Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Чарнагорыя

Црна Гора, Montenegro, Чарнагорыя: цудоўныя краявіды, змагарная гісторыя. І ўнікальная для Эўропы манархічная традыцыя, якая вядомая далёка ня ўсім.
Ілірыя

Чарнагорыя больш на 2 тысячы год старэйшая за сваю назву. На берагох Каторскае затокі, што праразае ўзьбярэжжа на дзесяткі кілямэтраў углыб, і на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы Ядранскага (Адрыятычнага) мора месьціцца мноства сьлядоў старажытна-грэцкіх калёніяў (VI-V стт. да Н.Х.). На дне затокі часьцяком знаходзяць парэшткі грэцкіх караблёў, якія везьлі з гэтых месцаў віно і пшаніцу. Грэцкія каляністыя мірна ўжываліся з плямёнамі марскіх іліраў, якія, як сьведчуць гісторыкі, былі даволі ваяўнічыя і свабодалюбныя. У першым стагодзьдзі па Н.Х. тут ішла працяглая вайна іліраў з рымскімі заваёўнікамі. Прыморскія іліры змагаліся асабліва зацята і нават увайшлі ў гісторыю разам са сваёй правадыркай каралевай Тэутай. Пасьля рымскае перамогі і ўключэньня гэтых земляў у правінцыю Далмацыя тут усталяваўся адносны спакой. Рымскую імпэрыю зьмяніла Ўсходне-Рымская, а яе, у сваю чаргу, Бізантыя. Дарэчы, мяжа Заходняй і Ўсходняй імпэрыяў праходзіла першапачаткова па Каторскай затоцы, і менавіта гэты факт зрабіў з Чарнагорыі краіну, якая ляжыць між праваслаўем і каталіцтвам.

Хрысьціянства ў гэтым краі ўзьнікла ў апостальскія часы: яшчэ апостал ад 70-ці Ціт, наведваў Далмацыю ў сваіх місіях. Асабліва заквітнела хрысьціянская вера пасьля Міланскага эдыкту ў IV ст. У IV-V стт. будаўніцтва тэатраў і амфітэатраў амаль поўнасьцю спыняецца, затое пачынаюць актыўна муравацца хрысьціянскія храмы. Сёньня ад гэтых першых цэркваў амаль нічога не засталося, за выключэньнем магутных падмуркаў і мэтровых сьценаў катэдральнага сабора VI ст. каля Падгорыцы – сталіцы Чарнагорыі.

Аднак сьлядоў старажытнага хрысьціянства тут усё ж значна менш, чым у Грэцыі ці Італіі. Прычынай таму сталася навала паганскіх славянскіх плямёнаў на землі Ілірыі і Далмацыі ў VII ст. Спачатку славянскія плямёны ў складзе Аварскага каганата дзейнічалі ў памежных раёнах на берагох Дуная. Але неўзабаве славяне пазбавіліся залежнасьці ад авараў і хутка пераадолелі адлегласьць ад Адрыятыкі. Прыкладна на 150-200 гадоў жыцьцё на вялікай частцы Балканаў згасае і наступае працяглы заняпад хрысьціянскае культуры.

Але паступова славянскія плямёны трапілі ў васальную залежнасьць ад пераможаных бізантыйцаў. Апошнія культурна паглынулі ўчорашніх барбараў. Славяне прымалі хрысьціянства паступова, добраахвотна, шмат дзесяцігодзьдзяў, у адпаведнасьці з жаданьнем і разуменьнем кожнага. Мы ведаем, у які дзень князь Уладзімір хрысьціў Кіеў. Сэрбы і чарнагорцы таксама вельмі добра ведаюць даты свайго хрышчэньня. У кожнае сям'і або, лепш сказаць – родзе, штогод з асоблівай урачыстасьцю адзначаюцца "Славы", г.зн. памяць таго сьвятога, у дзень якога ў старажытнасьці гэты род прыняў сьвятое хрышчэньне. Нават у наш час гэта ня кволая, а наадварот – квітнеючая традыцыя.

Дукля

Славянская дзяржава Дукля (названая так па з-за рымскага горада Доклеа, які знаходзіўся каля Падгорыцы), была заснаваная напачатку VII ст. на тэрыторыі былое Рымскае правінцыі Прэваліс, у межах і пад фармальным кіраваньнем бізантыйцаў. Дукля ўключала ў сябе тэрыторыю вакол возера Скадар і бліжэйшыя горы.

Славянскія жупаны, або правадыры плямёнаў сярэднявечнае Чарнагорыі (Дуклі) знахадзіліся пад сюзэрэнітэтам Бізантыі аж да другой паловы X стагодзьдзі, калі яны прызналі ўладу ўласнага князя, які заставаўся васалам Бізантыі да 1040-х гадоў. У Х ст. Дукля зьведала непрацяглаю навалу баўгараў на чале з царом Сімяонам. Пасьля баўгарскага нашэсьця ўплыў Бізантыі прыкметна саслабеў.

Да гэтага жа пэрыяду адносіцца й знакаміты "Летапіс папа Дукляніна" , які моцна паўплываў на далейшыя падзеі і іхнае палітычнае тлумачэньне. Арыгінал летапісу на славянскай мове згублены, і да нас дайшоў позьні лацінскі пераклад. У ім, акрамя цікаўных фактаў чарнагорскае гісторыі, ёсьць цьверджаньне аб тым, што славяне-чарнагорцы зьяўляюцца нашчадкамі старажытнага племя чырвоных харватаў. Гэтая інфармацыя сталася падставай для сур'ёзных спрэчак між славянскімі нацыяналістамі ў XIX-XX стт.

Зьвесткі аб Дуклі і яе правіцелях вельмі бедныя да моманту прыходу да ўлады князя Ўладзіміра (канец Х стагодзьдзі). Легенда аб князі Ўладзіміры і ягонай пакутніцкай сьмерці апісаная ў "Летапісу папа Дукляніна" ў XII ст., а таксама ў народных паданьнях і захоўваецца ў сучасных рэлігійных абрадах. У часы кіраваньня Ваіслава – пляменьніка Ўладзіміра, Дукля атрымала вялікую перамогу над бізантыйскім войскам ля горада Бар у 1042 г. Гэтая перамога змусіла Бізантыйскага імпэратара скласьці саюз з Міхайлам – сынам Ваіслава. Такім чынам, Дукля першай з балканскіх дзяржаваў атрымала сувэрэнітэт і незалежнасьць ад Бізантыі. Прыкладна ад гэтага часу краіна пачала звацца Зэта (мяркуюць, назва пайшла ад старажытнаславянскага слова "жнец") – гэтае найменьне паступова замясьціла ранейшае ў бізантыйскіх крыніцах.

Зета

У 1077 г. Міхайла атрымаў блаславеньне на валадараньне ад рымскага папы Рыгора VII, у выніку чаго Зэта афіцыйна абвяшчаецца каралеўствам. Ягоны спадкаемца Бодзін (1083-1101) працягнуў барацьбу з уплывам Бізантыі на Балканах, і за гады ягонага кіраваньня тэрыторыя і ўплыў Зэты распаўсюдзіліся на суседнія Рашку, Босьнію і Баўгарыю.

Аднак пасьля згасаньня дынастыі Ваіславічаў пазыцыі Зэты слабнуць, і ў 1185 г. гэтая дзяржава далучаецца да сэрбскае правінцыі Рашка. Пры гэтым былі разбураныя ўсе ўзьбярэжныя гарады, акрамя Катора. Сэрбская дынастыя Няманічаў, якая кіравала Рашкай у складзе свайго "Каралеўства Дыяклетыі і Далмацыі", не зьмяніла дзяржаўную сыстэму, створаную папярэднікамі. У гады кіраваньня дынастыі будаваліся дарогі з узьбярэжжа ў Сэрбію, разьвіваўся гандаль і рамёствы, што прывяло да істотнага прагрэсу і падвышэньня дабрабыту ўзьбярэжных гарадоў. Адмысловую ролю ў гандлі паміж краінамі балканскае паўвыспы і Італіяй адыгрываў Катор.

Пасьля сьмерці Душана Няманя ў 1356 г. Зэта здабывае незалежнасьць ад цэнтральнае ўлады ў Сэрбіі і працягвае сваё існаваньне як самастойная фэўдальная дзяржава, спачатку пад кіраваньнем дынастыі Балшычаў (да 1421 года), а затым – Црнаевічаў.

Балшычы істотна пашырылі тэрыторыю свае дзяржавы ў выніку несупынных войнаў як са сваймі суседзямі – албанскімі, басьнійскімі, сэрбскімі фэўдаламі, так і з набіраючымі моц Вэнэцыяй і Турэччынай.

З 1439 Вэнэцыя здабыла пртэкатарат над Зэтай, якой кіравалі тады мясцовыя землеўласьнікі Црнаевічы. З тых часоў пашыраецца сучасная назва Чарнагорыя (Црна Гара), або Монтэнэгра. Але ўпершыню слова Чарнагорыя згадваецца ў 1296 г. ў кроніках манастыра Сьв. Мікалая ў Вранжыне. Так была названая тэрыторыя вакол горы Лоўчын, якая здалёк здавалася чорнай з-за рэдкага лесу.

Чарнагорыя

З узмацненьнем улады Црнаевічаў Зэта (або Чарнагорыя) зрабілася краінай, чыя дзяржаўная сыстэма ўяўляла сабой сумесь фэўдальнага і родавага ладу. У гэты пэрыяд пачасьціліся набегі турак. Тэрыторыя краіны памяншалася, насельніцтва адыходзіла да гары Лоўчын. Новай сталіцай Іван Црнаевіч абраў Цэтыне, дзе пабудаваў свой палац і кляштар. Цэтыне наканавана было стаць дзяржаўным і духоўным цэнтрам чарнагорцаў, якія падтрымліваў іх у змаганьні за волю ў наступныя пяць стагодзьдзяў.

Пры фінансавай падтрымцы сына Івана Црнаевіча – Джураджа, у Цэтыне пачала працу першая ў паўднёваславянскіх землях друкарня. У 1493 годзе там былі выдадзеныя пяць царкоўных кніг, надрукаваных кірыліцай.

Пасьля непрацяглага валадараньня Джураджа краіна патрапіла пад уладу турак (1496 год). Да 1499 туркі заваявалі ўладаньні Црнаевічаў і падпарадкавалі ўсю тэрыторыю Чарнагорыі, за выключэньнем некаторых гарадоў Каторское бухты, якія засталіся пад кіраваньнем вэнэцыянцаў. Старэйшы сын Івана Црнаевіча прыняў іслам у Стамбуле, куды яго паслаў бацька ў якасьці амбасадара, - давялося рабіць выбар паміж сьмерцю і тытулам Скадарского пашы. Ягонаму прыкладу пасьледавала каля траціны славянаў, якія пражывалі ў Чарнагорыі. Другі сын Црнаевіча ўцёк у Італію, кінуўшы на літасьць Божую жменьку праваслаўнага народа, што цесна скучылася вакол Цэтыньскага манастыра.

Барацьба з Турэччынай

XV стагодзьдзе адзначылася гвалтоўным зьнішчэньнем туркамі праваслаўнай дзяржаўнасьці на Балканах . Адна за адной руйнаваліся хрысьціянскія дзяржавы. У 1449 г. туркі зьліквідавалі Сэрбскую дэспатыю, у 1454 г. захапілі Царград, у 1463 г. загінула Басьнійскае каралеўства. Магчыма, што непрывабнасьць і суворасьць чарнагорскіх гор абумовілі адносна позьнюю заваёву Чарнагорыі. Гісторыкі цьвердзяць, што канчатковая акупацыя адбылася ў 1517 г., г.зн. прыкладна ў той самы час, калі туркі выйшлі на Панонскую раўніну, дзе грамілі войскі вугорскіх каралёў. Ад нябачаных дагэтуль зьверстваў чужынцаў уся Эўропа была нібыта скаваная паралюшам жаху. І менавіта падчас гэтага здранцвеньня адбылася неверагодная падзея. У 1519 г. у Цэтыне, у цэнтры Чарнагорыі, успыхнула паўстаньне супраць туркаў. Затым падзеі пачалі набываць яшчэ больш дзіўны характар. У 1525 г. турэцкі султан сваім фірманам (адмысловым законам), даруе Чарнагорскай мітраполіі ня толькі аўтаномію царкоўную, але і палітычную. Усе гэтыя акалічнасьці неўзабаве прывялі да стварэньня тэакратычнай дзяржавы, у якой вярхоўная ўлада, як духоўная, так і сьвецкая, належыла цэтыньскім мітрапалітам. Япіскапамі Чарнагорыі звычайна рабіліся прадстаўнікі аднаго рода. Адсюль вынікае паняцьце "япіскапскіх дынастыяў" у Чарнагорыі, аднак гэта ня значыць пераход япіскаскае катэдры ад бацькі да сына, але, напрыклад, ад дзядзькі да пляменьніка.

У выніку суворых умоваў і зьнешняй небясьпекі ў Чарнагорыі паўстае дзіўная форма грамадзкае арганізацыі – тут цалкам адраджаецца пляменны лад жыцьця, які зьнік у Чарнагорыі яшчэ да сярэдзіны XIV ст. Гэта была разнавіднасьць "вайсковае дэмакратыі", у якой важкую ролю адыгрываў народны сход. Замест старых плямёнаў, паўстаюць новыя, раней невядомыя: піпіры, драбінцы, белапаўлавічы, лаштраевічы і г.д. Плямёны ўзначальваліся старэйшынамі. Прадстаўнікі плямёнаў састаўлялі Народную Скупшчыну, на якой старшынстваваў чарнагорскі мітрапаліт. Народная Скупшчына была вышэйшым заканадаўчым і судовым органам. Мітрапаліт, акрамя духоўнае ўлады, выконваў функцыю кіраўніка дзяржавы і вярхоўнага арбітра ў спорах паміж плямёнамі. Гаспадарчая, выхаваўчая, прававая сфэры жыцьця кожнага племені былі строга падпарадкаваныя адзінай мэце – самаабароне. У XIX ст. нават склаўся тэрмін "славенская Спарта" ў дачыненьні да Чарнагорыі. Тактыка боя чарнагорцаў мела партызанскі характар – зь дзёрзкімі нападамі і высакагорнымі засадамі. На тэрыторыі кожнага племені былі раскіданыя тайныя склады зброі, вады, харчу. Нават зараз чарнагорцы лічацца цудоўнымі стралкамі, дывэрсантамі і майстрамі халоднае зброі.

Петравічы (Негашы)

З XVI ст. туркі не бяз посьпеху спрабавалі прабіцца ў цэнтар Эўропы, да Вены. Для гэтага яны правялі вельмі сур'ёзныя мерапрыемствы для забесьпячэньня сваёй мэты. Найперш гэта тычылася стварэньня так званай "зялёнай лініі", г.зн. ланцуга абласьцей, цераз якія праходзіў найкароткі шлях ад Стамбула да Вены. Мерапрыемствы тут адносіліся ня столькі да будаўніцтва дарог, мастоў, складоў і ўмацаваньняў, колькі да гвалтоўнага навяртаньня жыхароў гэтых раёнаў у іслам. "Зялёная лінія" пачыналася ад Стамбула, ішла паўднёвай Баўгарыяй і Македоніяй, праходзіла цераз Косава і Санджак (паўднёвая Сэрбія і паўночная Чарнагорыя) і, прайшоўшы праз усю Босьнію, сканчалася ў заходняй яе частцы. Атрады янычараў запоўнілі гарады і сёлы, яны забіралі малалетніх дзяцей для папаўненьня янычарскіх атрадаў, зьбіраючы так званую "крывавую даніну". Паселішча за паселішчам пагалоўна альбо пераходзілі ў веру заваёўнікаў, альбо нішчыліся. Пры гэтым былі створаныя такія ўмовы гаспадараньня, каб хлеб для сябе і сваіх блізкіх можна было зарабіць толькі мусульманіну. А тых баўгараў, грэкаў, албанцаў, сэрбаў, якія адступалі ад веры бацькоў, чакалі вялізныя матэрыяльныя выгоды. Сёньня менавіта былая "зялёная лінія" зьяўляецца галоўным фактарам напружанасьці на Балканскай паўвыспе. У Чарнагорыі палітыка "зялёнай лініі" праводзілася ад самага зьяўленьня тут турак. Да пачатку XVIII ст. зьява "патурэчаньня" набыла пагрозьлівыя памеры. Было зразумела, што неўзабаве туркі без адзінага стрэлу ўвойдуць у Цэтыньскі манастыр.

У 1697 г. Чарнагорская Скупшчына абраў уладыкам Данілу I (правіў у 1696—1735) – першага правіцеля дынастыі Петравічаў (Негашаў). У далейшым гэты род даў Чарнагорыі мітрапалітаў, князя і караля. Даніла распачаў арганізаваную барацьбу за палітычнае і рэлігійнае аб'яднаньне краіны, якая разрывалася міжкланавымі канфліктамі і паскоранай ісламізацыяй насельніцтва.

Гэты мітрапаліт на горы Лоўчын сабраў Чарнагорскую Скупшчыну для вырашэньня галоўнага пытаньня – як выжыць краіне, дзе "шматлікая браты патурчыліся". Чарнагорцы вырашылі разгарнуць масштабныя ваенныя дзеяньні з мэтай выгнаньня ўсіх тых, хто навярнуўся ў іслам. Падзея гэтая атрымала назоў "істрага патурыца" або "прагон патурчэнцаў". Дробныя і буйныя атрады, як горная лавіна, абрынуліся ўніз ад Цэтыньскага манастыра, разбуралі супраціў туркаў і нішчылі майно былых славянаў. Вайсковыя дзеяньні чарнагорцаў насілі, як зараз кажуць, татальны характар. Уся акруга здрыганулася ад іх маштабнасьці, бо галоўнай мэтай паўстанцаў была – каб "патурчэнцам" нават не прыходзіла думкі вярнуцца ў Чарнагорыю, а ў нашчадкаў каб ніколі ня ўзьнікла ганебнага намеру прадаць, як кажуць чарнагорцы, "веру за вячэру".

1712 год увайшоў у гісторыю чарнагорскага народа як год адной з найвялікшых перамог войска краіны над басьнійскім візырам Ахмедам-пашой у бітве каля Царовай Лазы.

Уладыка Сава
Пераемнік уладыкі Данілы I - Сава (1700-1781), па сутнасьці, саступіў стырно кіраваньня свайму дзяржаўнаму пляменьніку Васілю (1709-1766), які фактычна ўладарыў Чарнагорыяй з 1750 года. Калі пасьля ягонага скону ўлада зноў апынулася ў Савы, у Чарнагорыі пачаліся "смутныя часіны": у краіне абвясьціўся самазванец.

Уладыка Васіль
Нехта Сьцяпан Малы, выдаючы сябе за рускага цара Пятра III Фядоравіча, поўнаўладна кіраваў Чарнагорыяй з 1766 па 1773 гады, пакуль не быў забіты сваім слугой-грэкам, падкупленым скадарскім пашой. Каб умацаваць сваё становішча правіцеля, Сьцяпан Малы, яшчэ ў 1768 г., выдаў грамату, якая легімітызавала аддзяленьне дзяржаўнай улады ад царкоўнай. Аднак традыцыя мітрапалічага кіраваньня ў Чарнагорыі не перапынілася: пасьля забойства самазванца і сьмерці Савы ўлада перайшла да Пятра I Негаша (1747-1830).

Прыхільнасьць чарнагорцаў да Сьцяпана Малога дорага абыйшлася краіне. Расея адмовіла Чарнагорыі ў рэгулярнай грашовай дапамозе, а імпэратрыца Кацярына II не прыняла мітрапаліта Пятра I Негаша ў Санкт-Пецярбурзе, куды ён прыбыў у 1785 г.
Але высілкамі Гаспадара Пятра I Петравіча (па шматлікіх меркаваньнях – самай выбітнай фігуры ў чарнагорскай гісторыі) краіна ўстала на шлях умацаваньня свайго сувэрэнітэту. Пасьля сэрыі вялікіх перамог над пераўзыходячымі турэцкімі войскамі ў 1796 г. ўплыў Турцыі быў абмежаваны і Чарнагорыя зрабілася дэ-факта незалежнай дзяржавай. Заслугай Пятра I таксама было пераадоленьне зацяжнога нутранога крызісу: ён аб'яднаў чарнагорскія кланы, усталяваў трывалыя сувязі з жыхарамі ўзьбярэжжа, якое знаходзілася пад аўстрыйскай акупацыяй. Ім былі выдадзеныя законы, якія забясьпечвалі пераход ад традыцыйнай, кланавай арганізацыі грамадзтва да сучасных дзяржаўных інстытутаў і мэтадаў кіраваньня.

Пётр II Петравіч Негаш (1830-1851 г.г.), вядомы паэта і філёзаф (аўтар эпічных паэм «Горны вянок» і «Прамень мікракосму»), быў апошнім правіцелем, які спалучаў сьвецкую і духоўную ўлады. Падчас свайго дваццацігадовага кіраваньня ён працягнуў пасьпяховае разьвіцьцё Чарнагорыі, адкрыў першыя сьвецкія пачатковыя школы, стварыў нацыянальную гвардыю і Ўрадавы Сэнат старэйшын плямёнаў. У сваіх вандроўках па Эўропе Негаш сустракаўся са шматлікімі палітычнымі лідэрамі, саноўнікамі, вядомымі людзьмі, што спрыяла фармаваньню прывабнага зьнешнепалітычнага іміджу Чарнагорыі. Дэмаркацыя межаў з Аўстрыяй, якой ён дамогся ў 1841 г., прывяла да прызнаньня Чарнагорыі галоўнымі сусьветнымі дзяржавамі як незалежнай краіны, з вызначынымі межамі й тэрыторыяй. У цяперашні час на радзіме Негашаў сьвята шануюць памяць свайго нацыянальнага героя. Высока ў горах на Лоўчыне находзіцца магільны склеп-маўзалей Гаспадара Пятра II Негаша. Побач узвышаецца чатырохмэтровая гранітная фігура правіцеля-паэты.

Пераемнік Гаспадара і Мітрапаліта Пятра II Князь Даніла Негаш (1826–1860) скасаваў старадаўнюю традыцыю сумяшчэньня духоўнай і сьвецкай улады. Ён распачаў адмысловае падарожжа ў Расею, каб атрымаць ухвалу не прымаць царкоўнага сану, да якога Даніла ня меў схільнасьці. Такім чынам, ён стаў першым сьвецкім правіцелем Чарнагорыі. Скупшчына, скліканая ў Цэтыне 1 (14) сакавіка 1852 года, прыняўшы рашэньне аб будучым ладзе Чарнагорыі як сьвецкае дзяржавы, зыходзіла з таго, што адсутнасьць законных спадчыньнікаў у мітрапалітаў, якія кіравалі краінай, прыводзіла да ўзьнікненьня спрэчак аб праве пераемнасьці ўлады. Князь Даніла, нягледзячы на атрыманьне ў спадчыну ўлады па завяшчаньні, быў уцягнуты ў барацьбу за чарнагорскі пасад з двума сваймі крэўнымі братамі. Князь рэарганізаваў дзяржаўны апарат і войска, абмежаваў кланавы сэпаратызм. У 1855 г. ён увёў «Агульны законьнік чарнагорскі», у якім звычайнае права спалучалася зь некаторымі нормамі эўрапейскага права. Дамагаўся міжнароднага прызнаньня сувэрэнітэту Чарнагорыі, падтрымліваў антытурэцкі рух на Балканах, аказваў дапамогу паўстаньню ў Герцагавіне ў 1857 - 1858 гады. У выніку Чарнагорска-Турэцкае вайны (1857–1858) князь Даніла далучыў да Чарнагорыі некаторыя адваяваныя ў туркаў тэрыторыі. Але 1 (14) жніўня 1860 года ён быў забіты чарнагорскім эмігрантам Кадзічам. Яго зьмяніў на троне апошні князь і адзіны кароль Чарнагорыі (з 1910 года) - Нікола Негаш.

Кароль Чарнагорыі

Найясьнейшы сын вялікага ваяводы Міркі Петравіча Негаша (1820–1867) ад шлюбу з Анастасіяй (Станай) Марцінавіч (1824–1895) зьявіўся на сьвет 7 (20) кастрычніка 1841 года. Ён атрымаў выдатную хатнюю адукацыю. З 1856 года Князь вучыўся ў гімназіі ў Трыесьце, а затым у ліцэі Людовіка Сьвятога ў Парыжы. Ён авалодаў нямецкай, французскай, італьянскай і рускай мовамі. Якраз у той час адмова Чарнагорыі ад удзелу ў Крымскай вайне астудзіла адносіны з Расеяй, і будучаму Манарху давялося аднаўляць больш цёплыя саюзьніцкія стасункі.  

19-гадовы Нікола атрымаў трон пасьля свайго дзядзькі Князя Данілы, які ня меў спадчыньнікаў, і стаў Князем Чарнагорыі. У тым жа годзе новы Гаспадар Чарнагорыі пабраўся шлюбам з Княгіняй Міленай (1847–1923), дачкой чарнагорскага ваяводы Пятра Вукоціча.

Венцаносная Сям'я

У Князя і Княгіні нарадзілся 12 дзяцей; двое зь іх - Сафія і Марыя – памерлі ў маленстве. Усе дарослыя дзеці, акрамя Князёўны Ксеніі і Князёўны Веры (якія ня выйшлі замуж), склалі выгодныя, у тым ліку дынастычныя, шлюбы. За гэта Князя Ніколу называлі "цесьцем Эўропы". Старэйшая Найясьнейшая дачка Зорка Любіца (1864–1890) была жонкай прынца Пятра I (1844–1921), які стаў першым сэрбскім каралём з Дома Карагеоргіевічаў. Яна сканала рана, калі яе Найясьнейшыя дзеці былі яшчэ маленькімі, і дзяржаўны бацька сам займаўся іх выхаваньнем і адукацыяй. Князёўна Алена (1873–1952) выйшла замуж за італьянскага караля і кавалера Віктара Эмануіла III (1869–1947). Князёўна Ганна (1874–1935) стала Найясьнейшай жонкай прынца Франца Іосіфа фон Батэнбэрга (1861-1924), Найясьнейшага брата першага Князя Баўгарыі Аляксандра I (1823–1888) Батэнбэрскага і стрыечнага брата расейскага імпэратара Аляксандра III (1845–1894). Найбольшую вядомасьць у гістарычнай літаратуры атрымалі Князёўна Стана, Анастасія, (1868–1935) і Князёўна Міліца (1866–1951), якія ўвайшлі ў імпэратарскую сям'ю Дома Раманавых. Яны пабраліся шлюбам зь Вялікімі Князьмі Мікалем Мікалаевічам (1856 – 1929 гг.) і Пятром Мікалаевічам (1864–1931), унукамі расейскага імпэратара Мікалая I (1796–1855). Спадчынны прынц і кавалер Даніла (1871–1939) вянчаўся з прынцэсай Ютай Мэкленбург-Страліцкай (1880–1946), Найясьнейшай дачкой вялікага герцага Адольфа Фрыдрыха V Мэкленбург-Страліцкага ад шлюбу з прынцэсай Лізаветай Ангальцкай, якая атрымала ў хрышчэньні імя Міліцы. Прынц Мірка (1879–1918), вялікі ваявода Грахава, у 1902 г. вянчаўся з Натальляй Канстанцінаўнай (1882–1950), далёкай сваячкай сэрбскага караля Аляксандра I Абрэнавіча (1876–1903). Самы малодшы прынц Пётр (1889–1932) вянчаўся з Віялетай Вегнэр (1887–1960).

Кіраваньне караля Мікалая Негаша

Нікола Петравіч пераняў трон у гады, калі на эўрапейскай палітычнай арэне зноўку ўзьнімалася "усходняе пытаньне".
У 1862 г., з нагоды паўстаньня ў Герцагавіне праваслаўных хрысьціянаў, Нікола I распачаў вайну з Турэччынай, якая скончылася разгромам Чарнагорыі. Сталіца Княства Цэтыне была ўзятая туркамі, і Манарху давялося падпісаць невыгодны мір. Аднак, абапіраючыся на заступніцтва вялікіх дзяржаваў, ён здолеў паступова вызваліцца ад узятых ім цяжкіх абавязальніцтваў. Падчас Усходняга крызісу 1875-1878 гадоў Чарнагорыя атрымала перамогі над асманскімі войскамі ў бітвах пры Вуччым Доле і Фундзіне.

У Руска-турэцкай вайне 1877—1878 Чарнагорыя ўдзелу не прымала, але па Сан-Стэфанскай мірнай дамове 19 лютага (3 сакавіка) 1878 яна атрымоўвала памежныя землі і выхад да мора з двума партамі — Барам і Ўльцінам.  

13 ліпеня 1878 (зараз нацыянальнае сьвята) па Бэрлінскім трактаце заходнія дзяржавы прызналі Чарнагорыю незалежнай дзяржавай. Тэрыторыі яна атрымоўвала меншыя (гарады Падгорыца, Нікшыч і Калашын) чым па Сан-Стэфанскай мірнай дамове, хоць выхад да мора за ёй захаваўся (толькі адзін порт — Бар). Такім чынам, Чарнагорыя павялічыла свае тэрыторыі, насельніцтва і набыла пэўныя эканамічныя выгоды. Аднак права на "марскі паліцэйскі і санітарны нагляд як у Антывары, так і ўздоўж усяго ўзьбярэжжа" атрымала Аўстра-Вугоршчына; акрамя таго, яна набыла права ўтрымоўваць гарнізоны ў Нова-Пазарскім Санджаку - і гэта адрэзала Чарнагорыю ад Сэрбіі. Такім чынам, павялічыўшы ўдвая тэрыторыю і насельніцтва Чарнагорыі, Бэрлінскі трактат 1878 года ўсё жа ня вырашыў поўнасьцю галоўную праблему яе існаваньня і нават ускладніў яе, паставіўшы Чарнагорыю ў залежнасьць ад Аўстра-Вугоршчыны, якая сьціснула яе з абодвух бакоў.

Пры гэтым чарнагорцы паказалі вялікую памяркоўнасьць у дачыненьні да мясцовага насельніцтва, так што мусульмане і этнічныя албанцы засталіся жыць у Чарнагорыі і атрымалі ўсе грамадзянскія правы і свабоды. Шматлікія прадстаўнікі гэтых груп насельніцтва занялі высокія пазыцыі ў органах дзяржаўнага кіраваньня і на ваеннай службе.

Важнай заслугай Князя зьяўляецца кадыфікаваньне права. Для гэтай мэты ім быў запрошаны ў Чарнагорыю прафэсар Богішыч, які склаў «Законьнік». Князь Нікола I хацелў спалучыць у Чарнагорыі эўрапейскую цывілізацыю са старажытным патрыярхальным ладам жыцьця. Сам Гаспадар трымаўся вельмі проста, адрозьніваўся вялікай даступнасьцю, асабіста, седзячы на пляцы, разьбіраў скаргі грамадзянаў, не баючыся замахаў. Але менавіта пры ім упершыню зьявіўся ў Чарнагорыі палітычны рух, скіраваны супраць кіраўніка дзяржавы; з Чарнагорыі ў Сэрбію і ў іншыя краіны пацягнуліся палітычныя эмігранты і бунтаўнікі.

У 1879 г. Князь апублікаваў Статут, які меў моц канстытуцыі. Паводле яго была арганізаваная Дзяржаўная Рада, палова чальцоў якой павінна быць выбарнай; аднак гэтая рада ніколькі не абмежоўвала ўлады Князя. У 1888 г. прымаюцца Грамадзянскі кодэкс і Закон аб Уласнасьці, распрацаваныя на аснове аўстра-вугорскіх. 19 сьнежня 1905 года Князь Нікола прадставіў першую Канстытуцыю Чарнагорыі.

Нарэшце 13 жніўня 1910 года, у гонар 50-годзьдзя кіраваньня, Нікола I атрымаў ад Народнай Скупшчыны тытул караля. Такім чынам, з 13 жніўня 1910 года па 3 кастрычніка 1918 года Чарнагорыя была каралеўствам, паўторна рэалізаваўшы папскае блаславеньне XI стагодзьдзя.

У гэты ж час хутка ўзрастае прамысловасьць Чарнагорыі. Па дамоўленасьці з каралём Італіі Віктарам Эмануілам (чыёй жонкай была Алена, дачка Князя Ніколы) Італія ўклала 10 мільёнаў лір у разьвіцьцё эканомікі Чарнагорыі. На гэтыя грошы былі пабудаваныя порт у Бары і чыгунка, якая зьвязала Бар, Вірпазар, сёньняшнюю сталіцу краіны Подгоріцу і Данілаўград.

Асноўным напрамкам зьнешняе палітыкі караля Ніколы I было аб'яднаньне ўсіх югаслаўскіх земляў, улучна з Сэрбіяй, пад уладай Негашаў. З гэтай мэтай Манарх спачатку шукаў падтрымкі ў Аўстра-Вугоршчыне, як найбольш блізкай да Чарнагорыі дзяржавы, але варожай да Сэрбіі, склаўшы зь ёй у 1907 г. сакрэтную дамову. У той жа час, як ужо было сказана раней, ён імкнуўся падтрымліваць саюзьніцкія адносіны з Расеяй, ад якой неаднаразова атрымліваў субсыдыі і падарункі. Аднак гэтая палітыка балянсаваньня паміж двума варожымі лягерамі ў 1908 г. выпрабавала сур'ёзны ўдар, калі Аўстра-Вугоршчына нечакана для ўсіх анэксавала Босьнію і Герцагавіну. Наступныя падзеі прывялі да ашаламляльных пераменаў на мапе Балканскае паўвыспы.

Балканскія войны і Першая сусьветная вайна

9 кастрычніка 1912 Чарнагорыя распачала вайсковыя дзеяньні супраць Асманскае Імпэрыі, чым разьвязала Першую Балканскую вайну.

З 22 красавіка па 5 траўня 1913 Чарнагорыя акупавала горад Шкодэр, чым выклікала марскую блякаду з боку Аўстра-Вугоршчыны, Нямеччыны, Францыі, Італіі і Вялікабрытаніі, бо сваймі дзеяньнямі яна зацягвала мірныя перамовы з Асманскай Імпэрыяй. Толькі пасьля здачы Шкодэра магла быць падпісаная Лёнданская мірная дамова (30 траўня 1913 г.).

У выніку Балканскіх войнаў Чарнагорыя ў паўтары разы павялічыла сваю тэрыторыю і атрымала ўрадлівыя раёны Нова-Пазарского санджака, але ад Скадарской нізіны, якой Чарнагорыя асабліва настойліва дамагалася, яна, па патрабаваньню Аўстра-Вугоршчыны, вымушаная была адмовіцца на карысьць узноўленай Албанскай дзяржавы.

Чарнагорыя ледзьве пасьпела ўступіць у валоданьне новымі землямі, як у 1914 г. пачалася Першая сусьветная вайна. Першыя паўтара гады – з 5 жніўня 1914 па 25 студзеня 1916 – Чарнагорыя ваявала на боку Антанты супраць Аўстра-Вугоршчыны разам з Сэрбіяй (што, аднак, не перашкодзіла Сэрбіі весьці дзеяньні для зрынаньня з трона Ніколы I).

3 лютага 1916 года Аўстра-германскія войскі акупавалі Чарнагорыю і перадалі ўладу другому Найясьнейшаму сыну караля Мірку Петравічу. Менавіта ён, 20 лютага, падпісаў Акт аб капітуляцыі, прызнаўшы над сабою і краінай Аўстра-Вугорскі акупацыйны рэжым. Так, Аўстра-Вугоршчына, прызначыўшы каралевіча Мірку часовым правіцелем акупаванага каралеўства, здолела скампрамэтаваць дынастыю Негашаў у вачох уласнага народа і праваслаўных саюзьнікаў. Кароль Нікола I пасьля ўваходжаньня непрыяцеля ў Чарнагорыю, 30 студзеня 1916 года быў вымушаны назаўжды пакінуць краіну і апынуўся ў Біярыцы ў Францыі.

Вялікія дзяржавы ў сваёй палітыцы ўсё больш арыентаваліся на Нацыянальную раду буржуазнай апазыцыі, якая нахадзілася ў вымушанай эміграцыі і ў 1917 г. далучылася да дэклярацыі паўднёвых славянаў на выспе Корфу аб стварэньні адзінай дзяржавы сэрбаў, харватаў і славенцаў. Аўтарытэт уцекача караля Ніколы I быў падарваны. Саюзьнікі таксама страцілі да Манарха ўсялякую цікавасьць, асабліва пасьля прыняцьця 3 ліпеня 1917 года сэрбскім прэм'ерам Н. Пашычам і прадстаўніком Югаслаўскага камітэту ў Лёндану А.Трумбічам Корфской дэкларацыі аб аб'яднаньні ўсіх югаславянскіх земляў вакол Сэрбіі, як мэты Вялікай вайны на Балканах.

Пасьля працяглай акупацыі Аўстрыяй Чарнагорыя была вызваленая ўвосень 1918 г. З заканчэньнем вайны, сэрбы ўзьнялі пытаньне аб аб'яднаньні двух дзяржаў. 26 лістапада 1918 года так званая "Вялікая народная скупшчына Чарнагорыі" прыняла рашэньне аб адхіленьні ад улады караля Ніколы і дынастыі ў цэлым. Вострую крытыку на "скупшчыне" выклікалі ўцёкі манарха і той факт, што сын Ніколы, каралевіч Мірка, стаў часовым марыянеткавым правіцелем акупаванага каралеўства.

Так дынастыя Негашаў-Петравічаў апынулася зрынутай, а каралю і чальцам ягонае сям'і быў забаронены ўезд на тэрыторыю краіны. Памёр апошні кароль Чарнагорыі 16 лютага 1921 года ў горадзе Анціб на поўдні Францыі, забыты ўсімі. Пахаваны ў рускай царкве італьянскага горада Сан-Рэма. У 1989 г. прах караля Ніколы I і яго жонкі Мілены быў перавезены з Сан-Рэма ў Бар - прыморскі горад у Чарнагорыі. Месцам іх апошняга прыстанку стала старажытная царква ў цэнтры Цэтыне, недалёка ад іх ранейшага каралеўскага Палаца. У цырымоніі перапахаваньня прыняла ўдзел прынцэса Лізавета – дачка былога прынца-рэгента Паўла Карагеоргіевіча.

Чарнагорцы, якія засталіся ляяльнымі да зрынутай з трона дынастыі Петравічаў (у народзе іх звалі "зялёнымі" - "zelenasi"), у 1919 годзе ўзьнялі паўстаньне супраць сэрбскага войска і ягоных чарнагорскіх прыхільнікаў (што зваліся "белымі" - "bjelasi"). "Зялёныя" былі разгромленая сэрбскім войскам за некалькі дзён у праваслаўныя Калядныя сьвяты. Нягледзячы на жорсткае здушэньне паўстаньня, узброены супраціў Сэрбіі ў горных раёнах краіны працягваўся аж да 1926 года, калі чарнагорцы паверылі абяцаньням Антанты вярнуць незалежнасьць краю. Мяцежная традыцыя "зялёных" пазьней захоўвалася ў Чарнагорскай фэдэралісцкай партыі, а пазьней і ў камуністычным руху.

Югаславія

Такім чынам, у выніку вайны Чарнагорыя сталася адзінай краінай-пераможцай, якая страціла ўласную незалежнасьць. Упершыню за шматвяковую гісторыю імя Чарнагорыі зьнікла з палітычнае мапы Эўропы.

Улады Югаславіі рабілі спробы задушыць незадаволенасьць шматлікіх чарнагорцаў сваім становішчам у складзе Каралеўствы шляхам зьмены адміністрацыйна-тэрытарыяльнай арганізацыі рэгіёна – стварэньнем так званых губэрняў ("банавін") і ўвядзеньнем пасадаў губэрнатараў ("банаў"). Аднак гэтыя зьмены ня мелі належнага эфэкту і палітычныя канфлікты станавіліся ўсё больш вострымі.

Адразу ж пасьля пачатку другой сусьветнай вайны Югаславія была падзеленая паміж Нямеччынай, Італіяй, Вугоршчынай і Баўгарыяй. Большасьць Чарнагорыі перадавалася італьянцам, рэшта – Албаніі, якая сама знахадзілася пад італьянскім кіраваньнем. Няўдалай апынулася італьянская спроба аднавіць манархію ў Чарнагорыі: унук караля Ніколы I прынц Міхаіл Міркавіч (1908-1986) у 1941 г. адкінуў прапанову Мусаліні ўзначаліць марыянеткавую дзяржаву і пакінуў Югаславію. Пасьля сканчэньня вайны, у 1945 г., ён вярнуўся на радзіму па запрашэньні дыктатара Ёсіпа Броз Ціта, але праз два гады змушаны быў ізноў зьехаць, бо ня здолеў увайсьці ў новы "сацыялістычны" лад Югаславіі. Памёр ён у Парыжы. Там жа ў 1944 г. нарадзіўся яго адзіны сын.

13 ліпеня 1941 года ў Чарнагорыі пачалося ўзброенае паўстаньне, якое было распачата камуністамі і іхнымі прыхільнікамі, і падтрымана сэрбскімі нацыяналістамі – чэтнікамі ці "белымі". Іхнымі праціўнікамі былі італьянцы, немцы і "зялёныя" – чарнагорскія сэпаратысты пад кіраўніцтвам Сэкуле Дрльевіча і старога чарнагорскага генэрала Крстэ Паповіча. Паўстаньне працягвалася ўсяго некалькі тыдняў. Прасэрбскія нацыяналісты зьмірыліся з паразай і спынілі барацьбу, аднак камуністычныя партызаны ня склалі зброю. Паступова сэрбскія нацыяналісты ўступалі ў кантакты зь італьянцамі, дапамагаючы ім у барацьбе супраць партызанаў.

Падчас вайны 10% насельніцтва Чарнагорыі было забіта ў бітвах акупантаў і мясцовых нацыяналістычных і фашысцкіх атрадаў. Барацьба з фашызмам дазволіла Чарнагорыі ўзьняць свой дзяржаўны статут і ў 1946 г. яна зрабілася адной з шасьці рэспублік сацыялістычнай Югаслаўскай фэдэрацыі.

У 70-х гадох у Югаславіі пачаўся рух да дэцэнтралізацыі і дэмакратызацыі, які ўзмацніў пазыцыі рэспублік. Аднак у выніку Югаславія была ахопленая крывавай грамадзянскай вайной, якая завяршылася ў пачатку 90-х гадоў аддзяленьнем Харватыі, Славеніі, Македоніі, Босьніі і Герцагавіны.

У 1992 г. Чарнагорыя разам з Сэрбіяй утварылі новую дзяржаву – Саюзную рэспубліку Югаславія. Аднак з-за рознагалосьсяў паміж рэспублікамі СРЮ праіснавала ледзь больш 10 гадоў і была ліквідаваная 4 лютага 2003 года. У гэты ж дзень было абвешчана стварэньне Дзяржаўнай супольнасьці Сэрбіі і Чарнагорыі. Хоць нежыцьцяздольнасьць гэтае структуры была зразумелая адпачатку, яна праіснавала тры года (такія былі патрабаваньні міжнароднай супольнасьці дзеля "падтрыманьня стабільнасьці на Балканах"), і канец яе быў цалкам лягічны: 21 траўня 2006 года народ Чарнагорыі на рэфэрэндуме аднавіў незалежнасьць сваёй краіны.

Апошні Негаш

Найясьнейшы праўнук чарнагорскага караля Ніколы I Нікола Петравіч Негаш, які пражывае ў Францыі, кандыдатам на трон сябе ня лічыць, насупраць, падкрэсьлівае сваю поўнаю абыякавасьць да палітыкі.

Упершыню Нікола наведаў зямлю сваіх продкаў у 1960-я гады ў якасьці турыста, і гэтае падарожжа прынесла яму яскравыя ўражаньні. Наведаньне каралеўскага Палаца Негашаў у Цэтыне і, асабліва Лоўчана, дзе ў той час яшчэ ня быў узьведзены маўзалей, але стаяла невялікая цэркаўка, мела моцнае эмацыйнае ўздзеяньне на нашчадка гераічнае дынастыі.

Нікола жыве і працуе ў Парыжы, па адукацыі ён архітэктар, захоплены сваёй працай; у яго двое выдатных дзяцей. Мастацкая адукацыя дазволіла яму прафэсійна ацаніць унікальнасьць і арыгінальнасьць такога старажытнага горада, як Цэтыне. Тут паводле задумы Ніколы павінны праводзіцца агульнаэўрапейскія фэсты жывапісу, ідэя арганізацыі якіх цалкам захапіла яго ў цяперашні час.

Спасылкі

Српска.ру
Црна Гара
Discover Montenegro
NJEGOS.ORG
Чарнагорыя.ру
Највећа фото галеріја Црне Горе

А на заканчэньне прапаную праглядзець хвілінны ролік пра каранацыю апошняга ўладара Чарнагорыі Ніколы I Негаша.