Апошнім часам “літвінская” тэма набыла актуальнасьць у беларускай прэсе. Фактычна ніводны з апошніх нумароў часопіса “Архэ” не выходзіць без згадкі аб Літвінах. Дзеля прыкладу прывяду некаторыя зь іх: № 10/2007 артыкул “Палемічныя праекцыі Вялікага Княства Літоўскага” (А.Белы, В.Насевіч, З.Зінкявічус, А.Бацюкоў); № 12/2007 “Доўгая сьмерць славянскай Літвы” (А.Белы, А.Бацюкоў).

Таксама і “Народная Воля” надала шырокую плошчу лістам ад Літвінаў, у якіх яны тлумачаць падставы сваёй пазыцыі. Варта прывесьці вытрымкі з гэтых лістоў, каб нашы чытачы маглі адчуць жывы голас Літвінаў. 20 сьнежня 2007 г. “Народная Воля” зьмясьціла допіс Эдуарда Тобіна са Смалявічаў, які абгрунтавана тлумачыць, чаму да нашых продкаў і нашай краіны ў гісторыі належыць ужываць назву Літвіны і Літва.

Ухвальна аб думцы Э.Тобіна выказваецца М.Деркач, жыхар Гомеля, які заклікае ўсіх нас несьці памяць аб нашай гістарычнай назве.

3 красавіка 2008 г. “Народная Воля” зьмясьціла вялізны артыкул вэтэрана ВМФ, капітана І рангу пана Еўца В.Д. Шаноўны пан Евец прапанаваў новую інтэграцыйную канцэпцыю для Рэспублікі Беларусь, пры якой РБ павінна імкнуцца да інтэграцыі з нашымі гістарычнымі суайчыньнікамі – Літвінамі Літоўскай Рэспублікі. Спынімся больш падрабязна на некаторых момантах гэтага допісу, які тут працытуем. Напачатку пан Евец дае асноўны пасыл: спыненьне інтэграцыі з Расеяй – пачатак інтэграцыі зь Літоўскай Рэспублікай, чаму ёсьць гістарычныя падставы.

Далей пан капітан тлумачыць, якую карысьць сёньняшнім жыхарам Рэспублікі Беларусь такі інтэграцыйны вэктар прынясе.

Асноўнай перавагай інтэграцыі з ЛР для РБ безумоўна зьяўляецца выхад да мора, што нажаль не мысьлілася “адраджэнцам” пачатку ХХ ст. як рэч крытычна неабходная. Выхад да мора ёсьць адным з інструмантаў рэальнай незалежнасьці, які праяўляецца ня толькі ў эканамічных перавагах, але і ў незалежнасьці духовай, якую мора кшталтуе хіба найлепш.

Аналізуючы гэтую тэндэнцыю з халодным розумам, трэба адзначыць пэўную вычарпанасьць “беларускай тэматыкі”. Нецікава чытаць пра вырваныя з кантэксту лёсы “сьвядомых беларусаў”, якія дзейнічалі ў моры несьвядомых, і ў тым моры адбываліся іншыя падзеі, якія беларуская думка не закранае. На гэтым фоне, зварот да літвінскай тэмы ці тэмы прысутнасьці ВКЛ у сёньняшняй беларускай сьвядомасьці зьяўляецца свайго роду выхадам з тупіка, калі ўвага зьвяртаецца на зьяву, хаця і ня цалкам беларускую, але роднасную гэаграфічна. Пры гэтым у беларускіх назіральнікаў выклікае шок той факт, што аказваецца ў гэтай літвінскай прасторы адбываюцца нейкія падзеі, нейкае разьвіцьцё, што “пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы”. Але найбольшы шок узьнікае пры ўсьведамленьні факту, што Літвіны і літвінства сёньня ня тоесныя Беларусам і беларускасьці.

Што Літвіны павінны зразумець з вышэйсказанага. Першае: трэба акрэсьліць, што мы самі разумеем пад літвінствам і кім мы сябе ўсьведамляем. Для нас літвінства – гэта адчуваньне і ўсьведамленьне пераемнасьці ад палітычных колаў ВКЛ (шляхты, духавенства, мяшчанаў) у сёньняшнім часе. Паколькі мы ня можам у гэты момант думаць аб палітычным адраджэньні нашай Айчыны, мы можам думаць як спадкаемцы аб захаваньні ўсемажлівай духовай і матэрыяльнай спадчыны, а таксама аб ператрываньні нашай ідэі да лепшых часоў, калі яна з Божай волі такое палітычнае ўвасабленьне знайсьці зможа.

Другое: мы назіраем шматгадовы ідэйны крызіс беларускасьці, на які было лякарства ў выглядзе звароту да літвінскай ідэі, што было прадэманстравана некаторымі лідэрамі беларускага руху на пачатку 90-х гг. ХХ ст. Менавіта тады лёзунгі аб нашай далучанасьці да спадчыны ВКЛ, у тым ліку і рэлігійнай (каталіцызм, Унія) змабілізавала Літвінаў на падтрымку ўсебеларускага руху. Нажаль з часам вядучыя беларускія дзеячы вярнуліся да традыцыйнага ўжо да іх праслаўленьня ісьцінна беларускіх “талеранцыі”, “ціхамірнасьці”, “сялянскасьці” і т.д., у чым яны не адрозьніваюцца ад сучасных рэпрэзэнтантаў улады Рэспублікі Беларусь.

Каротка спыняючыся на тым, чаму беларуская эліта не ўспрыняла літвінства магу прывесьці адзін вельмі важны аргумэнт: з прычыны цывілізацыйнай чужасьці. Менавіта цывілізацыйная “чужына” літвінскай ідэі не дазволіла большасьці беларускіх дзеячоў яе ўспрыняць цалкам і зрабіць сваёй вядучай ідэяй. Толькі тыя, што вырасьлі, як прыкладам вядомы Зянон Пазьняк, на грунце лацінскай цывілізацыі былі здольныя гэтую ідэю зразумець і прыняць, што сьведчыць аб іх непасрэднай літвінскасьці.

З прыведзенага разважаньня для Літвінаў вынікаюць наступныя высновы. Па першае, мы мусім скарыстаць з крызісу ў беларускім руху, і заняць тую ідэйную пустку, якая ў ім запанавала. Па другое, мы павінны зразумець, што зараз паняцьці Літвін і Беларус ня зьяўляюцца тоеснымі. Беларус можа стаць Літвінам, але толькі пасьля энэргічнай працы над сабой, успрымаючы ўвесь даробак лацінскай цывілізацыі, а ня нейкую яе адарваную ад кантэксту частку, як гэта неаднакроць робяць сьвядомыя Беларусы, камбінуючы сваё мінулае, як ім хочацца. Прыняць усю нашу эліту, зь яе каталіцкасьцю, лацінскасьцю, культурнай польскасьцю. Лічыць нашымі паэтамі ня толькі Адама Міцкевіча і Франьцішка Багушэвіча, але таксама Вінцэнта Поля і Гэнрыка Сянкевіча. Толькі тады мы зможам зразумець ідэйны стан нашых папярэднікаў – літоўскай эліты ХІХ-ХХ стст.

Аляксандар Я. Стральцоў-Карвацкі

 

 


Таксама ў нумары:

 

  • Крыніцы мысьлі літоўскай. А.Я.Стральцоў-Карвацкі
  • І Літвінам, што гавораць па беларуску трэба мець асобнае выданьне. Да 100-лецьця газэты "Літва"
  • Шлавянская рушчына ці-ткі Балтыцкая Літоўшчына ў Беларусі. Пан Ськіргайла Палянэцкі-Мацкевіч
  • Леварадыкальная БНР у 1918-м ня мела шансаў. Гутарка на "Свабодзе"
  • Каралеўскія экономіі Вялікага Княства Літоўскага. Аляксандар Хромы
  • Дзікае паляваньне Ўладзімера Караткевіча

Зьцягнуць увесь нумар 24 за 2008 г. у pdf-фармаце*: кірыліцай (410 Kb).


* - Кнігі ў фармаце pdf лепш чытаць з дапамогай праграмы Foxit Reader