Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Княства Мінэрва - ВКЛ у мініяцюры

Усё пачалося з амэрыканскага грамадзяніна Майка Олівэра (Michael Oliver). Гэты чалавек - выбітны бізнэсовец, лібэртарыянец і палітычны дзеяч. Па нацыянальнасьці - жыд, нарадзіўся ў 1928 годзе ў Літве - дзе менавіта, зьвестак не знайшоў: можа ў Летуве, можа ў Віленскім краі. У любым выпадку - ён, як і мы ўсе, зьяўляецца нашчадкам Вялікага Княства Літоўскага.

Ён правёў 4 гады у фашыстоўскім канцлягеры, потым яшчэ 2 гады - у амэрыканскім лягеры для перамешчаных асобаў. Пераехаў у 1947 годзе ў ЗША. Скончыў інстытут і служыў у паветраных войсках падчас вайны ў Карэі. Пасьля службы працаваў інжынерам па распрацоўцы радараў, кансультаваў NASA. Потым заняўся нерухомасьцю, пераехаў у Лас-Вэгас. Справы ішлі добра, ён стаўся мільянэрам. Майк ужо тады быў апантаным лібэртарыянцам, якога напружвае дзяржаўны кантроль і абмежаваньні. У яго ўзьнікла ідэя стварэньня новай дзяржавы для сапраўды свабодных людзей, з новай канстытуцыяй і адкрытай эканомікай. Пра гэтую ўтапічную дзяржаву ён напісаў багата артыкулаў у розных выданьнях.

У 1971 годзе Майк Олівэр разам з двума сябрамі (усе былі чальцамі Ocean Life Research Foundation) вандраваў на яхце па Ціхім акіяне. У 260 мілях на захад ад асноўнага архіпэляга Тонга яны знайшлі два каралавыя рыфы, якія двойчы на дзень хаваліся пад прыліўнай хваляй. З гэтае прычыны выспачкі не былі пазначаныя ні на адной мапе. Рыфы знаходзяцца на адлегласьці 27 км адзін ад аднаго, дакладныя каардынаты: 23°23?S 178°58?W.
Рыфы назвалі - Паўднёвая і Паўночная Мінэрва. Адначасна Майк вырашыў заснаваць на гэтых нічыйных выспах новую свабодную дзяржаву - Мінэрву. Дэвізам краіны абралі фразу "Краіна ўзыходзячага атола". Плянавалася насыпаць зямлі і на штучнай сушы збудаваць новы горад - Sea City з насельніцтвам 30 000 чалавек. Фундатары хацелі зрабіць падаткавы рай - без дзяржаўнага ціску, пабораў, субсыдяў і усялякага эканамічнага інтэрвэнцыянізму. Напаўненьне дзяржаўнага бюджэту плянавалася рабіць за кошт рэгістрацыі іншаземных караблёў, афшорных кампаній, заахвочваньня экзатычнага турызму (да 60 000 турыстых штогод).
У тым жа 1971 годзе Майк Олівэр набыў адмыслоўвы карабель і прывёз на Мінэрву пясок з Аўстраліі. На насыпанай выспе ён змураваў невялікі маяк, на якім залунаў сьцяг незалежнае Мінэрвы: запаленая паходня на сінім колеры.
Нарэшце, 19 студзеня 1972 года была афіцыйна абвешчаная незалежнасьць Рэспублікі Мінэрва. А ў лютым быў абраны першы прэзыдэнт мікракраіны - сябрук Майка - Морыс Дэвіс (Morris C. Davis). Гэтая падзея адразу ж выклікала нэгатыўную рэакцыю суседніх дзяржаваў: на рэгіянальнай канфэрэнцыі 24 лютага 1972 года свае прэтэнзіі да новастворанай краіны высунула Каралеўства Тонга.

А 15 чэрвеня 1972 г. урад Тонга прыняў адмысловую заяву, у якой прынамсі, гаворылася: "Так званыя рыфы Паўночная і Паўднёвая Мінэрва даўгі час выкарыстоўваюцца народам Тонга падчас рыбнае лоўлі, і здаўна вядомыя пад назвамі Тэлекі Такелаў і Тэлекі Тонга."
Кароль Тонга Таўфаахфу Тупоў IV на караблі «Алаваба» разам з 100 вайскоўцаў Тонга (якія набіраюцца зь ліку зьняволеных) выправіўся ў марскі паход. Тонгаўцы сарвалі зь вежы сьцяг Мінэрвы і зачыталі Дэклярацыю суверэнітэту рыфаў у складзе Тонга. 21 чэрвеня 1972 года вайсковы аркестар Тонга выканаў гімн Тонга, і Мінэрва была канчаткова анэксаваная. У верасьні 1972 года суседнія дзяржавы ўхвалілі дзеяньні Тонга.
Маленькая Мінэрва ня мела аніякіх мажлівасьцяў для абароны і вызваленьня акупаваных земляў. Урад вымушаны быў выправіцца ў выгнаньне.
Майк Олівэр зьвяртаўся па дапамогу да заходніх дзяржаваў і карпарацыяў, але паўсюль сустрэў адмову. Пазьней ён спрабаваў рэалізаваць падобныя праекты на Багамах і ў Вануату, але безпасьпяхова.
Прэзыдэнт Морыс Дэвіс разам з групай прыхільнікаў у 1982 годзе спрабаваў вызваліць Мінэрву, але праз 3 тыдні яны былі дэпартаваныя ўзброенымі сіламі Тонга.

Князь Кальвін з тайваньскім дыпляматам
1 кастрычніка 2003 года ў Чарлстоне (Паўднёвая Караліна, ЗША) прыхільнікі незалежнасьці Мінэрвы са згоды Майка Олівэра рэфармавалі ўрад у выгнаньні і абвясьцілі Княства Мінэрва начале з Князем Кальвінам (Prince Calvin). Дзейнічае бачына, на якой сябры Мінэрвы могуць падпісаць петыцыю ў падтрымку гэтае дзяржавы.
У сьнежні 2005 года Фіджы таксама высунула афіцыйныя прэтэнзіі на выспы Мінэрвы. Такім чынам, гэтыя маленькія рыфы патрабуюць ужо тры дзяржавы. Падтрымку Мінэрве выказвае толькі зусім ужо віртуальны султанат Акусі Амбена, які быццам экспартуе галюцынагенныя грыбы для гіпі.

Высновы: гэтая крыху сьмешная і сумная гісторыя з нашчадкам ВКЛ вельмі нагадвае й самое ВКЛ, і БНР, і БССР і РБ: нешта ж было, але неяк несур'ёзна і нетрывала. Штосьці фатальнае засталося ад ВКЛ ва ўсіх нас. Аднак людзі мы добрыя - "абы не была вайны"...