У артыкуле аналізуецца «літвінізм» як адзін з элементаў культурнага і ідэйнага ландшафту Беларусі. Аўтар разглядае «літвінізм» як з’яву, якая вырастае непасрэдна з дзяржаўнага самавызначэння шляхты Вялікага Княства Літоўскага на ўсёй яго тэрыторыі, у часе яго існавання і пасля ліквідацыі. Аналізуюцца асноўныя этапы развіцця і культурна-палітычныя праявы «літвінізму» (у прыватнасці «краёвая ідэя»), яго гістарычныя, культурныя, рэлігійныя і палітычныя падставы, а таксама асноўныя ідэйныя пазіцыі. Асобная частка артыкула прысвечана праявам палітычнага і культурнага літвінізму ў сучаснай Беларусі.
Далёка не ўсе з’явы культурнага і ідэйнага ландшафту Беларусі зазналі сістэмны аналіз і атрымалі адэкватную ацэнку. Гэта ў поўнай меры характэрнае для літвінізму. Літвінізм як з’ява вырастае непасрэдна з дзяржаўнага самавызначэння шляхты Вялікага Княства Літоўскага на ўсёй яго тэрыторыі, у часе яго існавання і пасля ліквідацыі, ажно да пачатку XX стагоддзя. Шляхта як палітычны народ на тэрыторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага мела падвойны ўзровень свядомасці: «польскі» для ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай і «літвінскі» для ВКЛ. Самавызначэнне ў межах Вялікага Княства праяўлялася наступным чынам: называнне сябе літвой; называнне сваёй Айчыны Літвой; называнне сябе літвінам незалежна ад ужыванай індывідуумам мовы; назвы паўстанцкіх квазі-дзяржаўных кіраўнічых органаў альбо тэрытарыяльных адзінак на працягу XIX ст. нязменна мелі прыметнік «літоўскі» — Літоўскі Нацыянальны Камітэт, Літоўская правінцыя і г.д.
У падмацаванне выказаных тэзісаў можна прывесці саманазву літоўскіх баяраў XVI ст.: «Мы, Літва», «Мы, Літоўскі народ» [16, с. 9], творчасць Адама Міцкевіча са славутым «O Litwo, Ojczyzno moja!», сведчанне Кастуся Езавітава аб С. Булаку-Балаховічу: «...Лічыў адзін раз сябе літвінам, але цяпер даведаўся аб беларусах і сам ня ведае, хто ён...» [1], самаакрэсленне Юзафа Пілсудскага, Літоўска-Беларуская дывізія Войска Польскага Люцыяна Жалігоўскага, Літоўска-Беларуская ССР і іншыя. Больш за тое, права на такое самаакрэсленне прызнавалася і літоўскімі дзеячамі новага часу: «Шмат ёсць таксама беларусаў літоўскага паходжання. Жыццё і веравызнанне звязвае іх больш з літоўцамі, чым з беларусамі. Ёсць шмат беларусаў, якія прама называюць сябе літвінамі і хочуць імі быць, гэтак як і літоўцы, што гавораць па-польску. Добра было б, каб і яны мелі свой беларускамоўны друкаваны орган... Нас, жыхароў Балтыйскага памор’я, альбо балтаў, групуе і звязвае не столькі мова, колькі супольная доля, патрэбы жыцця, геаграфічнае палажэнне, палітычная і эканамічная будучыня краіны, урэшце гістарычныя традыцыі» [18].
Згаданыя прыклады сведчаць аб тым, што на працягу 120 гадоў пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і ліквідацыі ВКЛ самавызначэнне сябе як Літвіна зусім не выглядала выпадковым актам, хаця відавочна, што ў канцы XIX — пачатку XX ст. такое самавызначэнне суседнічала з новым нацыянальным самаакрэсленнем народаў былога Вялікага Княства Літоўскага альбо выцяснялася ім. Гэтае выцясненне тлумачыцца двума асноўнымі працэсамі таго часу: фізічнай ліквідацыяй шляхецкага стану расійскай адміністрацыяй (рэакцыя на паўстанні і змовы XIX ст.) і новым самавызначэннем прадстаўнікоў шляхецкага стану, звязаным з самавызначэннем сялянскіх масаў і часткова гарадскога насельніцтва ва ўмовах пашырэння ідэяў асветніцтва і ў межах гэтага — ідэі этнічнага нацыяналізму.
Выжыванне ідэі «Вялікай Літвы» ў дадзеных умовах было забяспечана выключна групай краёва-кансерватыўнага зямянства, якое засталося верным свайму шматвекавому самавызначэнню як «Літвы». Невыпадкова ўжываецца тут слова «выжыванне», бо пасля паўстанняў 1831 і асабліва 1863 гг. нельга казаць пра якое-небудзь развіццё ідэі, што не мела пад сабой ніякіх інстытуцыйных падставаў, а трымалася выключна на перакананнях часткі мясцовай шляхты. Аляксандр Смалянчук наступным чынам раскрывае сутнасць гэтага працэсу: «На польскіх, літоўскіх і беларускіх землях ва ўмовах адсутнасці нацыянальных дзяржаваў нацыятворчыя працэсы непазбежна набылі этнакультурны характар… У апошняй трэці XIX ст.
паняцце «паляк» ва ўспрыняцці часткі мясцовай грамадскасці паступова набывала характар нацыянальнай катэгорыі. Але адначасова ў сялянскім асяроддзі пашыралася чыста канфесійнае разуменне гэтага паняцця. Апроч таго, сярод адукаваных колаў яшчэ ўжываўся этнонім «літвіны», быў распаўсюджаны этнонім «літвіна-беларусы» і, нарэшце, «літоўскія палякі». Літвінства, такім чынам, не знікла. У ім нават знайшлося месца для ўспрыняцця тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага ў якасці Беларусі і Літвы. Трываласць падвоенай ідэнтыфікацыі была абумоўленая расійскай палітыкай і велізарным уплывам гістарычнай памяці на свядомасць. Напрыклад, М. Чапская ва ўспамінах адзначала: «Чым быў наш край, родная Беларусь, як не часткай Вялікага Княства, на працягу чатырох стагоддзяў аб’яднанага з Польшчай, а потым захопленага Расіяй?» Праўда, літвінства ў гэты час набыло новыя рысы.
Яго прадстаўнікі рэзка крытыкавалі «авантурызм» палітыкаў Каралеўства Польскага. Менавіта як авантуру ацэньвала паўстанне 1863 г.
частка заможнай шляхты беларускіх і літоўскіх земляў у другой палове 60-х — 70-я гг., якая займала пазіцыі згодніцтва. Такое літвінства слаба нагадвала былую прыхільнасць да палітычных традыцый Вялікага Княства Літоўскага. Яно ператварылася ў праяву рэгіяналізму ў польскім руху. Не выпадкова менавіта ў апошняй траціне XIX ст. на тэрыторыі гістарычнай Літвы пачаў пашырацца этнонім «літоўскія палякі» [12, с. 118].
Падаючы цытату, неабходна неяк аднесціся да тэзы аўтара аб тым, што літвінства стала рэгіянальным увасабленнем польскага руху і слаба нагадвала традыцыю Вялікага Княства Літоўскага. Дадзеная выснова слушная толькі з пункту гледжання руху беларускага адраджэння новага часу. Так здарылася, што прадстаўнікі беларускага адраджэння не зразумелі альбо не захацелі зразумець сутнасць унійнай палітыкі Ягелонаў. Напэўна, гэта звязана і са зменай культурнага кода, якая адбылася разам з успрыняццем назвы Беларусь. Пасля гэтага ўсе акты уній, як і гісторыя Вялікага Княства, цалкам перасталі быць «сваімі». З пункту гледжання літвінізму адзінства з Польшчай было натуральным самаакрэсленнем, пацверджаннем сваёй вернасці уніям, што былі заключаныя паміж баярамі ВКЛ і польскай шляхтай у Крэве (1381), Гарадлі (1413), а потым у Любліне (1569). Для літвіна акрэсленне «паляк» значыла вернасць ідэі уніі з Каронай Польскай, але не абазначала змену ўласнай ментальнасці, пра што сведчыць іншая частка прыведзенай цытаты аб крытыцы варшаўскіх «авантурыстаў». Вось што на гэты конт заўважае польскі пісьменнік і навуковец Марыян Здзяхоўскі: «У дзяцінстве мяне вучылі не толькі гісторыі Польшчы, але і гісторыі Літвы.
Дзякуючы гэтаму я лічыў нацыянальнымі героямі не толькі тых, хто будаваў Польшчу, але і таго, хто імкнуўся адарваць Літву ад Польшчы, — вялікага князя Вітаўта. Але хто тады задумваўся над гэтай непаслядоўнасцю? І калі б мяне запыталі, кім я сябе адчуваю ў глыбіні душы, адказаў бы, што адчуваю сябе грамадзянінам Вялікага Княства Літоўскага, непарыўнай уніяй звязанага з Польшчай. Калі я бачу сцяг з Арлом, але без Пагоні, які развіваецца з вышыні Замкавай гары, то ўспрымаю гэта як крыўду, нанесеную асабіста мне» [12, с. 126].
Як палітычная візія літвінізм найбольш поўна выразіўся ў так званай «краёвай» ідэі ў колах польскага зямянства на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага на пачатку XX ст. Можна тут паўтарыць за Зыгмундам Юндзілам, што краёвая ідэя была своеасаблівым культурным феноменам, створаным на базе псіхалагічных элементаў, злучаных сентыменталізмам традыцыі і шматлікіх пачуццяў. Апісваючы гэты феномен, ён сцвярджаў: «Трываў і выконваў сваю службу на працягу паўстагоддзя. У эпоху, калі бурыліся асновы мінулага, імкнуўся да яго адбудовы, пачынаючы ад адзіна слушнай крыніцы — ад духоўнай пазіцыі, ад пазіцыі не бачнай воку, але існуючай, ад закліку да ўваскрашэння тых канцэпцый і тых сілаў, што яшчэ дзейсныя ў супольнай этнічнай глыбіні» [21, с. 249].
Гэты культурны феномен стаў такім з прычыны сваёй неадпаведнасці агульным культурным тэндэнцыям таго часу, ужо згаданым раней, а менавіта развіццю этнацэнтрычнага нацыяналізму. Нельга сказаць, што краёўцы зусім не разумелі нацыянальнага пачуцця. Можна нават сцвярджаць, што яны былі «нацыяналістамі» ў дачыненні да сваёй Айчыны, за якую ўважалі Вялікае Княства. Іх жа непрыняцце этнацэнтрычнага нацыяналізму грунтавалася на той адмоўнай ролі, якую ён адыгрываў для плённага сужыцця народаў-аўтахтонаў Вялікага Княства Літоўскага, прыводзячы іх у стан грамадзянскай вайны. Прыкладам вышэйапісанага разумення паняцця нацыянальнага ў краёўцаў з’яўляюцца словы аднаго з ідэолагаў краёвага руху Канстанцыі Скірмунт: «На ўсёй прасторы даўняга Вялікага Княства шляхта наша мае ў сабе тыя два альбо тры нацыянальныя карані, якія спалучыліся ў жыцці краёвага грамадства.
Кожны з нас, калі не з’яўляецца новапрыбыўшым, мае ў сабе ў няроўнай меры нешта з літвіна, паляка ці русіна. З гэтага вынікае, што ўсе тры назвы і рысы маюць на нашай зямлі права грамадзянства, а кожная адзінка, па меры перавагі ў ёй нацыянальнай рысы альбо ўласнай свядомасці, уступае ў тую ці іншую групу, захоўваючы — калі застаецца вернай гэтай цудоўнай традыцыі — патройнае краёвае братэрства. Гэта ідэал нашай зямлі... Кожны з нас, селянін ці шляхціч, на зямлі Літвы ці Беларусі, роўна годнае права мае звацца літвінам, палякам ці беларусам... Для кожнага з нас зямля пад нагамі, неба над галавой, вялікае краёвае мінулае з’яўляецца ягоным» [21, с. 251].
«Краёўцы» стварылі некалькі інстытуцыйных увасабленняў ідэі ў выглядзе Краёвай партыі Літвы і Беларусі 1 і Канстытуцыйна-каталіцкай партыі для Літвы і Беларусі. Спосаб і мэту дзейнасці Краёвай партыі добра адлюстроўваюць словы зямяніна з Міншчыны Эдварда Вайніловіча: «Краёвая партыя Літвы і Русі не будзе ад пачатку шматлікай, але будзе адразу моцнаю тым, што ўсе іншыя партыі, калі яны паўсталі на грунце мясцовых патрэбаў, маглі б у ёй знаходзіцца, не выракаючыся ўласных лозунгаў: бо ці гэта партыя біскупа Ропа 2 , ці Мінскага, ці Падольскага, ці кожнага іншага Краёвага Аграрнага Таварыства — усе знойдуць там падтрымку, бо хочуць працаваць для дабра Літвы і хочуць роўных праў для нацыянальнасцяў, што адвеку ў гэтых краінах жывуць» [21, с. 257].
Апошняя частка прыведзенай цытаты добра адлюстроўвае характар, што надаваўся палітоніму «Літва» краёўцамі. Для іх, як і для большасці сённяшніх літвінаў, Літва — гэта агульнае палітычнае акрэсленне Радзімы, у якой могуць быць мясцовыя рэгіянальныя назвы: Беларусь, Жмудзь, Крывія і г. д.
Эпоха краёўцаў скончылася з Першай сусветнай вайной, вынікі якой перакрэслілі іх мары пра адраджэнне ВКЛ. Некарэктна казаць, што гэта ідэя была цалкам неажыццяўляльнай паміж 1914 і 1920 гг. Практычныя спробы рэалізацыі краёвай ідэі хаця і адхіляліся ад тэорыі, тым не менш у асноўных рысах ёй адпавядалі. Тут належыць абазначыць два асноўныя элементы характару ВКЛ, якія прысутнічалі ў магчымых варыянтах аднаўлення. Аспект першы — тэрытарыяльнае аб’яднанне ўсіх земляў ВКЛ у адзіным дзяржаўным арганізме. Аспект другі — рэстаўрацыя манархічнага ладу ў дадзеным дзяржаўным арганізме.
Найбольш рэальнай спробай адраджэння ВКЛ у духу, блізкім краёўцам, была спроба Юзафа Пілсудскага, «начальніка польскай дзяржавы» 3 , які, заняўшы ў 1919 г. Вільню, выдаў адозву да насельнікаў былога Вялікага Княства Літоўскага, у якой між іншым гаворыцца: «Палажэнне безупыннай няволі, якую я, нарадзіўшыся у гэтай нешчаслівай зямлі, добра ведаю, павінна ўрэшце быць знічтожана, і ўжо раз у гэтым як бы Богам забытым краі павінна запанаваць свабода і права вольнай, нічым не звязанай гутаркі аб сваіх патрэбах...» [20, с. 176]. Канцэпцыя Ю. Пілсудскага была ўгрунтаваная на ідэі аб’яднання ўсіх земляў ВКЛ у трох кантонах на ўзор Швейцарыі: «літоўскім» з цэнтрам у Коўне, «польскім» з цэнтрам у Вільні і «беларускім» з цэнтрам у Мінску, прычым гэтая шчыльная федэрацыя павінна была знаходзіцца ў «федэратыўнай уніі» з Польшчай [6, с. 2]. Канцэпцыя гэтая была прынятая ў якасці зыходнай польскім бокам у перамовах з прадстаўнікамі літоўскага руху [15, с. 39]. У сваёй канцэпцыі Ю. Пілсудскі абапіраўся таксама на роднасныя яму сацыял-дэмакратычныя колы на землях ВКЛ: ва Украіне — на Сымона Пятлюру, у Беларусі — стварыўшы Беларускую Вайсковую Камісію на чале з К.Езавітавым, а пасля на генерала С. Булака-Балаховіча. Падобны праект аднаўлення супольнай дзяржаўнасці на землях ВКЛ прадстаўлялі роднасныя Польскай Сацыялістычнай Партыі (ППС) 4 колы ў Літве і Беларусі, якія яшчэ ў 1916 г. падпісалі з прадстаўнікамі ППС дэкларацыю аб утварэнні «Конфэдэрацыі Вялікага Князьства Літоўскага», якая не была, аднак, зрэалізаваная. На спробу Ю. Пілсудскага па адраджэнні ВКЛ, а таксама памкненні незалежнай Літвы заняць тэрыторыю Літвы гістарычнай імгненна адрэагавалі бальшавікі, фармальна ўтварыўшы Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел), якая спыніла сваё існаванне з момантам падпісання мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР у 1920 г.
Не толькі прадстаўнікі «славянскай» супольнасці былога ВКЛ, але і іх «балцкія» пабрацімы, асабліва на пачатку спробаў здабыцця незалежнасці, задумваліся над магчымасцю аднаўлення Вялікага Княства. Найбольш істотнай спробай, згоднай з краёвым разуменнем ВКЛ, была ініцыятыва Салямонаса Банайціса, які разам з А.Дамбраўскасам-Якштасам, Я. Краўчунасам і яшчэ шасцю асобамі ўтварыў у 1919 г. Галоўны Літоўскі Нацыянальны Камітэт. Камітэт выдаў адозву да грамадзянаў і склаў «Падставы Канстытуцыі самаўраднага Вялікага Княства Літоўскага» [14, с. 199]. У адозве была гутарка аб 7-мільённым народзе, што жыве на тэрыторыі трох аўтаномных адзінак «Латвіі», «Літвы» і «Беларусі».
Згодна з Канстытуцыяй Вялікі Князь станавіўся галоўнакамандуючым, кіраўніком выканаўчай улады і быў павінен вызнаваць каталіцызм.
Адносна дадзенай канцэпцыі трэба адзначыць, што яна ў найбольшай ступені злучала ў сабе прынцыпы тэрытарыяльны і манархічны, але не сталася зрэалізаванай з прычыны недастатковай падтрымкі, калі арганізатары, пачаўшы, раптоўна затрымалі актыўныя дзеянні.
Нягледзячы на відавочнае пагаршэнне стасункаў паміж трыма асобнымі народамі гістарычнай Літвы: «палякамі», «беларусамі» і «літоўцамі», краёвая ідэя працягвала сваё жыццё ў асяроддзі віленскіх зямянаў, якое рэпрэзентаваў вядомы польскі публіцыст Станіслаў Цат-Мацкевіч. Цат-Мацкевіч не быў у поўнай ступені свядомым палітычным «літвінам», тым не менш выказваў погляд сапраўды краёвы, напрыклад у пытанні аўтаноміі для Віленскага Краю ў межах IIРэчы Паспалітай, разумеючы пад дэцэнтралізацыяй рэгіяналізм, альбо захаванне істотных асаблівасцяў краю. Вітаючы захоп «узбунтаванай» літоўска-беларускай дывізіяй Люцыяна Жалігоўскага Вільні і абвяшчэнне там новапаўсталай краіны «Сярэдняй Літвы» (існавала ў 1920—1922), Цат-Мацкевіч спадзяваўся на адбудову злучанага ў федэрацыі з Польшчай ВКЛ: «...трэба, каб Польшча была прыцягальнай сваім ладам, сваёй культурай, сваёй мілітарнай сілай, эканамічнай сілай, якія б спрычыніліся да таго, што жаданне федэрацыі з аднабаковага перайшло б у двухбаковае. Гісторыю Ягелонаў можна паўтарыць, але спачатку належыць аднавіць усе фактары, якія дазволілі каралю і гаспадару, Жыгімонту Аўгусту, давесці да выніку Люблінскую унію» [15, с. 40]. Рыжскую дамову ЦатМацкевіч называў «ганебнай» — чацвёртым падзелам Польшчы, які фактычна перакрэсліў федэратыўныя праекты [15, с. 190].
У перыяд Другой сусветнай вайны і адразу пасля яе ідэя супольнага лёсу земляў ВКЛ не выступае як самастойная, але праяўляецца ў канцэпцыях «міжмор’я», у якіх прадугледжвалася аднаўленне шчыльных міждзяржаўных сувязяў краінаў Балта-Чарнаморска-Адрыятычнага рэгіёну ў супрацьвагу Германіі і СССР. Далей гэта ідэя працягвае жыць у перыяд «халоднай» вайны, мяркуючы стварэнне «нейтральнага» буфера з краінаў сацыялістычнага лагера і заходніх рэспублік СССР. Усе варыяцыі дадзенай ідэі застаюцца чыста тэарэтычнымі з прычыны абсалютнай немагчымасці рэалізацыі ва ўмовах жорсткай палярызацыі двухполюснага свету. Тым не менш ідэйная праца ў межах «этнічнага літвінізму» ў беларускім асяродку ў ЗША творыцца надалей. Гэтак напрыканцы 60-х гг. XX ст. у Чыкага Вацлавам Пануцэвічам выдаецца навуковы часопіс «Litva». Адметна, што выдаваўся ён лацінскаю графікай па-беларуску. Хаця часопіс і быў прысвечаны пераважна гісторыі, з лістоў, скіраваных да рэдактара, выяўляецца жывая краёвая ідэя. Гэтак нейкі Янка Бруцкі піша: «Ваш падыход да нашых дзеячоў у мінуўшчыне, калі яны ўжывалі іншае мовы чым родная, але баранілі самастойнасьць Бацькаўшчыны, ёсьць правільны. Справа Бацькаўшчыны больш у чынах, як у мове... З гісторыі і літаратуры нельга выкідаць падзеяў і твораў таму, што яны таму ці іншаму не падабаюцца...» [17, с. 278].
Новае жыццё ідэя Вялікага Княства набывае пасля заняпаду камуністычнай сістэмы ў СССР.
І найбольш дынамічнае развіццё яна атрымала ў Рэспубліцы Беларусь, як краіне, у якой аказаўся незавершаным працэс распаўсюджвання этнацэнтрычнай нацыянальнай ідэі. У гэтых умовах адбываўся інтэнсіўны пошук нацыянальнай ідэнтычнасці і гістарычных падставаў для яе. Паралельна адбываўся геапалітычны выбар свядомых беларускіх элітаў, які знайшоў усё тыя ж 100 гадоў таму пратораныя шляхі краёвай ідэі.
Гэтак у праграме БНФ «Адраджэньне» чытаем: «Мы лічым, што дзяржавы Ўсходняй Эўропы, разьмешчаныя паміж Балтыйскім і Чорным морамі, маюць аднолькавыя інтарэсы на Захадзе і аднолькавыя праблемы з Усходам. Гэта краіны блізкай, а такія, як Беларусь, Летува, Украіна, — і сумеснай гісторыі. Яны знаходзяцца ў адным поясе эўрапейскай культуры, маюць блізкія эканамічныя інтарэсы. Мы бачым увасабленьне гэтай салідарнасьці ў Балтыйска-Чарнаморскай садружнасьці дзяржаваў (БЧС), што дазволіла б умацаваць і гарантаваць сувэрэнітэт кожнай зь іх праз каардынацыю эканамічных, гандлёвых, мытных сувязяў паміж сабой і дачыненьняў з Усходам і Захадам... Зразумела, што БЧС — гэта яшчэ толькі палітычная ідэя, рэалізацыя якой будзе залежаць як ад разьвіцьця падзеяў у кожнай з гэтых краінаў, так і ад агульнапалітычнай сытуацыі ў сьвеце» [10, с. 24].
Менавіта на гэтых дзьвюх плашчынах — самаідэнтыфікацыі і вызначэння сябе ў геапалітычнай прасторы — праявіўся ў пачатку 90-х XX ст. «літвінізм», і ад гэтага моманту паралельна развіваюцца два яго тыпы: літвінізм культурны і літвінізм палітычны.
На чым палягае літвінізм культурны? Яго падставай з’яўляецца канстатацыя таго факту, што ў межах Рэспублікі Беларусь прысутнічаюць дзве цывілізацыйныя мадэлі: заходняя і ўсходняя, альбо інакш лацінская і візантыйская.
Тыя, хто акрэслівае сябе літвінам, адназначна ўважаюцца за прадстаўнікоў лацінскай цывілізацыі. Гэта падтрымліваецца цэласнай гістарычнай парадыгмай, згодна з якой адвечнай місіяй літвінаў на гэтых землях было нясенне святла лацінскай цывілізацыі, процістаяння цюркскавізантыйскім усходнім уплывам, быццё фарпостам заходняй цывілізацыі. Шмат у чым гэтая парадыгма накладаецца на польскую, зрэшты, яны і былі адзінымі ў тым сэнсе, што ў Рэчы Паспалітай існаваў адзіны палітычны народ — польска-літоўская шляхта, які тую парадыгму вызнаваў. Адрозненнем чыста «літвінскім» у межах дадзенай парадыгмы быў своеасаблівы рыцарскі этас, перакананне ў тым, што літвіны — гэта найлепшыя прадстаўнікі палітычнага народа, што даводзілася шматлікімі прыкладамі з гісторыі. «Са скрыжавання — польскіх, літоўскіх і беларускіх каранёў на аснове лацінска-заходняй культуры — нарадзіўся новы тып абыватэля В. К. Літоўскага, гарачага патрыёта і абаронца Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў» [19, с. 41]. Альбо гэтак: «...наколькі чыстакроўнага беларуса трэба было б акрэсліць — беручы пад увагу рысы яго характару — за тып жыццёва непрадпрымальны і нятворчы, настолькі ж мешаніна крыві беларуска-польская з дамешкам літоўскай дае наогул вартасныя адзінкі вышэйшыя за сярэдні ўзровень. Рыцарскі тып крэсовага паляка, узвышаны столькімі імёнамі з гісторыі, з’яўляецца выквеццем прышчэпленай на беларускім пні польскай натуры» [19, с. 41].
Апошнюю цытату хутчэй належыць разумець не ў вузка этнічных рамках, але ў рамках цывілізацыйных. Перакладаючы на простую мову, можна было б сказаць так: беларус, які не мае свядомасці сваёй гістарычнай прыналежнасці да заходняй, лацінскай культуры, ёсць тыпам жыццёва непрадпрымальным, тыя ж, што такую свядомасць маюць і выражаюць яе жаданнем прыналежнасці да польска-літоўскага палітычнага народа, з’яўляюцца асобамі незвычайнымі. Прыведзены тлумачальны абзац ёсць абсалютна дакладным акрэсленнем літвінізму культурнага, які іншымі словамі можна назваць літвінізмам цывілізацыйным.
У межах літвінізму культурнага можна вылучыць з’яву літвінізму этнічнага. Літвінізм этнічны палягае не проста на перайманні культурна-цывілізацыйнага кода, але і на рэвізіі антрапалагічна-этнічных характарыстык, пашыраючы тэзу аб апрычонай «славянскасці» літвінаў, аб памылковым ужыванні назвы Літва да паўночнай суседкі Рэспублікі Беларусь, аб прамым замяшчэнні прыметніка «літоўскі» прыметнікам «беларускі». Ідэйным натхняльнікам літвінізму этнічнага стаў на пачатку 90-хгг. XX ст. вядомы ў Беларусі даследчык-аматар Мікола Ермаловіч.
У сваіх працах «Па слядах аднаго міфа»[3] і «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» [4] аўтар бароніць тэзіс аб славянскім паходжанні племені «Літва» і лакалізуе яго выключна на тэрыторыі сучаснай Беларусі. На эміграцыі падобных ідэяў трымаўся даследчык Паўла Урбан з Мюнхена [13].
Іншы тып прадстаўляе літвінізм палітычны, праявы якога выразна бачныя ў цытаванай праграме БНФ «Адраджэньне». Тут маем справу з новай версіяй краёвай ідэі альбо ідэі адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, калі першае месца займае палітычнае значэнне «агульнага», якое з кан’юнктурных прычын не названа гістарычнай Літвой, у межах якога могуць знайсці сябе асобныя рэгіянальныя адзінкі: уласна Літва, Латвія, Беларусь, Украіна і г. д.
Пачынаючы з 90-х гг. XX ст. у сувязі з вызваленнем інфармацыйна-навуковай прасторы ўсе формы літвінізму набылі сваіх прыхільнікаў. Напачатку найбольш гучна заявіла пра сябе плынь палітычная, што было непасрэдна звязана з вышэй згаданай палітычнай лініяй БНФ «Адраджэньне» на геапалітычны саюз краінаў, узніклых на тэрыторыі былога Вялікага Княства. Паступова, у выніку разыходжання шляхоў развіцця гэтых дзяржаваў, палітычны літвінізм згубіў сваю актуальнасць, але ў процілегласць да гэтага ўнутры Беларусі развіўся літвінізм культурна-этнічны. Апошняе з’явілася вынікам складаных культурных працэсаў, запачаткаваных прэзідэнтурай Аляксандра Лукашэнкі, у выніку якіх асаблівую акцэнтацыю набыла ідэя адназначнай цывілізацыйнай арыентацыі беларусаў на «агульнарускую» спадчыну, узніклую на абшары былой Кіеўскай Русі. Адказам на такое развіццё падзеяў для часткі нацыянальна арыентаваных беларусаў стала — хаця б і ў дэкларатыўнай форме — ідэя этнічна-культурнага літвінізму, якая дазваляе вылучыць сябе з поствізантыйскай цывілізацыйнай масы неўсвядомленых беларусаў. На пытанне, чаму працэс набыў моцную этнічную афарбоўку, можна адказаць, абапіраючыся на тэзіс польскага філосафа Фелікса Канечнага, які сцвярджае, што нацыі ў поўным сэнсе гэтага слова могуць існаваць толькі ў межах лацінскай цывілізацыі.
Згодна з гэтым тэзісам, поствізантыйская цывілізацыйная маса няздольная да спараджэння паўнавартаснага нацыянальнага пачуцця. Адпаведна тыя, хто пачынае самаазначацца нацыянальна, аўтаматычна выключаюць сябе з ліку неўсвядомленых і пачынаюць ужываць для сябе новаабраны этнонім «літвіны» ў процілегласць да наданага астатнім этноніма «беларусы», які для неўсвядомленых не носіць азначэння нацыянальнай адметнасці, але з’яўляецца больш палітычным самаакрэсленнем, у сэнсе прыналежнасці да Рэспублікі Беларусь.
Літвінізм як палітычны рух набываў за апошнія 15 гадоў розныя формы. Першымі ўзніклі друкаваныя выданні — малыя газеты і бюлетэні.
Так, газета «Літва» выдаецца з 1995 г. На самім выданні ўказана, што яно з’яўляецца адноўленым, а за першакрыніцу лічыць газету (напэўна з такой жа назвай 5 ) з 1908 г. У нумары 1 за 1995 г.
чытаем: «...адзінай ідэяй, здольнай аб’яднаць значную частку нашага шматканфэсійнага ды раздробленага па палітычных перакананьнях народу, можа стаць, на наш пагляд, толькі Дзяржаўная ідэя... Чаму менавіта «Літва»? Таму што мы перакананыя: пакуль нашыя спрадвечныя назовы ня зоймуць сваё месца, пакуль жыхары сёньняшняе Рэспублікі Беларусь не ўсьвядомяць, што ў йіх жылах цячэ кроў продкаўліцьвінаў — да таго часу немагчыма весьці сур’ёзную размову пра адбудову Дзяржавы...» [5].
З прыведзенай цытаты можна зрабіць выснову, што аўтары выдання мелі змешанае ўяўленне аб сутнасці іх літвінскай ідэі. У цытаваным фрагменце прысутнічае як палітычна-дзяржаўнае атаясамленне тэрміна «Літва», гэтак і этнічнакультурнае. Хаця на той момант яны яго выкарыстоўвалі толькі ў дачыненні да тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Падобны дух адчуваецца і ў інфармацыйным буклеце «Вызвольнага камітэта Літвы», які нядоўга існаваў у 1999—2000 гг.: «Iдэя: станаўленьне ліцьвінскае Нацыі і аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага; мэта: усталяваньне гістарычнае і культурнае спадчыннасьці паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь — беларусамі і іх продкамі, падданымі Вялікага Княства Літоўскага — ліцьвінамі, і, такім чынам, закладаньне падмурку дзеля ўсталяваньня натуральнае пераемнасьці паміж Рэспублікай Беларусь і Вялікім Княствам Літоўскім, альбо аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага праз скасаваньне акупацыйнага ладу». Фактычна рэінкарнацыю краёва-крэсавай польскай ідэі родам з XIX ст. бачым у кароткатрывалым альманаху «Літванія» за 2000 г., у якім нейкі Казімір Любча піша: «...Праглядаецца пэўная тэндэнцыя: як толькі слабее ўлада Расійскай імперыі — рэзка актывізуюцца літвінскія працэсы, якія з’яўляюцца праваднікамі польска-еўрапейскага культурнага кантэксту для ўсяго насельніцтва, што жыве на тэрыторыі былога ВКЛ у межах пасля Люблінскай уніі. Гэта выражаецца перадусім у спробах стварэння незалежнай Беларусі, яе літвінізацыі і правядзення карэнных палітыкаэканамічных рэформаў паводле заходнееўрапейскага тыпу. Адкуль жа чэрпаюць літвіны тую энергію, якая дазваляе ім, яўнай меншасці сярод беларусаў, не даць загаснуць літвінскаму культурна-духоўнаму кантэксту не толькі на землях Літваніі, але і ў Літвінскай Русі. Без сумніву, з Польшчы, з вялікай духоўнай аўры Рэчы Паспалітай. Усе найвялікшыя дзеячы і асобы Рэчы Паспалітай літвінскага паходжання апошніх 300—400 гадоў сваёй Радзімай лічылі Польшчу, а малой — Літванію (Літву — як яны яе тады называлі), яны карысталіся роднай ім польскай мовай, якую ўсмакталі з малаком маці.
Хто са «свядомых беларусаў» будзе сумнявацца, што, напрыклад, Агінскі, Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка былі літвінамі, — ніхто. У гэтым не сумняюцца і палякі, яны спакойна называюць частку сваіх нацыянальных герояў літвінамі паводле паходжання, носьбітамі асаблівага свайго польска-літвінскага духу. Вайскова-палітычная унія літвінаў з Польшчай перарасла ў духоўна-культурную, што выратавала не толькі, магчыма, мільёны жыццяў літвінаў, але і іх душы ад распуснага ўплыву ўсходняй дэспатыі і перараджэння». Знаёмячыся глыбей з думкамі, прадстаўленымі гэтай групай «літвіністаў», можна заўважыць крытыку ў адрас палітычнадзяржаўніцкага разумення літвінізму: «...таму што фатальнай памылкай ранейшае літоўскае палітыкі была барацьба за захаваньне, а потым аднаўленьне Вялікага Княства Літоўскага не ў этнічных межах Літвы, а ў яго дзяржаўных граніцах» [9, с. 4].
Апошнім часам назіраецца яшчэ адна цікавая з’ява ў літвінскім асяроддзі, а менавіта вылучэнне з дзяржаўніцка-палітычнай лініі плыні манархічнай. Аўтары гэтай ідэі згуртаваныя вакол выдання «Літва», якое за доўгі час свайго існавання перажыло істотную эвалюцыю поглядаў і цяпер самаакрэслілася як «глос монархісты» 6 . Газета адначасна стала на грунт каталіцкага традыцыяналізму і легалізму, які ў беларускіх варунках ёсць з’явай досыць дзіўнай хаця б таму, што нават адукаванай меншасці краіны хіба што невядома, якой была апошняя легальная дынастыя (з пункту гледжання ВКЛ), што прэтэндавала на польскі каралеўскі і літоўскі вялікакняскі трон 7 . Літвінскія манархісты выступаюць за так званую «феадальную рэканкісту». Мэтай гэтай рэканкісты было б вяртанне асноватворных характарыстык феадальнага грамадства: станаў, прывілеяванай пазіцыі касцёла і прафесійных карпарацый: «Да чаго мы імкнемася? Да таго, каб можна было жыць і ведаць усіх сваіх суседзяў, каб існавала мясцовая грамада, а ня «спальныя мікрараёны». Каб Наша Гаспадарства будавалася на гэтых грамадох, а ня з волі безасабовага «электорату». Каб тут урадваў ані «чырвоны пан», ані «новы рускі», ані «бруксэльскі бюрократа», ані амэрыканскі «F-16», але звыш дадзены нашаму краю Монарх, з вернымі яму станамі. Каб людзі жылі вераю не ў «прогрэс», «інтэграцыю», «кар’еру», а ў Бога» [8]. Тэрытарыяльны засяг будучай манархічна-літвінскай дзяржавы добра адлюстроўвае наступны верш нейкага Пана Скіргайлы Палянэцкага [7]:
Да Літоўскага Кралеўства
Пею гымн зу свайго сэрца.
Грай, Дудару! Ду, і дудзю!
Зась за Літву валька будзя!
Зась даведзьма дардай 8 , меччу
Права Паспалітай Рэчы
На прасторы да Данца, Тулы ды Караляўца 9 ,
Панавання над Масквою,
Цьверай, Псковам, Калугою,
Ноўгарадам а Вяліжам —
Пад Уніцкім Рымскім Крыжам!
Хай то будзя! Хай ся стане!
Ніжды 10 Літвы неваддама!
Быцьме вечна Ліцьве вольнай!
Спрэс наўчольнай а паноўнай!
Зась!
Шматаблічная з’ява літвінізму выклікала хаця і спарадычную, але крытыку. Найбольш сістэмна яна была выказана ў часопісе «ARCHE» (2000, № 8), дзе ў артыкуле ««Litvanija» ci Europa?» [4] нейкі Антоні Запалота адносна пазітываў літвінізму заўважае: ««Ліцьвінізм» у ідэале мае прышчапіць пашпартным «беларусам» іншую культурную традыцыю, носьбітам якой у нядаўняй гісторыі была адукаваная (збольшага польскамоўная) эліта краіны». Але зараз жа супрацьпастаўляецца і негатыў: «Па-першае, «ліцьвінізм» як ідэалёгія краёвай кансалідацыі спазьніўся, мусіць, на стагодзьдзе. Ён быў бы вельмі дарэчы ў 1910-х, каб тагачаснаму беларускаму руху не адпалохваць паноў-крэсавякоў, кшталту Вайніловіча... Цяпер жа маем цалкам адрозную сытуацыю і сацыяльны кантэкст». З іншага боку, паводле Антонія Запалоты, «стаўка на гісторыю і «традыцыі», напрыклад, у вэрсіі «ліцьвінізму», відавочна ўтварае супярэчнасьць (і чым далей, тым большую) з палітычнымі падставамі сучаснае Эўропы і Захаду ўвогуле». Варта адзначыць, што крытык звярнуўся перадусім да культурнацывілізацыйнай варыяцыі літвінізму, не заўважыўшы дзяржаўна-палітычнай.
Разнастайнасці мінулага Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што літвінізм сфармаваўся як складаная і самастойная з’ява сённяшняга палітычнага ландшафту Беларусі. Хаця гэтая плынь яшчэ амаль не заўважная на фоне больш моцных, тым не меней яна дынамічна развіваецца. У свядомасці «літвінаў» змешваюцца два ўяўленні аб сваёй «літвінскасці»: культурна-цывілізацыйнае і дзяржаўна-палітычнае. Нельга сказаць, што яны канфліктныя, лепшым акрэсленнем было б узаемадапаўняльныя. Паводле Антонія Запалоты: ««ліцьвінізм» ёсьць, канечне, цалкам лягічным працягам «беларускага адраджэньня» 1980—90-х — натуральнай рамантычнай рэакцыяй на пэўныя паразы «беларускай ідэі» ў «РБ». Апошні этап развіцця літвінскай ідэі паказвае, што ў ёй фармуюцца і парасткі рэалізму, які праяўляецца ў кансерватызме. Апошняе можна перафразаваць такім чынам: літвінская ідэя будзе жыць незалежна ад таго, як развіваецца палітычная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь, бо літвінская ідэя мае наднатуральны, рэлігійны фундамент.
1 У розных дакументах і згадках дадзеная партыя праходзіць пад назвамі «Краёвая партыі Літвы і Беларусі», «Краёвая партыя Літвы і Русі», «Краёвая партыя Літвы і Белай Русі» і да т. п.
2 Канстытуцыйна-каталіцкая партыя для Літвы і Беларусі.
3 «Naczelnik Państwa» — афіцыйная пасада Ю. Пілсудскага да моманту ўвядзення ў дзеянне Канстытуцыі новаўтворанай РП.
4 Да гэтай партыі належаў Ю. Пілсудскі.
5 Найбольш верагодна, што гэтым выданнем была польскамоўная газета «Litwa», выдаваная групай балта-літоўскіх дзеячоў у перыяд паміж 1905 і 1910 гг.
6 «глос монархісты» (польск.-літвінская) — голас манархіста.
7 паводле Канстытуцыі 3 Мая павінна была ёй быць саксонская дынастыя Ветынаў.
8 «дарда» — дзіда, кап’ё (аўт.).
9 «Каралявец» — сучасны Калінінград.
10 «ніжды» — ніколі.
Літаратура
1. Дак. № 1448. Рапарт шэфа Вайскова-Дыплёматычнай Місыі БНР у Рызе Кастуся Езавітава (Рэвэль) Старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антону Луцкевічу (Варшава) за 6.11.1919//Архівы БНР. — 1998. — Т. 1. — Кн. 1.
2. Ермаловіч М. Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае. — Менск: Беллітфонд, 2000.
3. Ермаловіч М. Па слядах аднаго міфа. — Менск: Навука і тэхніка, 1991.
4. Запалота А. «Літванія» ці Эўропа//Arche. — 2000. — № 8. — С. 10—12.
5. Літва. — 1995. — № 1. — 28 лютага.
6. Літва. — Менск-Літоўскі, 1996. — № 1(5) — С. 2.
7. Літва. — 2002. — № 3 (15). — Ліпень — верасень.
8. Літва. — 2002. — № 4 (16). — Кастрычнік — грудзень (сьнежань).
9. Нагнібяда В., Юцкевіч А. Маніфэст ліцьвінаў. — 24 с.
10. Праграма Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»//Матэрыялы III Зьезду БНФ «Адраджэньне». — Менск, 30.05.1993. — 26 с.
11. Старшыні Рады Народных Міністраў БНР Антону Луцкевічу (Варшава) за 6.11.1919//Архівы БНР. 1998. — Т. 1. — Кн. 1.
12. Смалянчук А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. — СПб.: Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
13. Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: Мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Мн., 2003.
14. Białoruskie Zeszyty Historyczne. — № 12. — Bia³ystok: Bia³oruskie Towarzystwo Historyczne, 1999. — 220 c.
15. Górski A. W³adza polityczna w myœli Stanis³awa Cata-Mackiewicza. — Kraków: ARCANA, 1999. — 346 с.
16. K³aupienė J. «Mes, Lietuva» Lietuvos Didžiosios Kunigaikðtystės bajorija XVI a., KRONTA, 2003 c.305 [c. 9] 17.«Litva navukovy časapis»/nr.2 Lipieñ — Œniežañ 1967 — Chicago — 280 c. [c. 278].
18. «Litwa»/miesięcznik illustrowany litewski w języku polskim/¹ 8 (14), 1909 г., са спасылкай на артыкул кс. Яна Жылінскага, апублікаваны ў «Viltis» № 48.
19. £opalewski T. Miêdzy Niemnem a Dźwiną/Ziemia Wileńska i Nowogródzka — reprint, Pañstwowe Wydawnictwo Naukowe, oddzia³ w Krakowie, 1990. — 236 с.
20.Piłsudski J. Pisma wybrane — KPN: Wydawnictwo polskie, 1989. — 468 с.
21. Szpoper D. Od Miñskiego Towarzystwa Rolniczego do Stronnictwa Krajowego Litwy i Bia³ej Rusi — szkic do dziejów polskiej myœli konserwatywnej na ziemiach by³ego Wielkiego Ksiêstwa Litewskiego na prze³omie XIX i XX wieku.
Dziakuju!
mmm...
аЦЦкі "ліцьвінізм"