КЛІФАРД ГІРЦ. (Clifford Geertz, нар. у 1926) – сусьветна вядомы сацыёляг і культурны антраполяг.


Кліфард Гірц

У Марока (зьвернемся цяпер да яго, зноў жа, у схематычнай і дактрынэрскай манеры ўскоснага параўнаньня) праблема палягала не ў расьцярушнасьці тэрыторыі дзяржавы і не ў сутыкненьні субграмадзтваў. Краіна была даволі цэнтралізаванай (некаторыя казалі, што нават і занадта), a што датычыцца ўнутраных культурных разыходжаньняў, дык яны былі параўнальна (асабліва калі параўнаць з Інданэзіяй) маргінальнымі, сукрытымі, расплывістымі альбо малазаўважнымі. Праблема палягала ў тым, што гэтую краіну не акрэсьлівалі ані яе геаграфічныя кардоны (якія фактычна ўсе былі слабавыразнымі і лёгкапранікальнымі, a ў некаторых месцах да таго ж і аспрэчванымі), ані яе культурная спэцыфіка, якая амаль не вылучала яе з групы астатніх новых суседніх дзяржаваў (Maўрытаніі, Aльжыру і рэшты арабскага Заходняга Магрыбу), ані дзейнасьць масавага інтэгралісцкага нацыяналістычнага руху накшталт «Марока для мараканцаў», які так ніколі і не разьвіўся далей за зародкавую стадыю. У аснове самаакрэсьленьня краю ляжала прысутнасьць у яго цэнтры і на самым версе спэцыфічнага, нават спэцыфічна двухсэнсоўнага, інстытуту, aдначасова архаічнага, традыцыйнага і ўстойлівага, да таго ж старанна рэканструяванага – манархіі Алявідаў.

Своеасаблівасьць гэтай манархіі (Aлявіды – назва дынастыі) ня ў тым, што яна яшчэ існуе, але ў тым, што яна вытрывала і трывае далей, нягледзячы на ўсе грандыёзныя перавароты і трансфармацыі – мадэрнізацыю, палітычную мабілізацыю, дэкалянізацыю, калектыўнае адстойваньне сваіх правоў, адміністрацыйную рацыяналізацыю, народныя ўрады, якімі адзначыліся т. зв. рэвалюцыі Трэцяга сьвету ў Азіі, Aфрыцы і (праўда, іншага кшталту) у Лацінскай Амэрыцы. У іншых краінах Трэцяга сьвету, калі мы яшчэ можам яго так называць (хтосьці нядаўна прапанаваў варыянт «дзьве траціны сьвету»), таксама ёсьць манархіі. Але яны ёсьць альбо прадуктамі позьнекаляніяльных маніпуляцыяў, як у Ярданіі, Саудаўскай Арабіі і дзяржавах Пэрсідзкай затокі, альбо цырыманіяльнай спадчынай ізаляцыянісцкай мінуўшчыны, як у Тайляндзе, Бутане і Toнгa. Адылі мараканская манархія ня ёсьць ані прэтэнцыёзнай, ані рэліктавай. Яна адначасова і фармальна сувэрэнная, і практычна эфэктыўная, першая (прынамсі, на працягу вялікага адцінку часу) сярод няроўных у складанай ды зьменлівай сфэры пэрсаналізаванай, сытуацыйнай, кулюарнай (sotto voce) улады. Амаль кожная кніжка, што была напісаная пра палітычнае жыцьцё aль-мамлякя aль-магрэбія (як называе сябе гэтая краіна, пачынаючы з часоў Пратэктарату), была засяроджаная рыхтык на гэтым своеасаблівым інстытуце і наўрад ці менш своеасаблівых асобах, што займалі каралеўскі пасад ад часоў атрыманьня незалежнасьці ў 1956 г. Усе яны задавалі, па сутнасьці, тое самае пытаньне: што дазваляе манархіі і яе функцыянэрам утрымацца ў сьвеце выбараў, парлямэнтаў, iдэалёгіяў, карпарацыяў, газэтаў і палітычных партыяў? Што князь Мэдычы можа рабіць у нашым стагодзьдзі?

Мараканская манархія ў той ці іншай форме – гэта, безумоўна, вельмі старая інстытуцыя. Родаплемянныя яе адмены бяруць свой пачатак яшчэ да таго, як вялікія бэрбэрскія дынастыі ўварваліся ў ХІ ст. у Андалюсію, а ўласна Алявіды зьявіліся аднекуль з высахлых рэк і аазаў – з абшараў, што сталі Сахарай, у сярэдзіне XVII ст., абвесьціўшы, што яны паходзяць беспасярэдне ад прарока. Яны былі сучасьнікамі францускага караля-сонца, і з яго дачкой адзін з Алявідаў беспасьпяхова спрабаваў ажаніць свайго сына. Але ў іншым, нашмат больш адпаведным, сэнсе мараканская манархія вельмі маладая, сьвежасьпечаная, узьніклая раптоўна й нечакана, больш ці менш выпадкова, у цэнтры сьпехам скроенай дзяржавы ў апошнія, бязладныя дні ліквідацыі Пратэктарату. У адрозьненьне ад нацыяналістычнага руху, што ўзьнік у Галяндзкай Вэст-Індыі пасьля двух з паловай стагодзьдзяў кіраваньня гэтага акцыянэрнага таварыства, нацыяналізм у каляніяльным Марока (пры рэжыме, што праіснаваў, нагадаем на ўсякі выпадак, толькі каля трох-чатырох дзесяцігодзьдзяў, частка зь якіх прыпала на панаваньне ўраду, які, падобна кожнаму, хто прыйшоў да Рыка*, заняў «няправільны» бок вішысцкага рэжыму) быў ня столькі праявай народнага ўздыму, колькі вынаходкай мясцовай знаці – суфійскіх шэйхаў, рэлігійных вучоных, базарных гандляроў, судзьдзяў, жаўнераў, прафсаюзьнікаў, школьных настаўнікаў, горскіх князёў, пустэльнікаў-марабутаў, племянных правадыроў, якія адчайна манэўравалі ў пошуку свайго месца ў рэзка зьменлівай, надзвычай нестабільнай палітычнай сытуацыі. Тут не было свайго Сукарна, які б зварухнуў масы, узьняў іх і павёў наперад. Ахвотнаму выступіць у гэтай ролі ісламісту-рэфармісту Алялю аль-Фасі бракавала ўдачы і нахабства, ня кажучы ўжо пра прыцягальны імідж, неабходны, каб захапіць уладу, a яго асноўныя канкурэнты, сьвецкія інтэлектуалы, былі занадта расколатыя і няздатныя аб’яднаць свае дзеяньні альбо вывесьці селяніна-фэлаха на вуліцы.

Калі ўзьняўся бунт і справа набыла пагрозьлівы абарот, французы запанікавалі і выслалі каралеўскую сям’ю на Кoрсыку і Мадагаскар, але, як высьветлілася, гэта толькі распаліла супраціў. Пазьней, калі праз пару гадоў, у цені альжырскай вайны справы зусім выйшлі з-пад кантролю, яны зноў запанікавалі й прывезьлі яе назад, спадзеючыся вярнуць сабе легітымнасьць. Гэткімі дзеяньнямі яны ператварылі караля Мухамада V з прыслужлівай, маладасьведчанай марыянэткі, нічым не прыкметнага, напаўзабытага чалавека сярэдніх гадоў у нацыянальнага і – прынамсі, на нейкі час – нацыяналістычнага героя. Апынуўшыся ў цэнтры калатнечы, ён змог вярнуць сабе каралеўскі пасад, дзеючы ня ў якасьці нейкай трансцэндэнтнай фігуры кшталту бацькі ўсіх туркаў, якой ён ніколі й ня быў, але як пасьлядоўны актор і вялікі закулісны інтрыган. Што ён змог здабыць, ці што было здабыта для яго, было, хутчэй, не пасадай, а ліцэнзіяй на дзейнасьць. І калі праз чатыры гады ён нечакана і заўчасна памёр, пасьля нібыта нязначнай апэрацыі на носе, дык насталая масавая хваля смутку й жалобы сталася завяршэньнем працэсу папулярнае ў народзе рэстаўрацыі, a яго больш рашучы і баявы сын, Хасан II, на той час – начальнік штабу арміі, атрымаў у спадчыну цалкам рэканструяванае, абноўленае і асьвечанае каралеўства. Яму заставался толькі (!) запусьціць сыстэму ў дзеяньне, каб зрабіць каралеўства (і сябе самога) палітычнай рэальнасьцю.

Хасан II

Жарсьць, зь якой ён узяўся за гэтую справу, а таксама посьпех, якога ён дасягнуў, – гэта адзінае, што вядома ўсім пра яго, ягоную кар’еру і асобу. У шасьцідзясятых ён задушыў, адно за другім, цэлую сэрыю сялянскіх паўстаньняў на поўначы, усходзе і поўдні краіны – у традыцыйных рэгіёнах племянной (і рэлігійнай) напружанасьці. У сямідзясятых яго драматычныя і неймаверныя паратункі ад двух замахаў (адзін зь іх адбыўся ў самалёце, што вяртаўся з Францыі, а кароль перахітрыў сьмерць у кабіне пілёта, другі меў месца на пляжным пікніку ў стылі «Тысячы і адной ночы», у прысутнасьці мноства замежных знакамітасьцяў, некаторыя зь якіх загінулі, але кароль выжыў, схаваўшыся за зручнай скрынкай з кардону і адгаварыўшы сваіх забойцаў ад іх намеру) зрабілі яго героем інфармацыйных выпускаў. Крутая і бязьлітасная помста – лягчэйшай зь якой было зьняволеньне ў цёмных камэрах разьмешчаных у пустынях цытадэляў, – якой ён адплаціў сваім асабістым ворагам, а таксама іх сябрам і сваякам, падчас змрочных, т. зв. сьвінцовых гадоў, што надышлі затым; яго «Зялёны марш» 1975 г., калі амаль паўмільёна чалавек пешкі рушылі ў пакінутую калянізатарамі Гішпанскую Сахару, каб далучыць яе да ягонай імпэрыі; a таксама борздае і брутальнае задушэньне вялікіх гарадзкіх паўстаньняў у 1965, 1981 і 1990 гг. – усё гэта толькі ўзмацніла вобраз караля. Калі ў 1999 г. ён памёр, пасьля 38 гадоў кіпучае дзейнасьці, інтрыг, хітрыкаў, шуміхі, жорсткасьці і помстаў, складовыя часткі яго каралеўства былі збольшага на месцы.

Але ён стаў (a цяпер яго месца ў гэтай якасьці заняў сын, Mухамад VI – шмат менш калярытная асоба, – які назваў сябе «народным каралём») восьсю, асноўным пунктам, сакральным месцам, вакол якога адбываецца агульнанацыянальнае змаганьне за ўплыў і пасады, а не фанабэрлівым цэнтрам канцэнтрацыі арганізаванай улады. Нягледзячы на ўсе гэтыя выбухі бесцырымоннага гвалту і ўсе дэманстрацыі імпэратарскай велічы, каралеўскі двор застаецца абарончым (ды пасярэдніцкім) інстытутам, змагаючыся за захаваньне свайго становішча і сваю даволі адносную і залежную ад сытуацыі дамінантную пазыцыю сярод легіёнаў вялікіх, малых і сярэдніх махінатараў, правакатараў, авантурыстаў, харахолаў і правадыроў розных фракцыяў – шэйхаў, прамыслоўцаў, рэлігійных вучоных, партыйных босаў, міністраў, землеўладальнікаў, пашаў, уласьнікаў, эстрадных інтэлектуалаў, славутых марабутаў-цудатворцаў, майстраў суфійскіх лёжаў, кадыяў і квазівыгнаньнікаў, што соўгаюцца па маршруце да Парыжу й назад (альбо ў Амэрыку й назад). Будучы сам зь сябе напалову сьвятой фігурай, надзеленай надзвычайнай сілай-баракятам, нашчадкам Прарока, што мае заклікаць да вернасьці і бараніць веру, ён адначасова быў, проста мусіў быць надзвычай сьвецкім, надзвычай канкурэнтаздольным, рашучым палітыкам – заканадаўцам, партыйным правадыром, распрацоўнікам палітычнага курсу, шэрым кардыналам і маланкава хуткім карнікам, гульцом сярод іншых гульцоў у шматпартыйнай парлямэнцкай сыстэме, дзе ёсьць міністры, групы ціску, мясцовыя структуры і выбары, маніпуляваць якімі можна толькі да пэўнай меры. Як палітычная адзінка, «Каралеўства Марока» ўяўляе сабой поле шырокага, шматграннага, жорсткага і выпадковага сутыкненьня поглядаў і інтарэсаў, якое праз адсутнасьць вызначаных формаў і пасьлядоўнага напрамку разьвіцьця выглядае, хутчэй, на выражэньне броўнаўскага руху ў палітыцы, а не як непахісная праява левіятанаўскай волі.

* Тут алюзія на фільм кампаніі «Warner Brothers» (1942 году выпуску) «Касаблянка/Кожны прыходзіць да Рыка» з Хамфры Багартам (Humphrey Bogart) у ролі Рычарда (Рыка) Блэйна - Рэд.
 
Крыніца: Архэ 3-2005

Даведка:

Каралеўская пара

Кароль Марока, Mухамад VI, нарадзіўся 21 жніўня 1963 г. Ён узышоў на трон 30-га ліпеня 1999 г. пасьля сьмерці бацькі - Хасана II. Манарх належыць да Алявідзкае дынастыі, якая кіруе Марокам з 1666 г. Заснавальнікам дынастыі стаў у 1640 году Мулай ар-Рашыд. Mухамад VI зьяўляецца 18-м каралём Марока, 22-м нашчадкам дынастыі Алявідаў і 36-м нашчадкам Прарока Мухамада. Бабуля караля была бербэрскай прынцэсай, на якой ажаніўся ў 1926 г. яго дзед - султан Мухамед бэн Юсуф.
У чатыры гады ён пачаў навучацца ў каранічнай школе пры каралеўскім палацы. У 1981 г. ён атрымаў дыплём бакаляўра. Затым вучыўся ў Рабацкім унівэрсытэце імя Мухамеда V на факультэце юрыдычных, эканамічных і сацыяльных навук па спэцыяльнасьці юрыспрудэнцыя. Пазьней працягнуў адукацыю ў Францыі, дзе ў 1993 годзе абараніў дысэртацыю на тэму супрацоўніцтва Эўрапейскага Зьвязу і краін Магрыба. Акрамя роднага арабскага, вольна валодае французскай, ангельскай і гішпанскай мовамі.

У 1985 г. будучы кароль быў прызначаны на пост каардынатара бюро і службаў генэральнага штабу мараканскіх узброеных сілаў. У 1994 г. яму было прысвоена воінскае званьне "дывізіённага генэрала".
Мухамед VI, па меркаваньні дасьведчаных людзей, вельмі сьціплы і асьцярожны чалавек. Аматар гольфу і "бодыбілдынгу". Аднак, нягледзячы на захапленьне спортам, зьяўляецца заўзятым курцом. Мараканцы вельмі любяуь свайго караля, ён лічыцца добрым палітыкам і эфэктыўным кіраўніком краіны.

З сынам

12 ліпеня 2002 г. Яго Вялікасьць Мухамед VI ажаніўся на дзяўчыне з простай мараканскай сям'і. Каралева Марока Лалла Сэльма маладая, але пасьпела ўжо атрымаць вельмі добрую адукацыю. Лалла Сэльма першая мараканская каралева, твар якой не хаваюць - да гэтага жонка караля ніколі не паказвалася публічна.
 
8 траўня 2003 г. ў каралеўскай пары нарадзіўся сын-першынец, якога назвалі Хасанам, у гонар бацькі Караля Хасана Другога. Усё Каралеўства сьвяткавала нараджэнбне спадчыньніка.