На нашу думку цікавымі для Літвінаў могуць быць разважаньні наступных беларускіх гісторыкаў і дзеячоў-абыватэляў, зь якіх становіцца зразумела, наколькі мы Літвіны можам спадчыну гэтай рэспублікі ўспрымаць і ці гэта ўвогуле магчыма. Гэтыя кароткія інтэрвію былі ўзятыя карэспандэнтамі “Радыё Свабода” і прагучалі ў эфіры ў кастрычніку – лістападзе 2007 г. Напрыканцы зьмяшчаем камэнтар рэдакцыі. Гэтай тэмы датычыць таксама артыкул пана Скіргайлы-Палянэцкага.

Уладзімір Ляхоўскі: леварадыкальная БНР у 1918 г. ня мела шанцу


11 кастрычніка, 2007 г.

Шупа: Калі, пры якіх умовах БНР магла б сапраўды адбыцца? Што ў гісторыі мусіла павярнуцца трошкі іншым бокам? Якія былі шанцы?

Ляхоўскі: У 1918 годзе беларускай эліце было вельмі цяжка дасягнуць гэтай мэты з шэрагу прычын. Падчас Першай сусьветнай вайны была зруйнаваная эканоміка. У бежанства трапіла больш за 1,5 мільёна чалавек, 400 тыс. зь іх не вярнуліся на Бацькаўшчыну. Каля 800 тыс. былі мабілізаваныя ў расейскую армію, зь іх 100 тыс. загінулі на франтах Першай сусьветнай вайны. Далей трэба зазначыць, што не сфармаваўся ўвесь палітычны спэктар беларускіх партый - дамінавалі толькі левыя радыкалы, гэта таксама паўплывала на рэалізацыю гэтай ідэі. І яшчэ - не было таго лідэра, які б мог згуртаваць вакол сябе прыхільнікаў беларускай незалежнасьці. Чытаючы цяпер лісты Доўнар-Запольскага я адразу адзначаю, што нават ён, непрафэсійны палітык, быў на галаву вышэйшы за тых маладых дзеячоў, якія стаялі ля стварэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Шупа: Вы растлумачылі прычыны, чаму БНР ня здолела рэалізавацца. Але ці былі наагул нейкія шанцы? Што мусіла адбыцца інакш? Калі ня ўнутраныя, дык можа зьнешнія фактары?

Ляхоўскі: Я – пэсыміст. Я лічу, што адзіны шанец – гэта калі адкруціць час не да 1918 году, а да 1914-га. Калі б Мікалай ІІ паслухаў Сталыпіна ці Дурнаво і не ўцягнуўся ў Першую сусьветную вайну. Гэта быў бы адзіны шанец – варыянт таго, пра што думаў Луцкевіч, калі б Расея эвалюцыянавала да фэдэрацыі паводле мяккага сцэнару. Тады б да сярэдзіны 1920-х гадоў Беларусь і Літва ўжо мелі б шырокую аўтаномію, мелі б свой Сойм. Далей – Першая сусьветная вайна. Калі б яе не было, не было б і Другой сусьветнай вайны, не было б Галакосту, не было б таго, што беларуская эканоміка і насельніцтва так моцна пацярпелі ад гэтых войнаў і ў міжваенны час. Тады да пачатку 30-х была б праведзеная беларусізацыя, сфармавалася б новая палітычная эліта і нашчадкі Івана і Лук’яна Саланевічаў ужо б размаўлялі па-беларуску і не вызнавалі б тых поглядаў, якія вызнавалі гэтыя дзеячы.

Шупа: Якія сюжэты з гісторыі найбольш Вас захапілі? Што магло б стацца асновай літаратурных твораў?

Ляхоўскі: Мяне цікавіць постаць Рамана Скірмунта. Калі ён меў магчымасьць узначаліць кабінэт міністраў – у яго была вельмі прагматычная праграма – і ў сельскай гаспадарцы, і ў адукацыі. Думаю, што гэтая асоба заслугоўвае вялікай увагі.

Беларускі гісторык зь Беластоку – Алег Латышонак

22 лістапада 2007 г.

Шупа: Наколькі рэальна было ў 1918 годзе, калі б нейкія палітычныя падзеі павярнуліся б трошкі іначай – які быў шанец захаваць БНР?

Латышонак: Шанец, думаю, быў – ніколі не бывае, каб гістарычныя падзеі былі неяк ужо акрэсьленыя загадзя. Я ўсё-ткі лічу, што ёсьць вялікая доля выпадковасьці, вялікая доля магчымасьцяў, якія стаяць перад чалавекам, які вырашае, і такім чынам БНР магла збыцца, я разважаньняў на гэтую тэму не адкідаю.

Шупа: Калі б Вы былі пісьменьнікам і перад Вамі стаяла задача напісаць такі ўтапічны твор – што б Вы тады зьмянілі ў хадзе гісторыі, каб яна магла пераключыцца на такія рэйкі?

Латышонак: Тут не было такіх выпадковых здарэньняў... Думаю, што калі б былі іншыя людзі, не сацыялісты, то было б больш шанцаў на тое, каб стварыць дзяржаву. Для мяне было ясна, што гэтыя людзі не нацыяналісты і не дзяржаўнікі, калі яны вышэй ставілі сацыяльную рэвалюцыю, прычым невядома, ад імя каго яны гаварылі, таму што народ быў большасьцю кансэрватыўны і манархічны.

Шупа: Яны, можа, думалі іначай, усё ж такі асноўная маса насельніцтва былі сяляне, а эсэры, якія панавалі ў БНР-аўскіх колах, абапіраліся якраз на сялянства...

Латышонак: Але на прыдуманае расейцамі сялянства, а не на беларускае. Яны абапіраліся на ідэю сялянства, якую мелі расейскія нарадавольцы. Усе гэтыя ідэі Беларускай Сацыялістычнай Грамады яшчэ да першай усясьветнай вайны – гэта жах! Забраць у людзей зямлю, пасьля даваць яе ў арэнду, ніякай прыватнай маёмасьці – гэта кашмар, да ніякага беларускага селяніна з такой праграмай ня можна было ісьці... 

БНР у ідэальных межах, як іх уяўлялі сабе беларускія палітыкі ў 1918-1919 гг., зь Беластокам, Вільняй і Смаленскам, была б вельмі моцнай дзяржавай. Гэтая дзяржава мела б нейкія напружаньні з суседзямі, але думаю, што за такі пэрыяд у Вільні цяпер бы ўзьнік літоўскі ўнівэрсытэт, у Горадні, можа, польскі... Не было б, безумоўна, Другой усясьветнай вайны, у Эўропе не было б такой палітычнай канфігурацыі, якая дазволіла б агрэсію каму-небудзь на Захад ці на Ўсход, калі б нават на Ўсходзе быў камуністычны Савецкі Саюз. Думаю, што БНР выглядала б як сярэдняя цэнтральнаэўрапейская дзяржава.

Камэнтар рэдакцыі

Нарэшце прыйшоў час “зьбіраць камяні”. Раскідвалі, раскідвалі ўсё ХХ стагодзьдзе, ажно ў канцы прызналіся: “ня было шанцу”. Лепш позна, чым ніколі! Для нас Літвінаў гэтыя разважаньні маюць вялікае значэньне. Абрынуўся міф аб тым, што дзяржаву можна ўтварыць выключна на сялянскім субстраце. Часта прыводзяць такі прыклад – маўляў і Чэхі і Літоўцы (сучасныя балты) – таксама сялянскія нацыі, забываючы, што рухавіком Чэхіі стала дробная буржуазія, што выйшла яшчэ з Аўстра-Вугорскай манархіі, а сярод першага Сойму – Тарыбы Літоўскай Рэспублікі адну траціну дэлегатаў складалі ксяндзы.

Можа найлепшы час, каб пачаць нарэшце гэтую будучую эліту выхоўваць, калі ўжо ўладу зараз узяць ня можам? “Узяць” – гэта значыць несьці адказнасьць за тое, што мы гаворым і за прынятыя рашэньні. Праўда ёсьць яшчэ выбар перад кім гэтую адказнасьць несьці – перад Богам і гісторыяй, ці перад “электаратам”? Нажаль на такі выбар палітыкі апазыцыйнага кола, за выключэньнем Зянона Пазьняка, няздольныя.

Высновы: Літвіны ня могуць успрымаць спадчыну БНР як добрую ў культурным пляне. Гэта немагчыма з-за радыкальнага сацыялізму “айцоў” БНР і як выніку шкодных канцэпцыяў у галіне права прыватнай уласнасьці, адносінаў да рэлігіі і асабліва Рэлігіі Каталіцкай.

Літвіны могуць успрымаць жаданьне асобных тагачасных абыватэляў Краю здабыць дзякуючы БНР палітычную незалежнасьць гэтых земляў ад Расеі і такім шляхам жаданьне рукамі сацыялістаў выратавацца ад яшчэ больш д’ябальскай і радыкальнай камуністычнай – бальшавіцкай навалы. Гісторыя і досьвед нашага народу аднак паказалі, што ў гэтым сэнсе нашмат больш трывалымі і абароназдольнымі аказаліся дзяржавы Палякаў і балтыйскіх нацыяў, якія дзякуючы дакладнаму – несацыялістычнаму і антыкамуністычнаму культурнаму коду, набытаму за шмат вякоў самавыхаваньня – здолелі ўзьняці большую частку сваіх грамадзтваў на сьвятую барацьбу з камунізмам.

БНР ня здолела выканаць сваёй місіі па дзьвюх галоўных прычынах. Першая – ідэалягічная – сацыялізм і камунізм разглядаліся масамі нашага насельніцтва як рухі ідэйна блізкія, таму для ворагаў гэтых ідэяў, яны былі абедзьве неўспрымальныя, для прыхільнікаў жа нашмат больш трывалым падаваўся лад прапанаваны Савецкай Расеяй.

Другая – праблема культурнага коду. Беларуская паводле духу і літары дзяржаўнасьць можа быць утворана выключна на візантыйскім грунце, што пацьвярджае гісторыя. Спробы “вэстэрнізаваць” – “азаходніць” беларускую ідэю і рэчаіснасьць заўжды прыводзілі да фіяска. Адзіным шляхам вэстэрнізацыі для нашага Краю зьяўляецца паступовая культурная асіміляцыя беларускіх масаў Літвінамі. Такая асіміляцыя толькі тады будзе пасьпяховай, калі Літвіны – нэафіты адназначна прадэкляруюць сваю прыналежнасьць да Каталіцкай Царквы. Бо рэлігійны фактар пры цывілізацыйнай самаідэнтыфікацыі мае вырашальнае значэньне.


Таксама ў нумары:

 

  • За Літву! Рэдакцыя
  • Крыніцы мысьлі літоўскай. А.Я.Стральцоў-Карвацкі
  • І Літвінам, што гавораць па беларуску трэба мець асобнае выданьне. Да 100-лецьця газэты "Літва"
  • Шлавянская рушчына ці-ткі Балтыцкая Літоўшчына ў Беларусі. Пан Ськіргайла Палянэцкі-Мацкевіч
  • Каралеўскія экономіі Вялікага Княства Літоўскага.Аляксандар Хромы
  • Дзікае паляваньне Ўладзімера Караткевіча

Зьцягнуць увесь нумар 24 за 2008 г. у pdf-фармаце*: кірыліцай (410 Kb).


* - Кнігі ў фармаце pdf лепш чытаць з дапамогай праграмы Foxit Reader