Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Арыстакратызм і яго ворагі. А. Елісееў.

Традыцыя настойвае, што дзяржавай, нацыяй павінна кіраваць арыстакратыя - ваенная шляхта (1). Гэтага патрабуе прымат духу над матэрыяй, які заўсёды сцьвярджаўся прыхільнікамі сакральных, традыцыйных дактрынаў. Ваяр, асабліва арыстакрат, кшатрый, рыцар знаходзіцца ў пэрманэнтнай апазыцыі да матэрыяльнага, шчыльна-рэчыўнага ("канцэнтрацыйнага") сусьвету, які набыў сваю шчыльнасьць і "грубіянства" ў выніку онталягічнае катастрофы, названай "грэхападзеньнем". Ён нясе фізычную сьмерць ворагам і прымае яе ад іх, такім чынам, ягонай стыхіяй зьяўляецца стыхія разбурэньня бачных, шчыльных формаў, якія не прапускаюць праз сябе вышэйшае Сьвятло, якія хаваюць у сваёй коснасьці звышнатуральную прыгажосьць цудаў (2). Безумоўна, у дадзеным выпадку гаворка вядзецца не аб бязмэтным, сьляпым, нігілістычным разбурэньні (яно ўласьцівае "пятаму", недачалавечаму саслоўю чандал), якое проста ператварае наяўную рэчаіснасьць у хаос, а аб нейкай сакральнай дзеі, якая абуджае хаос з тым, каб "распусьціць" у ім усё вычварнае, і стварыць з яго нешта новае, выдатнае. Вайна заўжды асэнсаваная - яна зьнішчае адно дзеля іншага.

Ваярская "агрэсія" (якая разумеецца тут у самім шырокім сэнсе - як бязьмежнае распаўсюджваньне суб'екта) руйнуе фізычную рэчаіснасьць, якая штохвілінна "ушчыльняецца" і закрываецца ад вышэйшых уплываў. Тым самым яна сымбалізуе будучую згубу старога сьвету, ягонае агністае ператварэньне, зьліцьцё з Богам і здабыцьцё іншай, нябёснай якасьці.

Ваяр мала шануе "сьвет гэты", які заняволены "дэманамі злосьці". Рэгулярна сутыкаючыся са сьмерцю, ён выдатна разумее кошт тленнай рэчаіснасьці, над якой яна поўнаўладная, таму ён (вельмі часта несьвядома) скіраваны да чагосьці Іншага, зьмешчанага на адваротным боку таго, што ён руйнуе, зьдзяйсьняючы сваё рамяство.

Вось чаму традыцыйная цывілізацыя немажлівая без палітычнага панаваньня арыстакратыі - толькі гэтае саслоўе, якое максымальна зрэалізавала ваярскі пачатак, здольнае ўзбагаціць практыку дзяржаўнага будаўніцтва моцай і сьвятлом сакральнай духоўнасьці.

Паказальна, што менавіта ваенная шляхта ініцыявала і правяла хрысьціянізацыю Эўропы. Гаспадары паганскіх народаў - вайсковыя правадыры і іх дружыньнікі першыя адчулі, а потым і ўсьвядомілі ўсю моц новае веры, якая выступае супраць абагаўленьня прыроды, фізычнай, шчыльнай, "канцэнтрацыйнай" рэчаіснасьці (3). Апалёгія прыроды, нібы суіснай Богу і нават тоеснай з Ім, не магла больш задаволіць тых, хто руйнаваў навакольную рэчаіснасьць, заняволеную тленьнем. Яны абралі хрысьціянства і ўсяляк спрыялі ягонаму распаўсюджваньню.

Сёньня шматлікіх патрыётаў, якія называюць сябе "язычнікамі", асабліва абурае той факт, што хрысьціянства распаўсюджвалася ня толькі пры дапамозе пропаведзі, але й "агнём і мячом". Нэапаганцы праклінаюць сярэднявечную шляхту, якая прапанавала свой меч Хрысту. Часта "адступніцтву" і "здрадзе" князёў, баяраў, дружыньнікаў супрацьпастаўляецца "сумленны" "просты люд", які доўгі час захоўваў веру ў старых багоў. Усё гэта сьведчыць аб тым, што нэаязычнікі вельмі далёкія ад Традыцыі. Выклікае здзіўленьне - як можна спалучаць радыкальную правізну і адмаўленьне гвалтоўных мэтадаў адстойваньня якія-небудзь ідэалаў? Як можна ўзвышаць просты люд над шляхтай і пры гэтым лічыць сябе правіцай (4)?

Між іншым, ужо само індаэўрапейскае паганства было гатовае (шмат у чым) да прыняцьця хрысьціянства. Дастатковы прыгадаць зораастрызм з ягоным чаканьнем страшнага суду і ўваскрэсеньня мёртвых; скандынаўскі міт, які апавядае аб расьпяцьці бога Одзіна на крыжападобным Сусьветным Дрэве; мітраіскія містэрыі, падчас якіх адбывалася прычашчэньне віном і хлебам. Але асаблівае значэньне для праблематыкі, разгляданай у дадзеным артыкуле, мае культ бога Пяруна.

Ня так даўно дасьледнікі рэканструявалі т.зв. "асноўны міт" індаэўрапейцаў. Паводле гэтай рэканструкцыі, найстаражытныя арыйцы лічылі галоўнай падзеяй у жыцьці багоў бітва паміж Грамабоем, зьмешчаным на вяршыні Сусьветнага Дрэва, і ягоным Супернікам, які разьмяшчаецца ў каранёх. Падчас гэтае сутычкі Грамабой перамагае свайго падземнага Суперніка, вызваляючы захопленыя ім ваду і жывёлу (5). Дадзены сюжэт патрабуе эзатэрычнае "расшыфроўкі".

Практычна кожнае містычнае вучэньне лічыць, што вада зьяўляецца сымбалем першароднага хаосу, з якога паўстаў сьвет. Такім чынам, вызваленьне (адчыненьне) вады Перуном сымбалізуе згубу сьвету, “распушчаньне” яго ў вадзе "абуджанага" (богам) хаосу. Быдла ж у індаэўрапейскай містыцы сымбалізавала душы памерлых, такім чынам вызваленьне жывёлаў паказвала на будучае ўваскрэсеньне, выратаваньне, абажэньне (злучэньне з Абсалютам) людзей пасьля зьнішчэньня сусьвету і ягонага агністага ("навальнічнага") ператварэньня. Правільней сказаць, што пэўныя сілы ўнутры язычніцтва давалі менавіта такую інтэрпрэтацыю падзеі.

[…]Тут можна выказаць здагадку пра наяўнасьць у індаэўрапейцаў (6) нейкага магутнага рэлігійнага княжа-дружыннага руху, які адмаўляў вечнасьць ("простую" або "цыклічную") матэрыяльнага сусьвету, а, значыць, і выступаў так ці інакш, супраць абагаўленьня прыроды. Падобную здагадку пацвярджае рэлігійная рэформа
кіеўскага князя Ўладзіміра Сьвятаславіча, якую ён ажыцьцявіў яшчэ ў паганскі пэрыяд сваёй дзейнасьці. Князь радыкальна "рэарганізаваў" пантэон старажытных багоў, прызнаўшы вярхоўным богам Пяруна-ваяўніка - куміра ваяроў, дружыньнікаў, арыстакратаў. Рэформа гэтая была, па сутнасьці, генэральнай рэпэтыцыяй Хрышчэньня Русі - кансэрватыўнай, рэлігійнай рэвалюцыі, што скончыла з пантэізмам, абагаўленьнем матэрыі.

Сакральнае значэньне ваеннай шляхты сапраўды велізарнае - яго практычна нельга пераацаніць. Не выпадкова ўсе дэмакратычныя, лібэральныя сілы заўжды імкнуліся зьнішчыць арыстакратызм або зьвесьці яго да ўзроўню салённае эстэтыкі.

За дэмакратыяй панаваньне арыстакрата зьмянілася панаваньнем буржуа. Калі першы перадусім задзейнічаў ваярскі пачатак, то другі напоўніцу выяўляе пачатак эканамічны. Эканоміка (вытворчасьць, разьмеркаваньне і спажываньне) ня толькі не адмаўляе матэрыяльнага сьвету, але, наадварот, спрабуе надаць яму нейкія ўстойлівыя формы. Гаспадарчая дзейнасьць ператварае "натуральна" існуючае рэчыва ў больш тонкія рэчы, "умацоўвае" яго, надае яму большую сэнсавую аформленасьць. Сам па сабе такі працэс не вядзе да чагосьці адмоўнага - людзі змушаныя (да пэўнага часу) жыць у "канцэнтрацыйным" сусьвеце і перамяняць яго. Але чалавек Традыцыі ставіцца да падобнага ператварэньня як да зьявы адноснай, лічачы абсалютным толькі імкненьне да "новага неба" й "новай зямлі", якія павінны мець цалкам іншыя, нематэрыяльныя якасьці. Калі ж пераўтварэньне матэрыі абсалютызуецца (што выводзіць на першае месца эканоміку), то абсалютызуецца і сам шчыльна-рэчыўны сусьвет. У гэтым выпадку "трэцяе" саслоўе, занятае, галоўным чынам, у эканоміцы, зрынае "другое", сцьвярджаючы панаваньне буржуа, які валодае найбольшай цягай да гаспадарчай дзейнасьці. Разьвіцьцё "эканамічнай" цывілізацыі капіталізму суправаджаецца абсалютызацыяй (у выглядзе тавару) рэчаў і ўнівэрсальнага эквіваленту рэчаў (тавараў), г.зн. грошай. Абстракцыя грошай тут як бы адчужаецца ад рэальных рэчаў-тавараў, ператвараючыся ў сувэрэнную каштоўнасьць. На гэтым трэба спыніцца асобна.

Грошы ёсьць нешта няіснае само па сабе. Яны ўяўляюць сабой толькі вымярэньне тавараў, прызначанае прывесьці іхнае мноства да нейкага адзінага назоўніка, зручнага да абмену. У гэтым складаецца абстрактнасьць, нейкая ідэальнасьць грошай. Аднак, абсалютызацыя тавару прыводзіць і да абсалютызацыі ягонага абстрактнага вымярэньня, якое пачынае падмяняць тавар менавіта ў сілу сваёй, калі можна так выказацца, "вытанчанасьці". Нават уяўная ідэальнасьць заўсёды мацнейшая за канкрэтыку "грубага" рэчыва.

Пасьля сваёй абсалютызацыі грошы пачынаюць спараджаць грошы, часта нават пры адсутнасьці самой вытворчасьці рэчаў-тавараў (прыклад - спэкуляцыя каштоўнымі паперамі). Такім чынам шчыльнае рэчыва атрымлівае свайго "бога" - абстрактную (але ў той жа час дзейсную ў эканамічным пляне) матэрыяльнасьць.

Грошы і іх заменьнікі (каштоўныя паперы, крэдытныя карткі і г.д.) пераважаюць ужо над самой вытворчасьцю, надаючы матэрыі нейкае ідэальнае вымярэньне, паведамляючы ёй характар чагосьці існага і няіснага адначасна. Матэрыя максымальна "патанчаецца" – праз што стварае пародыю на дух. Гэтая пародыя значна ўзмацняе "канцэнтрацыйны" сусьвет, бо грашовае рабства, якое прымушае рабіць грошы дзеля грошай, выдае матэрыю за дух, максымальна прывязваючы да яе чалавека (які заўсёды цягнецца хоць да якой-небудзь ідэальнасьці), і закрывае для яго шлях да праўдзіва духоўнага і праўдзіва Боскага, зьмешчанага на адваротным баку “канцэнтрацыйнага” сусьвету. Чалавек сучаснасьці, у адрозьненьне ад чалавека Традыцыі, максымальна абагаўляе матэрыю, абсалютызуе яе, чаму вельмі дапамагае "эканамізм" і ягоны ўнівэрсальны сродак - грошы (неабходная ўмова для руху рэчаў-тавараў).

Цалкам відавочна, што "эканамічная" мэнтальнасьць рэзка адрозьніваецца ад мэнтальнасьці ваярскай. Буржуазнасьць прадугледжвае назапашваньне матэрыяльных каштоўнасьцяў і вымяраючых іх капіталаў, у той час як арыстакратызм максымальна "абязцэньвае" матэрыяльны сусьвет, нясе ў яго пазытыўнае разбурэньне. Гандляр найвышэй за ўсё ставіць спакой, стабільнасьць, гэтак неабходныя для матэрыяльнага росквіту, арыстакрат жа заўсёды гатовы "падарваць" стабільнасьць сусьвету, ён брыдзіцца спакоем – і ўвесь час прагне пераадоленьня, бітвы са злом.

Пры гэтым усё запэўненьні гандляроў аб сваёй "міралюбнасьці" трэба лічыць наскрозь хлусьлівымі і крывадушнымі. Буржуазныя алігархі жадаюць міру толькі для сябе і для тых краін, дзе яны ўсталявалі поўнае панаваньне капіталу. З тымі ж, хто хоць неяк адмаўляе буржуазны "гандлёвы лад" (выраз вядомага манд’яліста Ж. Атталі) яны гатовыя ваяваць да пераможнага канца. Прычым асабліва пажаданым для гэтых алігархаў, зьяўляецца альбо падпальваньне войнаў паміж некапіталістычнымі, нелібэральнымі краінамі (прыклад - 1-я і 2-я сусьветныя войны), альбо война са слабымі - якія часьцяком вядуцца ўдалечыні ад тэрыторыяў вядучых заходніх краінаў.

У той жа час арыстакрат не абсалютызуе вайну. Разбурэньне апраўданае для яго толькі тады, калі гаворыцца аб абароне альбо распаўсюджваньні традыцыйнага парадку. Вышэйшым жа сваім ідэалам ён, як ваяр Традыцыі, лічыць нябёснае царства, у якім адсутнічаюць усё супярэчнасьці, зьнішчаная ўсялякая варожасьць.

За лібэральным капіталізмам воінскі пачатак пазбаўляецца свайго арыстакратычнага вымярэньня. Ваярамі (правільней зваць такіх "ваяроў" жаўнерамі) кіруе праславутая "грамадзянская супольнасьць", цалкам кантраляваная гандлярамі. "Людзі мяча" тут канчаткова страцілі сваё панаваньне. Капіталістычная цывілізацыя клапоціцца аб спакойным, расьлінным росквіце, ёй чужая сапраўдная гераічнасьць, заснаваная на пэрманэнтным пераадоленьні. Роля вайскоўцаў у буржуазным грамадзтве здаецца вельмі вялікай і тым ня менш... вельмі малая, бо ўсё ваеннае мастацтва капіталістычных краінаў закліканае мінімізаваць рызыку, пазьбегнуць непасрэднай сустрэчы са сьмерцю, схавацца за тэхнатронныя армады.

Процістаяць капіталізму па-сапраўднаму могуць толькі людзі, якія імкнуцца да адраджэньня арыстакратызму і прызнаюць неабходнасьць панаваньня ваеннай шляхты. Толькі арыстакраты, якія пагарджаюць тленнасьцю рэчыва; арыстакраты, аб'яднаныя вакол царскага Правадыра - галоўнага ваяра – здольныя пакласьці канец сусьветнай уладзе цёпла-прахалодных гандляроў.6

(1) Асноўны занятак арыстакрата - вайна. Арыстакратыя і ўзьнікае як аб'яднаньне самых адважных і лепшых ваяроў, згуртаваных вакол правадыра. Тут вельмі дарэчы ўспомніць, што слова "баярын" азначае "яры баец", "яры ваяр". Баярамі першапачаткова звалі прадстаўнікоў т.зв. "лепшай", "найстарэйшай", "авангарднай", "большай" дружыны - вяршыні ўсяго дружыннага зьвязу. Наогул, аснова "яр"-"ар" ("ер") мае велізарнае сакральнае значэньне. Гэта асабліва прыкметна, калі выбудаваць такі этымалягічны "ланцужок" - "арыстакрат"-"арый"-"герой".

(2) У дадзеным сцвярджэньні ня варта бачыць уплыву гнастыцызму, які адносіцца да матэрыі як да поўнага, абсалютнага зла. Гаворка вядзецца аб адмаўленьні "сапсаванага" рэчыва, якое трэба не гэтулькі зьнішчаць, колькі "перамяняць", "ператвараць", "адухаўляць".

(3) Дружына ёсьць супольнасьцю максымальна блізкай да арыстакратыі. Яе складаюць абраныя ваяры, з ліку якіх "рэкрутуюцца" баяры. Таму атаясамленьне арыстакрата і дружыньніка цалкам апраўдана.

(4) Сапраўды, вяшчуноў, якія зацята стаялі ў сваіх пантэістычных памылках, падтрымлівалі шматлікія простыя мужыкі, якія часта ўзьнімалі язычніцкія паўстаньні ў X-XIV стст. Дарэчы сказаць, савецкая гістарыяграфія вельмі сымпатызавала гэтым выступам, называючы іх "антыфэадальнымі", бо паўстанцы бунтавалі супраць князёў і баяраў. Складаецца ўражаньне, што нашыя нэапаганцы спыніліся менавіта на ўзроўні саўдэпаўскай ідэалёгіі, якая ўпарта апраўдвала любыя спробы ніжэйшых "клясаў" грамадзтва стаць на месца вышэйшых.

(5) Заўвага перакладчыка: у беларускай міталёгіі Пярун стрэламі-маланкамі зьнішчае варожыя полчышчы Чарнабога, якія нагрувашчваюць велізарныя хмары, каб затуманіць сонцы, сарваць месяц, забраць у хмары пітво жыцьця – ваду. Пярун ударамі свайго каменнага молата разьбівае хмары і жыватворная вада льецца на зямлю. Памагатыя Чарнабога бягуць на зямлю, а Пярун пачынае на іх паляваньне. Гл. “Міфалогія беларусаў” / А.А. Шамак. Мн.: БДПУ, 2005.

(6) Рэдакцыя фразы перакладчыка.

Крыніца: www.nationalism.org
Пераклад Aliaks.