ЛЕТАПІС ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ



У вялікага князя літоўскага Гедзіміна сем сыноў было1: старэйшы Мантывід, затым Нарымонт, затым Альгерд, бацька караля [Ягайлы], затым Яўнут, потым Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, затым Карыят, сёмы Любарт. Мантывіду бацька даў Карачаў2 і Слонім, Нарымонту - Пінск, бацьку караля, - Крэва, да таго ж князь віцебскі сыноў не меў і прыняў [Альгерда] да дачкі ў Віцебск у зяці, Яўнута [Гедзімін] пасадзіў у Вільні на вялікае княжанне, Кейстуту даў Трокі, Карыяту - Ноўгарадок3, а Любарта прыняў уладзімерскі князь да дачкі ва Ўладзімір і ў Луцак і на ўсю зямлю Валынскую.

Альгерд, бацька караля [Ягайлы], і Кейстут, бацька вялікага князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. І не спадабалася ім, што вялікі князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, князь вялікі Альгерд і князь вялікі Кейстут, як бы яго адтуль [з Вільні] выгнаць, а каму-небудзь з іх сесці [на яго месца]. Змовіўшыся паміж сабою, [яны] выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, вялікім князем Яўнутам.

Вялікі князь Альгерд з Віцебска не паспеў у дамоўлены час у Вільню, а вялікі князь Кейстут прыімчаў да горада Вільні і ўварваўся ў горад. Вялікі ж князь Яўнут выскачыў [з горада] і ўцёк у горы і даліны і там адмарозіў ногі. Яго схапілі і прывезлі да яго брата, вялікага князя Кейстута. Ён жа, чакаючы брата свайго старэйшага, вялікага князя Альгерда, пасадзіў яго [Яўнута] пад варту, а насустрач брату свайму, вялікаму князю Альгерду, паслаў ганца [з весткаю], што ўжо ў Вільні сеў і брата свайго, вялікага князя Яўнута, паланіў. І сустрэў яго ганец у Крэве, і князь вялікі Альгерд хутчэй паспяшаўся і хутка прыехаў [у Вільню] да брата свайго, вялікага князя Кейстута.

І сказаў князь вялікі Кейстут брату свайму, вялікаму князю Альгерду: «Табе належыць князем вялікім быць у Вільні, бо ты старэйшы брат, а я з табою заадно жыву». І пасадзіў яго [Кейстут] на вялікае княжанне ў Вільні, а Яўнуту [яны] далі Заслаўль. І ўчынілі ўмову паміж сабою вялікі князь Кейстут і вялікі князь Альгерд, што ўсе іх браты павінны слухацца вялікага князя Альгерда, што здабудуць, горад ці воласць, усё дзяліць напалам. І прысягнулі яны адзін аднаму быць да канца жыцця ў любові і дружбе і ніколі не задумваць нічога благога. І захавалі яны клятву да канца жыцця свайго.

Сыноў жа было ў вялікага князя Альгерда дванаццаць4, а ў вялікага князя Кейстута - шэсць. І паміж усіх сыноў найбольш любіў вялікі князь Альгерд князя вялікага Ягайлу, а князь вялікі Кейстут [найбольш] палюбіў князя вялікага Вітаўта. І яшчэ пры сваім жыцці вырашылі яны [Альгерд і Кейстут], што быць ім [Ягайлу і Вітаўту] на іх месцах - на вялікіх княжаннях. Яны, вялікі князь Ягайла і князь вялікі Вітаўт, таксама вельмі дружалюбна жылі пры сваіх бацьках...

Потым вялікі князь Альгерд памёр, і князь вялікі Кейстут не забыў просьбы брата свайго, вялікага князя Альгерда, з якім да самае смерці ў еднасці жыў, пачаў трымаць князем вялікім у Вільні яго сына, князя Ягайлу, і пачаў таксама прыязджаць на даўнія рады [у Вільню], як і да брата свайго старэйшага прыязджаў.

Быў у вялікага князя Альгерда нейкі парабак-нявольнік, халоп Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, а пасля [князь Альгерд] прызначыў яго пасцель сабе слаць і ваду падаваць сабе піць. Пасля [Вайдыла] так палюбіўся яму, што даў яму [князь Альгерд горад] Ліду трымаць і ўзвысіў яго. Потым жа, пасля смерці вялікага князя Альгерда два ці больш гадоў мінула, князь вялікі Ягайла яшчэ больш узвысіў Вайдылу і аддаў за яго сястру сваю родную - княгіню Марыю, што пасля была [замужам] за князем Давыдам5.

І быў той Вайдыла ў вялікай моцы ў вялікага князя Ягайлы, і пачаў ён з немцамі соймы чыніць і граматы ўкладаць супраць вялікага князя Кейстута. Быў нехта астродскі комптур6, звалі яго Гунстынам. Ён быў кумам князю вялікаму Кейстуту, хрысціў княгіню Янушаву, дачку яго. Той [Гунстын] расказаў князю вялікаму Кейстуту: «Ты таго не ведаеш, што князь вялікі Ягайла часта пасылае да нас Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, каб цябе пазбавіць тваіх уладанняў, а яму б з маці яны дасталіся».

Князь вялікі Кейстут, ведаючы, што князь вялікі Вітаўт добра жыве з князем вялікім Ягайлам, пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: «Ты з ім добра жывеш, а ён ужо змовіўся на нас з немцамі». Князь жа вялікі Вітаўт [так] гаварыў бацьку свайму: «Не вер гэтаму, гэта няпраўда, бо ён жа са мною добра жыве і, напэўна, паведаміў бы мне [пра гэта]».

Потым адбылася знамянальная падзея: князь вялікі Ягайла аддаў Полацак брату свайму, князю Скіргайлу, а яны [палачане] не прынялі яго. І князь вялікі Ягайла паслаў усё сваё войска літоўскае і рускае з братам сваім князем Скіргайлам на Полацак, і магістар лівонскі прыйшоў з войскам да Полацка, і аблажылі яны горад. І князь вялікі Кейстут зноў пачаў скардзіцца сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту, моцна крыўдуючы на князя Ягайлу: «За Вайдылу сястру сваю, а маю братавую аддаў; ад немцаў мне паведамілі, што яны змовіліся супраць нас; а па-трэцяе: з кім мы ваюем? З немцамі. А яны з імі Полацак здабываюць. Усё гэта паказвае, што яны з немцамі заадно супраць нас». І сказаў князь вялікі Вітаўт бацьку свайму, вялікаму князю Кейстуту: «Яшчэ і гэтаму не зусім веру». Сказаўшы гэта, паехаў вялікі князь Вітаўт у Дарагічын.

Князь жа вялікі Кейстут сабраў усе свае сілы, і ўварваўся ў Вільню, і паланіў вялікага князя Ягайлу з яго маці і братамі, і граматы тыя знайшоў, якія з немцамі [яны] ўклалі, а да сына свайго, вялікага князя Вітаўта, ганца паслаў у Дарагічын [паведаміць] пра тое, што ўчынілася. І ганец той знайшоў вялікага князя Вітаўта ў Гародні. І князь вялікі Вітаўт за адзін дзень з Гародні прыімчаў да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута [у Вільню]. Ён жа сказаў сыну свайму, вялікаму князю Вітаўту: «Ты мне не верыў, а вось тыя граматы, [якія сведчаць], што яны змовіліся [з немцамі] супраць нас, але Бог нас збярог. Я ж князю вялікаму Ягайлу нічога [дрэннага] не ўчыніў, не рушыў ні скарбаў яго, ні стадаў, а самі палоненыя ходзяць толькі з невялікаю вартаю. Вотчыну ж яго, Віцебск і Крэва і ўсе землі, што бацька яго трымаў, - усё гэта аддаю яму і на нішто іхняе не пасягаю. А ўчыніў усё гэта, аберагаючы галаву сваю, уведаўшы, што супраць мяне змова рыхтуецца».

Князь вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. І прысягнуў князь вялікі Ягайла вялікаму князю Вітаўту і дзядзьку свайму, вялікаму князю Кейстуту, што ніколі супраць яго выступаць не будзе, а заўсёды і ва ўсім будзе ў яго [Кейстута] волі. І князь вялікі Кейстут адпусціў яго [Ягайлу] з маці і з братамі і з усім яго скарбам. І князь вялікі Ягайла паехаў у Крэва, а князь вялікі Вітаўт суправаджаў яго да Крэва, і паехаў Ягайла з Крэва ў Віцебск7.

А як сеў князь вялікі Кейстут у Вільні, паслаў двух чалавек да Полацка: аднаго чалавека ў войска, а другога ў горад. Палачане ўзрадаваліся і клікнулі на збор раці, і воі [Ягайлы] адступілі ад князя Свіргайлы і пайшлі ў Вільню да вялікага князя Кейстута. Князь жа Скіргайла пайшоў да немцаў у Лівонію з малою дружынаю.

Потым князь вялікі Кейстут пайшоў да Ноўгарадка Северскага на князя Карыбута, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Вільні. Ідучы да Ноўгарадка Северскага, [князь вялікі Кейстут] загадаў павесіць Вайдылу, а князю вялікаму Ягайлу ісці з Віцебска разам з ім. Аднак вялікі князь Ягайла хутка забыўся на сваю прысягу [вялікаму князю Кейстуту], не пайшоў туды і падгаварыў мяшчан віленскіх і дворню Гануля8 захапіць Вільню. Князь вялікі Вітаўт у той час у Троках быў, а князь вялікі Ягайла з усёю сваёю дружынаю з Віцебска прыімчаў да Вільні. І князь вялікі Вітаўт паслаў да Ноўгарадка Северскага бацьку свайму вестку пра гэта. Пра гэтыя падзеі ўведалі і немцы прускія, і маршал прускі вельмі спешна пайшоў з вялікім войскам на дапамогу князю Ягайлу.

І калі ўведаў пра гэта князь вялікі Вітаўт, што прускія немцы да Вільні і Трокаў ідуць, а князь вялікі Ягайла з Вільні да Трокаў ідзе з войскам злучыцца з немцамі, паехаў ён з Трокаў у Гародню са сваёю маці. І калі падступіў да Трокаў князь вялікі Ягайла, здаліся Трокі яму. І прыйшоў князь вялікі Кейстут у Гародню да сына свайго. Тут і жонку сваю знойдзе і пашле яе ў Бярэсце, спадзеючыся на Януша, князя Мазавецкага, зяця свайго. Сам жа [князь вялікі Кейстут] пайшоў у Жамойць, а сына свайго, вялікага князя Вітаўта, пакінуў у Гародні. Князь жа Януш забыўся на дабрыню і прыязнь цесця свайго і цешчы і шваграў сваіх, пайшоў раццю да Драгічына і, узяўшы, завалодаў ім, Сураж і Камянец паваяваў і асадзіў у Бярэсці цешчу сваю. Не здабыўшы Бярэсця, пайшоў адтуль, завалодаўшы тымі гарадамі, Дарагічынам і Мельнікам9.

Князь вялікі Кейстут, сабраўшы ўсіх сваіх жамойтаў і ўсе войскі, пайшоў да ракі Віліі, а князь вялікі Вітаўт, сабраўшы ўсё сваё войска са сваёй бацькаўшчыны, пайшоў з Гародні насустрач свайму бацьку. І злучыліся яны ля Віліі за дзве мілі вышэй Коўна. Там войскі пераправіліся, пайшлі да Трокаў і, прыйшоўшы, асадзілі горад. І пачуў вялікі князь Кейстут, што вялікі князь Ягайла з Вільні ідзе з войскам, а з ім нямецкае і лівонскае войска. Раней немцы абоім ворагі былі: і князю вялікаму Кейстуту, і князю вялікаму Ягайлу. Першы раз лівонскае войска прыходзіла на дапамогу князю Скіргайлу да Полацка, а потым з маршалкам прускае войска да Трокаў прыходзіла, а [цяпер] ужо ў трэці раз лівонскае войска з ім жа прыйшло. Усё гэта паказвае, што [немцы] з ім [Ягайлам] заадно супраць вялікага князя Кейстута.

І выступіў на бітву вялікі князь Кейстут са сваім сынам, вялікім князем Вітаўтам, супраць вялікага князя Ягайлы. І за тры ці чатыры стрэлы да зыходжання войскаў [на бітву] прыгналі князі і баяры ад вялікага князя Ягайлы ў войска вялікага князя Кейстута і пачалі пытацца вялікага князя Вітаўта, каб пагаварыць з ім. Пачалі яны гаварыць вялікаму князю Вітаўту: «Князь вялікі Ягайла паслаў нас да цябе, каб ты памірыў нас са сваім бацькам, каб мы валодалі сваім, а вы сваім, а бітвы паміж намі не было і кровапраліцця не ўчынілася. Прыехаў бы ты да свайго брата, да вялікага князя Ягайлы, а мы табе прысягаем, што табе бяспечна [будзе] зноў у сваё войска вярнуцца, каб між вамі ўсё добра скончылася». Князь вялікі Вітаўт так ім адказаў: «Прысягу ад вас прымаю, але каб і князь Скіргайла ў маё войска прыехаў і таксама прысягнуў, і я [тады] выеду». Паслалі яны да князя Скіргайлы, і князь Скіргайла таксама прысягнуў вялікаму князю Вітаўту, як і яны.

Князь вялікі Вітаўт паехаў да вялікага князя Ягайлы і яго войска, а войскі [праціўнікаў] стаяць, нічога не пачынаючы паміж сабою. І князь вялікі Ягайла пачаў прасіць вялікага князя Вітаўта, каб той памірыў іх і кровапраліцця не было б. І князь вялікі Вітаўт прысягу ўзяў у яго, у вялікага князя Ягайлы, дзеля бацькі свайго, каб бацьку яго, вялікаму князю Кейстуту, прыехаўшы, зноў бяспечна было раз'ехацца. А яшчэ сказаў князь вялікі Вітаўт вялікаму князю Ягайлу: «Яшчэ, браце, пашлі князя Скіргайлу, каб ён і я прысягу далі бацьку свайму, каб яму бяспечна паехаць і зноў ад'ехаць [назад] у сваё войска, а князь бы Скіргайла і ад цябе прысягнуў бы [яму]». І князь вялікі Вітаўт з князем Скіргайлам прыйшлі ў войска да бацькі свайго, да князя вялікага Кейстута, і даў [Вітаўт] прысягу бацьку свайму ад вялікага князя Ягайлы, князь жа Скіргайла даў прысягу [вялікаму князю Кейстуту] ад вялікага князя Ягайлы і ад сябе.

І князь вялікі Вітаўт з бацькам сваім, вялікім князем Кейстутам, пайшлі абодва ў войска да Ягайлы, спадзеючыся на тыя прысягі. Князь жа вялікі Ягайла пераступіў тыя прысягі. [Ён] сказаў: «Паедзем у Вільню і там канчаткова дамовімся». Войскі ж, нічога не пачынаючы, засталіся. І як толькі ў Вільню прыехалі, князя вялікага Кейстута, дзядзьку свайго, [Ягайла паланіў] і, закаваўшы, паслаў у Крэва, і там пасадзілі яго ў вежу, а князя вялікага Вітаўта пакінулі яшчэ ў Вільні. І там у Крэве ў пятую ноч князя вялікага Кейстута задушылі каморнікі Ягайлавы: Прокша, што ваду падаваў яму, а былі і іншыя - брат Мосцеў, [Гедка, краўлянін], і Кучук, і Лісіца Жыбянцяй. Такі канец стаўся князю вялікаму Кейстуту10.

Пасля смерці князя вялікага Кейстута паслаў князь вялікі Ягайла князя вялікага Вітаўта ў Крэва разам з жонкаю і загадаў яго моцна ахоўваць у пакоі [у замку]. Помсцячы за Вайдылу, [Ягайла загадаў] двух калесаваць: аднаго, Відзімонта, дзядзьку маці вялікага князя Вітаўта, [а другога - Бутрыма], роднага брата яго маці, што трымаў Ульяну, якая пасля была [замужам] за Манівідам, і шмат іншых баяр пакараў смерцю, помсцячы за Вайдылу.

Князь вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве пад моцнаю вартаю ў пакоі, а дзве жанчыны прыходзілі ў пакой класці спаць яго і княгіню і, паклаўшы, выходзілі, а побач знаходзілася стража. І вось вялікая княгіня пачула ад людзей: калі князь вялікі Вітаўт [яшчэ] будзе сядзець [у вязніцы], то з ім тое самае ўчыняць, што і з яго бацькам. І параіла яму так [зрабіць]: як прыйдуць жанчыны, то яму пераадзецца ў адзенне адной з іх і выйсці з другой, а той жанчыне, у адзенні якой ён выйдзе, застацца з ёю [княгіняю], так яго навучыла. І ён, адзеўшы ўбранне адной жанчыны, выйшаў з другою, спусціўся з замка і ўцёк да немцаў у Прусію.

Калі быў [вялікі князь Вітаўт] у немцаў [у Прусіі], у Мар'інградзе11 ў магістра, прыехала да яго шмат князёў і баяраў літоўскіх, і пачаў ён з дапамогаю нямецкаю ваяваць Літоўскую зямлю. Князь жа вялікі Ягайла са сваёю маці, вялікаю княгіняю Ўльянаю, [знаходзіўся тады] ў Віцебску, а брат яго князь Скіргайла ў Літве ў Троках. І немагчыма стала змагацца вялікаму князю Ягайлу і Скіргайлу супраць князя вялікага Вітаўта, які часта ваяваў Літоўскую зямлю, бо ў яго сабралася вялікая сіла. Тады князь вялікі Ягайла выклікаў яго з Прусіі і даў яму Луцак з усёю зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі - яго бацькаўшчыну.

Памёр кароль Казімер Кракаўскі, і не было ў яго сыноў, толькі адна дачка Ядвіга12. І пачалі ляхі з Кракава слаць да вялікага князя Ягайлы [прапановы], каб ён прыняў хрышчэнне старога Рыма, і ўзяў бы ў іх каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і стаў бы ў іх каралём у Кракаве і ва ўсёй Ляшскай зямлі. Ён жа, вялікі князь Ягайла, параіўшыся са сваёю маці, княгіняю Ўльянаю, і з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, паехаў у Ляшскую зямлю, у Кракаў. Там ён хрысціўся і браты яго, і князі, і баяры літоўскія, і ўзяў Ягайла каралеўну Ядвігу сабе за жонку, і быў каранаваны таго каралеўства каронаю. І ад таго часу пачалі хрысціць Літву ў лацінскую веру, і прыслаў архібіскуп біскупа ў Вільню для Літоўскай зямлі, і тады пачалі касцёлы ставіць па ўсёй зямлі Літоўскай.

Той жа зімы, калі кароль быў у Кракаве з усімі князямі і баярамі літоўскімі, князь Андрэй Полацкі13 прыйшоў з немцамі лівонскімі і з усімі латгаламі на Літоўскую зямлю і шмат паваяваў, папаліў гарадоў і сёлаў, замкам жа ў Літоўскай зямлі нічога не ўчыніў і затым вярнуўся назад. Той жа зімы князь Святаслаў Смаленскі14 ўчыніў змову з князем Андрэем Полацкім. Ён [пайшоў] у Літву, а князь Святаслаў - да Воршы, і шмат бяды [яны] нарабілі людзям. Так бязлітасна, не па-хрысціянску мучылі хрысціян, што мы не чулі, каб нават у час нападаў няверных так мучылі, так катавалі хрысціян: збіралі іх, закрывалі ў хатах і падпальвалі, вялікія харомы вочапамі прыпаднімалі, палонных пад сцены галовамі клалі і заціскалі, жанчын і дзяцей на вастраколле натыкалі, іншыя ж здзекі над хрысціянамі брыдка і апісваць. Ні Антыёх Сірыйскі15, ні Юліян-злачынец16 так не мучылі хрысціян. Замку ж Воршы нічога не ўчынілі і затым вярнуліся назад.

Той жа зімы пад весну ў вялікі пост пачаў думаць [князь] Святаслаў са смаленскімі баярамі, быццам лютае звяр'ё, бы не хрысціяне, [як бы зноў учыніць] кровапраліцце хрысціянам. І пайшоў да горада Мсціслаўля, і аблажыў яго, і пачаў здабываць замак, парокамі біць [сцены], а ў зямлю Мсціслаўскую вояў паслаў. І шмат крыві хрысціянскай пралілося [тады]. Нават Богу было агідна глядзець, як так званыя хрысціяне сваіх братоў-хрысціян не па-чалавечы, не па-хрысціянску катуюць.

Князь жа вялікі Скіргайла і князь вялікі Вітаўт, прыехаўшы з Польшчы ад брата свайго, караля [Ягайлы], уведалі, што князь Святаслаў Смаленскі раней пад Віцебскам быў, потым к Воршы прыходзіў, а цяпер каля Мсціслаўля стаіць і замак парокамі б'е. І вельмі засмуціўся князь вялікі Скіргайла, і пайшоў са сваімі братамі, з вялікім князем Вітаўтам, і з Канстанцінам, і з Карыбутам, і з Сямёнам Лугвенам. І ўспомнілі [яны] слова Божае: «Якою мераю чалавек мерае, так і яму адмераецца, а што пасее, тое і пажне». «Мы ж, - казалі яны, - не ўчынілі яму нічога злога, а ён, будучы з намі ў міры, парушыў прысягу і дагавор, нашу зямлю ваюе і кроў хрысціянскую пралівае. Мы ж ідзём на яго, спадзеючыся на Бога і на сілу крыжа». І прыйшлі [яны] да горада Мсціслаўля. Князь жа Святаслаў, які стаяў каля горада і біў Мсціслаўскі замак парокамі, учуў у пятніцу перад Вялікаднем, што ідзе на яго князь вялікі Скіргайла з братамі, падрыхтаваў сваё войска і пайшоў супраць іх. І як сышліся палкі, Бог учыніў паводле слоў прарока Давыда, які сказаў: «Спадзе хвароба на яго галаву, і наверх яго няпраўда сыдзе». І яшчэ: «Выкапаў яму і сам упадзе ў яе».

Дапамог Бог вялікаму князю Скіргайлу і князю вялікаму Вітаўту, а князь Святаслаў кінуўся наўцёкі са сваімі князямі, і з баярамі смаленскімі, і з усім сваім войскам. Божаю сілаю тут немалое дзіва ўчынілася: было пабіта шмат вояў, князёў і баяраў [смаленскіх], і самога вялікага князя Святаслава забілі. Сына ж яго, князя Юрыя, вялікі князь Скіргайла знайшоў сярод трупаў моцна параненага, ледзь жывога, узяў яго і пачаў лячыць рознымі лекамі, і галаву яму абстрыг, бо шмат было ран, і ўжо страціў надзею, што ён выжыве. Князь жа вялікі Скіргайла залячыў яму раны і прывёз да яго маці, вялікай княгіні Святаслававай, і пасадзіў яго на вялікім княжанні ў Смаленску, бо за князем Юрыем была замужам дачка старэйшай сястры Скіргайлавай. Адышоў ад горада Смаленска вялікі князь Скіргайла, і пайшоў у сваю зямлю Літоўскую, і стаў жыць у Троках, а ў Вільню кароль [Ягайла] прыслаў старасту свайго ляшскага.

Князь жа вялікі Вітаўт валодаў тады Луцкам і ўсёю зямлёю Валынскаю, а ў Літоўскай зямлі - сваёю бацькаўшчынаю. І было яму вельмі цяжка, што вялікім княжаннем валодае чужы, чаго раней не бывала ў Літоўскай зямлі. Тады ён учыніў раду з усімі князямі і баярамі Літоўскай зямлі, і калі Скіргайла ад'ехаў быў у Полацак, князь вялікі Вітаўт прыйшоў да Вільні, каб ёю завалодаць. Княгіня ж вялікая Ганна была тады ў Гародні. Вільняне не паддаліся тады яму, бо далі прысягу каралю [Ягайлу] і [князю] Скіргайлу, і не ўзяў ён Вільні. І пайшоў [князь вялікі Вітаўт] са сваёю княгіняю, сваімі князямі і баярамі да магістра [у Прусію] і адтуль пачаў ваяваць Літоўскую зямлю з нямецкаю дапамогаю. І ўжо заваяваў быў [палову] Літоўскай зямлі па раку Вілію, і Полацак паддаўся яму. І ўбачыў кароль [Ягайла] і князь вялікі Скіргайла, што ўжо не могуць яны ўтрымаць Літоўскую зямлю перад [націскам] вялікага князя Вітаўта.

Князь жа вялікі Вітаўт разам з нямецкімі сіламі пайшоў к Вільні. І сустрэў яго князь Скіргайла з братам сваім Вігантам і з літоўскім войскам на рацэ Віліі каля гарадка Вейкшышкі. І дапамог Бог вялікаму князю Вітаўту, і пераможаны былі літоўскія воі, і кінуліся наўцёкі. І шмат іх пабілі, а іншых князёў і баяраў у палон пабралі: князя Сямёна Яўнутавіча, князя Глеба Святаславіча Смаленскага, князя Васіля Канстанцінавіча, князя Івана Цету, Льва Плаксіча і шмат іншых князёў паланілі. І пайшоў князь вялікі Вітаўт к гораду Вільні з усім сваім войскам, і аблажыў горад Вільню, і пачаў здабываць Крывы горад, біць па ім з пушак, і ўзяў [Вітаўт] Крывы горад. Тады ж немцы забілі князя Карыгайлу Альгердавіча, бо ляшская застава ў Верхнім горадзе не пусціла ў горад князя Карыгайлу. Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы Крывы горад і [Літоўскую] зямлю паваяваўшы, вярнуўся ў Прусію.

Таго ж лета да вялікага князя Вітаўта ў Прусію17 ў Мар'інград прыйшлі паслы з горада Масквы ад вялікага князя Васіля Дзімітравіча і прасілі ў князя вялікага Вітаўта аддаць дачку замуж за вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў дачку сваю, князёўну Соф'ю, і адпусціў яе з Мар'інаграда, а з ёю паслаў князя Івана Альгімонтавіча [Гальшанскага]. З горада Гданьска яны паплылі на караблі па моры і прыехалі да горада Пскова. Псковічы ж выказалі ім вялікі гонар і з пашанаю праводзілі іх да Вялікага Ноўгарада. Ноўгарадцы таксама іх ушанавалі і праводзілі з пашанаю да горада Масквы да вялікага князя Васіля Дзімітравіча. Князь жа вялікі Васіль выслаў насустрач ім з пашанаю братоў сваіх, князя Ўладзімера Андрэевіча і князя Андрэя Дзімітравіча і шмат іншых князёў і баяраў, і сустрэлі вялікую князёўну Соф'ю з вялікаю пашанаю. Тады быў праасвяшчэнны мітрапаліт Кіпрыян18 з архіепіскапамі і епіскапамі, з архімандрытамі, ігуменамі і з усім святарствам, і сустрэлі яго пачэсна з крыжамі перад горадам Масквою. І ўчынілі шлюб пачэсны і павянчалі вялікага князя Васіля Дзімітравіча з вялікаю князёўнаю Соф'яю, і было вяселле знакамітае, пашаны годнае, і павесяліліся ўволю. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Князь вялікі Вітаўт жыў у магістра ў Мар'інградзе, і прыслаў да яго кароль [Ягайла] пасла з братам сваім Скіргайлам, так кажучы: «Не губляй больш, браце, зямлі Літоўскай, нашай і сваёй бацькаўшчыны, пайдзі, браце, з намі на мір, будзь з намі ў вялікай брацкай любові і вазьмі сабе вялікае княжанне ў Вільні, пасад дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута». Князь вялікі Вітаўт, параіўшыся са сваімі князямі, з князем Юрыем Нарымонтавічам Бельскім і з князем Іванам Альгімонтавічам [Гальшанскім], пайшоў у Літву і сеў у Вільні на вялікім княжанні на пасадзе дзядзькі свайго, вялікага князя Альгерда, і бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, і рада была яму ўся зямля Літоўская і Руская.

Князь Карыбут Альгердавіч19 пачаў дакараць [вялікага князя Вітаўта], выяўляць сваё непаслушэнства, пачаў збіраць супраць яго сваё войска і выступіў супраць яго. Князь жа вялікі Вітаўт паслаў сваё войска [пад кіраўніцтвам] Васіля Барэйкавіча і Гінвіла супраць яго [Карыбута]. І сышліся войскі каля Дакудава, і былі разбіты воі князя Карыбута, і кінуліся наўцёкі, і шмат іх было пабіта. Сам жа князь Карыбут уцёк у Ноўгарадок. Там жа былі яго княгіня і дзеці. Князь жа вялікі Вітаўт сабраў сваё войска, і сам пайшоў да Ноўгарадка, і аблажыў горад, і ўзяў Ноўгарадок, а князя Карыбута, і княгіню, і дзяцей паланіў.

Потым памерла княгіня [Улляна], жонка Альгерда, і кароль [Ягайла] аддаў горад Віцебск свайму сакальнічаму Фёдару Вясне. Князь жа Свідрыгайла быў тады яшчэ малады. І стаў Фёдар Вясна валодаць горадам Віцебскам і ўсёю Віцебскаю зямлёю паводле парады і загаду караля Ягайлы. Князь жа Свідрыгайла не мог таго вынесці, што Фёдар Вясна горадам валодае, а яму не падначальваецца. І забіў ён Фёдара, і ўзяў горад Віцебск. І вельмі шкадаваў кароль Ягайла, што такое здарылася, і пісаў грамату брату свайму, вялікаму князю Вітаўту, каб ён помсту ўчыніў за тую крыўду.

Князь жа вялікі Вітаўт, узяўшы з сабою князя Скіргайлу20 і сабраўшы вялікае войска, пайшоў да горада Віцебска на князя Свідрыгайлу і прыйшоў [спачатку] да горада Друцка. Друцкія князі сустрэлі яго і аддаліся яму на службу, і пайшоў [вялікі князь Вітаўт] да Воршы. Аршанцы ж зачыніліся ў замку і абараняліся два дні, а затым здалі замак. І адтуль пайшоў ён да Віцебска на князя Свідрыгайлу. Князь жа Свідрыгайла зачыніўся ў замку. І стаў вялікі князь Вітаўт здабываць замак. Тут і вялікі князь смаленскі Юрый Святаславіч прыйшоў на дапамогу з усімі смаленскімі сіламі і аддаўся вялікаму князю Вітаўту на службу. І пачалі яны моцна здабываць Віцебскі замак і пушкі паставілі. Віцябляне не вытрымалі і пачалі паддавацца вялікаму князю Вітаўту. Князь жа Свідрыгайла выйшаў з замка і здаўся на волю вялікага князя Вітаўта. Князь жа вялікі Вітаўт узяў горад Віцебск і пайшоў затым у Вільню.

Той жа зімы на весну вялікі князь Вітаўт пайшоў у зямлю Падольскую, а князь Уладзімер Альгердавіч, які тады быў у Кіеве, не хацеў пакланіцца і пакарыцца вялікаму князю Вітаўту. Той жа вясны князь вялікі Вітаўт пайшоў і ўзяў гарады Жытомір і Оўруч, і прыехаў да яго князь Уладзімер. Таго ж лета на восень князь вялікі Вітаўт вывеў яго з Кіева і даў яму Капыль, а ў Кіеве пасадзіў князя Скіргайлу. Сам жа князь вялікі Вітаўт пайшоў на Падольскую зямлю, а князю Скіргайлу загадаў ісці з Кіева да Чаркасаў і Звянігарада. Князь жа Скіргайла з Божаю дапамогаю і воляю вялікага князя Вітаўта ўзяў Чаркасы і Звянігарад і вярнуўся затым у Кіеў.

Калі ён княжыў у Кіеве, быў нехта Фама Ісуфаў, манах, які служыў намеснікам мітрапаліта пры святой Сафіі на мітрапалітавым двары. Захацеў [аднойчы] князь Скіргайла паехаць за Дняпро на паляванне. Той жа Фама паклікаў тады яго на пір на мітрапалітаў двор. І калі князь Скіргайла быў у яго на піры, я ж таго [добра] не ведаю, бо быў тады малады, але некаторыя гавораць, быццам бы той Фама даў князю Скіргайлу атруту выпіць. І пасля таго піру паехаў князь Скіргайла за Дняпро ў Мілаславічы і там захварэў у чацвер напярэдадні Хрышчэння, у суботу прыехаў у горад Кіеў хворы, хварэў 7 дзён і памёр у сераду. І панеслі яго на галовах святары са свечкамі, пеючы песні жалобныя, з горада Кіева да царквы святой Багародзіцы Пячорскай, і пакладзены быў цудоўны і добры князь Скіргайла, названы ў час святога хрышчэння Іванам, каля труны святога Феадосія Пячорскага21. Князь жа вялікі Вітаўт, пачуўшы, што князь Скіргайла памёр, паслаў у Кіеў князя Івана Альгімонтавіча і даў яму Кіеў ва ўладанне. Мы ж да папярэдняга вернемся.

Калі вярнуўся князь вялікі Вітаўт з Прусіі на вялікае княжанне, ён адпусціў свайго палоннага князя Глеба Святаславіча ў Смаленск на вялікае княжанне, а князю Юрыю Святаславічу даў горад Раслаўль. Князь Глеб, знаходзячыся ў Смаленску, пачаў выказваць непаслушэнства вялікаму князю Вітаўту. Князь жа вялікі Вітаўт слаў [да яго] пасланцоў [з патрабаваннем] выправіцца. Ён жа [князь Глеб] не захацеў выпраўляцца. Тады князь вялікі Вітаўт з усімі сваімі сіламі пайшоў да горада Смаленска на князя Глеба Святаславіча, і калі прыйшоў да Смаленска - здаўся яму [князь] Глеб з горадам Смаленскам. Князь жа вялікі Вітаўт аддаў горад Смаленск ва ўладанне князю Яманту і Васілю Барэйкавічу, а князю Глебу даў горад Паланы22. Сам жа князь вялікі Вітаўт вярнуўся ў Літоўскую зямлю. У тую ж зіму паслаў [вялікі князь Вітаўт] князя Сямёна Лугвена з вялікім войскам і смаленскімі сіламі на князя Алега Разанскага, і вельмі шмат паланілі ў Разанскай зямлі, і з перамогаю вярнуліся назад. Тады зіма была вельмі сцюдзёная.

Той жа зімы на весну прыехаў князь вялікі Васіль Дзімітравіч маскоўскі да свайго цесця, вялікага князя Вітаўта23, у Смаленск у вялікі пост. І ўшанаваў [маскоўскі князь] князя вялікага Вітаўта шматлікімі падарункамі: залатымі ланцугамі і паясамі, сабалямі і дарагімі тканінамі, залатым посудам і адборнымі коньмі. Князь жа вялікі Вітаўт зяця свайго, вялікага князя [маскоўскага], ушанаваў і абдарыў усялякімі падарункамі: адзеннем, расшытым каштоўнымі камянямі і жэмчугам, аксамітам, іншымі дарагімі тканінамі, коньмі з залатымі сёдламі, рознымі дзівоснымі рэчамі, і з вялікаю пашанаю адпусціў [яго] ў горад Маскву. Сам жа [вялікі князь Вітаўт] паехаў у Літву.

Калі князь вялікі Альгерд быў гаспадаром у Літоўскай зямлі, пайшоў ён у Поле з літоўскім войскам і пабіў татараў на Сіняй Вадзе24, трох братоў, ханаў Хачыбея, Кутлубугу і Дзімітрыя. Гэтыя тры браты, татарскія ханы, былі отчычамі і дзедзічамі Падольскай зямлі. Ад іх імя кіравалі атаманы, і баскакі, прыязджаючы ад гэтых атаманаў, збіралі з Падольскай зямлі даніну. Брат жа вялікага князя Альгерда князь Карыят трымаў тады Ноўгарадок Літоўскі. І былі ў яго чатыры сыны25: князь Юрый, князь Аляксандар, князь Канстанцін і князь Фёдар. І тыя князі Карыятавічы, тры браты, князь Юрый, князь Аляксандар і князь Канстанцін, з Альгердавага дазволу ды з дапамогаю Літоўскай зямлі пайшлі ў Падольскую зямлю. У той час у Падольскай зямлі не было ніводнага горада, ні з дрэва будаванага, ні з каменю мураванага. І тады тыя князі Карыятавічы, прыйшоўшы ў Падольскую зямлю, увайшлі ў прыязнь з атаманамі і пачалі бараніць Падольскую зямлю ад татараў і баскакам перасталі даваць даніну. Спачатку [Карыятавічы] знайшлі сабе высокае ўмацаванае месца на рацэ Смотрыч і пабудавалі [там] горад Смотрыч. У іншым жа месцы, у гары, жылі манахі, і яны ў тым месцы пабудавалі горад Бакоту. Аднойчы ім давялося загнаць шмат аленяў на той востраў, дзе зараз знаходзіцца места Камянецкае, і, павысекшы лес, [яны там] горад Камянец пабудавалі. І з таго часу [Карыятавічы] ўсе падольскія гарады заснавалі і ўсёй Падольскаю зямлёю завалодалі26.

Потым польскі кароль Казімер Лакеткавіч даведаўся, што тры браты Карыятавічы [аселі] на Падольскай зямлі і людзі яны мужныя, і прыслаў ён князю Канстанціну граматы з пячаткамі, дзе настойліва прасіў яго, каб да яго [Казімера] прыехаў. Задумаў [Казімер], параіўшыся са сваімі панамі, вось што: у яго не было сына, толькі адна дачка, і вырашыў ён за яго [Канстанціна] дачку аддаць, а пасля сваёй смерці каралём пакінуць. І князь Канстанцін з гэтымі ахоўнымі граматамі да польскага караля ездзіў, і там, паглядзеўшы і падумаўшы, не хацеў тую веру прыняць, і зноў па тых жа граматах вярнуўся ў Падольскую зямлю ў свае ўладанні і там, на Падоллі, памёр.

Князя ж Юрыя валахі ўзялі да сябе ваяводам і там яго атруцілі, а князя Аляксандра забілі татары, а тут [у Літве] брат чацвёрты, князь Фёдар Карыятавіч, валодаў Новагарадком. І калі пачуў князь Фёдар Карыятавіч, што братоў яго ў Падольскай зямлі няма ўжо ў жывых, пайшоў ён на Падолле і там асеў.

У той час князь вялікі Вітаўт стаў гаспадаром у Літоўскай зямлі. Падольская ж зямля не хацела быць пад уладаю вялікага князя Вітаўта і Літвы, як гэта раней было. І князь вялікі [Вітаўт] пайшоў з усімі літоўскімі сіламі на Падолле. Пачуўшы тое, князь Фёдар Карыятавіч уцёк з Падольскай зямлі да вугорцаў, а ў гарадах пасадзіў валахаў. Вугорскі кароль [князю] Фёдару даў прытулак. Князь жа вялікі Вітаўт пайшоў да Брацлава, заняўшы Брацлаў, пайшоў да Сакольца і яго заняў, ноччу прыйшоў да Камянца і здабыў яго, а затым заняў і Смотрыч, і Скалу, і Чырвоны Гарадок - і ўсе гарады ўзяў. Ваяводу ж князя Фёдара Нестака, што ў тых гарадах быў, схапіў, а па ўсіх гарадах князь вялікі Вітаўт сваіх старастаў пасадзіў. А здабыў [ён усё гэта] літоўскімі сіламі, і ніхто ніадкуль яму не дапамагаў.

Тады [польскі] кароль [Ягайла] пачаў прасіць князя вялікага Вітаўта: «Мілы браце, даў табе Бог - здабыў ты Падольскую зямлю, дык зрабі мне ласку - дай мне [палову] Падолля». Князь вялікі Вітаўт даў каралю палову Падольскай зямлі за дванаццаць тысяч пенязяў, даў Камянец, Смотрыч, Скалу, Чырвоны Гарадок і Бакоту, а ва ўсіх іншых падольскіх землях і гарадах князь вялікі Вітаўт пасадзіў сваіх старастаў: у Брацлаве, у Сакольцы і ў Беніцы (Вінніцы). Кароль жа тыя гарады за дваццаць тысяч пану Спытку27 аддаў.

Калі князь вялікі [Вітаўт] біўся з татарамі [на Ворскле]28, пан Спытка прыходзіў на дапамогу вялікаму князю Вітаўту, і тады пана Спытку забілі татары. Пані ж Спыткавая аўдавела і засталася з малымі дзецьмі. І пачаў кароль слаць [лісты] вялікаму князю Вітаўту, так гаворачы: «Тую палову Падольскай зямлі, што ты даў нам за дваццаць тысяч пенязяў, мы аддалі былі за дваццаць тысяч пану Спытку. [Цяпер жа], калі пані Спыткавая аўдавела з малымі дзецьмі, а землі тыя няма каму бараніць ад татараў, вярні дваццаць тысяч пенязяў, а гарады зноў вазьмі сабе». І князь вялікі [Вітаўт] паслаў каралю сорак тысяч [пенязяў] з панам Нямірам і Дзімітрыем Васільевічам, баярынам луцкім, а гарады свае зноў узяў сабе і старасту свайго пасадзіў, двараніна Граноўскага. Пасля Граноўскага [вялікі князь Вітаўт] даў [Падолле] пану Пятру Мантыгірдавічу, а пасля яго - пану Дзідзіголду. Потым, калі [вялікі князь Вітаўт] пану Дзідзіголду даў Смаленск, Падолле [ён] даў пану Доўгірду. Пан жа Доўгірд быў старастам ва ўсіх тых гарадах на Падоллі аж да смерці вялікага князя Вітаўта. А як толькі князя вялікага Вітаўта не стала ў жывых, прыехалі ляхі і пана Доўгірда з горада Камянца паклікалі да сябе на раду і, да рады не дапусціўшы, схапілі і абрабавалі. Потым яны захапілі Камянец [і іншыя гарады] і ўсім тым завалодалі, што [цяпер] у Падольскай зямлі трымаюць29.

ПАХВАЛА ВЯЛІКАМУ КНЯЗЮ ВІТАЎТУ30


Таямніцу цара захоўваць пахвальна, а пра справы вялікага гаспадара паведамляць пахвальна. Хачу вам расказаць пра вялікага князя Аляксандра, яшчэ званага Вітаўтам, літоўскіх і рускіх і шмат іншых земляў гаспадара. Але спачатку па пісанаму: «Братва, Бога бойцеся, а князя шануйце». Гэтак і я хачу вам расказаць пра гэтага слаўнага гаспадара. Але немагчыма ні расказаць, ні апісаць справы вялікага князя Вітаўта. Каб было магчыма спасцігнуць вышыню неба і глыбіню мора, то можна было б выказаць сілу і храбрасць гэтага слаўнага гаспадара.

Вялікі князь Вітаўт валодаў Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім і шмат якімі іншымі землямі, проста кажучы, усёю Рускаю зямлёю. Ды не толькі ўся Руская зямля [была яму падуладная]. Яшчэ і гаспадар Вугорскай зямлі, гэтак званы цэзар рымскі, у вялікай любові жыў з ім. Аднойчы быў гэты слаўны гаспадар у сваім горадзе Вялікі Луцак і паслаў сваіх паслоў да вугорскага караля, гэтак званага цэзара рымскага, і загадаў яму прыбыць да яго. Ён жа паслухмяна неўзабаве прыехаў да яго са сваёю каралеваю, і пашану вялікую выказваў, і падарункі шматлікія падносіў яму. І з таго часу вялікая любоў умацавалася паміж імі.

Як не дзівіцца славе вялікага гаспадара [Вітаўта]. Няма земляў ні на ўсходзе, ні на захадзе, адкуль не прыходзілі б пакланіцца гэтаму слаўнаму гаспадару. Калі нават ёсць цар над усёю зямлёю, і той, прыйшоўшы, кланяўся слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Аляксандру, яшчэ званаму Вітаўтам. Яшчэ і турэцкі цар пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў [гэтаму] слаўнаму гаспадару. У вялікай любові жыў з ім і прававерны і хрысталюбны цар царградскі. Таксама і Чэскае каралеўства з вялікаю пашанаю ставілася да [нашага] слаўнага гаспадара. А яшчэ дацкі кароль пашану вялікую выказваў і падарункі шматлікія падносіў слаўнаму гаспадару, вялікаму князю Вітаўту.

У тыя ж гады брат яго Ягайла, па-ляшску названы Ўладзіславам, валодаў Кракаўскім каралеўствам, і ён з ім [таксама] ў вялікай любові жыў. Калі слаўны гаспадар Вітаўт на якую зямлю гневаўся і хацеў пакараць, кароль Уладзіслаў заўсёды даваў яму дапамогу. Служылі яшчэ яму і ўсходнія цары.

Таксама вялікі князь маскоўскі ў вялікай любові жыў з ім. Служылі яму яшчэ і іншыя: вялікія князі нямецкія з усімі сваімі гарадамі і землямі, па-нямецку называныя магістрамі; гаспадар зямлі Малдаўскай і Бесарабскай, па-валашску называны ваяводаю; таксама і гаспадар зямлі Балгарскай, па-балгарску называны дэспатам. Яшчэ і іншыя вялікія князі [служылі вялікаму князю Вітаўту]: вялікі князь цверскі, вялікі князь разанскі, вялікі князь адоеўскі, і Вялікі Ноўгарад, і Вялікі Пскоў. Проста кажучы, не знойдзецца ва ўсім Памор'і ні горад, ні край, якія б не слухаліся гэтага слаўнага гаспадара Вітаўта.

Гэтыя вялікія гаспадары, вялікія князі, вялікія землі, пра якія мы тут пісалі, адны ў вялікай любові жылі з ім, а іншыя моцна служылі яму, слаўнаму гаспадару, пашану вялікую [выказвалі] і падарункі шматлікія падносілі яму не толькі кожны год, але і кожны дзень.

Калі слаўны гаспадар, вялікі князь Аляксандар, званы Вітаўтам, на якую зямлю гневаўся і хацеў яе сам пакараць або куды хацеў сваіх моцных ваяводаў паслаць і каму ад тых земляў загадваў да сябе прыбыць, яны неўзабаве паслухмяна са сваёй зямлі да яго прыходзілі. Калі ж якому гаспадару з-за якой-небудзь патрэбы немагчыма было прыбыць [да Вітаўта], ён сваё войска пасылаў яму [Вітаўту] на дапамогу і на службу.

Гэты вялікі князь Аляксандар, званы Вітаўтам, у вялікай пашане і славе прабываў. [Аднойчы] быў ён у адным са сваіх гарадоў - вялікім горадзе Кіеве, і прыслалі да яго [сваіх па-сланцоў] вялікія князі ардынскія, паручаючыся верна служыць яму, і прасілі ў яго цара на царства, бо шмат вялікіх ардынскіх цароў служыла пры яго двары. І даў ён ім цара па імені Салтан. Той жа цар, які быў у Ардзе, учуўшы, што слаўны гаспадар [Вітаўт] паслаў свайго слугу на царства, не пасмеў працівіцца яму, пакінуў царства і ўцёк. Салтан жа, прыйшоўшы ў Арду, сеў на царства паводле волі вялікага гаспадара Вітаўта і вельмі паслухмяна служыў яму і неўзабаве памёр. Старэйшыны ж ардынскія паслалі сваіх паслоў з вялікімі дарамі да слаўнага гаспадара [Вітаўта] і прасілі ў яго іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Салтан Малы. Гэты Салтан, сеўшы на царства, ніяк не смеў не слухацца слаўнага гаспадара: дзе і калі [вялікі князь Вітаўт] яму загадае, ён тады і туды качуе. Прайшло мала часу, і вялікія князі ардынскія, не смеючы нічым разгневаць слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, каб без яго волі не садзіць на трон цара, прыслалі да яго з вялікаю пашанаю і прасілі іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Даўлад-Бярды.

Як рака, праплываючы ўсе землі, людзей і жывёлу поіць, а сама не змяншаецца, так і слаўны гаспадар [Вітаўт] шмат цароў адпускаў у Арду, а ў яго большала цароў. Мы ж да папярэдняга вернемся. Гэты цар Даўлат-Бярды мала часу цараваў, і таму тыя ж старэйшыны ардынскія, калі ішлі каля вышэйзгаданага горада Кіева і ўчулі, што ў гэтым горадзе знаходзіцца слаўны гаспадар, вялікі князь Вітаўт, прыйшлі і пакланіліся яму, і шматлікія падарункі прынеслі, і прасілі ў яго іншага цара. Ён жа даў ім іншага цара па імені Махмет. Як ад мора шмат вады выходзіць, так і ад гэтага слаўнага гаспадара, вялікага князя Вітаўта, мудрасць сыходзіць.

У год 1430 князь вялікі Вітаўт Кейстутавіч склікаў да сябе караля польскага Ўладзіслава [Ягайлу], вялікага князя маскоўскага Васіля Васільевіча, вялікага князя цверскага Барыса Аляксандравіча, магістра нямецкага і прускага, магістра лівонскага. Вялікія паслы прыходзілі ад Івана, цара царградскага, і ад рымскага цэсара, і ад дацкага караля, і ад вялікага князя разанскага, і ад валашскага ваяводы паслы прыходзілі. Адоеўскія ж князі самі былі. І ад Вялікага Ноўгарада, і ад Пскова, і ад ардынскага цара, і ад іншых князёў і земляў паслы былі. Гэтыя каралі, вялікія князі і паслы былі ў вялікага князя Вітаўта сем тыдняў на яго страве, а на [кожны] дзень ішло аброку па трыста бочак мёду (медавухі), па трыста ялавіц, бараноў і вепраў [таксама] па трыста.

Князь вялікі Вітаўт хацеў ускласці на сябе карону, але яго непрыяцелі ляхі не прапусцілі яе, і таму ён не ўсклаў на сябе карону31. І расхварэўся князь вялікі Вітаўт і адпусціў [дамоў] вялікіх князёў і царскіх паслоў са шматлікімі падарункамі і з пашанаю. Кароль жа польскі Ўладзіслаў застаўся ў вялікага князя Вітаўта. І пры ім памёр вялікі Вітаўт 23 кастрычніка32 ў дзень памяці святога апостала Якава, брата Гасподняга.

І сеў [пасля смерці вялікага князя Вітаўта] на вялікае княжанне князь вялікі Свідрыгайла Альгердавіч33 у Вільні і Троках. І княжыў вялікі князь Свідрыгайла два гады без двух месяцаў, і пры сваім княжанні паслаў ён смаленскага ўладыку Герасіма34 ў Царград [для пасвячэння] на мітраполію. І не справіўся [вялікі князь Свідрыгайла] з кіраваннем краіны. І першага верасня [1432 г.] пасадзіла літва на вялікае княжанне, у Вільню і Трокі, вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча35. Свідрыгайла ж пайшоў [княжыць] у Полацак і Смаленск, і рускія князі і баяры пасадзілі яго на вялікае княжанне рускае36.

У тую ж восень сабраў князь вялікі Свідрыгайла вялікае войска, і князь вялікі цверскі Барыс Аляксандравіч даў яму [на дапамогу] брата свайго князя Яраслава з усім сваім войскам, і пайшоў [Свідрыгайла] на Літву. Не дайшоўшы да Вільні шэсць міль, ён спыніўся ў Ашмянах і там стаяў тыдзень. І прыйшоў князь вялікі Жыгімонт з літоўскім войскам, і адбылася бітва паміж імі 8 снежня ў дзень памяці святога Патанія, у панядзелак. І дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту, і разбілі князя вялікага Свідрыгайлу, і рускіх князёў пабілі, а іншых узялі ў палон: князя Юрыя Лугвенавіча, князя Васіля Сямёнавіча, князя Федзьку Адзінцэвіча, і паланілі пана Дзедзіголда, ваяводу віленскага, і шмат іншых пабілі і паланілі.

У тую ж зіму князь вялікі Свідрыгайла другі раз сабраў вялікае войска з Русі і пайшоў на Літву, і шмат паваявалі ў Літоўскай зямлі, і папалілі, і [людзей] у палон павялі.

Летам жа [1433 г. Свідрыгайла зноў] сабраў вялікае войска з Русі, і лівонскі магістар з усім сваім войскам прыйшоў яму на дапамогу, і князь вялікі цверскі прыслаў яму сваё войска. І пайшоў [Свідрыгайла] ў Літоўскую зямлю, і начаваў у Рудомені за паўтары мілі ад Вільні, і пайшоў да горада, не даходзячы Трокаў, павярнуў на Старыя Трокі, а пад Трокамі стаяў на Спасаў дзень і, прастаяўшы чатыры дні, пайшоў ад Трокаў шукаць вялікага князя Жыгімонта і літоўскае войска. Прастаяўшы ў Вейкшышках чатыры дні, ён пайшоў на Русь у сваю зямлю. І прыйшоў [Свідрыгайла] да Крэва, стаяў два дні, узяў горад Крэва мураваны і спаліў, людзей жа шмат пасек і ў палон пабраў, паланіў і пайшоў адтуль да Маладэчна.

[Тут] дайшла да вялікага князя Свідрыгайлы вестка, што ідзе літва пагоняю. І князь вялікі Свідрыгайла паслаў на іх князя Міхаіла, ваяводу кіеўскага, і іншых рускіх князёў, і пабілі [яны] Пятра Мантыгірдавіча37 і літву, а іншых палавілі каля Капачоў38. І адтуль пайшоў [Свідрыгайла] да Заслаўля, узяў горад і ў той жа дзень спаліў яго, а людзей шмат паланіў; і прыйшоў к Менску, узяў горад і спаліў, а людзей шмат, мужчын і жанчын, паланіў; і пайшоў у сваю зямлю, шмат бяды нарабіўшы Літоўскай зямлі39. І прыйшоў [Свідрыгайла] к Барысаву. І тут на рацэ Бярэзіне схапілі князя Міхаіла Іванавіча Гальшанскага і паслалі яго ў горад Віцебск, і загадаў [Свідрыгайла] ўтапіць яго там у рацэ Дзвіне пад горадам Віцебскам. Злавілі ж яго невінаватага, не даходзячы Лукомля за мілю, між азёраў. Магістар [пасля таго] вярнуўся ў сваю зямлю, у Лівонію. Вялікі ж князь Свідрыгайла пайшоў да Лукомля, там распусціў сваё рускае войска, князёў і баяраў, а сам пайшоў да Кіева.

У тую ж восень князь вялікі Жыгімонт сабраў вялікае войска з літвы і ляхаў, і прыйшоў на Рускую зямлю, і стаў пад Мсціслаўлем 26 кастрычніка [1433 г.], у дзень памяці святога пакутніка Дзімітрыя, у сераду, і стаяў тры дні і, не здабыўшы горада, пайшоў у сваю зямлю. На [наступнае] лета сабраўся Свідрыгайла з рускімі князямі і баярамі, з усім рускім войскам і пайшоў на Літву, і магістар яму на дапамогу. І сышліся яны са Свідрыгайлам у Браславе. І па волі Божай спадзе на зямлю вялікі дождж, і не змаглі яны пайсці ў Літоўскую зямлю. Князь Свідрыгайла вярнуўся ў сваю зямлю, а магістар пайшоў у сваю зямлю. У Полацку [Свідрыгайла] распусціў сваё войска, князёў і баяраў, а сам пайшоў у Кіеў.

На трэці ж год князь вялікі Свідрыгайла спаліў у Віцебску мітрапаліта Герасіма. Сабраў князь вялікі Свідрыгайла ў Віцебску рускіх князёў і рускае войска і пайшоў к Браславу. Там, у Браславе, прыйшоў на дапамогу Свідрыгайлу магістар лівонскі з усім сваім войскам, і пайшлі яны ад Браслава па Завілейскай зямлі, за Вілію да Вількаміра40. Князь жа вялікі Жыгімонт сам не пайшоў на Свідрыгайлу. Даў кароль [Ягайла] 800 коней у дапамогу князю вялікаму Жыгімонту. І князь вялікі Жыгімонт паслаў на князя Свідрыгайлу свайго сына, князя Міхайлу41. Князь Міхайла прыйшоў са сваім войскам літоўскім і з ляхамі, і адбылася бітва са Свідрыгайлам на Сёмін дзень, на летаправодца (1 верасня 1435 г.), а біліся за Вількамірам ля ракі. І за тое Бог не дапамог князю Свідрыгайлу, што ён спаліў мітрапаліта Герасіма. І дапамог Бог вялікаму князю Жыгімонту і яго сыну Міхайлу, і разбілі яны князя Свідрыгайлу і ўсё яго войска, і шмат князёў забілі, а іншых рукамі палавілі. [Тады] забілі яго [Свідрыгайлы] пляменніка, князя Жыгімонта Карыбутавіча, князя Яраслава Лугвенавіча, князя Міхаіла Сямёнавіча Балабана, князя Данілу Сямёнавіча Гальшанскага, князя Міхаіла Львовіча Вяземскага і іншых шмат князёў пабілі, а паланілі 42 князі і сярод іх паланілі Івана Ўладзімеравіча, [князя] кіеўскага, і брата яго, князя Фёдара Карыбутавіча. Забілі і лівонскага магістра і ландмаршалка, і шмат комтураў пабілі, і ўсіх лівонцаў перабілі, а іншых жывымі пералавілі, мала хто з іх выратаваўся. [Тады] і шмат іншых гасцей перабілі: рукушан42, сілезцаў і чэхаў, а іншых рукамі палавілі.

Пасля той бітвы праз тры тыдні сабраў князь вялікі Жыгімонт усё сваё войска літоўскае і паслаў свайго сына, князя Міхайлу, на Русь. Прыйшоў князь Міхайла і стаў ля Воршы. І сустрэлі яго ля Воршы смаляне, і паддаліся яны князю вялікаму Жыгімонту і яго сыну, князю Міхайлу. І не пайшоў князь Міхайла на Смаленск, а пайшоў ад Воршы к Віцебску. Прыйшоўшы пад Віцебск, князь Міхайла стаяў 6 тыдняў і, не ўзяўшы горада, пайшоў прэч. Пасля таго ў тую ж зіму князь вялікі Жыгімонт зноў сабраў усё сваё літоўскае войска і паноў і паслаў да горада Полацка. Прыйшоўшы, прастаялі яны пад Полацкам тыдзень і, не здабыўшы горада, пайшлі прэч. У наступным жа [1436] годзе палачане і віцябляне, не чакаючы ніадкуль дапамогі, паддаліся князю вялікаму Жыгімонту Кейстутавічу. І пачаў княжыць вялікі князь Жыгімонт на вялікім княжанні літоўскім і рускім43.



Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.