Мяне зацікавіла гісторыя гэтай краіны, гэтага народу. Беларусь магла б пайсьці такім жа шляхам, як і Вугоршчына. Але сталася інакш...
Мінулае
Продкі вугорцаў - мадзьяры - жылі ў стэпах паўднёвага Ўрала. Адтуль 8 плямёнаў перайшлі цераз Украіну на землі цяперашняе Вугоршчыны. Правадыром вугорцаў у то час (IX ст.) быў Альм (Альмаш) і ягоны сын Арпад.
Яшчэ каля 950 года двое мадзьярских ваяводаў прынялі хрысьціянства ў Бізантыі, якая адкрыла сваю духоўную місію ў Вугоршчыне. Але неўзабаве адчуўся ўплыў Рымскае царквы, якая актыўна ўводзіла хрысьціянства нямецкімі рукамі праз Зальцбург.
У 1301 годзе на каралі Андрашы III спыніўся род Арпадавічаў. Цягам двух стагоддзяў на троне Вугоршчыны перабыло шмат дынастыяў:
- Анжуйцы;
- Люксэмбургская дынастыя;
- Гуніяды;
- Ягелончыкі;
- і нарэшце, аўстрыйскія Габсбургі.
У 1526 туркі пры Мохачы нанеслі вугорцам жорсткую паразу, якая сталася фатальнай для краіны, яе цэласьці і незалежнасьці. Аднак пасьля разгрому турак ля Вены войскамі Аўстрыі і Рэчы Паспалітай ў 1683 годзе склаліся перадумовы для сканчэньня турэцкае акупацыі. Пры гэтым Вугоршчына патрапіла пад нямецкі ўплыў праз далучэньне да Аўстрыйскае імпэрыі.
У XVII-XVIII стагоддзях вугорцы неаднаразова ўздымалі паўстаньні супраць аўстрыйскіх Габсбургаў. Гэта змусіла аўстрыйцаў лічыцца з інтарэсамі вугорцаў і не перашкаджаць нацыянальнаму адраджэньню.
У 1848 вугорцы ўзьнялі нацыянальную рэвалюцыю, якая скончылася паразай у 1849 годзе, дзякуючы вайсковаму ўмяшальніцтву Расеі. Тым ня менш, Вугоршчына атрымала дадатковую аўтаномію
Дуалізм
![]() Франц-Ёзаф і Отта |
Параза ад Прусіі ў 1866 годзе змусіла Аўстрыю стварыць дуалізм, г.зн. надаць Вугоршчыне поўную аўтаномію. Вугоршчына была паяднаная з Аўстрыяй агульнай дынасытыяй і міністэрствамі абароны і замежных справаў. Яна несла 30% агульных выдаткаў імпэрыі.
Франц-Ёзаф быў каранаваны ў Будапэшце 8 чэрвеня 1867 года паводле старых традыцыяў.
Пасьля сьмерці Франца-Ёзафа ў сьнежні 1916 года быў каранаваны ягоны пляменьнік Карл IV (у Аўстрыі ягоны тытул - імпэратар Карл I, у Чэхіі - кароль Карл III).
Рэспубліка
![]() Распад Аўстра-Вугоршчыны |
Вугорская рэспубліка была прагалошаная 31 кастрычніка 1918 годзе. Імпэратар 11 сьнежня падараваў свабоду ўсім рэгіёнам, але пры гэтым ад трону не адмовіўся. Са Швайцарыі ён намагаўся ўзнавіць каралеўскую ўладу.
Тым часам у Вугоршчыне пачалася грамадзянская вайна з камуністымі. Улетку 1919 года румынскія войскі прарвалі фронт "чырвоных" і занялі Будапэшт. Правіцелем Вугоршчыны быў абвешчаны арцыбіскуп Ёзаф, але праз 2 тыдні ён сышоў. На патрабаваньне Антанты румынскія акупацыйныя войскі пачалі эвакуацыю. У кастрычніку кароль Карл IV заявіў прэтэнзіі на вугорскі трон, але Антанта катэгарычна выказалася супраць вяртаньня Габсбургаў.
14 сьнежня 1920 года ў Будапэшт увайшлі часткі вугорскае нацыянальнае арміі. На чале войска на белым кані ехаў герой Першае Сусьветнае вайны адмірал Міклаш Хорці.
Усталяваньне рэгенцтва
16 лютага 1920 Хорці склікаў Нацыянальны сход, які ануляваў акты мінулых рэспублікаў двух і прагалосіў узнаўленьне манархіі. Пад ціска Антанты Нацыянальны сход увёў пасаду рэгента, а элекцыю перанёс на няпэўны час - "да ўсталяваньня спакою ў дзяржаве". Міклаш Хорці быў прызначаны рэгентам 1 сакавіка 1920 года.
Вугоршчына падпісала 4 чэрвеня 1920 вельмі цяжкі Трыанонскі мір, паводле якога яна страціла 2/3 тэрыторыяльных уладаньняў, 84% лясных угодзяў, 43% ворнае зямлі, 83% жалезнае руды. Пры гэтам Вугоршчына захавала 56% былое індустрыі, у тым ліку 82% цяжкае прамысловасьці.
Спробы Карла IV вярнуць уладу
![]() Карл IV з жонкай Зітай і сынам Отта |
Карл IV паспрабаў другі раз вярнуць сабе прастол 26 сакавіка 1921 года. Ён прыехаў са Швайцарыі ў Вугоршчыну ў горад Шамбатэлі і пачаў зьбіраць вакол сябе арыстакратыю і верныя войскі. Карл IV напісаў ліст да рэгента Хорці з патрабаваньнем вярнуць уладу. Аднак Хорці прыказаў войску выдаліць караля за межы краіны. Карл IV 6 красавіка вымушаны быў вярнуцца ў Швайцарыю.
У трэці раз Карл IV прыляцеў патаемна ў Вугоршчыну на аэрапляне 21 кастрычніка 1921 года. Палёт быў вельмі складаным - рухавік некалькі разоў спыняўся. Ён стварыў Часовы Ўрад, якому прысягнула шмат вайскоўцаў. Хорці быў вымушаны заняць стрыманую пазыцыю і нават плянаваў сысьці ў адстаўку. У суправаджэньні верных жаўнераў 22 кастрычніка Карл выправіўся на цягніку ў Будапэшт. Адначасова ён адкінуў прапанаву аб перамовах, якую зрабіў чэхаславацкі міністар замежных справаў. Хорці аддаў распараджэньне войскам аб супраціўленьні раялістым. 23 кастрычніка ў Будаорсе адбыўся бой паміж прыхільнікамі Карла IV і харцістамі, падчас якой былі забітыя і параненыя дзясяткі чалавек. Наступным днём Карл высунуў ультыматум Хорці, але быў арыштаваны ў горадзе Тата. 2 сьнежня 1921 г. Нацыянальны сход пастанавіў пазбавіць Габсбургаў трона, а Карла дэпартаваць з краіны. Карл IV быў 19 сьнежня дастаўлены на востраў Мадэйра, прызначаны яму як мейсца высылкі. 1 красавіка 1922 года ён памер ад запаленьня лёгкіх. Ён захварэў пасьля паездкі ў горад на самаходзе марозным зімовым днём. У 2003 годзе Карл IV быў беатыфікаваны Каталіцкім Касьцёлам.
Дзейнасьць рэгента Хорці
![]() Міклаш Хорці |
У жніўні 1922 г. дэлегацыя вугорскіх палітыкаў прапанавала Хорці карону, аднак ён адкінуў іхную прапанову.
Рэгент Хорці захаваў пасаду галоўнакамандуючага, але найперш займаўся прадстаўніцтвам краіны за мяжой, прызначэньнем і прыёмам паслоў. Ад яго залежала зацьверджаньне заканадаўчых пытаньняў вайны і міра. Ад 1937 года ён атрымаў права абвяшчць вайну і заключаць мір бяз згоды парлямэнту. Хорці свае функцыі рэалізоўваю праз прызначаны ім урад. Законы ён не зацьвярждаў, але мог двойчы вяртаць законы парлямэнту на дадатковы разгляд. Рэгент карыстаўся заканадаўчай ініцыятывай, правам скліканьня і роспуска парлямэнта. Закон гарантаваў недатыкальнасьць асобы і годнасьці рэгента, аднак і ён мог быць прыцягнуты да адказнасьці ў выпадку парушэньня закона.
В 20-30-я годы Хорці імкнуўся пераадолець зьнешнепалітычную ізаляцыю, у якой трымалі Вугоршчыну краіны Малое Антанты (Чэхаславаччына, Румынія і Югаславія). Пры дапамозе Мусаліні суседнія краіны 5 красавіка 1927 года падпісалі дамову "Аб вечным міры і сяброўстве". Пасьля Італіі на збліжэньне з Вугоршчынай пайшла Нямеччына.
2 сьнежня 1938 г. у адпаведнасьці з рашэньнямі Першага венскага арбітража Вугоршчына атрымала 12 тыс. кв. км у Паўднёвай Славаччыне і частку тэрыторыя сучаснага Закарпацьця з насельніцтвам каля 1 млн. чалавек.
Неўзабаве Хорці заявіў аб тэрытарыяльных прэтэнзіях да Румыніі. Улетку 1940 года другім венскім арбітражам Вугоршчыне была вернутая паўночная частка Траньсільваніі агульнай плошчай 43,5 тыс. кв. км з насельніцтвам 2,5 млн. чалавек. Паўднёвая Траньсільванія засталася ў складзе Румыніі.
Другая сусьветная вайна
![]() Вугоршчына ў 1920 і 1941 гг. |
26 чэрвеня 1941 г. на гарады Раха, Мункач і Кашша (Кошыца) былі здзейсненыя паветраныя налёты з усходу (магчыма, гэта была нямецкая правакацыя). На наступны дзень Вугоршчына абвясьціла вайну Савецкаму Саюзу.
Аднак урад Вугоршчыны ўсё больш ухілялася ад выканання патрабаваньняў нацыстаў. У выніку 17 сакавіка 1944 г. фюрэр абвясьціў Хорці аб ваеннай акупацыі Вугоршчыны. Хорці саступіў Гітлеру і вырашыў застацца на сваёй пасадзе. Такое рашэньне задавальняла немцаў, бо надавала выгляд законнасьці ўварваньню і захавання саюза дзьвюх дзяржаваў.
Немцы правялі татальную мабілізацыю ў войска, пачалі дэпартацыю жыдоў. Хорці асабіста ўмяшаўся і здолеў спыніць дэпартацыю.
У 1944 годзе Хорці пачаў патаемныя перамовы з СССР аб выхадзе з вайны. 15 кастрычніка 1944 г. пасьля працяглага паседжаньня Кароннае Рады Хорці зьвярнуўся на народу і абвясьціў замірэньне з Савецкім Саюзам. Але 16 кастрычніка 1944 г. Хорці арыштавалі немцы і прымусілі скласьці зь сябе абавязкі кіраўніка дзяржавы. Час рэгенцтва скончыўся.
Хорці памер ў Эштарыле ў Партугаліі 8 лютага 1957 года. 4 верасьня 1993 года быў перазахаваны на сямейных могілках у Кендэрэшы.
Пасьля акупацыі Вугоршчыны савецкімі войскамі ў 1945 годзе былі праведзеныя парляманцкія выбары, але неўзабаве ўладу прыбралі сталіністыя. На манархію ў Вугоршчыне забыліся на даўгі час.
Што ж зараз?
![]() Отта фон Габсбург |
У сьнежні 1916 годзе крон-прынцам Вугоршчыны стаў Отта фон Габсбург, старэйшы сын караля Карла IV (нарадзіўся 20 сьнежня 1912 года). У 1935 годзе ён скончыў Каталіцкі ўнівэрсітэт у Leuven. Перад Другой сусьветнай вайной эміграваў у ЗША, дзе заклікаў да змаганьня з нацызмам.
У 1951 годзе пабраўся шлюбам з Рэгінай Сакс-Мэйнінгэнскай, мае 7 дзяцей і 22 унукі.
У 1961 годзе пацьверзіў свае прэтэнзіі на Аўстрыйскі і Вугорскі трон і дамогся вяртаньня ў Аўстрыю ў 1966 годзе. Прыхільнік аб'яднанае Эўропы, чалец Эўрапарляманту ў 1977-1999 гадох. Вядомы сваёй крытыкай Ізраіля і ЗША, параўнаньнем Пуціна зь Гітлерам. Лічыць Расею найбольшай пагрозай для Эўропы.
Спасылкі
Гісторыя Вугоршчыны
Карл IV Вугорскі
Канфлікт Карла IV і Хорці
Міклаш Хорці
Отта фон Габсбург
На здымку Нацыянальная Карона Вугоршчыны.







RSS-стужка