Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Палова веку без вайны (Казімір Ягелончык)

Rex fit, dux nascitur (Каралём становішся, князем нараджаешся)

 

Паўстагоддзе, калі ў Вялікім княстве Літоўскім не было вайны, гэта час княжання Казіміра Ягелончыка з 1440 г. па 1492 г. Унікальны і непаўторны выпадак у гісторыі нашай краіны. Але не толькі з гэтай нагоды варта ўспомніць гэтага вялікага князя. У 2007 г. спаўняецца некалькі юбілейных дат, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.

Кракаў. Вавель. Гатычны кафедральны сабор XIV ст. Магільны склеп польскіх каралёў, епіскапаў, самых слаўных дзеячоў нацыянальнай гісторыі. Колькі тут беларусаў-літвінаў? Галоўны ўваход заходняй фасады вавельскай кафедры. Ад поўдня прыбудавана капліца св. Крыжа, размаляваная ў візантыйска-беларускім стылі. Насупраць уваходу насценны роспіс адлюстроўвае Апошні Суд. На фоне роспісу дзве грабніцы. З аднаго боку шыкоўная грабніца караля і вялікага князя Казіміра Ягелончыка, заказаная яшчэ пры яго жыцці ў Фейта Штоса, з другога — скромная яго жонкі Альжбеты Габсбургскай, маці каралёў. Каля бацькоў спачываюць памерлыя ў дзяцінстве дзве дачкі Альжбеты. У гэтай капліцы, пабудаванай на сродкі Казіміра Ягелончыка, спачывае і яго маці Соф’я Гальшанская, заснавальніца роду Ягелонаў. Ахвяравальны надпіс на беларускай мове абвяшчае, што капліца ўпрыгожана роспісам па загадзе „многамагутнага караля прасветлага Казіміра, з Божае ласкі караля Польшчы, вялікага князя літоўскага і рускага, і жмудскага, і князя прускага, і нашчадка etc. уладара многіх зямель і яго каралевы найяснейшай пані Альжбеты з пакалення ракушскага, унучкі непераможнага кесара Жыгімонта (...) у годзе ад нараджэння Божага 1470”. Ужо з гэтай нагоды, што ў вавельскай кафедры па загадзе польскага караля зроблены надпіс на беларускай мове, варта ўспомніць аб гэтым незвычайным чалавеку з незвычайным лёсам.

Сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай нарадзіўся 30 лістапада 1427 г., роўна 580 год таму, у Кракаве. Ці ведаў хто, які лёс наканаваны гэтаму хлопчыку, унуку знакамітага вялікага князя Альгерда, вызваліцеля Украіны ад татарскага ярма, у гонар якога прысвечаны 2007 год? Можа параўнанне некарэктнае, але яму на працягу 52 гадоў прыйдзецца весці „сеанс адначасовай гульні на многіх дошках”, або „гуляць у валейбол аднаму супраць многіх каманд на некалькіх пляцоўках з некалькімі мячамі, не дазволіць ні аднаму мячу ўпасці на яго пляцоўку”. Гэта зусім не гульня ў хакей аднаму на пустым полі.

Пасля смерці Вітаўта і Ягайлы ў Вялікім княстве Літоўскім пачалося ваеннае змаганне княска-баярскіх партый, ачоленых Свідрыгайлам — братам Ягайлы і Жыгімонтам Кейстутавічам — братам Вітаўта. Вайна ішла з пераменным поспехам пакуль 20 сакавіка 1440 г. не быў забіты Жыгімонт Кейстутавіч у выніку замаху віленскага і троцкага ваяводаў — Даўгірда і Лелюша ды князя Чартарыйскага. Цяпер сын забітага, Міхалюшка, называў сябе вялікім князем, як і Свідрыгайла. Групоўка Яна Гаштольда шукала выйсця перад пагрозай падзелу Літвы, якая знаходзілася паміж дзвюма небяспекамі: саперніцтвам паноў і польскай экспансіяй. Выйсце было знойдзена. У канцы траўня 1440 г. Казімір, як намеснік караля Польшчы Уладыслава, адбыў у Літву, а з ім 2 000 польскіх рыцараў. Прыйшлося ўсю світу добра ўпаіць і раніцай, калі ўсе палякі спалі, 29 чэрвеня 1440 г. у віленскай кафедры Казімір быў аб’яўлены вялікім князем Вялікага княства Літоўскага. У выніку віртуознага ходу быў аб’яўлены суверэнітэт ВКЛ і забяспечаны кампраміс з Польшчай. На думку літоўскага прафесара Эдвардаса Гудавічуса, „прайшоўшае школу Вітаўта малодшае пакаленне яго сучаснікаў выканала мінімальную з пазначаных ім праграм. (...) у апошні момант успелі ўскочыць на прыступку ўцякаючага еўрапейскага экспрэса”. Так пачаўся час 13-гадовага Казіміра Ягелончыка.

Малалетні Ягелончык, прыбыўшы з чужыны, навучыўся беларускай мове, засвоіў беларускія традыцыі, прыняў свядомасць беларускага манарха. Усё жыццё ён падкрэсліваў, што з’яўляецца нашчадкам справы яго вялікага дзядзькі Вітаўта.

Стаўшы гаспадаром Вялікага княства Літоўскага, Казімір Ягелончык і яго апекуны на чале з троцкім ваяводам Янам Гаштольдам заняліся аб’яднаннем дзяржавы, якую трэслі амбіцыі і памкненні магнатаў да самастойнасці, нават да стварэння новай дзяржавы на адарваных землях. Адбылося некалькі замахаў на Казіміра, але Гаштольд быў пільны. Неўзабаве „пцянец выляцеў з гнязда”. Шляхам дамоў і прывілеяў Казіміру Ягелончыку ўдалося трымаць нязменнымі межы ўплыву Вялікага княства ажно да вытокаў Волгі і вярхоўяў Акі на працягу ўсяго яго кіравання. Смаленцам выдаў н устаўную грамату, падобныя прывілеі і аўтаномію даў Жамойці, вярнуў Кіеўскую зямлю князю Алельку, на Валыні ўтварыў удзельнае княства старога Свідрыгайлы з пажыццёвым тытулам вялікага князя, заключыў пагадненні з Псковам, Ноўгарадам і Цвярскім княствам, потым з Масквой. Дзе трэба ён садзіў сваіх намеснікаў, а землям-анексам выдаваў устаўныя граматы на самакіраванне. Асабліва важным для ўнутранай кансалідацыі была прывілея ад 1447 г., з якой практычна бярэ пачатак парламентарызм у Вялікім княстве (яшчэ адзін юбілей: 560 год пачатку парламентарызму на Беларусі).

Тое, што было потым згублена і не можа ніяк быць адноўлена да цяперашняга часу ў галіне падпарадкавання Праваслаўнай царквы, з поспехам зрабіў Казімір Ягелончык. Яму ўдалося адмежавацца ад Маскоўскай мітраполіі і мець „свайго” праваслаўнага мітрапаліта. Казімір увёў выбары мітрапаліта на царкоўных саборах толькі з ліку мясцовых епіскапаў. н дасягнуў галоўнай мэты — аўтаноміі Праваслаўнай царквы ў ВКЛ. Напэўна прымаў у гэтым удзел „Александр Солтан, кавалер або рыцар Святога Гробу и Золотого Руна, подскарбий надворный Великого Князства Литовского, который от короля Казимира Ягеллона тые Жыровицы за службу держал”. Так, гэта той самы Аляксандр Солтан, якому пастушкі прынеслі цудоўны абразок Маці Божай, заснавальнік Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра. Ён стагоддзем раней за Мікалая Крыштафа Радзівіла наведаў Святую Зямлю, наведваў папу Паўла ІІ і папу Сікста ІV. Магчыма недзе ляжаць запісы яго падарожжаў і чакаюць свайго даследчыка.

Падтрыманы Казімірам Ягелончыкам славянскі першадрукар Швайпольт Філь арганізаваў першую ў свеце друкарню кірылічнага шрыфту. У выпушчаным ім „Часаслове” сць тэкст: „Докончана быс сия книга у великомъ граде оу Кракове при державе великаго короля-польскаго Казимира и докончана быс мещанином краковъскымъ Шваиполтомъ Фиоль из немец немецкого родоу Франкъ. Искончашас бо Божием нарожениемъ 14сътъ девяць десят 1 лето” (г.зн. у 1491). Францыск Скарына праз гадоў 12-14 у час вучобы ў Кракаве напэўна трымаў у руках гэтую кнігу і ці не яна дала штуршок першадрукарскаму подзвігу Францыска.У 2008 г. споўніцца 540 гадоў з таго часу як з’явіўся першы з вядомых збораў беларускага феадальнага права. Статут Казіміра Ягелончыка быў зацверджаны 29 лютага 1468 г. у Вільні на нарадзе вялікага князя з панамі-радаю ды „з усім паспольствам”. Яшчэ яго называюць „беларускім статутам”, бо напісаны на беларускай мове і ўвабраў у сябе нормы беларускага звычаёвага права. Статут Казіміра ў будучым арганічна завяршыўся стварэннем Статута Вялікага княства Літоўскага — найбольш дасканалым зборам законаў у Еўропе.

Невядома як склаўся б лёс Вялікага княства пад кіраўніцтвам Казіміра Ягелончыка, каб у 1444 г. пад Варнаю ў бітве з туркамі не знік бясследна кароль Польшчы, 20-гадовы старэйшы брат Казіміра, Уладыслаў. У кастрычніку ў Гродна прыбыла дэлегацыя польскай кароннай рады з прапановай Казіміру прыняць тытул выбарнага польскага караля. Але літоўскія паны-рада прапанавалі кампраміс: Казімір можа быць суверэнным правіцелем Літвы і вотчыннай Польшчы. Карацей, прапаноўвалася персанальная унія суверэнных краін. 25 чэрвеня 1447 г. (560 гадоў таму) у Кракаве адбылася каранацыя. Умовы палітычнай гульні сталі больш складанымі. Цяпер Казімір нёс адказнасць яшчэ за адну краіну. І ў абоіх краінах палітыка Казіміра выклікала незадаволенасць пануючых груповак: Яна Гаштольда ў Літве і Збігнева Алясніцкага ў Польшчы. Калі ў Літве быў мір, то Польшча распачала 13-гадовую вайну з Тэўтонскім ордэнам, за што ў 1457 г. Казімір Ягелончык быў адлучаны ад Касцёла рымскім папам. Але атрымаў н перамогу ў вайне і ў выніку Торуньскага міру ў 1466 г. Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора. Сталіцу Крыжацкага ордэна перанеслі ў Крулявец, а вялікі магістр быў абавязаны прысягаць польскаму каралю. Збіранне польскіх зямель у Казіміра адбывалася з вялікім поспехам. Але каралю трэба было вырашаць яшчэ дынастычныя сямейныя праблемы. Ад шлюбу з Альжбетай Габсбургскай Казімір займеў 6 сыноў. Уладыслаў стаў каралём Чэхіі і Венгрыі, Ян Альбрэхт — каралём Польшчы, Аляксандр і Жыгімонт — вялікімі князямі ВКЛ і каралямі Польшчы, Казімір прызнаны святым, апекуном зямель ВКЛ і моладзі, патронам Гродзенскага біскупства (асобная служба ў яго гонар праводзіцца 4 сакавіка), Фрыдэрык стаў кардыналам. Меў Казімір яшчэ і 7 дачок (Ядвіга, Соф’я, Альжбета, другая Альжбета, Ганна, Барбара і наймалодшая Альжбета, бо дзве папярэднія памерлі ў дзяцінстве). Князёўны пашлюбавалі высокіх асоб, так што падобна ўсе еўрапейскія манархі маюць сярод сваіх продкаў патомкаў з роду Казіміра Ягелончыка.

Дзейнасць Казіміра Ягелончыка мела і мае многа праціўнікаў. Яго абвінавачваюць у многіх недальнабачных дзеях. У 1481 г. незадаволенасць вылілася ў бунт удзельных князёў. Слуцкі князь Міхаіл Алелькавіч і Хведар Бельскі, а таксама Юры Гальшанскі ды Іван Глінскі падрыхтавалі замах на гаспадара. Аднак змоўшчыкаў выкрылі. Гальшанскага ды Алелькавіча схапілі і пакаралі смерцю, а Бельскі з Глінскім уцяклі ў Маскву. Адны з яго чынаў прылічваюць да велічных дасягненняў, другія — недальнабачнымі альбо нават згубнымі. Але застаецца фактам, што Казімір Ягелончык паўстагоддзя вёў бітвы не толькі па ўсім перыметры свайго гаспадарства, але і ўнутры яго. Толькі гэтыя бітвы былі слоўныя, а не ваенныя. Так, Літва не змагла ацаніць змен у татарскім свеце і павінна была выбіраць паміж Вялікай Ардой і Крымам ды ўверавала ў 1480 г. у перамогу Ахмета на Угры. Ды не ўдалося ваяваць чужымі рукамі, а свае былі занятыя: надта ажывіліся туркі ля Днястра на паўднёвых граніцах. Не было перашкод Турцыі і Маскве распаўсюджваць свой уплыў на тэрыторыях жыццва важных для Літвы і былі пахаваны астаткі літоўскага ўплыву на Русь. Але з другога боку, мірная палітыка з Масквой, добрасуседства з Ноўгарадам і Псковам дазволілі адкрыць шлях для гандлю з Еўропай. Трэба ўлічваць і тое, што былі часы, калі небяспека з Польшчы была галоўнай палітычнай праблемай.

Уладарства Ягелонаў здавалася надзвычайным феноменам. Пад уплывам Ягелонаў пад канец жыцця Казіміра знаходзілася агромная тэрыторыя: Польшча, Літва (Жамойць, Беларусь), Чэхія, Венгрыя, Русь (Украіна). Займалі яны тэрыторыю ад Дзвіны на поўначы да Адрыятыкі і Савы на поўдні і ад верхняй Волгі на ўсходзе па Чэшскі Лес на захадзе. Дамініканін Ян Вунсхелберг з Амберга лічыў нават, што Ягелоны будуць кіраўнікамі ў дзеях направы свету і дасягнення „спакою Божага на зямлі”.

Вялікае княства Літоўскае з розных этнасаў і канфесій ступіла на шлях развіцця адзінага саслоўнага грамадства. Толькі такое грамадства магло выстаяць перад ціскам Польшчы і знайсці ў яе падтрымку супраць набіраючай сілу Маскоўскай дзяржавы. Іван ІІІ, унук Вітаўта, ужо распачаў неаб’яўленную вайну і толькі чакаў спрыяльнага моманту.

За сто гадоў кіравання Казімір, яго дзядзька і бацька развярнулі Літву ў бок Захаду. А паколькі далей на ўсход былі візантыйская і ісламская цывілізацыі, Літве наканавана была роля бастына заходняй цывілізацыі.

7 верасня 1492 г. у Гродне памёр Казімір Ягелончык. Дата смерці супала з вялікім адкрыццём Хрыстафора Калумба і капітуляцыяй Гранадскага эмірата. Усходнюю частку Цэнтральнай Еўропы з поўдня і ўсходу стала сціскаць дуга візантыйскай і ісламскай цывілізацый.

Лявон КАРПОВІЧ

Крыніца: "Ніва", № 38 ад 23 верасьня 2007