
Да 100-лецьця газэта “Літва”
Крыніцы мысьлі літоўскай
Мы вядзем свой радавод ад літоўскай газэты “Літва”, што выходзіла па польску ад 1908 па 1911 гг. У гэтым годзе абыходзім 100-летні юбілей заснаваньня газэты “Літва”, чаму будуць прысьвечаны шэраг артыкулаў з першаўзору, ад якога лічым сваё існаваньне. Нягледзячы на зусім розную сытуацыю цяперашняга часу і мінуўшчыны, да сёньня мы можам знайсьці шмат супольнага паміж “Літвой” таго часу і сёньняшняй. Для пацьвярджэньня прывядзем словы кн. Станіслава Радзівіла з N 13(19) “Літвы” ад 1909 году, які ў сваім “Прыкладзе для зямянства, годным дзеля насьледваньня” гаворыць “наша дактрына – гэта дабро нашай Айчыны Літвы і Беларусі, наша дактрына – гэта прызнаньне моваў і праў нацыянальных карэннага нашага насельніцтва Літвінаў і Беларусінаў, наша “дактрына” – гэта прызнаньне для нас, карэнных грамадзян Літвы і Беларусі, прыналежных праў нашай мовы і нашай рэлігіі”.
Праз 84 гады ў адноўленай “Літве” N 1 ад 28 лютага 1995 году, у рэдакцыйным звароце чытаем: “А адзінай ідэяй, здольнай аб’яднаць значную частку нашага шматкафэсійнага і раздробленага па палітычных перакананьнях народу, можа стаць, на наш погляд, толькі Дзяржаўная ідэя. Дзеля распрацоўкі аднаго з поглядаў на яе рэалізацыю і было задумана выданьне “Літва”. Чаму менавіта “Літва”? Таму што мы перакананыя: пакуль нашыя спрадвечныя назовы ня зоймуць свайго месца, пакуль жыхары сёньняшняе Рэспублікі Беларусь не ўсьвядомяць, што ў іх жылах цячэ кроў продкаў – Літвінаў – да таго часу не магчыма весьці сур’ёзную размову пра адбудову Дзяржавы. Карыстаньне назовамі, якія навязаны нам захопнікамі ёсьць працягам духоўнага рабства і маўкліваю згодаю на далейшую акупацыю.”
Першым артыкулам, які зьмяшчаем – гэта той, у якім гаворыцца, што Літвінам, якія гавораць нашай мовай патрэбнае асобнае выданьне. Праз сто год, ад тае просьбы Пан Бог пачуў голас свайго слугі кс. Яна Жылінскага, і нарэшце маем газэту “Літва” у гэтай мове, аб якую прасіў ксёндз.
А.Я. Стральцоў-Карвацкі
І Літвінам, што гавораць па беларуску трэба мець асобнае выданьне
Пад гэтай назвай у N 48 „Viltis”-a зьмешчаны артыкул ксяндза Яна Жылінскага з Амэрыкі, які кідае новую думку, якую мы ніжэй падаём цалкам.
“Толькі зараз удалося мне сустрэцца зь першымі нумарамі “Літвы”. Выгляд і зьмест робяць прыемнае ўражаньне. Відавочна газэце не бракуе ані матэрыялаў, ані карэспандэнтаў. Можа і не будзе бракаваць чытачоў. “Літва” выходзіць раз на два тыдні. Майма надзею, што назапасіўшы сіл пяройдзе на штотыднёвы рытм.
Ёсьць шмат Літвінаў, якія, часам не са сваёй віны, па літоўску не ўмеючы, гавораць па польску. Шмат аднак зь іх паводле духу, гэтак як і мы зьяўляюцца Літвінамі і хочуць імі быць. У “Літве” яны маюць прыгожы і карысны орган.
Шмат ёсьць таксама Беларусаў літоўскага паходжаньня. Жыцьцё і веравызнаньне зьвязвае іх больш зь Літвінамі, чым Беларусамі. Ёсьць шмат Беларусаў, якія проста называюць сябе Літвінамі і хочуць імі быць, гэтак жа, як Літвіны, што гавораць па польску. Добра былоб, калі б і яны мелі свой орган у беларускай мове. У нашай Айчыне, дзе здаўна сутыкаюцца ўплывы розных нацыянальнасьцяў, людзі гавораць па рознаму. Гледзячы з аднаго боку, было б пажаданым, каб у Літве панавала адна мова, але гледзячы зь іншага боку някепска дзеіцца ў краінах, дзе пануюць некалькі моваў (напрыклад Швайцарыя). Тамтэйшым жыхарам з маленства проста навучыцца замежных моваў, што ў практычным жыцьці вельмі пажадана.
Нас, жыхароў Балцкага Памор’я, альбо балтаў, групуе і зьвязвае ня столькі мова, колькі супольная доля, патрэбы жыцьця, гэаграфічнае становішча, палітычная і эканамічная будучыня краю, урэшце гістарычныя традыцыі.
Мы ў сваёй Айчыне ня можам ствараць столькі краін, колькі ёсьць народаў, колькі моваў, але людзі, што гавораць па рознаму павінны стварыць адзін Народ. Усе Літвіны, што гавораць па беларуску гэта католікі. Жывуць яны ў губэрні Віленскай, частцы Менскай і Гродзенскай. Вызнаваная імі каталіцкая вера паказвае, што яны прынялі хрысьціянства разам зь іншымі Літвінамі, і славянізаваліся толькі ў пазьнейшы пэрыяд. Шмат з нашых ксяндзоў віленскай і магілеўскай дыяцэзый умее размаўляць па беларуску. Як жа было б добра і карысна, калі б яны пачалі выдаваць літоўскі орган у беларускай мове.
паводлe: “Litwa”/ miesięcznik illustrowany litewski w języku polskim/ 8 (14), 1909 r.
Таксама ў нумары:
- За Літву! Рэдакцыя
- Леварадыкальная БНР у 1918-м ня мела шансаў. Гутарка на "Свабодзе"
- Шлавянская рушчына ці-ткі Балтыцкая Літоўшчына ў Беларусі. Пан Ськіргайла Палянэцкі-Мацкевіч
- Каралеўскія экономіі Вялікага Княства Літоўскага.Аляксандар Хромы
- Дзікае паляваньне Ўладзімера Караткевіча
Зьцягнуць увесь нумар 24 за 2008 г. у pdf-фармаце*: кірыліцай (410 Kb).
* - Кнігі ў фармаце pdf лепш чытаць з дапамогай праграмы
Foxit Reader