Яшчэ зусім нядаўна я сам пры слове "манархія" пагардліва крывіў вусны. Манархія здавалася мне ўсяго толькі перажыткам мінулага. Слава Богу, зжытым і адкінутым (хоць у гэтым пашанцавала…). А людзі, якія ў сучаснай Расеі сур'ёзна ставяцца да манархіі, здаваліся мне альбо ненармальнымі, альбо… блазнамі. Нешта накшталт пасталеўшых, але так і не паразумнеўшых дзетак.
Але аднойчы мне на вочы трапіўся даведнік з рэйтынгам ААН па якасьці й працягласьці жыцьця. Даведнік быў стары, пацёрты, але я выявіў, што сем краін зь першае дзясяткі кімсьці падрэсьленыя. Мяне зацікавіла пытаньне - а па якім крытэры? Празь некалькі дзён разважаньняў і супастаўленьняў я прыйшоў да высновы, што з аднаго боку, аб'ядноўваць гэтыя пазначаныя краіны, а зь іншага, адрозьніваць іх ад астатніх трох зь першае дзясяткі, можа толькі адзін парамэтар - усе яны былі манархіямі… Сем зь дзесяці! Вось гэта адсталасьць і гульня! Адразу я неяк і не паверыў. Я спрабаваў растлумачыць гэта выпадковасьцяй. Пазьней падумаў, што ўсе гэтыя краіны ў першую чаргу зьяўляюцца дэмакратыямі. І манархія тамака - усяго толькі традыцыя, якая ня мае ніякага практычнага значэньня. Няўжо можна лічыць Канаду манархічнай дзяржавай? Бо дзе яна, і дзе брытанская каралева?! Але пытаньне мяне “зачапіла”.
Празь некаторы час, калі я прыйшоў да пэўных высноваў і пачаў абмяркоўваць іх з тымі людзьмі, чыё меркаваньне для мяне было цікавым, я сутыкнуўся яшчэ з адным цікавым псыхалягічным… фэномэнам. Які мяне спачатку насьцярожыў, а потым і пазабавіў. Гэта быў даволі своеасаблівы падыход той часткі нашай адукаванай публікі, якая дагэтуль перакананая ў бясспрэчнай слушнасьці курсу няўхільнага сьледаваньня рэкамэндацыям наконт разьвіцьця нашае краіны, што выдае пэўная актыўная частка навукова-паліталягічных супольнасьцяў, якая спэцыялізуецца на працы з элітай замежных (у адносінах да месцазнаходжаньня гэных супольнасьцяў) дзяржаваў.
З аднаго боку, гэтая публіка цьвёрда ўпэўненая ў тым, што дзесьці "тамака", у цывілізаваных краінах сьвята выконваецца вяршэнства і няўхільнае выкананьне законаў. А зь іншай, яны гэтак жа сьвята ўпэўненыя, што манархія на Захадзе ўсяго толькі нікчэмны перажытак. Прычым настолькі сьвята, што калі пачынаеш ім прад'яўляць тыя самыя законы, паводле якіх манарх - сапраўды важная і дзеяздольная асоба сучаснай заходняй дзяржавы, яны толькі моршчаць нос і пачынаюць сьцвярджаць, што вось канкрэтна гэтыя законы і (што яшчэ круцей) палажэньні Канстытуцыі на самой справе нічога не значаць. І не працуюць. І што яны, па сутнасьці, усяго толькі традыцыя, якая пры гэтым нічога ня значыць.
Такім чынам, у гэтым выпадку атрымліваецца, што нейкая частка законаў і палажэньняў Канстытуцыі (або нейкіх канстытуцыйных актаў) такіх краінаў як Вялікая Брытанія, Нарвэгія, Данія, Гішпанія і некаторых іншых (скажам Канады) - нічога ня вартая, ніяк не працуе і проста ігнаруецца як насельніцтвам, так і кіраўніцтвам гэтых краінаў. Напрыклад, наконт Вялікае Брытаніі цьвердзіцца, што: "юрыдычна каралеўскія паўнамоцтвы вельмі вялікія, але ў рэчаіснасьці яны фіктыўныя". І гэта не зважаючы на тое, што, напрыклад, Урад - гэта юрыдычна "міністры яе Вялікасьці". І што, паводле законаў краіны, манарх прызначае прэм'ер-міністра, кіруе адміністрацыяй дзяржавы, дыпляматыяй і ўзброенымі сіламі. Маўляў, усё фікцыя, і нават дурню вядома, што на самой справе ўсё вырашае кіраўнік партыі, якая перамагла на парлямэнцкіх выбарах.
Сапраўды, прэм'ер-міністар вырашае шмат чаго, але як тады быць, скажам, з тым, што ў заканадаўстве Вялікае Брытаніі не існуе мэханізму пераадоленьня "вэта" караля? Гэта значыць, калі, напрыклад, кароль (у цяперашні час - каралева) не падпісаў закон - ніякія перагаласаваньні ў дзьве траціны, тры чвэрці або, наогул 100 % галасоў нічога зьмяніць ня могуць. Падобным чынам вырашаюцца справы і ў такіх дзяржавах, як Бэльгія або Данія. Напрыклад, у арт. 22 Канстытуцыі Даніі напісана, што законапраект, прыняты Фалькетынгам, становіцца законам, калі ён атрымлівае каралеўскую ўхвалу не пазьней за трыццаць дзён пасьля ягонага прыняцьця. І ўсё. А ў Нарвэгіі працэс пераадоленьня "вэта" караля абстаўлены такімі складанасьцямі, што ягонае пераадоленьне станавіцца рэальным толькі калі кароль сапраўды выжыў з розуму і пайшоў насуперак свайму народу.
Вось, напрыклад, паводле арт. 78 Канстытуцыі Каралеўства Нарвэгія: "Калі Кароль ухваляе заканадаўчае рашэньне, ён дае яму свой подпіс, што надае яму сілу закона. У выпадку адмовы ў гэтым ён вяртае яго ў Одэльстынг з заявай, што ня лічыць зручным зацьвердзіць яго ў гэты момант. У такім выпадку заканадаўчае рашэньне ня можа больш прадстаўляцца Каралю на працягу той жа сэсіі." Гэта значыць паўторнае паданьне каралю гэтага рашэньня магчымае толькі новым скліканьнем парлямэнту.
І толькі калі заканадаўчае рашэньне будзе прынята двума Стортынгами (г.зн. двума скліканьнямі парлямэнта!) на сумесным паседжаньні пасьля двух чарговых выбараў, прычым гэтыя паседжаньні мусяць быць аддзеленыя адно ад аднага па меншай меры двума прамежкавымі сэсіямі, калі толькі ў прамежак паміж першым і апошнім галасаваньнем Стортынгам ня будзе прынята іншае заканадаўчае рашэньне, і калі заканадаўчае рашэньне будзе суправоджанае да Караля просьбай, каб Ягоная Вялікасьць не адмовіла ў зацьверджаньні рашэньня, якое Стортынг пасьля сьпелага разважаньня лічыць карысным, то яно атрымлівае сілу закона нават у тым выпадку, калі каралеўскае зацьверджаньне ня будзе атрыманае да канца сэсіі (гл. арт.79 Канстытуцыі Каралеўства Нарвэгія).
Эўрапейскія манархі юрыдычна зьяўляюцца ня толькі кіраўнікамі выканаўчае ўлады, але й вярхоўнымі галоўнакамандуючымі. У той жа Канстытуцыі Каралеўства Нарвэгія ў арт.21-22 запісана, што кароль прызначае і звальняе пасьля заслухоўваньня меркаваньня сваёй Дзяржаўнай рады, усіх грамадзянскіх, духоўных і вайсковых службоўцаў. І нават прэм'ер-міністар і іншыя чальцы Дзяржаўнае рады, а таксама дзяржаўныя сакратары могуць, без папярэдняга судовага рашэньня і якога-небудзь умяшаньні парлямэнту, звальняцца са службы Каралём па заслухоўваньні меркаваньня аб гэтым Дзяржаўнай рады. Тое ж самае адносіцца да службовых асобаў, якія знаходзяцца на службе ва ўстановах Дзяржаўнай рады або на дыпляматычнай і консульскай службе, вышэйшых грамадзянскіх і духоўных службовых асобаў, камандзіраў палкоў і іншых вайсковых частак, кашталянаў крэпасьцяў і камандзіраў ваенных суднаў. Стортынг жа, паводле ўсё таго ж арт.22, можа ўсяго толькі на сваёй бліжэйшай сэсіі вырашыць пытаньне "аб прызначэньні пэнсіі службоўцам, звольненым у такім парадку".
Зь іншага боку, прыхільнікі погляду на манархію як на аджылую традыцыю часта прыводзяць аргумэнт тыпу "а ці быў хлопчык?". Гэта значыць – так, правы, маўляў, ёсьць, але як часта імі карыстаюцца? Маўляў, у той жа Вялікай Брытаніі права каралеўскага "вэта" не выкарыстоўваецца з 1708 году. Што ж, аргумэнт вымагае адказу. Так, некаторыя правы не выкарыстоўваюцца, але, па-першае, тут варта ўспомніць брытанскі афарызм "fleet in being". Што азначае – ваенны флёт аказвае ўплыў самім фактам свайго існаваньня. Што, адносна да нашых разваг, азначае, што часам каралю й ня трэба карыстацца нейкімі сваімі магчымасьцямі й прывілеямі. Досыць таго, што яны ёсьць. Але, акрамя таго, некаторымі й карыстаюцца, як, напрыклад, каралева Лізавета II, якая асабіста аддала загад аб ужыцьці войскаў у шахцёрскіх раёнах, ахопленых страйкамі (ад чаго прэм'ер-міністар дэманстратыўна ўхіліўся, бо на носе былі выбары), калі дзеяньні страйкоўцаў цалкам спаралізавалі жыцьцё краіны, або кароль Нарвэгіі, які ня так даўно распусьціў парлямэнт.
І наогул, лічыць, што асоба, якога з самага дзяцінства, з малых, так бы мовіць, пазногцяў рыхтуюць да пасады кіраўніка краіны, якому працягам ўсяго ягонага жыцьця, пачынаючы з паўналецьця, кладуць на стол эканамічныя агляды, даклады сакрэтных службаў, сакрэтныя пратаколы і службовыя даклады па розных вострых пытаньнях, які асабіста знаёмы з сотнямі найбагацейшых, вядомых і ўплывовых людзей і сваёй краіны і іншых краінаў сьвету (і ў іх ліку - сотня прэзыдэнтаў і прэм'ер-міністраў, якая відавочна не сканчаецца тымі, што дзейнічаюць зараз)… Лічыць, што гэткая асоба ўсяго толькі традыцыя і не валодае аніякімі магчымасьцямі ўплыву на жыцьцё краіны, можа толькі чалавек недалёкі. Альбо… затлумлены мітамі.
Я прывёў толькі некалькі прыкладаў, не закрануўшы, скажам, трансцэндэнтных падставаў манархіі, якія надзвычай важныя і таму, напрыклад, не даюць падставаў зваць манархамі такіх лідэраў, як Шарль дэ Голь або, скажам, як гэта модна ў пэўных колах, Сталін. Не асьвятліў значэньне манарха, як цэнтральнага пункту грамадзкай повязі краіны, што асабліва важна для краіны шматнацыянальнай і шматканфэсійнай. І ня столькі з-за таго, што абмежаваны часовымі рамкамі выступу, але й з-за таго, што ня маю права навязваць аўдыторыі які-небудзь пункт гледжаньня. Нават той, які сам лічу слушным. І таму задачай гэтага майго выступу было выклікаць у вас жаданьне самім разабрацца з гэтым пытаньнем. А не заставацца ў палоне раз і назаўжды ўбітага вам у галаву міта.
2006-12-13 © Раман Злотнікаў
Крыніца: АПН. Р.Злотников. Эффективная монархия.
Пераклад: Aliaks
А дзе чытаць аб
трансцэдэнтнасьць
І пра ППРБ напішам, безумоўна, - а то сапраўды на форумах задзяўблі :)