Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Бурґундыя: Апалёгія Дынастычнасьці


“Шмат гадоў пазьней адзін манах дэманстраваў
чэрап Жана Бясстрашнага Францыску І, каралю Францыі,
і, як сьведчаць, сказаў пры гэтым: “Вось адтуліна, празь
якую ангельцы праніклі ў Францыю. Але гэтак жа слушна
можна ўказаць і на бязглуздыя прэтэнзіі Карла Сьмелага:
вось правал, празь які Габсбурґі праніклі ў Заходнюю Эўропу”.
[i]

Норман Дэвіс Гісторыя Эўропы


У эўрапейскае сярэднявечнае й навачаснае гісторыі багата аналёґіяў. Я нездарма ўжо колькі разоў узгадваў уласна Бурґундыю як яскравы прыклад тыповага сярэднявечнага дынастычнага ўтварэньня й рэальнага імпэрскага праекту, які як і літоўскі ня быў рэалізаваны з-за скону ўласнае дынастыі. На мой погляд, вельмі слушна зь гістарычнага гледзішча правесьці параўнаньне Літвы не з сапраўднаю (рэалізаванаю) імпэрыяй, што мы рабілі раней у нашае дыскусіі, але дакладна з такім самым амбітным імпэрскім праектам, які пацярпеў паразу…

Як паўстала герцаґства Бурґундыя? Амаль аніякае повязі з старажытнымі каронамі Лятарынґіі ці Арлю (Бурґундыі), хаця герцаґства й зьявілася як фэадальная дынастычная адзінка на іх руінах: калі ў 880 г. згодна дынастычным пагадненьням паміж спадчыньнікамі Карла Вялікага ўтварылася Бурґундзкае герцаґства, існавала яшчэ цэлых два “бурґудзкіх” каралеўства (Дольнае й Ґорняе Бурґундыі). Апошнія неўзабаве (1032 г.) пяройдуць пад ўладу Сьвяшчэннае Рымскае імпэрыі, на доўгія гады стаўшы яе леґітымнаю часткаю. Герцаґства ж стане дамініёнам Францускае кароны. Гэтак будзе разыграны першы дынастычны сцэнар, рэзультатам якога стане падзел рэшткаў каралінґскага “сярэдняга каралеўства” – няспраўджанае імпэрскае альтэрнатывы Францыі й Ґерманіі. У гэты ж час утвараецца й вядомая (для сярэднявечча даволі тыповая) “бурґундзкая гетэрагеннасьць”: кіраваная адным гаспадаром Бурґундыя падзелена на францускую (герцаґства) і імпэрскую частку (ґрафства, Франш-Кантэ[ii]). Падставовыя прынцыпы дынастычнасьці й фэадальнага сюзэрэнітэту ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго – ніводзін не парушаны.


За час кіраваньня малодшае лініі Капэтыгнаў амаль ніхто не згадвае аб Бурґундыі; уласна паралелі зь Літвою зьяўляюцца значна пазьней, таму я не буду спыняцца на гэтым гістарычным пэрыядзе. Бурґундыя зноў спадчынным шляхам вяртаецца да кароны, і Жан ІІ Добры (з Дому Валюа), божаю ласкаю кароль Францыі, перадае яе (разам зь Фляндрыяй) самому малодшаму з сыноў прынцу Філіпу…. І тут адбываецца непрадказальнае: некім містычным чынам колішняя веліч кароны Лётара як дзіўны прывід узьнімаецца на самым француска-імпэрскім памежжы!



Сам герцаґ Філіп ІІ Валюа і ягоны сын Жан Бясстрашны больш былі занятыя складанымі палітычнымі камбінацыямі й інтрыгамі пры францускім каралеўскім двары бязвольнага й псыхічна няўстойлівага кузэна Карла VI (але для народу той усё ж заставаўся le Bien-Aimé, ня гледзячы на крывавы дынастычны канфлікт з Англіяй, які дасягнуў свайго апаґею). У самы востры момант Стогадовае вайны герцаґ Жан будзе забіты прыхільнікамі дафіна Карла (якога хворы бацька афіцыйна пазбавіў права быць сваім сукцэсарам) на мосьце ў Мантэрэ. Сама гэта падзея будзе мець для Эўропы шэраг ключавых гістарычных наступстваў. Па-першае, каварны крок дафіна падштурхоўвае Бурґундыю да адкрытага хаўрусу з Ланкастэрамі, якія ў абыход традыцыйнага Lex Salica выстаўляюць прэтэнзіі на францускі пасад. Па-другое, не гледзячы на ўдзел у францускіх падзеях, прывід Лятарынґскага каралеўства набывае ўсё больш выразныя формы, становячыся экзыстэнцыяльнаю істаю Бурґундыі, бо Бурґундзкі Дом (не ўласна аморфная дзяржава, а менавіта дынастыя, вакол якое ўся гэтая гісторыя й круціцца) яскрава адчувае сваю гістарычную місію – адраджэньне “сярэдняга каралеўства”.


Цяжка сказаць, што нарадзілася сьпярша: Бурґундыя як наймацнейшае сярэднявечнае эўрапейскае гаспадарства ці яе імпэрскі праект – адраджэньне кароны Лётара. Пасьля сьмерці Жана Бясстрашнага падзеі разгортваюцца занадта хутка. Нашчадак герцаґа Жана, ягоны сын Філіп ІІІ Добры, бліскучы палітык і кіраўнік, найбагацейшы ўладар і найбуйнейшы патрон мастацтва ў Эўропе, ператварае свае ўладаньні ў гаспадарства, зь якім мусяць лічыцца ўсе. Веліч Бурґундыі нараджаецца са звычайнае купкі фэадальных дамініёнаў. Адзін за адным растуць уладаньні дынастыі: Брабант, Намур, Эно, Галяндыя, Зэляндыя, Люксэмбург…[iii] Спадчынныя правы дынастыі эфэктыўна спалучаюцца з актыўнаю зьнешняю палітыкаю (набыцьцё многіх зямель падтрымліваецца велізарнаю скарбніцаю й моцным войскам). Фактычна за дзесяць год (1420-1430 гг.) Бурґундыя набывае веліч, багацьце й аўтарытэт, якія не мае ніводзін з тагачасных уладароў Эўропы.



Магчыма Вітаўтава Літва ёсьць пэўным адбіткам гэтага дынастычнага ўтварэньня на іншым канцы “хрысьціянскага сьвету”, хаця рэсурсы й магчымасьці абодвух непараўнальныя: Бурґундыя выдатна кантралюе найбольш населеныя й заможныя рэгіёны Эўропы (Бурґундыя, Артуа, Фляндрыя, Брабант, Галяндыя), у той час як Літва ёсьць гаспадаром неабсяжных пустых стэпаў поўдня й непралазных лясоў поўначы. Тым не менш, цікавы фэномэн, што абодва імпэрскія праекты зьявіліся паралельна й у часы, і ў прасторы. Абодва амаль неверагодныя з сучаснага гледжаньня, але ў той час цалкам рэальныя. Бурґундыя намагаецца падзяліць сабою Францускую карону й імпэрыю, адкрыта зьвярнуўшыся да імпэратара з запытам на “вакантны” пасад Лятарынгскага каралеўства. Літва імкнецца да усходнеэўрапейскае геґемоніі (апанаваньне Кіеўскаю спадчынаю) і таксама просіць імпэратара аб каралеўскім вянцу.



Цікава, што падзеі і зьявы настолькі сынхронныя й падобныя, што гэта сапраўды зьдзіўляе. Зрэшты, гэта й сьведчыць, што мы маем справу не з выпадковасьцямі, а пэўнага кшталту гістарычнаю заканамернасьцю, абумоўленаю падставоваю сутнасьцю абодвух гаспадарстваў – дынастычнасьцю.



Прэтэнзіі на тытулы Вітаўта вядомы. Гэтаксама ніхто не зьдзіўляецца, што Філіп Добры называе сябе няйнакш, як вялікі герцаґ Захаду (менавіта так!). Не здарма ж ён адмаўляецца ад “ласкі” свайго фармальна прызнанага сувэрэна (караля Англіі й Францыі) стаць кавалерам ангельскага Ордэну Падвязкі ў 1422 г. У Лёндане не маюць выбару як цярпець гэтыя выбрыкі Дыжону. Больш таго, Філіп робіць, як кажуць, ход канём і ў 1430 г. стварае слынны бурґудзкі Ордэн Залатога руна (той самы, які стане ці не самым вядомым сымбалем Габсбурґаў)[iv]. Але гэта не пусты знак. Гэта прыкмета існаваньня асобнага, сталага бурґудзкага асяродка арыстакратыі, якая была апірышчам для свайго сюзэрэна й дынастыі. Літоўскаму набілітэту яшчэ было далёка да гэтага, але першыя прыкметы магчыма назіраць ужо й у тагачасным ВКЛ.


У Бурґундыі (як тыповае сярэднявечнае дынастычнае лучнасьці), як і ў Літвы, доўга не было сталае сталіцы. Галоўная рэзыдэнцыя герцаґаў знаходзілася ў Дыжону, але пасьля далучэньня Брабанту яе месца займае Брусэль[v]. Двары Парыжу, Лёндану, Эдынбурґу, Вены – усяго толькі цьмяныя адбіткі на фоне велічы бурґудзкага арыстакратычнага haut monde. Бурґундыя дыктуе моду эўрапейскага дваранства ў мастацтве й дэкору на поўнач ад Альпаў[vi]. Іх цэнтры знаходзяцца ў Брусэлю, Ґэнце, Бруґэ, Лёвэне (Філіп ІІІ закладае тут унівэрсытэт у 1425 г., адзін зь першых ў Паўночнае Эўропе), Мехэлене й Антвэрпэну. Мастакі Ражэр ван дэр Вэйдэн, Дэрык Баўтс, Ганс Мэмлінґ, Ян ван Эйк, кампазытары Жыль Бэншуа, Робэрт Мортан, Ґіём Дзюфаі – носьбіты гэтага незвычайнага ўздыму арыстакратычнае культуры раньняга Рэнэсансу. Высакаякасныя бурґундзкія (флямандзкія) ґабэлены з Брусэлю, Лёвэну й Ґэнту набываюць незвычайную папулярнасьць[vii]. Магчыма па памерах зноў недарэчнае параўнаньне, але гэтаксама й Літва імкнецца да пашырэньня сваіх культурніцкіх[viii] і рэліґійных (што ў яе выпадку больш актуальна) уплываў з маштабным Вітаўтавым праектам стварэньня "ўласнае" праваслаўнае мэтраполіі.



Імпэрскія амбіцыі прымушаюць абодвух уладароў (і Філіпа ІІІ, і Вітаўта) да пашырэньня аўтарытэту й магутнасьці шляхам “крыжовых паходаў”. Для Вітаўта гэта шмат у чым фатальны крок (улічваючы больш чым сьціплыя магчымасьці й рэсурсы ВКЛ), які скончыўся катастрофаю 1399 г. Філіпу ж (на шчасьце для Бурґундыі) не ўдалося рэалізаваць свой заклік да крыжовага паходу супраць Атаманскае імпэрыі, які ён азнаймаваў у 1454 г. у Ліле падчас знакамітага Banquet du Voeu[ix], дзе ён зьвярнуўся да кавалераў Ордэну Залатога руна.


Гэтыя ж амбіцыі й каньектура падштурхоўваюць Літву й Бурґундыю распаўсюдзіць свае ўплыву далей за межы сваіх непасрэдных уладаньняў: абедзьве набываюць “кліентаў” у выглядзе палітычна (у выпадку Бурґундыі таксама эканамічна) падпарадкаваных суседніх невялікіх гаспадарстваў: Літва працягвае рукі да Разані, Цьверы, Пскову й Наўгародчыны, Бурґундыя поўнасьцю падначальвае біскупствы Льежу, Утрэхту й Камбрэ (бурґундзкія герцаґі нават валодаюць правам збору падаткаў на гэтых тэрыторыях), працягваючы гэтую ж палітыку і ў кірунку Trois-Évêchés[x].


Нарэшце, абедзьве дзяржавы так і не здолеюць набыць праўдзівае леґітымнае каралеўскае кароны – гісторыя зь імі ў абодвух выпадках нагадваюць дэтэктыў. Не буду зьвяртацца да вядомае інтрыгі з каранацыяй Вітаўта й скрадзенымі рэґаліямі, закрану тут толькі менш знаёмы для ўсходнеэўрапейскага абывацеля выпадак з бургундзкаю каронаю. Гісторыя адбылася ўжо пасьля сьмерці Філіпа Добрага. Яго сыну Карлу Сьмелу, вельмі амбітнаму й жорсткаму кіраўніку, было ўжо натуральна замала быць герцаґам ці нават “вялікім герцаґам” і ён упэўніў імпэратара Фрыдрыха ІІІ Габсбурґа (так, усё той самы, аўтар AEIOU) каранаваць яго на караля ў Трыры ў верасьні 1473 г. Аднак Карл, вядомы сваім нахабствам, настолькі раззлаваў сваімі амбіцыямі імпэратара, што той уначы раптоўна зьехаў з Трыру, так і не каранаваўшы “бурґундца”. Натуральна, за гэтым крокам магчыма хаваецца нашмат больш, чым проста паводзіны Карла: усяго праз чатыры гады Бурґундыя як імпэрскі праект зьнікне, а Ґабсбургі стануць наймагутнейшаю дынастыяй Эўропы.


Як скончыліся гэтыя імпэрскія праекты? Вітаўт, вядома, страціўшы сыноў, не здолеў заснаваць свае дынастыі. Аморфная “імпэрыя” памерла разам зь ім у 1430 г. Ніводная спроба аднаўленьня вітаўтавае справы пасьля яго не мела посьпеху й скончылася грамадзянскаю вайной. Асобнае, альтэрнатыўнае Яґайлавічам імпэрыі й літоўскае дынастыі не атрымалася. Літва вяртаецца да Яґайлавічаў, стаўшы часткаю іх дынастычнага праекту, каб потым быць зьвязанаю вузамі крыві з Габсбурґамі.



Бурґундыя будзе ўцягнутая Карлам у крывавыя канфлікты з усімі суседзямі. Мэта іх – рэалізацыя імпэрскіх мрояў Бурґундзкага Дому. Пашырэньне тэрыторыі ідзе шляхам леґітымных (і ня вельмі) прэтэнзіяў, але вельмі жорстка й ужо занадта актыўна. Ужо ў самым пачатку Карл Сьмелы сутыкаецца з інтарэсамі францускае манархіі ў асобе караля Людовіка XI. Крывавая вайна паміж антаґаністычнымі Бурґундыяй і Францыяй віруе на поўначы апошняе. Затым успыхвае канфлікт з Габсбурґамі: уладар Ворлянду[xi] й Тыролю эрцгерцаґ Жыгімонт прадае Карлу свае ўладаньні на поўначы Эльзасу (Эльзаскае ляндґрафства: Зундґаў і Брэйсхґаў) з правам пазьнейшага выкупу: гэтым эрцґерцаг імкнуўся спыніць далейшае пашырэньне швэйцарскае канфэдэрацыі. Але калі колькі гадоў пазьней Жыгімонт пажадаў скарыстацца згаданым правам, Карл адмовіў яму ў рэзкае форме. Затым Карл Сьмелы выстаўляе прэтэнзіі да Рэнэ Лятарынґскага на ўсё яго герцаґагства. Канфлікт са швэйцарскімі кантонамі таксама непазьбежны: тыя падтрымліваюць паўстаньне вольных гародаў[xii] уздоўж Рэйна супраць Бурґундыі. У 1473 г. герцаґ Бурґундыі ўмешваецца ў спадчынны канфлікт у Ґэльдэрне й выкупае правы Эґмандаў у герцаґа Арнольда. Гэта выклікае незадавальненьня мясцовае эліты, а таксама сутыкае Бурґундыю з заможнымі герцаґамі Юліха й Бэрґу, якія маюць на гэтыя землі яшчэ больш леґітымныя й старажытныя правы, чым уласна Эґманды, якіх яны ўважалі (дарэчы, даволі слушна) за ўзурпатараў. Імпэрская мара не давала спакою ні на хвіліну, і ў 1474 г. магутны герцаґ Карл атакуе Кёльнскае арцыбіскупства – важкі рэйнскі горад Нойс, які ён беспасьпяхова трымае ў аблозе цягам году (ліпень 1474 – чэрвень 1475 гг.). Відавочна герцаґ валодаў проста фэнамэнальнай схільнасьцю ствараць ворагаў…



Памылкі, якія ён робіць, вядуць яго да катастрофы. Катастрофы пэрсанальнае, але й катастрофы дынастычнае, якая азнаймуе канец бурґундзкіх імпэрскіх мараў. У 1475 г. Карл зойме Нансі. Лятыранґія фактычна будзе далучана да яго ўладаньняў. Разварочваецца вайна са швэйцарцамі. Карл двойчы вядзе свае арміі ў наступ супраць кантонаў і двойчы ўсё скончыцца паразаю ад пяхоты швэйцарцаў і кавалерыі Рэнэ Лятарынґскага: пры Ґрансоне (2 сакавіка 1476 г.) і пры Муртэне (22 чэрвеня 1476 г.). 6 кастрычніка 1476 г. ён страціць Нансі. Карл прагне рэваншу. Зьбіраецца новая армія (так, і гэта пасьля двух страшэнных паразаў!), якая зноў падыходзіць да сьценаў Нансі. Лятарынґцы й швэйцарцы сустракаюць змардаванага страшэнным зімовым холадам ворага ў поўным вайсковым шыхце 5 студзеня 1477 г. Бурґундзкая армія разьбітая, Карл загінуў.



Вось яна, бітва пры Нансі, галоўны момант эўрапейскае гісторыі другое паловы XV ст., момант ісьціны. Гэта бурґундзкі Грунвальд. Хаця у магутнае дзяржавы яшчэ дастаткова рэсурсаў каб сабраць яшчэ не адно такое войска, без Бурґудзкае дынастыі гэта канец яе імпэрскага праекту, мары аб кароне Лётара. У Карла няма нашчадкаў мужчынскага полу. Яго дачка Марыя хутка пабярэцца шлюбам з эрцгерцагам Максіміліянам Габсбурґам (будучы імпэратар Максіміліян І). Захавалася ‘шчэ малодшая галіна роду (Нэвэрская), але згодна спадчыннаму закону Бурґундыі, усе ўладаньні Карла адыходзяць да Габсбурґаў. Прадказаньне Фрыдрыха ІІІ (AEIOU) збываецца. Бурґундыя й яе магутнасьць становіцца арганічнаю часткаю габсбурґскае дынастычнае імпэрыі[xiii]. Тое ж адбудзецца і зь Літвою праз стагодзьдзе…


Гісторыя паставіла крыж на бурґундзкае й літоўскае імпэрскасьці, ня гледзячы на ўсе празьмерныя амбіцыі й намаганьні. Гэта было непазьбежна, бо той сакральны код, які бурґудзкія Валюа й літоўскія Ґедымінавічы несьлі ў свае крыві дыктаваў будучыню дынастыі й іх уладаньняў. Няма дынастыі – няма імпэрыі. Гэта не трагедыя (папраўдзе не бачу, чаму фантазійная “літоўская імпэрскасьць” падаецца некаторым больш актуальнаю й гістарычнаю за габсбурґскую?), а толькі лягічны рух гісторыі.

Сёньня няма ўжо ні Бурґундыі, ні Літвы. Наша задача адрадзіць іх, вярнуцца да іх гістарычнае спадчыны й традыцыяў, працягнуўшы справу Дому Габсбурґаў для пабудовы аўтэнтычнае імпэрыі без нацыяў і мадэрнае дзяржаўнасьці. Альянс канцэпцыяў традыцыяналізму й габсбурґскага леґітымізму тутака непазьбежны.


[i]Девис Н. История Европы, Москва 2005, с. 312.

[ii] Вольнае ґрафства (фран. Franche-Comté).

[iii] Israel J.I. The Dutch Republic: Its Rise, Greatness, and Fall 1477-1806, Oxford 1995, с. 21.

[iv] Baelde M. Het Gulden Vlies // Spiegel Historiael, № 7 (1972), с. 220-227.

[v] Blockmans W.P., Prevenier W. De Bourgondische Nederlanden, Antwerpen 1983, c. 211.

[vi] Uytven R. van Splendor or Wealth? Art and Economy in the Burgundian Netherlands // Transcriptions of the Cambridge Bibliographical Society, № 10 (1992), с. 104-106.

[vii] Тамсама, с. 110.
 
[viii] Цікавасьць выклікае падабенства моўнае сытуацыі. Ня гледзячы на тое, што большасьць прыдворных у Брусэлю ў сярэдзіне XV ст. складаюць флямандзкія маґнаты, звыклыя да дольнасаксонскае (галяндзкае), моваю двара й справаводзтва застаецца француская. Гэтаксама й на Літве набілітэт балцкага паходжаньня скрозь карыстаецца рускаю.

[ix] Фазанавы банкет (фран.).

[x] Тры біскупства (фран.) – умоўная назва трох асобных біскупстваў у Эльзасе й Лятарынґіі (Мец, Туль і Вердэн), за апанаваньне якімі змагаліся лятарынґскія й бурґундзкія герцаґі, (пазьней) францускія каралі і імпэратары СРІ.

[xi] Пярэднія Землі (ням. Vorlande) – г. зв. Пярэдняя Аўстрыя, Габсбурґскія землі на захад ад Тыролю.

[xii] Фактычна адзіны пастаянны галаўны боль бурґундзкіх гаспадароў – вольныя гарады. Бясконцыя паўстаньні заможных гарадоў ў Фляндрыі (з мэтаю пашырэньня сваіх вольнасьцяў) выпрацавалі ў іх пэўны імунітэт супраць гэтае “аліґархічнае хваробы” заходнеэўрапейскіх буржуа. Аднак такія рэцыдывы адбываліся яшчэ неаднойчы.

[xiii] За выняткам тэрыторый пад сюзэрэнітэтам Францускае кароны (герцаґскае Бургундыі, Пікардыі й зямель Бурґундзка-Нэвэрскага Дому), якія пасьля канфлікту з Габсбурґамі пяройдуць, згодна дамоўленасьцям, да Валюа.