Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Наш нардычны манархізм

Старажытныя дачыненьні нашага краю і Скандынавіі нарэшце патрапілі пад пільную ўвагу дасьледчыкаў. Апошнім часам зьяўляюцца цікавыя кнігі пра тыя часы, напрыклад паноў С. Дзярновіча, А. Котлярчука і інш. Гэтая тэма мае вялізнае значэньне для правільнага разуменьня нашай дзяржаўнасьці і распрацоўкі сучаснай манархічнай ідэі. Тлумачыцца гэта тым, што менавіта вікінгі заснавалі ў Беларусі першыя дзяржаўныя ўтварэньні, якія былі зафіксаваны дакумэнтальна. Акрамя таго, нарманы перадалі нам арыстакратычныя ідэалы, якія і сёньня палаюць у высакародных сэрцах: пэрсанальны гонар, вернасьць, гераізм.

Гэтыя каштоўнасьці тысячагоддзямі штурхалі на Поўдзень хвалю за хваляй дзёрзкіх германскіх заваёўнікаў. І паўсюль, куды сягаў нардычны меч, утвараліся маладыя амбіцыйныя дзяржавы, дзе гонар каштаваў даражэй за жыцьцё. Адна з такіх хваляў абрынулася на Эўропу ў эпоху вікінгаў у VIII-XIII стст. Нарвэскія і дацкія ваяўнікі распачалі тады сэрыю ўварваньняў у Заходнюю Эўропу, у выніку чаго ўзьніклі нарманскія дзяржавы ў Ангельшчыне (Ёрвік), Францыі (Нармандыя) і нават у Італіі (Сіцылія).

Швэдзкія ж вікінгі рушылі на Паўднёвы Ўсход - у балтыйскія і фінскія землі. Уздоўж рэк яны рубілі ўмацаваныя паселішчы і рэзыдэнцыі князёў, якія кантралявалі навакольлі, зьбіралі падаткі, забясьпечвалі свабоду гандлю. Уся занятая вікінгамі тэрыторыя атрымала назву Русь - так называлі гэтых адважных заваёўнікаў. У скандынаўскіх крыніцах тутэйшыя землі называюць Гардарыкай - краінай умацаваньняў.

Запрашэньне нарманаў

У "Аповесьці мінулых часоў" тым далёкім падзеям прысьвечана некалькі радкоў, у якіх згадваецца і наш край:

В лѣто 6367 (859 г.). Имаху дань варязи, приходяще изъ заморья, на чюди, и на словѣнехъ, и на меряхъ и на всѣхъ, кривичахъ. А козаре имахуть на полянех, и на сѣверехъ, и на вятичихъ, имаху по бѣлѣ и вѣверици тако от дыма.

В лѣто 6370 (862 г.). И изгнаша варягы за море, и не даша имъ дани, и почаша сами в собѣ володѣти. И не бѣ в нихъ правды, и въста родъ на род, и быша усобицѣ в них, и воевати сами на ся почаша. И ркоша: «Поищемъ сами в собѣ князя, иже бы володѣлъ нами и рядилъ по ряду, по праву.» Идоша за море к варягом, к руси. Сице бо звахуть ты варягы русь, яко се друзии зовутся свее, друзии же урмани, аньгляне, инѣи и готе, тако и си. Ркоша руси чюдь, словенѣ, кривичи и вся: «Земля наша велика и обилна, а наряда въ ней нѣтъ. Да поидете княжить и володѣть нами». И изъбрашася трие брата с роды своими, и пояша по собѣ всю русь, и придоша къ словѣномъ пѣрвѣе. И срубиша город Ладогу. И сѣде старѣйший в Ладозѣ Рюрикъ, а другий, Синеусъ на Бѣлѣ озерѣ, а третѣй Труворъ въ Изборьсцѣ. И от тѣхъ варягъ прозвася Руская земля. По дъвою же лѣту умре Синеусъ и братъ его Труворъ. И прия Рюрикъ власть всю одинъ, и пришед къ Ильмерю, и сруби город надъ Волховом, и прозваша и́ Новъгород, и сѣдѣ ту, княжа, и раздая мужемъ своимъ волости и городы рубити: овому Полътескъ, овому Ростовъ, другому Бѣлоозеро. И по тѣмь городомъ суть находницѣ варязи; пѣрвии населници в Новѣгородѣ словенѣ, и в Полотьскѣ кривичи, Ростовѣ меряне, Бѣлѣозерѣ весь, Муромѣ мурома. И тѣми всѣми обладаше Рюрикъ.

З гэтага ўрыўка бачна, што крывічы плацілі даніну вікінгам ўжо ў сярэдзіне IX ст. Кароткачасовае паўстаньне тубыльцаў супраць варагаў прывяло бунтаўнікоў да жорсткай грамадзянскай вайны. Гэткі сумны вынік вымусіў крывічоў разам з іншымі плямёнамі запрашаць варагаў-русь ізноў. Тут можна зрабіць выснову, што нашы продкі, у якіх не было "наряда", шукалі рады менавіта ў тых народаў, дзе, як яны ведалі напэўна, быў годны парадак. Гэтая ж прага да моцнай дзяржаўнай улады захавалася ў беларусаў і дагэтуль, нездарма ж ўлюбёная народная прымаўка - "абы парадак у краіне быў". Запрошаны Рурык-Rorik з братамі сапраўды навёў парадак і распачаў будаўніцтва ўмацаваных гарадоў. Сярод іншых згадваецца заснаваньне Полацка дзеля аднаго з ярлаў Рурыка.

Дзяржаўны лад мэтраполіі

Паспрабуем уявіць той дзяржаўны лад, які ўсталявалі нарманы на нашых землях. Безумоўна, ён быў падобны да таго, што існаваў на іхнай радзіме - у Швэцыі.

Паводле розных скандынаўскіх крыніцаў тагачасная Швэцыя ўяўляла сабой канфэдэрацыю плямёнаў з адзіным каралём (konungaer) начале. Кожная племя ў сваім краі мела свой народны сход - ляндстынг (landsþing), якому належала вярхоўная ўлада і які абіраў 12 старэйшынаў з магутных і старажытных радоў. Рада старэйшынаў кіравала краем паміж тынгамі паводле старажытнага звычайнага права. У свейскіх і ётскіх краёх тынг таксама абіраў пажыцьцёвага лангмана (Laghman) са старажытнага роду - чалавек закона, які ведаў напамяць усе законы і звычаі краю, а таксама тлумачыў іх тынгу.

Кароль быў адзіным агульным органам, што злучаў канфэдэрацыю плямёнаў, прычым ён не валодаў заканадаўчай і судовай уладай. Новага караля абіралі са старажытнага сьвейскага роду, звычайна - з сыноў памерлага манарха. Часам маглі абраць адразу двух каралёў, як саўладальнікаў. Але трэба зазначыць, што швэдзкія выбары ня мелі нічога агульнага з сучаснымі выбарамі. Калі на пасад меліся два ці больш прэтэндэнты з розных радоў, яны павінны былі вырашыць спрэчку яшчэ да выбараў, звычайна - зброяй. Такім чынам, караля ў Швэцыі не выбіралі, а прагалошвалі. Прычым вырашальную ролю адыгрывала, вядома ж, арыстакратыя.

Правам абіраць ці зрынаць караля валодалі ня ўсе плямёны, а толькі сьвеі, прычым толькі 3 фольклянды з вобласьці Уплянд на сваім сумесным тынгу, які адбываўся заўжды на лузе Мура ў 10 км ад Упсалы і называўся "Мура тынг" (moraþing). На гэтым лузе знаходзіўся вялізны сакральны валун "Мурастен" (Morasten), на які ўздымалі новага караля. На гэтым жа камяні адбывалася і рытуальнае зрынаньне кепскага ўладара.

Абраны кароль не рабіўся аўтаматычна адзіным каралём усяе Швэцыі. Ён павінен быў аб'ехаць ўсе землі (eriksgata) і прыняць прысягі ад мясцовых ляндстынгаў. У сваю чаргу кароль кляўся ляндам захоўваць іхныя старыя законы і звычаі.

Улада каралёў у дахрысьціянскі пэрыяд мела, безумоўна, сакральны характар. Нават адно з тлумачэньняў іхнае назвы - "чалавек, які паходзіць ад багоў". Звычайна кароль быў вярхоўным жрацом галоўнага храма Швэцыі ў Упсале. Ён лічыўся адказным за ўраджай і надвор'е. Бывалі нават выпадкі, калі сьвеі прыносілі ўласных каралёў у ахвяру Одзіну дзеля ўраджаю.

Кароль таксама быў галоўнакамандуючым на вайне і меў уласную невялікую дружыну (каля сотні чалавек). Падчас падарожжаў караля па краіне плямёны ўрачыста сустракалі яго, наладжвалі піры, плацілі добраахвотную дань і прыносілі дарункі. З цягам часу добраахвотныя ахвяраваньні ператварыліся ў абавязковыя падаткі. Акрамя таго, па ўсёй краіне былі раскіданыя зямельныя надзелы, якія былі каралеўскай уласнасьцю і называліся "Упсальскім удзелам".

Такім чынам, можна заўважыць паралелі з тымі дзяржаўнымі мэханізмамі, што існавалі ў Полацкім і іншых княствах (пакліканьне і выгнаньне князёў вечам, абраньне князёў з аднаго роду, заканадаўчая ўлада веча, прысяга "ня рухаць старыну", моцнае мясцовае самакіраваньне і г.д.). Шмат якія звычаі і інстытуты тых часоў захоўваліся ў нязьменным выглядзе ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Гонар роду

Разгледзем чарговую згадку аб нашых краёх у "Аповесьці мінулых часоў":

В лѣто 6488 (980 г.). «О сих же Всеславичих сице есть яко сказаша вѣедущии преж, яко Роговолоду держащю и владѣющю и княжящю Полотьскую землю, а Володимеру сущю Новѣгородѣ — дѣтьску еще и погану. И бѣ у него [уи его] Добрыня — воевода и храборъ и наряденъ мужь. Се посла к Роговолоду и просу у него дщере [его] за Володимера. Он же рече дещери своей: «Хощеши» ли за Володимера?» Она же рече: «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю!» Бѣ бо Роговолодъ перешелъ изъ заморья, имѣяше волость свою Полтескъ. Слышавше же Володимеръ, разгнѣвася о той рѣчи, оже рече: «Не хочю я за робичича». Пожалиси Добрына и исполнися ярости, и поемше вой, [и] идоша на Полтескъ, и побѣдиста Роговолода. Рогьволодъ же вбѣже в городъ. И приступивъше к городу и взяша городъ, и самого [князя Роговолода] яша и жену его, и дщерь его. И Добрына поноси ему и дщери его: нарекъ ев «робичица» и повелѣ Володимеру быти с нею пред отцемь ея и матерью. Потом отца ее уби, а саму поя женѣ и нарекоша ей имя Горислава. И роди Изяслава, поя же памы ины жены многы. И нача ей негодовати. Ньколи же ему пришедщю к ней и уснувшю, хоть и зарѣзати ножемь. И ключися ему убудитися, и я ю за руку. Она же рече: «Сжалиласи бяхѣ, зане отца моего уби и землю его полони мене дѣля. И се нынѣ не любиши мене и съ младенцем симь». И повелѣ ею устроитится во всю тварь цесарьскую, якоже в день посага ея, и състи на постели свѣтлѣ в храминѣ да пришедъ, потнеть ю. Она же тако створи и давши же мечь сынови своему Изяславу в руку нагъ и рече: «Яко внидеть ти отець, рци выступя: Отче! Еда единъ мнишися ходя!» Володимеръ же рече: «А хто тя мнѣлъ сдѣ!» И повергъ мечь свои и созва боляры, и повѣда им. Они же рекоша: «Уже не убии ея дѣтяти деля сего, но въздвигни отчину ея и дай ей с сыном своимъ». Володимеръ же устрой городъ и да има. И нарече имя городу тому Изяславль. И оттоль мечь взимают Роговоложи внуци противу Ярославлим внуком.

Гэта - агульнавядомая гісторыя, якая тым ня менш патрабуе дадатковага аналізу. Перадусім мы бачым, што Полацак з воласнога горада ператварыўся ў незалежнае княства, якім кіраваў вікінг Рагвалод-Rangvald. Прычым род Рагвалода быў вельмі знатнага, арыстакратычнага паходжаньня, які ўжо тады грэбаваў марганатычнымі шлюбамі. У адмове Рагнеды-Ragnhild варта падкрэсьліваць ня толькі самастойнасьць ганарлівай княжны, што з задавальненьнем робяць сучасныя фэміністкі, а тое, што трымаць адказ перад сватамі ёй даручыў бацька. Гэта значыць, Рагвалод цалкам давяраў сваёй дачцэ, і быў абсалютна ўпэўнены, што Рагнеда, выхаваная ў арыстакратычных традыцыях свайго роду, дасьць годны адказ, за які яму ня будзе сорамна. І сапраўды Рагнеда, нават ведаючы люты нораў жаніха, абірае асабісты гонар замест прынізьлівага марганатычнага шлюбу з чалавекам нізкага паходжаньня. І ўвесь род Рагнеды, як адзін чалавек, падтрымлівае гэты выбар сваёй зброяй: вернасьць роду, крыві была не пустым словам для нашых князёў. Гэты безаглядны гераізм дорага каштаваў ім усім, затое нават праз тысячу гадоў кожны беларус з дзяцінства ведае гэтую захапляючую гісторыю змаганьня за гонар свайго роду.

Паводле народнага паданьня, чэлядзь князя Ўладзімера-Valdemar забіла полацкага князя Рагвалода з сынамі каменным молатам - рытуальнай мітычнай зброяй скандынаўскага эпасу. Злачынства адбылося на кургане каля раки Дрыса. Цьвердзяць таксама, што Рагнеда запаведала пахаваць сябе на тым самым кургане, побач са сваякамі, таму й завецца гэтае месца дагэтуль - гара Рагнеды. Тут мы бачым чарговы прыклад нардычнай вернасьці да сьмерці - вернасьці свайму роду.

Зьвернемся зараз да паводзінаў Ўладзімера і аддадзім належнае ягонаму характару - ён таксама меў моцнае пачуцьцё ўласнага гонару, за які быў гатовы біцца не на жыцьцё, а на сьмерць. Помста за абразу "рабычычам" была зьдзейсьненая па-першабытнаму жорстка і крывава, але цалкам адпавядала скандынаўскаму кодэксу гонару.

Заўважым яшчэ адну дэталь: Уладзімер добра разумеў сваё нізкае пазашлюбнае паходжаньне і ведаў таксама, што дадаць яму легітымнасьці ў вачох суайчыньнікаў можа шлюб з дзяўчынай з арыстакратычнага роду. Менавіта гэткі шлюб ў рэшце рэшт ён і атрымлівае, і робіцца заснавальнікам магутных уладарных дынастыяў.

Крыху пазьней Уладзімер у падобнай жа ваяўнічай манэры даможацца прыняцьця хрысьціянскай веры ад бізантыйцаў. Гэты штурм Корсуні "дзеля хросту" падаецца сучаснаму абываталю дзіўным і нават абсурдным, але ў той час гэткія "незразумелыя" ўчынкі не патрабавалі аніякіх тлумачэньняў - арыстакратычнае пачуцьцё ўласнага гонару скандынавы несьлі ў сваёй дзікай нардычнай крыві, і гэтаму пачуцьцю быў падпарадкавы кожны іх рух, кожны ўздых.

Далей летапіс распавядае пра няўдалы замах Рагнеды на Ўладзімера. Сюжэт помсты жонкі свайму мужу за пакрыўджаны род часьцяком сустракаецца ў скандынаўскіх эпасах, напрыклад у "Крузе зямным" Сноры Стурлусана мы знаходзім наступны эпізод:

У Железного Скегги была дочь, которую звали Гудрун. Примирение кончилось тем, что Олав конунг должен был жениться на Гудрун. Когда состоялась свадьба, Олав конунг и Гудрун легли в одну постель. Но в первую же ночь, когда они лежали рядом, она вытащила кинжал, как только конунг заснул, и хотела заколоть его. Когда конунг увидел это, он отнял у нее кинжал, встал с постели, пошел к своим людям и рассказал, что случилось. А Гудрун взяла свою одежду и всех тех людей, которые за ней туда последовали, и они с ней отправились своим путем, и Гудрун больше никогда не ложилась в одну постель с Олавом конунгом.

 

Такім чынам, скандынаўскія сагі даюць нам ключ да разуменьня спробы забойства мужа і бацькі свайго сына Рагнедай. Відавочна, яна з дзяцінства выхоўвалася на гэтых сагах і захавала ў сваім сэрцы прыклады мужнага змаганьня за свой гонар. Таму нядзіўна, што вернасьць роду, пачуцьцё ўласнай годнасьці былі для Рагнеды даражэйшымі за само жыцьцё і падштурхнулі да дзёрзкага замаху.

І зноў нельга абысьці ўвагай рэакцыю Ўладзімера: нязломнасьць Рагнеды разам з гераічным заступніцтвам маленькага Ізяслава настолькі ўразілі яго, што ён ня толькі захаваў ім жыцьцё, але й згодна са скандынаўскім спадчынным правам вярнуў ім Полацкае княства.

Дзьве сыстэмы каштоўнасьцяў

Неўзабаве распачынаецца Хрышчэньне Русі, якое адбывалася адначасна з хрысьціянізацыяй усіх краёў, дзе ўладарылі вікінгі: 912 г. - Нармандыя, 943 г. - Ёрвік, 965-986 гг. - Данія, 980-1036 гг. - Русь, 995-1000 гг.- Нарвэгія, 1000 г. - Ісьляндыя, 1008 г. - Готлянд, 1050-1100 гг. - Швэцыя. Нарманскія князі паўсюль былі ініцыятарамі і актыўнымі ўдзельнікамі хрышчэньня народу. Так і было і ў нашых краёх, дзе першай манашкай сталася Рагнеда, а патронкай краю - сьв. Эўфрасіньня Полацкая з роду Рагвалода.

Хрысьціянізацыя спрыяла асьвеце грамадзтва, ўмацаваньню маралі, зьмякчэньню дзікунскіх нораваў нашых продкаў. Але адразу ж выявіліся відавочныя супярэчнасьці паміж нардычнай і хрысьціянскай сыстэмамі каштоўнасьцяў. Таму часьцяком напрыканцы свайго жыцьця альбо па асаблівым пакліканьні Божым князі і ваяўнікі адкладалі меч і пастрыгаліся ў манахі - ужо дзеля зваяваньня Царства Нябёснага. Гэтым і тлумачыцца імклівы росквіт манашаства ў нашых землях, аснову якога заклаў вікінг Сымон - інак Антоні, першы насельнік Кіева-Пячорскае ляўры.

Аднак пакуль нарман жыў у міру, ён па-ранейшаму гераічна змагаўся за свае нардычныя каштоўнасьці - за ўласны гонар і за вернасьць князю, роду і бацькаўшчыне. Толькі зараз абарона гэтых прынцыпаў вялася ў славу Божую і з імем Божым на вуснах.

Прыклады такога змаганьня захаваліся ня толькі ў рускіх летапісах, але і ў скандынаўскіх сагах. Для нас найбольшую цікавасьць уяўляе "Прадзь аб Эймундзе Хрынгсане", бо там месьціцца найбольш зьвестак пра Полацкае княства часоў Брачыслава Ізяславіча - праўнука Рагвалода. Лепш за ўсё самастойна азнаёміцца з гэтай сагай, якае мае два пераклады на рускую мову - віленчука Осіпа Сянкоўскага (сярэдзіна XIX ст.), і савецкай скандынавісткі Е.А. Рыдзеўскай (першая палова XX ст.).

"Прадзь аб Эймудзе" шчодра даносіць да нас тыя ідэалы і прынцыпы, якімі кіраваліся нарманы, і якія яны міжволі ўкаранялі й на нашай зямлі. Сярод іх можна вылучыць асабісты ваярскі гонар і грэблівае стаўленьне да гандлярства, што перакульвае сучасныя стэрэатыпы пра варагаў, як пра выключна купецкую гільдыю. Нарманы таксама высока цанілі рамантычны гераізм і прагу да вайсковай славы і здабычы. Пра гэта сьведчаць штогадовыя дамовы з Яраславам і Брачыславам, у якіх кошт паслуг нарманаў штораз павялічваўся. Мэта гэткіх дамоваў - ня толькі ўзбагачэньне ваяроў, але і заахвочваньне ўладароў да больш актыўнага выкарыстаньня сваіх гасьцей у вайсковай справе. Сымбалем асабістай годнасьці ў вікінгаў быў сьцяг, які каштаваў даражэй за жыцьцё. Падкрэсьлім тут зьняважлівую рэпліку Эймунда у бок Бурыцлава-Сьвятаполка: "Яму зручней згубіць сьцяг, чым жыцьцё". Таксама трэба адзначыць вельмі паважныя адносіны вікінгаў як да сваіх князёў-наймальнікаў, гэтак і да ворагаў, нават ужо памерлых: Эймунд праяўляе больш клопату пра належнае пахаваньне забітага ім жа Бурыцлава, чым хаўрусьнікі і сваякі апошняга. Усё гэта не выключала выкарыстаньня нарманамі розных вайсковых хітрыкаў, такіх як напад з тылу, начное забойства соннага Бурыцлава, і нават захоп закладнікаў, - на вайне гэта лічылася дапушчальным і справядлівым. Увогуле падкрэсьліваецца, што справядлівасьць ёсьць адной з якасьцяў Бога: "Атрымалі яны (нарманы) за перамогу вялікі гонар, і ўсё было па дамове, бо Госпад Бог, Ісус Хрыстос, быў у гэтым справядлівы, як і ва ўсім іншым."

Заканчэньне

Такім чынам, вытокі нашай манархічнай дзяржаўнасьці, арыстакратычных і рыцарскіх традыцыяў знаходзяцца на Поўначы Эўропы.

Вядома ж, нельга казаць, быццам усім нашым здабыткам мы абавязаны толькі нарманам. Нашы даўнія продкі самастойна стварылі надзвычай глыбокую культуру, якая і сёньня захапляе вытанчанасьцю народнага мастацтва. Але для пабудовы й запуска магутных дзяржаўных мэханізмаў спатрэбілася жалезная нардычная воля скандынаваў. Тутэйшы люд стаўся мяккай глінай у рукох паўночных правадыроў - і гэтае ўнікальнае спалучэньне нардычнага гераізму з балтыйскай паэтычнасьцю забясьпечыла росквіт нашых старажытных княстваў і заклала падмуркі іхнага наступніка - слаўнага  Вялікага Княства Літоўскага.

Дадатак

Прадзь аб Эймундзе. Арыгінал: Eymundar thattr - Norroen Dyrd

Эймундава сага. Пераклад Сянкоўскага

Прадзь аб Эймундзе Хрынгсане. Пераклад Радзеўскай

 

© Aliaks, 2008