ПАДАННЕ ПРА РАГНЕДУ

У год 6488 (980)... Паслаў Уладзімір да Рагвалода1 ў Полацак сказаць: «Хачу ўзяць тваю дачку сабе за жонку». Той спытаў у сваёй дачкі: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуць рабыніча, а Яраполка2 хачу». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў уладу ў Полацку, а Тур - у Тураве, ад яго ж і празваліся тураўцы. І прыйшлі отракі Ўладзіміра і перадалі яму словы Рагнеды, дачкі полацкага князя Рагвалода. Уладзімір жа сабраў шмат вояў - варагаў, славен, чудзі і крывічоў - і пайшоў на Рагвалода. А ў гэты час ужо збіраліся выдаваць Рагнеду за Яраполка. І напаў Уладзімір на Полацак, забіў Рагвалода і двух яго сыноў, а дачку яго ўзяў за жонку.

У год 6636 (1128) памёр полацкі князь Барыс3... Пра гэтых Усяславічаў раскажам, як людзі дасведчаныя апавядалі. Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, тады Ўладзімір быў яшчэ юнаком і язычнікам і жыў у Ноўгарадзе. І быў у яго дзядзька Дабрыня4, храбры ваявода і спраўны мужчына. І паслаў ён да Рагвалода і прасіў яго аддаць дачку за Ўладзіміра. Спытаў у сваёй дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуць рабыніча, а Яраполка хачу». Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора і трымаў уладу ў Полацку. Уведаўшы гэта, раззлаваўся Ўладзімір ад тых слоў дзяўчыны, якая сказала: «не хачу я за рабыніча», і пажаліўся Дабрыні. І раз'юшыліся яны, сабралі вояў і пайшлі на Полацак. І перамаглі Рагвалода. Сам жа полацкі князь уцёк у горад. І паланілі Рагвалода, яго жонку і дачку. І прыгадаў Дабрыня яму і яго дачцы «рабыніча» і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і маці. Пасля Ўладзімір забіў яе бацьку, а яе самую ўзяў за жонку. І назвалі яе Гарыславаю. І нарадзіла яна Ізяслава. Уладзімір жа пасля меў шмат іншых жонак і стаў ёю грэбаваць.

Аднойчы, калі ён прыйшоў да яе і заснуў, яна хацела яго зарэзаць нажом. І надарылася яму [у той момант] прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцём». І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як у дзень шлюбу, і сесці на белай пасцелі ў палацы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна так і зрабіла. І дала ў рукі свайму сыну Ізяславу аголены меч і сказала: «Як увойдзе твой бацька, выйдзі наперад і скажы: «Бацька, не думай, што ты тут адзін». [І зрабіў так Ізяслаў]. Уладзімір жа сказаў: «А хто ведаў, што ты тут». І апусціў ён свой меч, склікаў баяр і расказаў ім [усё гэта]. Яны ж параілі яму: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй са сваім сынам». І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў гэты горад Ізяслаўлем. І з таго часу меч узнімаюць Рагвалодавы ўнукі супраць Яраслававых унукаў.


АПОВЕСЦЬ ПРА ЎСЯСЛАВА ПОЛАЦКАГА


У год 6529 (1021). Прыйшоў Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра, на Ноўгарад, і ўзяў Ноўгарад, і, захапіўшы ноўгарадцаў і іх набытак, пайшоў к Полацку. І калі прыйшоў ён да ракі Судомір, Яраслаў з Кіева на сёмы дзень тут дагнаў яго. І перамог Яраслаў Брачыслава, і ноўгарадцаў вярнуў у Ноўгарад, а Брачыслаў пабег к Полацку.

У год 6552 (1044)... У той жа год памёр Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра, бацька Ўсяслава, і Ўсяслаў, сын яго, сеў на яго [княскім] стале [у Полацку]. Маці ж яго нарадзіла ад чарадзейства. Калі маці яго нарадзіла, на галаве яго была сарочка. І сказалі вешчуны яго маці: «Гэтую сарочку навяжы на яго, няхай носіць яе да смерці». І носіць яе на сабе Ўсяслаў і сёння, таму і нялітасцівы ён на кровапраліцце.

У год 6574 (1066)1. Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад, з жанчынамі і дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі. О, вялікая бяда была ў той час!

У год 6575 (1067). Узняў раць у Полацку Ўсяслаў, сын Брачыслава, і заняў Ноўгарад. Трое ж Яраславічаў, Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, сабраўшы вояў, пайшлі на Ўсяслава ў люты мароз. І падышлі [яны] да Менска. І зачыніліся мяняне ў горадзе. Браты ж узялі Менск, перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і дзяцей узялі ў палон і пайшлі да Нямігі2. І пайшоў Усяслаў супраць іх. І сустрэліся праціўнікі на Нямізе месяца сакавіка ў 3-ці дзень, быў снег вялікі, і пайшлі адзін на аднаго. І была лютая сеча, і многія палеглі ў ёй, і перамаглі Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, Усяслаў жа ўцёк.

Пасля гэтага месяца ліпеня ў 10-ты дзень Ізяслаў, Святаслаў і Ўсевалад, пацалаваўшы крыж святы Ўсяславу, сказалі яму: «Прыйдзі да нас, не ўчынім табе [нічога] злога». Ён жа, спадзеючыся на іх крыжацалаванне, пераехаў да іх у лодцы праз Днепр. Калі ж Ізяслаў увайшоў першы ў шацёр, тут схапілі Ўсяслава, на Ршы каля Смаленска3, пераступіўшы крыжацалаванне. Ізяслаў жа, прывёўшы Ўсяслава ў Кіеў, пасадзіў яго і двух сыноў у турму.

У год 6576 (1068). Прыйшлі іншапляменнікі на Рускую зямлю, мноства полаўцаў. Ізяслаў жа, Святаслаў і Ўсевалад выйшлі супраць іх на Альту4. І ноччу пайшлі адзін на аднаго. За грахі нашыя наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі, і перамаглі полаўцы.

...Калі Ізяслаў з Усеваладам пабеглі ў Кіеў, а Святаслаў у Чарнігаў, тады кіяўляне прыбеглі ў Кіеў, сабралі веча на рынку і паслалі да князя сказаць: «Вось полаўцы рассеяліся па ўсёй зямлі, дай, княжа, зброю і коней, і мы яшчэ паваюем з імі». Аднак Ізяслаў не паслухаў гэтага. І пачалі людзі наракаць на ваяводу Каснячка, пайшлі на гару з веча і прыйшлі на двор Каснячка і, не знайшоўшы яго, сталі ля двара Брачыслава і сказалі: «Пойдзем вызвалім дружыну сваю з турмы». І падзяліліся [яны] на дзве часткі: адна палова пайшла да турмы, а другая палова пайшла па мосце і прыйшла на княскі двор. Ізяслаў жа ў гэты час на сенях раіўся з дружынаю сваёю. І пачалі спрачацца з князем [людзі], стоячы ўнізе.

Калі князь глядзеў з акна, а дружына стаяла каля яго, сказаў Ізяславу Тукі, брат Чудзіна5: «Бачыш, княжа, людзі загулі; пашлі, няхай Усяслава павартуюць». І пакуль ён гэта казаў, другая палова людзей прыйшла ад турмы, адкрыўшы яе. І сказала дружына князю: «Злое ўчынілася; пашлі да Ўсяслава, няхай, паклікаўшы падманам да акна, праткнуць яго мечам». І не паслухаў гэтага князь. Людзі ж закрычалі і пайшлі да турмы Ўсяслава. Ізяслаў жа, убачыўшы гэта, пабег з Усеваладам з двара. Людзі ж вызвалілі Ўсяслава з турмы ў 15-ты дзень верасня і ўшанавалі яго пасярод княскага двара. Двор жа княскі разрабавалі, безліч золата і срэбра, у манетах і злітках. Ізяслаў жа ўцёк да ляхаў.

Усяслаў жа сеў у Кіеве. Гэтым Бог паказаў сілу крыжа, таму што Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў яго [Усяслава], з-за гэтага і наслаў Бог паганых. Усяслава ж яўна выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Ўсяслаў, уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай турмы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і тут [на зямлі] будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаны сілы д'ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае, крыж аберагае ў бітвах, веруючыя перамагаюць супастатаў, крыж хутка ратуе ад напасцяў тых, хто просіць яго дапамогі, веруючы. Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа. Калі з'яўляюцца д'ябальскія прывіды, то, перахрысціўшыся, іх праганяюць. Усяслаў жа сядзеў у Кіеве сем месяцаў.

У год 6577 (1069). Пайшоў Ізяслаў з Баляславам6 на Ўсяслава, Усяслаў жа выступіў насустрач. І прыйшоў да Белгарада7, ноччу ж ён патаемна ад кіяўлян уцёк з Белгарада ў Полацак... Ізяслаў жа выгнаў Усяслава з Полацка і пасадзіў у Полацку свайго сына Мсціслава; ён жа неўзабаве памёр там. І пасадзіў [Ізяслаў у Полацку] на яго месца яго брата Святаполка, Усяслаў жа ўцёк.

У год 6579 (1071)... У той жа год выгнаў Усяслаў Святаполка з Полацка. У той жа год перамог Яраполк Усяслава каля Галацічаска8.

(1078)10. Усяслаў Смаленск папаліў, і я з чарнігаўцамі верхам з паводнымі коньмі паімчаўся [к Смаленску] і не засталі [яго] ў Смаленску. У той пагоні за Ўсяславам я папаліў зямлю і паваяваў яе да Лукомля і да Лагожска, пасля на Друцак9 пайшоў вайною і зноў [вярнуўся] у Чарнігаў.

(1084). У тую ж восень хадзілі з чарнігаўцамі і з полаўцамі-чытаевічамі к Менску, захапілі горад і не пакінулі ў ім ні чалядзіна, ні жывёліны.

У год 6609 (1101). Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка ў 14-ты дзень, у дзевяць гадзін дня, у сераду.


Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.