліканы Сойм ВКЛ.



Аляксандар Стральцоў-Карвацкі

1 пазіцыі, вылучаныя аліўкавым колерам плюс стыль Bold зьяўляюцца вехамі,што вызначаюць прававую прастору для наступнага пэрыяду і могуць траціць сваю прававую сілу, траплячы ў супярэчнасьць з наступнымі лёсавызначальнымі падзеямі; колер абазначае сувязь паміж падзеямі дадзенай лініі (аўт.)
2 Канстытуцыя 3 Мая нічога аб будучых стасунках Кароны і Літвы не казала. Гэтае пытаньне рэгулявалася актам 'Заручынаў Абодвух Народаў'', дзе не было гутаркі аб інкарпарацыіі (аўт.)
3 Сокольницкий М. "Исполнено по высочайшему повелению..." Рапорт, поданный Наполеноу начальником его контрразведки, польским генералом Михалом Сокольницким, с рекомендациями "о способах избавления Европы от влияния России..." -Мн., БГУ, 2003, 151 с.-с. 46
4 Łojek J. „Geneza i obalenie Konstytucji 3 Maja/Polityka zagraniczna Rzeczypospolitej 1787-1792" - Lublin, Wyd. Lubelskie, 1991, 559 s.-c.196
5 Łojek J. „Geneza i obalenie Konstytucji 3 Maja/Polityka zagraniczna Rzeczypospolitej 1787-1792"- Lublin, Wyd Lubelskie, 1991, 559 S.-C.201
6 Der Wiener Kongress/Die Neuordnung Europas; hggb. von Hans-Dieter Dyroff-München, Deutscher Taschenbuch Verlag GmbH & Co.KG, 1966, S. 283-C.98
7 Kukiel M. „Dzieje Polski porozbiorowe 1795-1921" - Paris/France-Italy, wyd czwarte przez Editions Spotkania, 1984, s. 741 -c.183
8 маецца на ўвазе пераемнасьць з І-й Рэччу Паспалітай, дзеля гэтага назва Рэспублікі Польшча гучала ў той час ,,II-Rzeczypospolita Polska" (аўт.)
9 паводле пастановаў Люблінскай Уніі, троны Польшчы і ЛІтвы былі аб'яднаныя ў адной асобе -манарха Рэчы Паспалітай Абойга Народаў (аўт.)
10 хаця вядома, што гэта спрэчнае пытаньне (аўт.)


Таксама ў нумары:

 

  • Гісторыя: Манархія ў Вугоршчыне.
  • Цывілізацыя: Да квэстыі грапікі.
  • Цывілізацыя: кароль Стах