Прапусьціць навігацыю.
Галоўная

Кроніка Быхаўца

[РОД ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ З ПАКАЛЕННЯ ДЫ З РОДУ КІТАЎРАСАЎ]



[ПРА АТЫЛУ, ЗВАНАГА БІЧАМ БОЖЫМ]

У год ад Божага нараджэння1 401 прыйшоў Атыла2, званы Бічам Божым, ад ракі Югры3, або Юры4, а яна і цяпер у зямлі Івакі-цара5; бацьку ягонага звалі Мандазіг. Выйшаў ён адтуль з трыма братамі сваімі - Ачарам, Рогасам і Бледам - і морам-акіянам прыплыў у Міжземнае мора, якое ляжыць паміж Францыяй ды Гішпаніяй. І калі ён увайшоў у тое мора, якраз тады везлі з Брытаніі каралеўну іменем Урсула, каб выдаць замуж за сына ангельскага караля; а пры той каралеўне было адзінаццаць тысяч паненак. Атыла саму каралеўну і ўсіх тых адзінаццаць тысяч паненак, што былі пры ёй, забіў, і яны ў імя Хрыста сталі пакутніцамі. Гэта першае зверства, учыненае ім над народам хрысціянскім. Потым ён абышоў Французскую і Валоскую землі* і паплыў морам да Харвацкае зямлі, там ён сышоў на бераг і ўзяў сілаю Харвацкую зямлю. Авалодаў ён таксама Вугорскаю зямлёю, і збудаваў замак Будзынь6, і назваўся каралём вугорскім; а браты ягоныя - Ачар і Рогас - памерлі. І калі ён будаваў Будзынь і абводзіў места мурамі, у той час ён свайго трэцяга брата, Бледу, забіў і адзін панаваў на ўсёй Вугорскай зямлі, і захапіў шмат гаспадарстваў, і як спачатку пераследаваў хрысціянаў, так і сеўшы на тым гаспадарстве, ні ў чым не змяніўся, але яшчэ большы вораг хрысціянам стаў. І, сабраўшы пяцьсот верных яму людзей, ён пайшоў у Валоскую зямлю і прыйшоў пад места, званае Аквілея7; тое места было тады пад цэсарам Марцыянам8; і Атыла аблажыў Аквілею. А тое места было вельмі моцнае, і бараніла яго рымскае рыцарства, і таму, зразумеўшы, што не зможа гэтага места захапіць, Атыла не хацеў далей марнаваць часу і пайшоў у глыб Валоскае зямлі9 да Рыма. А князі ды сенатары, якія былі ў тым месце, бачачы такую вялікую сілу ягоную, былі вялікім страхам апанаваныя і разбегліся з места, а каторыя ўцяклі да сваіх рыбароў і там, на востраве, пачалі будаваць места, якое стала называцца Венецыя.

* Валоская зямля - тут: Італія

[ПРА КНЯЗЯ ПАЛЕМОНА]10

А князь іменем Палемон, які таксама ў тым месце быў, усё сабраўшы, уцёк з імі. І з ім было пяцьсот сем'яў рымскае шляхты, а між імі на востраве аказалася чатыры роды рымскае шляхты: з герба Кітаўраса11 - Даўспрунк, з герба Калюмнаў - Прэшпар Цэзарынус, з герба Ўрсінаў12 - Юліянус, з герба Ружы - Гектар. І паплыў Палемон морам Міжземным і ўзяў з сабою аднаго звездара, які знаўся на зорках. І паплылі яны на караблях морам на поўнач, і, абмінуўшы Францыю ды Ангельшчыну, прыплылі да каралеўства Дацкага, а адтуль морам-акіянам13 дабраліся да вусця ракі Нёман, дзе яна ўпадае ў мора-акіян, потым паплылі ракою Нёмнам уверх па рацэ аж да мора, якое завецца Малым14, або Нёмнавым. А з тае прычыны мора Нёмнавае так завецца, што ў тое мора Нёман упадае дванаццаццю рукавамі, і кожны завецца асобным найменнем, а адзін назвалі Гілія.

І паплылі тым рукавом уверх і даплылі да месца, дзе Нёман цячэ па адным рэчышчы, і ўверх па Нёмане дабраліся да ракі Дубісы15, дзе, увайшоўшы ў тую раку Дубісу, знайшлі горы высокія, і сярод тых гор - раўніны вялікія і дубровы раскошныя, размаітым багаццем поўныя, звярамі рознага роду, найперш турамі, зубрамі, ласямі, аленямі, сарнамі, рысямі, куніцамі, лісіцамі, вавёркамі, гарнастаямі ды іншымі пародамі, а таксама ў рэках вялікае багацце рыб незвычайных, і гэта толькі тыя рыбы, якія ў гэтых рэках плодзяцца, але мноства рыб размаітых і дзіўных прыходзіць з мора, бо недалёка гэта ад вусця Нёмнавага, дзе Нёман у мора ўпадае. І на некаторых рэках - на Дубісе, на Нёмне, на Юры - пасяліліся яны і пачалі размнажацца. Тое іх пасяленне на тых рэках вельмі ім спадабалася, і назвалі яны тую зямлю Жамойцкаю16.

[ПРА ТРОХ СЫНОЎ ПАЛЕМОНАВЫХ - БОРКА, КУНАСА І СПЕРУ]

Потым згаданы князь Палемон нарадзіў трох сыноў: старэйшы - Борк, другі - Кунас, трэці - Спера. Старэйшы сын, Борк, заснаваў горад на рацэ Юры і, склаўшы назву ракі Юры і імя сваё разам, назваў той горад Юрборк17. А сярэдні сын, Кунас, прыйшоў да вусця ракі Нявежы18, дзе яна ўпадае ў Нёман, і ўчыніў горад, і назваў яго іменем сваім - Кунасаў горад19. А трэці сын, Спера, пайшоў далей у пушчу на ўсход сонца, і перайшоў праз раку Нявежу, і праз раку Святую20, і праз трэцюю раку - Шырвінту21, і знайшоў возера, лукамі і рознымі дрэвамі аздобленае. Палюбілася яму тое месца, і пасяліўся ён каля таго возера, і назваў яго сваім іменем - Спера.

Даўспрунк жа з герба Кітаўраса паплыў па рацэ Святой і знайшоў месца вельмі прыгожае і да гарадзішча падобнае, і спадабалася яно яму вельмі, і ён там пасяліўся, і пабудаваў сабе горад, і даў найменне таму гораду Вілкамір22, а сам назваўся князем Дзявілтоўскім, і там ягоны род пачаў размнажацца.

Мы ж вернемся назад.

І панаваў Спера шмат гадоў, і быў вельмі ласкавы да сваіх падданых, ды потым памёр без плода. І ягоныя падданыя, любячы яго, паводле рымскага звычаю паставілі балвана23 і ў памяць пра яго назвалі таго балвана Спера. І потым тыя людзі, што жылі каля таго балвана, пачалі яму ахвяры складаць і за бога яго мець. А потым, калі той балван сказіўся, яны тое возера і месца шанавалі і за бога мелі, а між сабою гаспадара не мелі і жылі без пана.

Але вернемся назад.

Неўзабаве памёр брат Сперы Борк, які жыў у Юрборку, не маючы дзяцей. А брат ягоны Кунас узяў і землі брата свайго Борка, і горад Юрборк і на тых землях пачаў панаваць.

[ПРА ДВУХ СЫНОЎ КУНАСАВЫХ - КЕРНУСА І ГІМБУТА, А ТАКСАМА ПРА ПАХОДЖАННЕ НАЗВЫ ЛІТВА]

А той князь Кунас меў двух сыноў: аднаго - Кернуса, другога - Гімбута. І, пануючы ў Жамойцкай зямлі, пачаў Кунас павялічваць ды пашыраць свае ўладанні і выходзіць за раку Вяллю24 ў зямлю Завельскую25. І, перайшоўшы раку Святую, знайшоў ён месца вельмі прыгожае, і спадабалася яму тое месца вельмі, і ён пасяліў там свайго сына Кернуса, і назвалі тое месца па імені Кернуса Кернавам26.

А потым Кунас памёр, і пасля яго сын ягоны Кернус панаваў на ўсёй зямлі Завельскай да мяжы латыгольскае27 і да Браслава-Завельскага і аж да ракі Дзвіны. А брат ягоны Гімбут сеў на Юрборку, і на Кунаве, і на ўсёй Жамойцкай зямлі.

А ў той час, калі Кунас панаваў на Завельскай старане, людзі ягоныя за Вяллёю аселі і гралі на трубах дубасных28. І празваў Кернус бераг той, дзе людзі множыліся, моваю сваёй валоскаю, на лаціне, - Літус, а трубы, на якіх яны гралі, - туба, і даў найменне тым людзям на лаціне, склаўшы назву берага са словам «туба», - Лістубанія. Але простыя людзі не ўмелі называць на лаціне і пачалі называць проста Літвою29. І ад таго часу пачало называцца гаспадарства - Літоўскае і шырыцца ад Жамойці.

Потым вялікі князь Кернус і князь Гімбут, хочучы бацькаўшчыну сваю павялічыць, сабралі сілы свае літоўскія і жамойцкія, і пайшлі на Русь30 пад Браслаў і пад Полацак, і багата шкоды ўчынілі, і землі іх спустошылі, і людзей мноства ў палон павялі.

А ў той час, калі былі яны на Русі, нейкія людзі, што зваліся латыголы і жылі на беразе марскім, пачулі, што князя Кернуса ў Літве няма, а князя вялікага Гімбута - у Жамойці, і, сабраўшыся, усе рушылі ў зямлю Жамойцкую і многа шкоды там учынілі. А потым князь Гімбут вярнуўся з Русі да Жамойці і шкоду ў зямлі сваёй убачыў. Тады ён пайшоў да латыголаў і адных выкараніў, высцінаў*, а другіх у палон вывеў у Жамойць, і землі іхнія спустошыў, і вярнуўся ў Жамойць.

* Высцінаць - забіць

Пасля выйсця яго з Латыгалі прыйшлі да таго берага немцы з-за мора, і той бераг, дзе латыгалы жылі, засялілі, і гаспадарамі сталі, і назвалі сябе Ліфлянты31.

І доўгі час князь Кернус панаваў на Літве, а князь Гімбут на Жамойці і жылі між сабою ў згодзе.

[ПРА СЫНОЎ КЕРНУСА І ГІМБУТА, ЖЫВІНБУДА ДЫ МАНТВІЛА, І ЎНУКАЎ, ВІКІНТА ДЫ ЭРДЗІВІЛА, А ТАКСАМА ПРА НАВАЛУ БАТЫЕВУ]

Потым князь Кернус шмат гадоў жыў на Літве і сам у вялікай старасці памёр, а па сабе пакінуў на вялікім княжанні літоўскім сына свайго Жывінбуда. І князь Гімбут жыў на Жамойці таксама шмат гадоў і памёр, а сына свайго Мантвіла пакінуў на княстве Жамойцкім. І ў час панавання Мантвіла паўстаў цар Батый32, і пайшоў на Рускую зямлю, і ўсю зямлю Рускую зваяваў, і адных князёў рускіх пасцінаў, а другіх у палон павёў, і сталіцу ўсяе зямлі Рускае, горад Кіеў, спустошыў ды спаліў. А вялікі князь кіеўскі Дзімітрый, баючыся вялікае сілы ды моцы Батыевай, уцёк з Кіева ў горад Чарнігаў і там даведаўся, што горад Кіеў спалены, а ўся зямля Руская спустошана. І пачуў ён, што мужыкі, якія завуцца дручанамі, жывуць без гаспадара, і, сабраўшы людзей, пайшоў к Друцку, і зямлю Друцкую захапіў, і горад Друцак33 разбудаваў, і назваўся вялікім князем друцкім.

А ў той час даведаўся князь жамойцкі Мантвіл, што Руская старана апусцела і князі рускія разагнаны, і ён, даўшы войска сыну свайму Эрдзівілу, паслаў з ім паноў сваіх радных: аднаго з герба Калюмнаў - Грумпія, другога з герба Ўрсаінаў - Эйкшыса, а трэцяга з герба Ружы - Граўжыса. І зайшлі яны за раку Вяллю, потым перайшлі раку Нёман і знайшлі за чатыры мілі ад Нёмана гару красную. І спадабалася яна ім, і паставілі яны на ёй горад, і назвалі яго Новагарадком. І ўчыніў князь вялікі Эрдзівіл тут сталіцу і назваўся вялікім князем новагарадскім.

І, пайшоўшы з Новагарадка, заснаваў Эрдзівіл горад Горадзень34, потым пайшоў да Берасця і знайшоў Берасце35, Дарагічын і Мельнік36, Батыем спустошаныя і панішчаныя, і тыя гарады адбудаваў нанова, і пачаў у іх княжыць.

А потым памёр вялікі князь жамойцкі Мантвіл, і пасля яго сеў на вялікім княжанні жамойцкім сын ягоны Выкінт. А другі згаданы сын ягоны Эрдзівіл меў княжыць у Новагарадку і ўва ўсіх тых вышэйзгаданых гарадах. І падаваў ён панам сваім, якія з ім хадзілі, астравы ў пушчы37. Грумпію даў востраў каля ракі Ашмяны, які цяпер называецца Ашмяна, і ўсё прылеглае да Ашмяны, што цяпер князі ды паны ў Ашмянскім павеце трымаюць. Эйкшысу даў востраў, які па ягоным імені названы Эйкшышкі38, і ўсё прылеглае да Эйкшыскага павета. А Граўжысу даў востраў, які таксама імем ягоным названы, - Граўжышкі39, і ўвесь павет, прылеглы да Граўжышак. І ад Грумпія нарадзіўся Гаштольт, а ад Эйкшыса - Давоін, а ад Граўжыса - Монвід. Але вернемся назад.

Панаваў вялікі князь Выкінт у Жамойцкай зямлі, а Эрдзівіл у Новагарадку і ў тых вышэйназваных гарадах. І затым памёр князь вялікі Выкінт, і пасля яго пачаў княжыць Жывінбуд, вялікі князь літоўскі, у абодвух княствах - Літве і Жамойці, а Эрдзівіл у Новагарадку і ва ўсіх вышэйназваных рускіх гарадах.

[ПРА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ МІНГАЙЛУ І ЯГОНЫХ НАШЧАДКАЎ У ПОЛАЦКУ]

Пасля смерці бацькі свайго Эрдзівіла князь вялікі Мінгайла, сабраўшы войскі свае, пайшоў на горад Полацак і на мужоў-палачанаў, якія вечам справаваліся*, як Вялікі Ноўгарад і Пскоў. І прыйшлі яны спачатку к гораду іхняму, званаму Горадзень40. І палачане, апалчыўшыся палкамі сваімі, сустрэлі іх пад Гораднем і вялікі бой ды сечу між сабою ўчынілі. І дапамог Бог вялікаму князю Мінгайлу ў тым, што разбіў ён усіх палачанаў нагалаву і горад іхні Горадзень спаліў, і горад Полацак узяў, і стаў вялікім князем полацкім.

* Справавацца - кіравацца

І будучы вялікім князем полацкім і новагарадскім, панаваў ён шмат гадоў і памёр, пакінуўшы па сабе двух сыноў, аднаго Скірмунта, а другога Гінвіла. І Скірмунт пачаў княжыць у Новагарадку, а Гінвіл у Полацку. І ўзяў Гінвіл замуж дачку ў вялікага князя цверскага Барыса, іменем Марыя, дзеля якой ахрысціўся ў рускую веру41, і далі імя яму Юры. І той Юры панаваў нядоўга і памёр, а па сабе пакінуў сына свайго Барыса ў Полацку.

І той князь Барыс заснаваў горад у імя сваё на рацэ Бярэзіне і назваў яго Барысаў. І як русін42 быў ён вельмі набожны і пабудаваў у Полацку царкву каменную святое Сафіі, другую царкву - жаночы манастыр - святога Спаса ён паставіў за паўмілі ад горада, уверх па рацэ Палаце, трэцюю - манастыр святых Барыса і Глеба - у Бельчыцы43. І валадарачы ў Полацку, быў ласкавы да падданых сваіх, і даў ім вольнасці, і дазволіў веча мець, і ў звон званіць44, а потым і самім кіраваць, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове. А потым князь полацкі Барыс памёр, пакінуўшы па сабе ў Полацку сына свайго Рагвалода, празванага Васілём.

І той князь полацкі Васіль жыў доўга ў Полацку і памёр, а па сабе пакінуў сына Глеба і дачку Парасковію. І тая дачка паабяцала дзявоцтва сваё захаваць у цэласці да канца жыцця і пастрыглася ў чарніцы* ў манастыры святога Спаса над Палатою. Жыла яна там сем гадоў, Богу служачы і кнігі пішучы для царквы, а потым сабралася да Рыма. І колькі гадоў у Рыме жывучы, Богу служыла яна шчыра і асвяцілася, цяпер яе завуць святая Праксэдыс, а па-руску Парасковія. У імя гэтай святой у Рыме і касцёл збудавалі і там жа яе цела паклалі.

* Чарніца - манашка

А брат яе, князь полацкі Глеб, памёр малады і быў пакладзены ў царкве святое Сафіі ў Полацку разам з бацькам ягоным у адной дамавіне. А палачане зноў пачалі вечам справавацца, як у Вялікім Ноўгарадзе і Пскове, і пана над сабою не мелі.

Але вернемся назад.

[ПРА КНЯЗЯ СКІРМУНТА, ПРА ЦАРА ЗАВОЛЖСКАГА БАЛАКЛАЯ, ПРА МАЦІ КУКАВОЙТАВУ ПАЯТУ І ПРА САМОГА КУКАВОЙТА]

Скірмунт княжыў у Новагарадку. І князь Мсціслаў луцкі і пінскі пачаў барацьбу з князем Скірмунтам, хочучы выгнаць яго з бацькаўшчыны ягонае, з Берасця, Мельніка, Горадня і з Новагарадка. І Скірмунт паслаў сваіх паслоў да вялікага князя літоўскага Жывінбуда, просячы яго, каб дапамогу яму даў супраць русі. І вялікі князь літоўскі і жамойцкі Жывінбуд паслаў яму на дапамогу свайго старэйшага сына Кукавойта з усімі сіламі сваймі літоўскімі ды жамойцкімі. І пайшоў вялікі князь Скірмунт з Кукавойтам і з усімі сіламі супраць Мсціслава, князя луцкага і пінскага, і на тым баку ракі Ясельды разбіў нагалаву князь Скірмунт князя луцкага і пінскага і ўсю раць яго рускую, толькі сам князь Мсціслаў з малою дружынаю ледзьве ўцёк у горад Луцк. Князь жа вялікі Скірмунт узяў горад Пінск і горад Тураў. І загаласіла Русь вялікім плачам, што так усе былі пабіты бязбожнаю Літвою.

І вялікі князь Скірмунт Кукавойта, сына вялікага князя літоўскага Жывінбуда, пачаставаўшы і адарыўшы вялікім мноствам золата і срэбра ды борздымі коньмі, адпусціў яго з пашанаю да бацькі ягонага вялікага князя літоўскага і жамойцкага. І калі Кукавойт прыехаў да бацькі свайго, той неўзабаве памёр, і Кукавойт сеў на вялікім княжанні літоўскім і жамойцкім.

Быў у той час цар заволжскі на імя Балаклай45. І прыслаў ён паслоў сваіх да вялікага князя Скірмунта, каб яму даніну даваў і баскакаў ягоных трымаў па тых гарадах, як з тых гарадоў даніна ішла і пры яго папярэдніках, князях рускіх. Але князь вялікі Скірмунт паддацца таму не хацеў, і загадаў насы ды губы паслам Балаклаевым паадрэзваць, і потым да Балаклая іх адпусціў. А той цар на лета, сабраўшыся з многімі сіламі і ордамі татарскімі, пайшоў на Рускую зямлю і многа зла ўчыніў у Рускай зямлі.

І князь вялікі Скірмунт, сабраўшы ўсе войскі свае, спаткаў яго на мяжы сваёй, у Койданаве, і разбіў таго цара, і ўсю яго моц татарскую пабіў, і самога цара забіў, і з перамогаю вялікаю пайшоў на Рускую зямлю, і ўзяў гарады Мазыр, Чарнігаў, Старадуб, Карачоў46, і, звыцяжства* атрымаўшы, цэлым вярнуўся назад.

* Звыцяжства - перамога

Меў князь вялікі Скірмунт трох сыноў: старэйшы Транята, другі Любарт, трэці Пісімонт. Калі князь вялікі Скірмунт памёр, Любарт сеў у Карачове і назваўся князем карачоўскім, Пісімонт сеў у Тураве, а Транята ў Новагарадку, і валадарылі яны ў тых гарадах шмат гадоў.

У тыя гады маці вялікага князя літоўскага і жамойцкага Кукавойта, Паята, памерла ў вялікай старасці. І князь вялікі Кукавойт, любячы маці сваю, учыніў балвана па яе вобразе, робячы ёй помнік. І паставіў ён таго балвана маткі сваёй Паяты над возерам Жослій. І гэты вобраз людзі шанавалі і за бога мелі. А потым той балван згніў, і на тым месцы ліпы выраслі, і людзі тыя ліпы шануюць і за бога маюць ажно й да сёння.

А потым князь вялікі літоўскі і жамойцкі Кукавойт, міласцівы да падданых сваіх, памёр, пакінуўшы па сабе на вялікім княжанні літоўскім і жамойцкім сына свайго на імя Уценус. І той Уценус, мілуючы бацьку свайго, зрабіў у памяць пра вялікага князя Кукавойта балвана і паставіў яго на гары над ракою Святою недалёка ад Дзявілтова, і таго балвана шанавалі і за бога мелі. А потым той балван згніў, і там вырас гай, і людзі там маліліся і назвалі той гай іменем пана свайго Кукавойта.

[ПРА ЦАРА ЗАВОЛЖСКАГА КУРДАСА, КНЯЗЯ ВЯЛІКАГА ТРАНЯТУ І ЎНУКА ЯГОНАГА РЫНГОЛЬТА]

У той час, калі Транята панаваў у Новагарадку, цар заволжскі Курдас паўстаў са шматлікімі сіламі татарскімі на Рускія землі. І князь Транята сабраўся з братамі сваімі - з князем тураўскім Пісімонтам ды з князем карачоўскім Любартам - і з усімі сіламі, а да таго ж абмяняўся пасламі з князямі рускімі - з князем друцкім Сямёнам Міхайлавічам, і з князем луцкім Давыдам Мсціслававічам, і з князем кіеўскім Святаславам, і, сабраўшыся ў адно, пайшлі супраць цара Курдаса ды ўсяе яго заволжскае раці. І сышліся яны за Мазыром на рацэ Акунёўцы, і стукнуліся палкамі, і ўчынілі бой вельмі вялікі ад самай раніцы ажно да вечара.

І дапамог Бог вялікаму князю Траняту і князям рускім: яны цара Курдаса і ўсё войска ягонае нагалаву разбілі, ледзьве сам цар з малою дружынаю ўцёк. Але ў тым баі забілі двух братоў Транятавых - князя тураўскага Пісімонта ды князя карачоўскага Любарта, а таксама Сямёна, сына друцкага князя Міхайлы, ды князя луцкага Андрэя, Давыдавага сына, ды шмат іншых баяраў пабілі.

Князь вялікі Транята, перамогу атрымаўшы і здабытак вялікі, золата, срэбра, камянёў, перлаў ды шатаў дарагіх набраўшы, пайшоў у сваю зямлю, і князі рускія таксама ў свае гарады вярнуліся.

І панаваў вялікі князь Транята нямала гадоў, потым памёр, пакінуўшы па сабе на вялікім княжанні новагародскім сына Альгімонта. І княжыў Альгімонт нямала, потым памёр і пакінуў па сабе на вялікім княжанні новагарадскім сына іменем Рынгольт.

І калі княжыў Рынгольт доўгі час у Новагарадку і ў многіх гарадах рускіх, князі рускія - найперш Святаслаў кіеўскі, ды Леў уладзімірскі, ды Дзімітры друцкі - учынілі змову між сабою і пачалі барацьбу супраць вялікага князя Рынгольта, хочучы сагнаць яго з іхняе бацькаўшчыны - з гарадоў рускіх. І сабраўшы ўсе тры палкі свае, пайшлі яны супраць вялікага князя Рынгольта. І ўзялі тыя князі рускія на дапамогу сабе ад цара заволжскага колькі тысяч татараў.

Князь вялікі Рынгольт спаткаў іх на рацэ Нёмане каля Магільна47 і ўчыніў з імі бой люты. І біліся яны вельмі зацята, пачаўшы ад паранку і аж да самага вечара. І дапамог Бог вялікаму князю Рынгольту: князёў рускіх, і ўсю сілу іхнюю, і арду татарскую нагалаву разбіў і сам, перамогу атрымаўшы, з вялікаю радасцю і здабыткам золата і срэбра ды са шматлікімі скарбамі вярнуўся да сябе. І жыў ён шмат гадоў у Новагарадку і памёр, а па сабе пакінуў на вялікім княжанні новагарадскім сына свайго Міндоўга.

[ПРА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ МІНДОЎГА]

І пануючы ў Новагарадку і ў рускіх гарадах, вялікі князь Міндоўг пачаў збіваць племя сваё. У той жа год выгнаў Міндоўг сыноўца свайго Таўцівіла і Эрдзівіда, паслаўшы іх разам з Выкінтам, а з імі й незлічонае мноства літвы, на Русь ваяваць, пад Смаленск, кажучы: «Хто што возьме, няхай сабе пакіне. Вайною за вайну». І паслаў Міндоўг следам за імі вояў сваіх, каб забілі іх. Яны ж, даведаўшыся пра гэта, уцяклі да князёў Данілы і Васількі і прыехалі ва Ўладзімір. Міндоўг жа паслаў сказаць: «Не майце да іх літасці». Не паслухаліся яго Даніла і Васілька, бо сястра Таўцівілава была замужам за Данілам.

Потым Даніла параіўся з братам сваім, і паслалі яны паслоў у Ляхі да князёў ляшскіх, кажучы: «Самы час хрысціянам на паганых ісці, бо ў іх паміж сабою нязгода». Ляхі абяцалі, ды не зрабілі таго. Даніла ж і Васілька паслалі Выкінта да яцвягаў48, і ў Жамойць, і да немцаў у Рыгу. І Выкінт адарыў срэбрам і дарамі багатымі яцвягаў і паў-Жамойці. Немцы ж адказалі Данілу: «Як жа мы дзеля цябе з Выкінтам замірымся, калі ён братоў нашых пагубіў»; аднак немцы паабяцалі дапамогу Таўцівілу.

Даніла ж з Васількам рушылі да Новагарадка. Даніла, параіўшыся з братам Васількам, паслаў яго на Ваўкавыск, сына свайго - на Слонім, а сам пайшоў да Здзітава, і, здабыўшы шмат гарадоў, яны вярнуліся дамоў. Потым прыслаў Выкінт ганцоў, мовячы, што немцы хочуць паўстаць на дапамогу Таўцівілу. І паслаў Даніла Эрдзівіда, а на дапамогу яму - русь ды полаўцаў49, і вялікае ваяванне было між імі. Адтуль жа Таўцівіл падаўся з палонам Данілавым у Рыгу, і прынялі яго рыжане з вялікаю пашанаю і ахрысцілі яго.

Калі даведаўся Міндоўг, што хочуць дапамагаць яму Божыя дваране*, і біскуп, і ўсе воі рыжскія, і збаяўся ён, і паслаў таемна да Андрэя, магістра рыжскага, і адарыў яго дарамі незлічонымі, і тым яму дагадзіў. Бо паслаў яму багата золата і срэбра, ды срэбнае і залатое начынне, ды шмат прыгожых коней, і казаў: «Калі заб'еш або выганіш Таўцівіла, яшчэ больш атрымаеш». А магістр рыжскі адказаў яму: «Не будзеш збаўлены і не пераможаш ворагаў, калі не пашлеш да папы і не прымеш хросту. Але прыязнасць маю да цябе і хочу асляпіць вочы свае золатам, якое цяпер ад цябе атрымаў, таму табе і спрыяю». І Міндоўг паслаў да папы, прыняў хрост, але хрост яго фальшывы быў: ён заўсёды ахвяры складаў патаемна багам сваім - найперш Нонадаю, Тэлявелю, Дзіверыку, заечаму богу, і Медзіну. І як выедзе ён на поле, а перад ім пабяжыць заяц з поля ў гай, то ён у той лес не ўваходзіць, і людзям забараняў, каб туды хадзілі і каб нават дубца там не выламалі. І багам сваім служыў, і целы мёртвых спальваў, і паганства сваё яўна вызнаваў.

* Рыцары

Таўцівіла ж спавядаў біскуп, і пробашч віржанскі расчуліўся, бачачы яго хворага. Таўцівіл быў выгнаны з Літоўскае зямлі, таму трапіў у іхнія рукі і хрост няволяю прыняў. Аднак усё гэта не зрабіла Літву хрысціянскаю. Андрэй быў пазбаўлены браціяй свайго сану. А Таўцівіл прымчаў у Жамойць да свайго вуя* Выкінта, узяў яцвягаў і жамойтаў і дапамогу Данілаву, якую даў яму Даніла раней, і рушыў на Міндоўга. Міндоўг жа сабраўся быў ісці на бой, але вырашыў не біцца з імі, і ўвайшоў у горад Руту50, і ўночы выслаў швагра свайго, і разагнаў і русінаў і яцвягаў. Раніцою ж выехала войска Міндоўгава на немцаў з самастрэламі**, і ехалі русіны ды полаўцы са стрэламі, і яцвягі з суліцамі, і ганяліся па полі, падобна як на забаве, і адтуль вярнуліся да сябе ў Жамойць.

* Вуй - дзядзька, матчын брат
** Самастрэл - арбалет

[ПРА ЗАБОЙСТВА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ МІНДОЎГА]

Па тым сойме мінула нямала часу, і ўвосень забіты быў вялікі князь літоўскі Міндоўг, самаўладца ўсяе зямлі Літоўскае. Раскажам пра яго забойства. Было гэта так.

Княжачы ў зямлі Літоўскай, пачаў ён збіваць братоў сваіх ды сыноўцаў, а некаторых выгнаў з зямлі, і пачаў княжыць ува ўсёй зямлі Літоўскай адзін, і пачаў ганарыцца вельмі, узнёсся славаю ды гордасцю вялікаю, не трываючы супраць сябе нікога.

Быў у яго сын Войшалк і дачка, якую ён аддаў за Шварна Данілавіча ў Холм51. Войшалк пачаў княжыць у Новагарадку і, будучы паганінам, пачаў праліваць кроў многіх людзей, забіваючы кожны дзень па тры ці па чатыры чалавекі; а які дзень не заб'е нікога, то смуткуе тады, калі ж заб'е каго - тады ён вясёлы.

Пасля гэтага ўвайшоў страх Божы ў сэрца ягонае, і ён, падумаўшы, вырашыў хрысціцца, і прыняў святы хрост у Новагарадку, і стаў хрысціянінам. Потым падаўся Войшалк у Галіч52 да Данілы, да князя Васількі, бо хацеў пастрыгчыся ў манахі. Тады ж Войшалк ахрысціў Юр'я Львовіча. Потым выправіўся ён у Паланіну53 да Грыгорыя ў манастыр і пастрыгся ў чарняцы. І быў Войшалк у манастыры тры гады, і адтуль пайшоў да Святое гары54, і прыняў багаслаўленне ад Грыгорыя. Грыгоры ж быў чалавек святы, такіх, як ён, да яго не было і пасля яго не будзе. Войшалк жа не змог дайсці да Святое гары, бо мяцеж быў вялікі ў тых землях, і ён вярнуўся ў Новагарадок і ўчыніў сабе манастыр55 на рацэ Нёмане між Літвою і Новагарадком і там жыў. Але бацька ягоны Міндоўг дакараў яго, што такое жыццё сабе выбраў. Ён жа бацькі свайго не любіў вельмі.

А ў той час памерла княгіня Міндоўгава, і пачаў ён смуткаваць па ёй. А яе сястра была за Доўмантам, нальшчанскім князем56. І паслаў Міндоўг у Нальшчаны па сваю свесць*, кажучы так: «Сястра твая памерла. Прыязджай яе аплакваць». І яна прыехала. Міндоўг жа захацеў узяць яе замуж і пачаў гаварыць ёй: «Сястра твая, паміраючы, загадала мне, каб я цябе замуж за сябе ўзяў. Казала, гэта каб іншая дзяцей не крыўдзіла». І ўзяў Міндоўг яе замуж. Доўмант жа, пачуўшы пра тое, стаў вельмі смуцен і пачаў замысляць, як бы Міндоўга забіць, але не мог, бо сіла яго была малая, а Міндоўгава вялікая. І Доўмант шукаў сабе дапамогу, з кім забіць Міндоўга, і знайшоў Траняту, сястрычыча** Міндоўгавага. Транята ж быў тады ў Жамойці.

* Свесць - жончына сястра
** Сястрычыч - пляменнік, сын сястры

У год 6771 [1263] паслаў Міндоўг усю сваю сілу за Дняпро на князя бранскага Рамана. Разам з імі пайшоў на вайну і Доўмант, але, выбраўшы сабе зручны час, вярнуўся назад, кажучы так: «Варажба паказвае, што не трэба мне з вамі ісці». Борзда вярнуўшыся назад, нагнаў Міндоўга і тут жа яго забіў, а з ім і абодвух яго сыноў - Рукля ды Рапекія. Такі быў канец Міндоўга.

Пасля забойства Міндоўга Войшалк спалохаўся і ўцёк у Пінск і там застаўся жыць. А на ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці пачаў княжыць Транята.

І паслаў ён па брата свайго Таўцівіла ў Полацак, кажучы так: «Ты, браце, прыедзь сам, раздзелім між сабою зямлю і набытак Міндоўгаў». Той прыехаў да яго і думаць пачаў, як забіць Траняту, а Транята сабе мысліў, як забіць Таўцівіла. І тады паведаміў Траняту пра задуму Таўцівілаву баярын ягоны палачанін Пракоп. І Транята апярэдзіў Таўцівіла і забіў яго і стаў княжыць адзін. Пасля гэтага пачаў думаць Міндоўгаў канюшы з чатырма парабкамі, як бы ім забіць Траняту. І калі ён ішоў у лазню мыцца, падпільнавалі яго і забілі. Такі быў канец Транятаў.

[ПРА КНЯЗЯ ВОЙШАЛКА І ЯГО СМЕРЦЬ]

Пачуўшы пра тое, Войшалк пайшоў з пінянамі да Новагарадка, а адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, падаўся ў Літву княжыць. Літва ж уся з радасцю вялікаю прыняла свайго гасподзіча*. Войшалк пачаў княжыць ува ўсёй зямлі Літоўскай і ворагаў сваіх забіваць, знішчыў іх вялікае мноства, а астатнія разбегліся хто куды. І забіў ён ваяводу Міндоўгавага Астафія акаяннага.

* Гасподзіч - сын гаспадара

Княжачы ў Новагарадку і ў рускіх гарадах, Войшалк, змовіўшыся з князямі рускімі, доўга ваяваў супраць князя ляшскага Баляслава, і ў многіх сечах зысківаў*, і ў Ляхах шмат кровапраліцця чыніў, і зямлю Ляшскую спустошыў, і гарады ляшскія, Ільзу ды іншыя, шматкроць паліў. А потым, надалей пануючы, ахрысціўся ў рускую веру, і прыняў на сябе чын чарнецкі, і пастрыгся ў мніхі, і пайшоў да Ўгроўска57 ў манастыр, у царкву святога Данііла. У манастыры ж быў ігуменам нейкі Грыгоры Палонін, што быў вельмі набожны і нямала пражыў у манастыры.

* Зысківаць - тут: перамагаць

Неўзабаве прыслаў князь Леў Уладзімірскі да Васількі, брата свайго, хочучы з ім пабачыцца і просячы яго, каб паслаў да Войшалка і запрасіў яго прыехаць да іх для нейкае рады. І князь галіцкі Васілька прасіў Войшалка, каб ён да іх з'явіўся і з імі пабачыўся. Але Войшалк не хацеў да іх ехаць, бо не меў прыязнасці з князем Львом; таму не думаў туды ехаць, а ўсё ж паехаў на запрашэнне Васількі ды Шварна ў горад Уладзімір58.

Прыехаў ён у святую нядзелю59 і спыніўся ў манастыры святога Міхаіла Вялікага, і па сустрэчы Маркольт Нямчын запрасіў усіх князёў на абед. І яны былі ў яго на абедзе і весяліліся надта. А потым Васілька напіўся і паехаў да свайго двара, а Войшалк паехаў у манастыр святога Міхаіла, дзе гасподаю стаяў*. Пасля таго да Войшалка ў манастыр прыехаў Леў і сказаў Войшалку: «Вып'ем яшчэ, куме». Войшалк жа выйшаў да яго. І Леў па д'яблавым навучэнні ўспомніў, што бацька Войшалка і сам Войшалк крыўды чынілі землям рускім і яму самому, і тут, у манастыры святога Міхаіла, забіў яго, і ў тым жа манастыры Васілька пахаваў яго. Так скончыўся род князёў рымскага князя Палемона.

* Стаць гасподаю - знайсці часовы прытулак, атабарыцца

[ПРА КНЯЗЯ ШВІНТАРОГА І СЫНА ЯГОНАГА СКІРМУНТА]

І паны, шкадуючы гаспадара свайго прыроджанага, узялі сабе гаспадаром сына вялікага князя літоўскага і жамойцкага Уценуса з гербу Кітаўрасавага - Швінтарога. Але нядоўга княжыў Швінтарог у Новагарадку і ў рускіх гарадах, калі бацька ягоны памёр. І Швінтарог пачаў княжыць на вялікім княжанні літоўскім, жамойцкім, новагарадскім і рускім. І нарадзіў Швінтарог сына Скірмунта. І выбраў сабе вялікі князь Швінтарог месца ў пушчы вельмі прыгожае каля ракі Вяллі, дзе ў яе рака Вільня ўпадае, і папрасіў сына свайго Скірмунта, каб на тым месцы, дзе яго мёртвага спаляць, было жэглішча ўчынена. І загадаў ён сыну свайму, каб пасля смерці ягонае на тым месцы, дзе яго спаляць, усіх князёў літоўскіх і знакамітых баяраў спальвалі б і каб нідзе больш целы мёртвых не палілі, толькі там, бо да таго целы мёртвых спальвалі там, дзе хто памрэ. І так загадаўшы сыну свайму Скірмунту, князь вялікі Швінтарог памёр.

Вялікі князь Скірмунт застаўся пасля бацькі на Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім. І па загадзе бацькі свайго на тым месцы, дзе рака Вільня ў Вяллю ўпадае, ён учыніў жэглішча і там цела бацькі свайго спаліў, і каня ягонага, на якім той ездзіў, і шаты ягоныя, што насіў, і мілосніка* ягонага, да якога той меў ласку, і сокала, і харта ягонага спаліў.

* Мілоснік - фаварыт

І ад тых часоў целы вялікіх князёў літоўскіх на тым месцы спальвалі, і таму тое месца празванае Швінтарог60, паводле імя таго вялікага князя. І калі цела якога князя літоўскага або пана спальвалі, то каля яго клалі рысія або мядзведжыя кіпці, бо верылі, што судны дзень будзе і што калі Бог прыйдзе, ды сядзе на гары высокай, ды судзіць будзе жывых і мёртвых, дык на тую гару цяжка будзе ўзысці без тых кіпцяў. І дзеля таго кіпці каля іх клалі, каб з іх дапамогаю на тую гару лезці ды на суд да Бога ісці. Хоць і паганцы былі, але верылі ў судны дзень, і ў з мёртвых устанне, і ў адзінага Бога, які судзіць жывых і мёртвых.

Потым панаваў вялікі князь Скірмунт і пакінуў двух сыноў - Трабуса і Гілігіна. І пачаў княжыць Трабус на зямлі Жамойцкай, а Гілігін - на зямлі Літоўскай і Рускай. І княжыў Гілігін шмат гадоў і памёр.

[ПРА ПЯЦЁХ СЫНОЎ РАМАНАВЫХ, А ТАКСАМА ПРА ГЕРБ ПАГОНЯ]

Пасля Гілігіна пачаў княжыць сын ягоны Раман. Але неўзабаве памёр вялікі князь жамойцкі Трабус, дзядзька князя Рамана, і пачаў валадарыць князь вялікі Раман на зямлі Літоўскай, Жамойцкай і Рускай. І Раман урадзіў пяцёх сыноў: старэйшы Нарымонт, другі Доўмант, трэці Гольша, чацвёрты Гедрус, пяты Тройдзен.

Калі Раман памёр, пачаў княжыць сын ягоны старэйшы Нарымонт, і ўчыніў ён горад Кернаў, і перанёс да яго сталец з Новагарадка, і пачаў панаваць, і назваўся вялікім князем новагарадскім, літоўскім і жамойцкім.

Брат жа ягоны Доўмант сеў на бацькаўшчыне сваёй, на Уцене61, і назваўся князем уценскім. А трэці брат Гедрус зарубіў горад, і назваў яго іменем сваім - Гедройты, і празваўся князем гедройцкім. А чацвёрты брат Гольша перайшоў раку Вяллю і сярод гор знайшоў гару прыгожую над ракою Вільняю, і за мілю ад месца, дзе Вільня ўпадае ў Вяллю, насупраць Раканцішак62, збудаваў горад, і назваў яго іменем сваім - Гальшаны. Нядоўга прабыў ён там і, едучы адтуль на ловы ў пушчу за дзесяць міляў ад свайго горада, знайшоў гару прыгожую, раўнінамі вялікімі аблеглую ды багаццем поўную. І спадабалася яму там, і ён там пасяліўся, і на той гары над ракою Караблём63 учыніў горад, і перабраўся туды, і там пачаў княжыць, і назваўся князем гальшанскім. А пяты брат Тройдзен жыў пры браце сваім вялікім князю Нарымонце.

І даведаўся вялікі князь Нарымонт, што князі яцвяжскія памерлі, а людзі іхнія без гаспадара жывуць. І князь Нарымонт пайшоў на іх, і яны без супраціву паддаліся яму і пакланіліся, а ён, стаўшы іхнім гаспадаром, аддаў іх брату свайму Тройдзену за даніну. І князь вялікі Тройдзен знайшоў гару прыгожую над ракою Бобраю64, і спадабалася яму там вельмі, і паставіў ён горад, і назваў яго Райгарад65, і празваўся вялікім князем яцвяжскім і дайноўскім66. І калі ён быў на тым княжанні, то вялікія войны вёў з ляхамі, з руссю і з мазаўшанамі, і заўжды перамагаў, і над землямі іхнімі вялікія здзекі чыніў, пра што вышэй апісваецца ў рускай кроніцы, і горшы быў для тых земляў, больш люты, чым Антыёх67 сірыйскі, Ірад ерусалімскі ды Нерон рымскі, такі ён быў люты і ваяўнічы.

Князь жа вялікі Нарымонт узяў за жонку дачку ліфляндца, званага Флядра, і брат ягоны Доўмант узяў у таго ж Флядры другую дачку. І, пражыўшы нядоўга, жонка князя Доўманта ўценскага занемагла і памерла. І князь вялікі Нарымонт, пачуўшы пра смерць нявесткі сваёй, засмуткаваў вельмі. Будучы і сам нездаровы, паслаў жонку сваю да брата свайго Доўманта, спачуваючы яму ў жалобе. І калі прыехала Нарымонтава жонка да Уцены, спачуваючы ў жалобе дзеверу свайму князю Доўманту, той, пабачыўшы нявестку сваю, узрадаваўся вельмі, і сказаў так: «Мне трэба было б жонку шукаць, а то Бог даў мне жонку», і ўзяў яе замуж за сябе. І праз тое вынікла вялікая варожасць і нязгода паміж братамі, вялікім князем Нарымонтам і князем Доўмантам. Князь вялікі Нарымонт, бачачы крыўду сабе вялікую ў тым, што брат жонку ягоную за сябе гвалтам узяў, паведаміў пра тое братам сваім - князю Гедрусу, князю Гольшу і князю Тройдзену - і цесцю свайму ліфляндцу Флядру. І, сабраўшы братоў, пайшоў з усімі людзьмі сваімі на брата свайго князя Доўманта, і аблажыў яго ў горадзе ягоным Уцене.

І зразумеў князь Доўмант, што не зможа абараніцца, і папрасіў мяшчанаў сваіх, каб Нарымонту горада не здавалі, пакуль ён не пройдзе праз войска Нарымонтава. І спусціўся ён з горада, і, прайшоўшы праз войска Нарымонтава, уцёк, і прыйшоў к гораду Пскову. Мужы пскоўскія, бачачы яго, мужа дастойнага і разумнага, узялі яго сабе за гаспадара і назвалі вялікім князем пскоўскім. А Нарымонт, узяўшы горад Уцену і жонку сваю, княжыў у Кернаве, і ў Новагародку, і ў Жамойці, а Доўмант - у Пскове, і абодва княжылі нямала.

Тройдзен жа ўзяў дачку ў князя мазавецкага і меў з ёю сына, званага Рымантам. Калі сын вырас, Тройдзен аддаў яго вучыцца мовы рускае да Льва Мсціслававіча, які ўчыніў горад у імя сваё - Львоў. І, жывучы ў князя Льва, Рымант навучыўся мовы рускае, і спадабалася яму вера хрысціянская, і, ахрысціўшыся, ён зразумеў, што гэты свет нічога не значыць, і, пакінуўшы свет, пастрыгся ў чарняцы, і далі яму імя Лаўраш. І, будучы ў чарняцах, прыйшоў ён да дзядзькі свайго Нарымонта і папрасіў яго, каб той даў яму ў Новагарадскім павеце месца ў пушчы каля ракі Нёмана, дзе б ён мог збудаваць сабе манастыр. І спачатку паставіў ён царкву святога Ўваскрашэння; так паўстаў Лаўрашаў манастыр. І калі быў ён у манастыры, дзядзька ягоны, вялікі князь Нарымонт, памёр. І паны літоўскія і жамойцкія ўзялі вялікім князем Тройдзена.

І калі панаваў князь вялікі Тройдзен, князь вялікі Доўмант, прыйшоўшы з Пскова, узяў горад Полацак і меўся княжыць у Пскове і ў Полацку. І вельмі зайздросна было яму, што брат ягоны меншы Тройдзен атрымаў гаспадарства ў Літве. І пачаў ён думаць, як бы Тройдзена са свету звесці. А ў тыя часы, калі валадарыў Тройдзен, памерлі абодва яго браты, князі Гольшыс ды Гедрус. І праз тую зайздрасць князь вялікі Доўмант паслаў шасцёх мужыкоў на брата свайго Тройдзена, каб забіць яго. І калі Тройдзен бяспечна ішоў з лазні, тыя мужыкі здрадна забілі яго.

Доўмант жа, сабраўшы сваё пскоўскае і полацкае войска, пайшоў у Літву, хочучы быць князем літоўскім і жамойцкім. Але чарнец, званы Лаўрашам, а па-літоўску Рымантам, а па-руску Васілём, шкадуючы бацьку свайго, вялікага князя Тройдзена, пакінуў чын манаскі і прыйшоў да паноў, потым, сабраўшы ўсе сілы літоўскія, пайшоў супраць Доўманта, хочучы адпомсціць за кроў бацькі свайго.

І, апалчыўшыся, спаткаліся яны з Доўмантам над возерам. І калі сышліся палкі іхнія, быў між імі бой ды сеча немалая ад раніцы аж да вечара. І дапамог Бог Лаўрашу, і ўсё войска дзядзькі свайго Доўманта ён разбіў, і самога яго забіў, і горад Полацак узяў, і, вярнуўшыся да пасада бацькі свайго, у Кернаў, сказаў панам сваім: «Калі Бог даў адпомсціць за кроў бацькі, то я свету выракаюся, надзяю на сябе чорную рызу - гаспадарства не хочу. Возьмеце сабе гаспадаром, каго воля ваша будзе. Але раю вам, хоць і ёсць у мяне браты, Ольшын сын Міндоўгаў ды Гедрусаў сын Гінвіл, але яны не здатныя гаспадарствам кіраваць, бо яшчэ малыя. Дзядзька ж мой Нарымонт, калі сеў на Вялікім Княстве Літоўскім, герб свой Кітаўраса пакінуў братам сваім, а сабе зрабіў герб - чалавек на кані з мечам, выяўляючы на тым гербе пана дарослага, які мае бараніць мечам бацькаўшчыну сваю. А таму раю вам: абярыце сабе гаспадара дарослага, які бараніў бы гэтае гаспадарства - Вялікае Княства Літоўскае. І як мне здаецца, да гэтага здатны быў бы Віцень68, які быў маршалкам у бацькі майго».

Паны, не хочучы пераступіць рады і волі гаспадара свайго прыроджанага, сына вялікага князя Тройдзена, так і ўчынілі. Бачачы мужа мудрага і годнага Віценя, які паходзіў з роду ды з пакалення Калюмнаў, з маёнтка Айрагола69 ў Жамойці, узялі яго сабе вялікім князем літоўскім і жамойцкім. Бо князь вялікі Тройдзен, будучы ў Жамойці, ехаў праз свой маёнтак Айраголу і бачыў гэтага Віценя яшчэ малым дзіцем. Пабачыў ён таго хлопца абліччам вельмі харошага і росту адпаведнага і ўзяў яго да сябе. І быў той Віцень у Тройдзена каморнікам, ды, будучы ў каморы, кожную рэч панскую цудоўна захоўваў і ўмела справаваў. І Тройдзен, бачачы яго цноту і спраўнае захаванне, зрабіў яго ў сябе маршалкам. І быў Віцень у яго мілоснікам і ўсякіх справаў гаспадарскіх годным спраўцам быў. А затым пасля смерці князевай узялі яго на вялікае княжанне. На тым і скончыўся род Кітаўрасаў і пачалося вялікае княжанне Віценева.


РОД ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ ЛІТОЎСКІХ З ПАКАЛЕННЯ ДЫ З РОДУ [КАЛЮМНАЎ]

І пачалося вялікае княжанне Віценева. Князь вялікі Віцень панаваў шмат гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім, і нарадзіўся ад яго сын іменем Гедзімін70. І калі вялікі князь Віцень памёр ад удару перуна, пасля яго ў Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім сеў вышэйназваны сын ягоны Гедзімін.

[ПАЧАТАК КНЯЖАННЯ ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ГЕДЗІМІНА Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ, ЖАМОЙЦКІМ І РУСКІМ]

Калі Гедзімін стаў вялікім князем пасля смерці свайго бацькі Віценя ў Вялікім Княстве Літоўскім, Жамойцкім і Рускім, сядзеў на пасадзе бацькавым у Кернаве і панаваў нядоўга пасля тае смерці, паўсталі супраць яго немцы, прусы71 і ліфляндцы і прыйшлі з вялікім мноствам людзей сваіх у зямлю Жамойцкую, хочучы яе сабе забраць. Не паспеў Гедзімін хутка сабраць войска сваё супраць іх і паслаў найстарэйшага гетмана свайго з малою сілаю на горад Кунасаў, каб умацаваць яго ад немцаў. А тым гетманам быў Гаштольт з роду Калюмнаў. Але немцы таго гетмана перагналі, і горад Кунасаў аблажылі, і з парокаў вялікіх увесь збілі, і гетмана Гедзімінавага з таго горада звялі, і ў палон павялі, і Жамойцкую зямлю захапілі. Вялікі князь Гедзімін выкупіў у немцаў свайго гетмана за трыццаць тысяч залатых.

І на другі год, сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія і рускія, пайшоў Гедзімін на немцаў. А немцы, ліфлянты і прусы, жамойць з сабою ўзяўшы, спаткалі вялікага князя Гедзіміна на рацэ Атмене72, на гэтым баку, за дзве мілі ад Жэймаў. І дапамог Бог вялікаму князю Гедзіміну: усіх немцаў ён нагалаву разбіў, а Жамойць ад немцаў адступілася і прыйшла да гаспадара свайго прыроджанага Гедзіміна, бо ён немцаў усіх нагалаву разбіў і пабіў усё войска нямецкае. І тут жа, перамогу над немцамі атрымаўшы, Жамойць сабе вярнуў, і пайшоў тады ж са сваймі сіламі і з жамойцю ў зямлю Нямецкую, і ўзяў гарады Тыльжу73, Рагнету74 ды шмат іншых гарадоў, і зямлю ўсю спустошыў, і палонных вывеў, і, невымоўнае кровапраліцце ў Немцах учыніўшы і перамогу атрымаўшы, з вялікаю радасцю да сябе адышоў.

[ПРА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ГЕДЗІМІНА І ПРА ЯГО ВАЙНУ З РУСКІМІ КНЯЗЯМІ]

І, вызваліўшы зямлю Жамойцкую ад немцаў, пайшоў Гедзімін на князёў рускіх. Прыйшоў ён спачатку да горада Ўладзіміра. І князь уладзімірскі Ўладзімір, сабраўшы людзей сваіх, учыніў бой люты з князем вялікім Гедзімінам. І дапамог Бог вялікаму князю Гедзіміну: ён самога князя ўладзімірскага Ўладзіміра забіў, і раць ягоную ўсю пабіў, і горад Уладзімір узяў. А потым пайшоў Гедзімін на князя Льва луцкага.

Князь жа Леў, пачуўшы, што літва князя Ўладзіміра забіла і горад Уладзімір узяла, не асмеліўся супраць Гедзіміна стаць і пабег да князя Рамана, да зяця свайго, у Бранск. А князь ды баяры валынскія білі чалом вялікаму князю Гедзіміну, каб у іх панаваў і гаспадаром быў, а зямлі іхняе не пустошыў. І князь вялікі Гедзімін, умацаваўшы іх прысягаю і пакінуўшы ў іх намеснікаў сваіх, пачаў там княжыць, а потым на зіму пайшоў да Берасця. Усе войскі свае ён распусціў, а сам у Берасці зімаваў.

Хутка Вялікдзень мінуў, і ён, сабраўшы ўсе свае сілы літоўскія, жамойцкія і рускія, на другім тыдні па Вялікадні пайшоў на князя кіеўскага Станіслава і, прыйшоўшы, узяў ён гарады Оўруч75 ды Жытомір. А князь Станіслаў абмяняўся пасламі з князем пераяслаўскім76 Алегам, і з князем бранскім Раманам, і з князем валынскім Львом, якога князь вялікі Гедзімін выгнаў з Луцка. І сабраліся ўсе з вялікім мноствам людзей сваіх рускіх, і спаткаліся з князем вялікім Гедзімінам на рацэ Рпені77 пад Белгарадам78, за шэсць міляў ад Кіева, і ўчынілі бой ды сечу вялікую. І дапамог Бог вялікаму князю Гедзіміну: разбіў ён усіх князёў рускіх нагалаву, і войска іхняе ўсё пабітае на полі засталося, і князёў Льва луцкага ды Алега пераяслаўскага забіў, а Станіслаў кіеўскі з малою дружынаю ды Раман бранскі ўцяклі ў Бранск. Князь жа вялікі Гедзімін аступіў горад Белгарад. І, бачачы, што гаспадар іхні з войска ўцёк, а самое войска ўсё нагалаву разбіта, і, не хочучы ісці супраць такому войску вялікаму, як літоўскае, здалі горад князю Гедзіміну і прысягнулі служыць Вялікаму Княству Літоўскаму.

Затым князь Гедзімін пайшоў з усімі сіламі сваімі да Кіева, аблажыў горад Кіеў, і кіяне пачалі ад яго бараніцца. І стаяў князь вялікі Гедзімін пад Кіевам месяц. І вырашылі мяшчане кіеўскія, што не могуць больш трываць моцы вялікага князя без гаспадара свайго, вялікага князя Станіслава кіеўскага. Але пачулі яны пра тое, што гаспадар іхні, князь Станіслаў, уцёк ад Гедзіміна і войска ягонае пабіта, і ніякіх заставаў не пакінуў, і, змовіўшыся аднадушна, здаліся вялікаму князю Гедзіміну. І, выходзячы з горада з крыжамі, ігумены, папы і дыяканы вароты гарадскія адчынілі, і сустрэлі вялікага князя Гедзіміна з пашанаю, і ўдарылі яму чалом, і падаліся служыць яму, і прысягу сваю на тым далі вялікаму князю, і білі чалом, каб ад іх удзелаў іхніх не адымаў. І князь Гедзімін на тым іх пакінуў, а сам з пашанаю ў горад Кіеў уехаў.

Пачулі пра тое прыгарадкі кіеўскія: Вышгарад79, Чаркасы, Канеў80, Пуціўль81, Слепаўрод82, што кіяне здаліся разам з горадам, а пра гаспадара свайго чулі, што ўцёк ён у Бранск, а сілу ягоную ўсю пабілі. І прыйшлі яны да вялікага князя Гедзіміна і з тымі вышэйназванымі прыгарадкамі кіеўскімі падаліся служыць яму, і прысягу вялікаму князю Гедзіміну на тым далі. І пераяслаўляне чулі, што Кіеў з прыгарадкамі здаліся князю Гедзіміну, а гаспадар іхні, князь пераяслаўскі Алег, забіты вялікім князем. І яны, прыехаўшы да Гедзіміна, падаліся разам з горадам служыць яму і прысягу на тым далі. Князь жа Гедзімін, узяўшы Кіеў, Пераяслаўль і ўсе вышэйназваныя прыгарадкі, пасадзіў на іх Міндоўгавага сына, князя Альгімонта, вялікага князя Гальшанскага, а сам з вялікаю радасцю ў Літву вярнуўся.

І ў той час, калі князь Станіслаў кіеўскі быў у Бранску, выгнаны вялікім князем Гедзімінам, прыслаў да яго князь Іван разанскі паслоў. Будучы ўжо старым, ён прасіў Станіслава, каб той да яго прыехаў і дачку ягоную па імені Вольга ў яго ўзяў, бо сына не меў, толькі тую дачку, і каб пасля смерці ягонае Станіслаў стаў вялікім князем разанскім. Князь Станіслаў да яго прыехаў і дачку ягоную замуж узяў, а пасля смерці Іванавае стаў вялікім князем разанскім.

Князь жа вялікі Гедзімін, прагнаўшы князёў рускіх і ад немцаў краіну вызваліўшы, панаваў шмат гадоў у спакоі.

[ПРА ТОЕ, ЯК ВЯЛІКІ КНЯЗЬ ГЕДЗІМІН ТРОКІ І ВІЛЬНЮ ЗАСНАВАЎ]

Неяк паехаў князь вялікі Гедзімін са стальца* свайго, з Кернава, у ловы за раку Вяллю і за пяць міляў ад горада знайшоў у пушчы гару прыгожую, дубровамі ды раўнінамі аблеглую, і спадабалася там яму вельмі, і ён там пасяліўся, і заснаваў горад, і назваў яго Трокі (гэта там, дзе зараз Старыя Трокі), і з Кернава перанёс сталец свой у Трокі.

* Сталец - сталіца

Па малым часе пасля таго паехаў князь вялікі Гедзімін у ловы і за чатыры мілі ад Трокаў знайшоў гару прыгожую над ракою Вільняю, і на той гары ўбачыў звера вялікага - тура, і забіў яго на той гары, якую і цяпер завуць Турава гара. І вельмі ўжо позна было да Трокаў вяртацца, таму спыніўся ён на луцэ Швінтарога, дзе першых вялікіх князёў спальвалі, і заначаваў. І калі ён там спаў, то пабачыў сон, што на гары, якую называлі Крывая, а цяпер завуць Лысая, стаіць вялікі жалезны воўк83, а ў яго ўнутры раве так, нібы сто ваўкоў вые. Прачнуўся Гедзімін ды кажа варажбіту свайму і найвышэйшаму папу паганскаму Ляздзейку, які быў знойдзены ў арліным гняздзе: «Бачыў, - кажа, - я сон дзіўны», і распавёў усё, што ў сне бачыў. І той Ляздзейка-варажбіт кажа гаспадару: «Княжа вялікі, воўк жалезны азначае, што горад сталечны тут будзе, а тое, што ў яго ўнутры раве, гэта значыць, што слава яго будзе слынуць на ўсім свеце». І князь вялікі Гедзімін назаўтра ж, не ад'язджаючы, паслаў па людзей і залажыў два гарады - адзін на Швінтарозе, Ніжні, а другі на Крывой гары, якую цяпер завуць Лысаю, і даў імя таму гораду - Вільня. І, збудаваўшы гарады, перанёс Гедзімін пасад свой з Трокаў у Вільню і зрабіў першым ваяводам у Вільні гетмана свайго Гаштольта з герба Калюмнаў, з роду Грумпія, які быў выкуплены ў немцаў пры аблозе Кунасава.

[ПРА ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ ГЕДЗІМІНА І СЯМЁХ ЯГОНЫХ СЫНОЎ]

І княжыў князь вялікі Гедзімін шмат гадоў у Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім, і быў справядлівы, і шмат ваяваў, але заўжды перамагаў, і панаваў фартунліва аж да самае глыбокае старасці. Спладзіў ён сямёра сыноў і восьмую дачку, іменем Ганна, якую аддаў да ляхаў у малжэнскі стан* Казіміру, сыну Ўладзіслава Лакеткі84, у год ад Божага нараджэння 132385.

* Малжэнскі стан - замужжа

І калі быў вялікі князь Гедзімін у глыбокай старасці, яшчэ пры сваім жыцці раздзяліў усё паміж сынамі сваімі. Пяцёх сыноў сваіх пасадзіў на ўдзелах, гэта значыць: старэйшага сына Монтвіда ў Карачове ды Слоніме, Нарымонта ў Пінску, Альгерда ў Крэве, а князь віцебскі сыноў не меў, толькі дачку, і ён аддаў яе за Альгерда і прыняў яго ў зямлю Віцебскую; Карыяту даў Новагарадок, Любарту - Уладзімір і Луцк ды зямлю Валынскую. А яшчэ двух сыноў сваіх пасадзіў Гедзімін на вялікіх княствах: Яўнута - на пасадзе сваім, у Вільні і на Вялікім Княстве Літоўскім, а Кейстута - у Троках і на ўсёй Жамойцкай зямлі; і, раздзяліўшы ўсё паміж імі, сам пачэсна памёр.

Пануючы ў Троках і ў Жамойці, Кейстут пачуў пра дзеўку з Палонкі86 іменем Бірута, якая багам сваім, паводле звычаю паганскага, паабяцала дзявоцтва захоўваць, і саму яе людзі лічылі за багіню. І князь Кейстут сам прыехаў да яе, і спадабалася вялікаму князю дзеўка, бо была яна вельмі прыгожая і разумная, і прасіў ён яе, каб стала яму жонкаю. Але яна не хацела згадзіцца і адказала яму: «Я паабяцала багам сваім дзявоцтва захоўваць да канца жыцця свайго». Але князь Кейстут узяў яе адтуль сілаю і прывёз з вялікаю пашанаю да пасада свайго, у Трокі. Запрасіўшы братоў сваіх, ён справіў з імі вялікае вяселле і ўзяў тую панну Біруту сабе за жонку.

Калі князь Кейстут паехаў за мілю ад Трокаў, спадабалася яму месца паміж азёрамі вельмі прыдатнае, і ён там пасяліўся, і горад збудаваў, і даў імя яму Новыя Трокі, і перанёс сталіцу сваю са Старых Трокаў у Новыя. А сын ягоны Вітаўт нарадзіўся ў Старых Троках, і на тым месцы, дзе ён нарадзіўся, пасля смерці бацькі сам Вітаўт касцёл Звеставання Маткі Божае залажыў, і мніхі закону святога Аўгустына, таго ж закону, што ў Кракаве маюць кляштар святога Аўгустына на Тынцы, там жа, у Старых Троках, паставілі кляштар.

Князь Яўнут панаваў у Вільні і на вялікім княжанні літоўскім. Але князю вялікаму Альгерду, іх старэйшаму брату, і князю вялікаму Кейстуту не спадабалася, што Яўнут княжыць у Вільні і ў Княстве Літоўскім, бо княгіня Еўна памерла. І, не хочучы таго, каб ён на тым месцы галоўным сядзеў, змыслілі між сабою князі вялікія Альгерд і Кейстут брата свайго, князя вялікага Яўнута, з Вільні і з Вялікага Княства выгнаць і аднаму з іх на гаспадарстве сесці.

І змовіліся між сабою ў які дзень, прагнаўшы брата, вялікага князя Яўнута, Вільню-горад ад яго адбяруць. Але князь вялікі Альгерд з Віцебска да Вільні не паспеў к таму часу, а князь вялікі Кейстут, хутка прымчаўся да Вільні, горад заняў. Князь жа вялікі Яўнут, пачуўшы пра тое, уцёк у Тур'і горы і там уночы азяб, і яго ўзялі ды прывезлі да брата ягонага, князя вялікага Кейстута. А той, чакаючы брата старэйшага, вялікага князя Альгерда, пасадзіў Яўнута пад варту, а насустрач Альгерду паслаў ганца распавесці, што ён Вільню заняў, а брата, князя Яўнута, паланіў. Сустрэў ганец Альгерда ў Крэве, і вялікі князь Альгерд паспяшаўся і хутка прыехаў да брата свайго Кейстута. І князь вялікі Кейстут сказаў брату свайму Альгерду: «Ты варты быць вялікім князем у Вільні, ты наш старэйшы брат, а я з табою ў згодзе жыву».

І пасадзіў Кейстут князя Альгерда на вялікім княжанні ў Вільні, а Яўнуту далі Заслаўе. І вырашылі яны між сабою, што ўсе браты маюць слухацца вялікага князя Альгерда, а воласці ды селішчы між сабою раздзялілі, а яшчэ ўмовіліся: што сабе прыдбаюць, гарады ці воласці, тое будуць дзяліць пароўну і быць ім да канца жыцця ў вялікай згодзе ды любові братэрскай. І на тым між сабою прысягу ўчынілі, што адзін на аднаго ліхога замысляць не будуць. Так і жылі яны да смерці сваёй, не парушаючы тае прысягі.

[ПРА КНЯЗЁЎ КАРЫЯТАВІЧАЎ]

1351 год. Вялікі князь Альгерд, сабраўшыся з сіламі сваімі літоўскімі, пабіў на Сініх Водах87 татараў - трох братоў: Хаджы-бея, Кутлубугу ды Дзімітрыя. А тыя тры браты ў Ардзе панавалі і былі дзедзічамі Падольскае зямлі88, прызначалі сваіх атаманаў на Падоллі. Тыя атаманы прыбыткі парадкавалі, а да іх прыязджалі баскакі татарскія і, у іх даніну беручы, да Арды яе вазілі.

Брат жа вялікага князя Альгерда, князь Карыят, трымаў Новагарадок Літоўскі. І было ў яго чацвёра сыноў: князь Юры, князь Аляксандар, князь Канстанцін ды князь Фёдар. І тыя княжычы Карыятавічы, тры браты, з дазволу свайго дзядзькі, вялікага князя Альгерда, рушылі з дапамогаю літоўскаю ў Падольскую зямлю. А ў той час у Падольскай зямлі не было ніводнага горада, ні з дрэва будаванага, ні з каменю мураванага. Тады княжычы, прыйшоўшы ў Падольскую зямлю, запрыязніліся з атаманамі і пачалі бараніць тую зямлю ад татараў, а баскакам даніну аддаваць перасталі. Найперш знайшлі яны сабе моцнае месца на рацэ Смотрычы і там збудавалі сабе горад Смотрыч89. У другім месцы, на гары, жылі манахі, і там Карыятавічы заснавалі горад Бакоту90. Будучы на ловах, надарылася ім гнаць шмат аленяў на тым востраве, дзе цяпер Камянец91 ляжыць, і, высекшы лес, змуравалі горад. З таго пачаўшы, усе гарады падольскія паставілі і ўсю зямлю Падольскую занялі.

А пасля таго польскі кароль Казімір Лакетка92 даведаўся, што браты Карыятавічы, якія пануюць на Падольскай зямлі, - людзі моцныя. І прыслаў ён да князя Канстанціна глейтоўныя лісты* з пячаткамі, настойліва просячы яго, каб да яго прыехаў. Вырашыў кароль з усімі сваімі панамі аддаць за яго дачку, а па сваёй смерці каралём пасадзіць, бо сына ў Казіміра не было, адна толькі дачка93. Але князь Канстанцін, да караля польскага прыехаўшы, не захацеў у ягоную веру перайсці і зноў па тых жа граматах ад'ехаў з Польскае зямлі да свайго гаспадарства і там, на Падоллі, памёр. А князя Юр'я валахі ўзялі сабе ваяводам і там яго атруцілі. Чацвёрты ж брат, князь Фёдар Карыятавіч, у Літве Новагарадок трымаў. І калі даведаўся князь Фёдар, што братоў ягоных у жывых не стала, пайшоў і Падольскую зямлю засеў.

* Глейтоўны ліст, глейт - ліст, які забяспечывае свабодны праезд

А ў тыя гады, калі на Літве і на Русі княжыў вялікі князь Альгерд, князь Фёдар, Падолле засеўшы, не хацеў паслухмяным быць вялікаму князю. Тады Альгерд пайшоў з усімі сіламі літоўскімі на Падолле. Пачуў пра тое князь Фёдар Карыятавіч і ўцёк з Падольскае зямлі да вуграў, а ў гарадах пасадзіў валахаў. Вялікі ж князь Альгерд спачатку прыйшоў да Брацлава94 і, заняўшы горад, рушыў да Сакольца95, і Саколец узяў, і прыйшоў уночы да Камянца, і Камянец здабыў, а потым Смотрыч, і Скалу96, і Чырванаград97 заняў, і ўсе гарады пабраў, і ваяводу князя Фёдара - Нястана, што ў тых гарадах намеснікам быў, злавіў, і ўва ўсіх тых гарадах сваіх старастаў пасаджаў, і даў ад сябе Гаштольту Гаштольтавічу98 трымаць Камянец-Падольскі, і пайшоў назад. Мы ж да ранейшага вернемся.

[ПРА ВАЯВОДУ ВІЛЕНСКАГА ПЯТРА ГАШТОЛЬТА]

Калі князь Альгерд узяў замуж князёўну віцебскую Ўлляну, то для таго ахрысціўся ў рускую веру, а ўсе паны літоўскія засталіся ў сваёй веры паганскай. І князь вялікі Альгерд не чыніў над імі гвалту і на веру сваю не навяртаў, і рымскае веры ў Літве яшчэ не было, толькі руская.

І калі Гаштольт трымаў Камянец-Падольскі, ён часта ездзіў да пана Бучацкага, у якога была дачка, дзеўка вельмі прыгожая. І стараста камянецкі Гаштольт прасіў пана Бучацкага, каб той сваю дачку за яго аддаў. І Бучацкі сказаў: «Я быў бы рады аддаць за цябе дачку, але мне не выпадае яе, хрысціянку, за цябе, паганіна, аддаваць, хоць ты і вялікі пан, але аддам яе за цябе толькі тады, калі ахрысцішся ў нашу веру». І стараста камянецкі Гаштольт ахрысціўся і дачку пана Бучацкага сабе за жонку ўзяў. І калі ахрысціўся ён у ляшскую веру, далі яму імя Пётр.

Па малым часе князь вялікі Альгерд даў Пятру Гаштольтавічу Вільню. І калі ён стаў ваяводам у Вільні, адразу ж прывёў з Ляхаў 14 мніхаў-францішканаў і з дазволу вялікага князя Альгерда залажыў кляштар Маткі Божае ў Вільні на сваім дворышчы, дзе цяпер двор віленскага біскупа. А сам ён паставіў двор свой на пясках над Вінкерам99, дзе цяпер кляштар Маткі Божае. І той Пётр Гаштольт першы прыняў веру рымскую і да Літвы прынёс.

[ПРА ВАЙНУ ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ АЛЬГЕРДА З КНЯЗЕМ МАСКОЎСКІМ ДЗІМІТРЫЕМ ІВАНАВІЧАМ]

У тыя часы князь вялікі літоўскі і рускі Альгерд Гедзімінавіч, справуючы ўмела гаспадарства сваё, немалы час панаваў у Вялікім Княстве Літоўскім. І быў ён у міры і ў добрай прыязні з вялікім князем маскоўскім Дзімітрыем Іванавічам100, які без усякае прычыны, пераступіўшы дагавор і прыязнасць, прыслаў да вялікага князя Альгерда пасла свайго з агнём ды шабляю, даючы яму зразумець, што «буду ў зямлі тваёй па краснай вясне, па ціхім леце».

І князь вялікі Альгерд выняў крэсіва, губку і крэмень, і, запаліўшы губку, даў паслу, і сказаў так: «Дай гэта гаспадару і паведамі яму, што ў нас у Літве агонь ёсць, бо ён кажа мне, што хоча быць у маёй зямлі па краснай вясне ды па ціхім леце. А я, дасць Бог, буду ў яго на Вялікдзень, ды пацалую яго чырвоным яйкам цераз шчыт суліцаю, ды з Божаю дапамогаю к гораду ягонаму Маскве дзіду сваю прысланю; бо не той ваяр, хто чакае часу зручнага, каб ваяваць, але той, хто і ў нязручны час над сваім непрыяцелем зверхнасць даводзіць». І, адпусціўшы пасла і сабраўшы ўсе свае войскі літоўскія і рускія, пайшоў з Віцебска проста на Маскву. І на самы Вялікдзень ранкам князь вялікі Дзімітры Іванавіч ішоў з баярамі і з князямі з царквы з ютрані, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, разгарнуўшы харугвы свае, з'явіўся на Паклоннай гары101.

Вялікі князь маскоўскі вельмі спалохаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда, што прыйшоў паводле слова свайго з такою вялікаю сілаю. І не мог вялікі князь маскоўскі ніякага адпору яму ўчыніць, і паслаў да вялікага князя Альгерда, просячы яго ды вялікія дары яму абяцаючы, каб яго з бацькаўшчыны ягонае, з Масквы, не выганяў, а гнеў свой пакінуў бы і ўзяў бы ў яго, што хацеў.

І князь вялікі Альгерд злітаваўся, і ласку сваю ўчыніў, і з Масквы князя Дзімітрыя Іванавіча не выганяў, і мір з ім заключыў. А потым, дамову ўчыніўшы, сам вялікі князь маскоўскі да Альгерда выехаў, і з ім бачыўся, і дарамі незлічонымі, золатам, срэбрам, і дарагімі перламі, і сабалямі ды іншым футрам, дарагім ды дзіўным, князя вялікага Альгерда адарыў, і выдаткі, якія Альгерд меў, у зямлю ягоную ідучы, яму пакрыў. Потым князь вялікі Альгерд сказаў вялікаму князю маскоўскаму: «Хоць я з табою замірыўся, але мне іначай учыніць не выпадае, бо мушу да горада твайго Масквы дзіду сваю прысланіць ды тую славу ўчыніць, што вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Альгерд дзіду тут сваю прысланіў». І сам на каня сеўшы, дзіду ўзяўшы ў рукі і прыехаўшы да горада, дзіду тую да мура прысланіў і, едучы назад, сказаў голасна: «Княжа вялікі маскоўскі! Памятай пра тое, што дзіда літоўская стаяла пад Масквою».

Пасля таго князь вялікі Альгерд з усімі сваімі войскамі, і з вялікаю пашанаю, і з вялікім палонам, і з невымоўным здабыткам, зваяваўшы ды пабраўшы шмат гарадоў, багата людзей папаланіўшы, мяжу ўчыніў па Мажайск і Каломну102 і з усімі людзьмі сваімі, у цэласці да сябе адышоў.

[ПРА ЗАБОЙСТВА Ў ВІЛЬНІ МНІХАЎ-ФРАНЦІШКАНАЎ]

У той час, калі князь вялікі Альгерд быў у Маскве і пры ім знаходзіўся ваявода ягоны Пётр Гаштольт, мяшчане віленскія, пагане, сабраўшыся, прыйшлі моцаю вялікаю ў кляштар, не хочучы хрысціянства рымскае веры мець, і спалілі той кляштар, і сямёх мніхаў сцялі, а сямёх астатніх прывязалі да крыжа і пусцілі ўніз па Вяллі, мовячы: «З захаду сонца вы прыйшлі, на захад жа і ідзіце, за тое, што вы знішчалі багоў нашых». На тым месцы, дзе іх замучылі, і цяпер стаіць Божая мука103 ў біскупавым садзе.

І калі вярнуўся князь вялікі Альгерд у Вільню, Гаштольт біў чалом вялікаму князю Альгерду, каб тых паганцаў за тое акруценства пакараць загадаў, што нявінных законнікаў так жорстка і нялітасціва пакаралі. І князь вялікі Альгерд і сам вельмі шкадаваў, што так акрутна тых мніхаў-хрысціянаў пазабівалі, і вельмі ўгнявіўся ён, што над хрысціянамі такое зверства сталася, і выдаў пяцьсот віленцаў на смерць для таго, каб іх пакаралі і каб ніводзін хрысціянін ніякае шкоды не чыніў. І тыя пяцьсот чалавек былі пакараны рознымі пакутамі.

А потым Пётр Гаштольт прывёў іншых мніхаў-францішканаў і не насмеліўся ўжо на тым самым месцы кляштар будаваць, дзе першых панішчылі, і паставіў кляштар там, дзе быў збудаваў сабе дом, на пясках над Вінкерам, дзе цяпер стаіць кляштар Маткі Божае. І ад тых часоў стаіць першы ў Вільні кляштар хрысціянскі рымскага закону Маткі Божае.

[ПРА ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ АЛЬГЕРДА І КЕЙСТУТА ДЫ ПРА СЫНОЎ ІХНІХ]

Было ў вялікага князя Альгерда дванаццаць сыноў. З тою жонкаю, што ўзяў ён у князя віцебскага, па якой і Віцебск атрымаў, меў ён шасцёра сыноў. Першы быў Уладзімер, які трымаў удзел у Кіеве; другі - князь Іван Жэдзевід, які валодаў Падольскаю зямлёю; трэці - князь Сямён Лінгвен, удзел ягоны быў Мсціслаўль; чацвёрты - Вінгольт Андрэй, удзел яго - Трубчэўск104; пяты - Канстанцін, удзел яго - Чарнігаў і Чартарыйск; шосты - Фёдар Сангушка, які сядзеў на ўдзеле ў Любомлі105.

Пасля смерці вялікае княгіні Ганны ўзяў князь вялікі Альгерд дачку вялікага князя цверскага княжну Ўлляну і меў з ёю шасцёра сыноў: старэйшы - Ягайла Ўладзіслаў, другі - Скіргайла, трэці - Свідрыгайла, чацвёрты - Карыбут, пяты - князь Дзімітры Карэцкі, шосты - князь Васіль106.

У брата ж вялікага князя Альгерда - у Кейстута, які валадарыў у Троках і ў зямлі Жамойцкай, было шасцёра сыноў. Першаму сыну, Вітаўту, калі стаў ён русінам, далі імя Юры, а калі ахрысціўся ў ляшскую веру, тады далі яму імя Аляксандар. Другі сын - брат Вітаўтаў Андрэй Гарбаты, што княжыў у Полацку; трэці - Жыгімонт; чацвёрты - Патрыкей; пяты - Таўцівіл; шосты - Войдат. Тры апошнія без удзелаў сваіх у маладосці памерлі.

З усіх сваіх сыноў найбольш любілі князь вялікі Альгерд - сына свайго Ягайлу, а князь вялікі Кейстут - сына свайго Вітаўта. І вырашылі яны, што быць тым сынам на іх месцах, на вялікіх княжэннях, пасля іх смерці. Князь жа Ягайла і князь Вітаўт пры бацьках сваіх у вялікай дружбе былі. А потым у 1377 годзе князь вялікі Альгерд памёр.

[ПРА ВЯЛІКІХ КНЯЗЁЎ КЕЙСТУТА І ЯГАЙЛУ]

Князь вялікі Кейстут, памятаючы пра ўмову і любоў брата свайго і пра адзінства, якое з ім да самае смерці яго меў, пачаў трымаць князем вялікім у Вільні сына Альгердавага вялікага князя Ягайлу і працягваў прыязджаць на былыя нарады, як і да брата старэйшага прыязджаў.

Быў у вялікага князя Альгерда нейкі халоп, парабак нявольны, звалі яго Вайдыла. Спачатку быў ён пекарам, потым прызначыў яго князь пасцель слаць і ваду піць падаваць, і вельмі палюбіўся ён Альгерду, і даў быў вялікі князь яму Ліду трымаць і вывеў яго ў людзі. Потым, калі пасля смерці вялікага князя Альгерда мінула больш за два гады, князь вялікі Ягайла ўзняў Вайдылу вельмі высока і аддаў за яго сястру сваю родную, княгіню Мар'ю, што была замужам за князем Давыдам. І тым князю вялікаму Кейстуту надта вялікую крыўду і прыкрасць учыніў, што братанку ягоную ды Ягайлаву сястру за халопа аддаў. І ўвабраўся той Вайдыла ў вялікую моц за князем Ягайлам, ды пачаў з немцамі соймы чыніць, раіцца і падпісвацца пад граматамі супраць вялікага князя Кейстута.

Быў нейкі пан, нехта Лебестын, астродскі комтур107, і быў той Лебестын кумам вялікаму князю Кейстуту, хрысціў дачку ягоную, што была замужам за князем Янушам. Паведаў ён вялікаму князю Кейстуту: «Ты таго не ведаеш, што князь вялікі Ягайла пасылае да нас часта Вайдылу і ўжо змовіўся з намі, каб цябе ссадзіць з твайго месца ды каб яно дасталося яму і сястры вялікага князя Ягайлы, што замужам за Вайдылам».

Князь вялікі Кейстут уведаў, што князь Вітаўт у згодзе жыве з князем Ягайлам, і пачаў скардзіцца Вітаўту, сыну свайму: «Ты з ім у згодзе жывеш, а ён падпісаў дамову з немцамі супраць нас». І князь вялікі Вітаўт адказаў бацьку свайму: «Не вер гэтаму, не думаю, каб гэта было так, бо Ягайла са мною ў згодзе жыве, ён сказаў бы мне пра гэта».

Потым прычынілася вялікая праява. Князь вялікі Ягайла даў быў Полацак брату свайму Скіргайлу, але палачане яго не прынялі. І князь Ягайла паслаў раць сваю літоўскую і рускую з братам сваім Скіргайлам на Полацак. І аблажылі яны горад. Князь жа вялікі Кейстут зноў пачаў скардзіцца, плачучы, сыну свайму Вітаўту на князя Ягайлу: «Першая вялікая крыўда, якую ён мне ўчыніў: за халопа маю братанку, а сваю сястру, аддаў. Цяпер пра другую крыўду: добра ведаю, што ён змовіўся з немцамі супраць нас. А гэта ўжо трэцяя: мы з немцамі ваюем, а ён з імі Полацак адымае ў сына майго, твайго брата, - князя Андрэя Гарбатага. То ўжо другая праява ягонае непрыязнасці да нас выявілася: ясна стала, што ён паўстаў супраць нас заадно з немцамі». І князь Вітаўт адказаў бацьку свайму: «І ўсё ж такі гэтаму не вельмі веру». Сказаўшы тое, Вітаўт сам паехаў у Горадзень і Дарагічын. Князь жа вялікі Кейстут, сабраўшыся з сілаю сваёю, уварваўся ў горад Вільню, паланіў вялікага князя Ягайлу разам з братамі і з маці ягонаю і граматы тыя знайшоў, што Ягайла з немцамі падпісаў. І Кейстут да сына Вітаўта ў Дарагічын ганца паслаў паведаміць, што сталася. Ганец той знайшоў князя Вітаўта ў Горадне, бо той ужо з Дарагічына прыехаў да Горадня. І Вітаўт за адзін дзень прымчаўся з Горадня к бацьку свайму Кейстуту. Той жа сказаў Вітаўту: «Ты мне не верыў, але вось тыя граматы, што падпісалі былі супраць нас Ягайла з немцамі, але багі нас асцераглі, бо я князю вялікаму Ягайлу нічога не ўчыніў: не рушыў ні скарбу ягонага, ані статка, а сам ён у мяне ў няцтве*, толькі пад слабою вартаю. Бацькаўшчыну ж ягоную, Віцебск ды Крэва, і ўсе месты, што бацька ягоны трымаў, - усё яму аддаю і нічога сабе не бяру. А зрабіў я так, асцерагаючыся за сваю галаву, чуючы, што на мяне ліхое задумваюць».

* Няцтва - палон

Князь жа вялікі Ягайла вельмі ўзрадаваўся прыезду вялікага князя Вітаўта. І яны разам прысягнулі князю Кейстуту, што ніколі супраць яго не стануць, але заўжды ў ягонай волі будуць. І князь Кейстут адпусціў Ягайлу з маці і з братамі і з усім скарбам. Вітаўт правёў Ягайлу да Крэва. А затым Ягайла паехаў з Крэва ў Віцебск.

[ПРА ВЯЛІКУЮ ЗДРАДУ КНЯЗЯ ЯГАЙЛЫ, ЯКІ ПРЫСЯГУ ПЕРАСТУПІЎ]

Князь вялікі Кейстут, сеўшы ў Вільні, паслаў двух чалавек у Полацак, аднаго ў войска, а другога ў горад. І палачане ўзрадаваліся і клікнулі раці, і людзі ратныя адступіліся ад Скіргайлы і пайшлі ў Вільню да вялікага князя Кейстута, а князь Скіргайла пайшоў да немцаў, у Ліфлянты, з некалькімі слугамі. Князь жа вялікі Кейстут пайшоў да Ноўгарада-Северскага108 на князя Карыбута, а свайго сына Вітаўта пакінуў у Літве. Ідучы да Ноўгарада-Северскага, загадаў ён, каб павесілі Вайдылу. І князь вялікі Ягайла мусіў пайсці з імі.

І зноў Ягайла на прысягу сваю хутка забыўся, туды не пайшоў, а намовіў месцічаў віленскіх, Ганулеву дворню109, і заняў разам з імі Вільню. Ён з усім войскам прымчаў з Віцебска да Вільні, а князь Вітаўт паслаў ганца ў Ноўгарад-Северскі да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута. І як пачулі пра тое немцы ды прусы, маршалак прускі рушыў з войскам на дапамогу Ягайлу вельмі паспешліва. Калі ж Вітаўт даведаўся, што немцы з Прусаў да Вільні і Трокаў цягнуцца, а Ягайла ідзе з раццю ад Вільні да Трокаў, каб злучыцца з немцамі, і сам ён разам з маці пайшоў з Трокаў у Горадзень. Калі прыступіўся Ягайла да Трокаў, горад здаўся яму. Князь вялікі Кейстут прыйшоў у Горадзен да сына, а жонку сваю паслаў у Берасце, спадзеючыся атрымаць дапамогу ад князя мазавецкага Януша, зяця свайго, сам жа падаўся ў Жамойць, а сына свайго пакінуў у Горадне. Але князь Януш забыўся на дабро і прыязь цесцеву ды цешчыну і рушыў раццю на Дарагічын. Гэты горад узяўшы, ён Сураж110 ды Камянец зваяваў і Берасце акружыў і цешчу сваю ў горадзе, але, Берасце не здабыўшы, пайшоў, задаволіўшыся тымі гарадамі, Дарагічынам ды Мельнікам.

Князь жа вялікі Кейстут сабраў са свае Жамойцкае зямлі ўсе войскі і пайшоў да ракі Вяллі, а князь вялікі Вітаўт, сабраўшы раць са свае бацькаўшчыны, падаўся з Горадня насустрач бацьку, і злучыліся яны на Вяллі за дзве мілі вышэй ад Коўна, і тут пераправіліся з войскам, і пайшлі да Трокаў, і, прыйшоўшы, горад аблажылі. Пачуў Кейстут, што Ягайла з Вільні раццю ідзе, а з ім пруская ды нямецкая дапамога. Спачатку немцы абодвум ворагамі былі - і Кейстуту і Ягайлу. Першы раз ліфлянцкая раць прыходзіла да Полацка на дапамогу князю Скіргайлу, а потым прускае войска на чале з маршалкам прыходзіла да Трокаў, а як трэці раз ліфлянцкая раць з Ягайлам і братамі ягонымі прыходзіла - гэта ўжо значыла, што немцы з Ягайлам ды братамі ягонымі заадно сталі супраць Кейстута. І калі ўжо прыйшлі на бой князь вялікі Кейстут з сынам сваім Вітаўтам супраць вялікага князя Ягайлы і, яшчэ не сышоўшыся палкамі, сталі на адлегласці трох ці чатырох стрэлаў, прымчаліся князі ды баяры ад Ягайлы да войска Кейстутавага і пачалі прасіць Вітаўта, каб пагаварыў з ім. І пачалі яны казаць князю Вітаўту: «Князь вялікі Ягайла паслаў нас да цябе, каб ты ўяднаў* нас з бацькам сваім, каб мы трымалі сваё, а вы сваё і каб сечы між намі не было ды кровапраліцця не ўчынілася. Прыехаў бы ты да брата свайго, вялікага князя Ягайлы, а мы на тым прысягаем, што ты чыста, без бою, ад'едзеш у войска сваё, каб толькі паміж вамі ўсё добра скончылася».

* Уяднаць - тут: замірыць

Князь вялікі Вітаўт адказаў: «Прысягу вашую прымаю, але няхай таксама і князь Скіргайла прыедзе да нас і прысягне, тады і я паеду». Яны паслалі па князя Скіргайлу, і ён, як і яны, прысягнуў вялікаму князю Вітаўту. І Вітаўт паехаў да Ягайлы, да ягонага войска, а раці стаялі адна супраць другой, між сабою нічога не пачынаючы. І пачаў Ягайла прасіць Вітаўта: «Калі б ты нас памірыў, кровапраліцця не было б». І князь вялікі Вітаўт прыняў прысягу ад вялікага князя Ягайлы, што бацьку ягонаму Кейстуту дасць бяспечна ад'ехаць. І яшчэ сказаў вялікі князь Вітаўт князю вялікаму Ягайлу: «Яшчэ, браце, прышлі Скіргайлу, каб ён прыехаў, і далі б мы бацьку свайму клятву, што ён зможа проста прыехаць і зноў ад'ехаць, і каб князь Скіргайла прысягнуў бы і ад твайго імя».

І прыехалі князь вялікі Вітаўт з князем вялікім Скіргайлам да бацькі свайго, вялікага князя Кейстута, у войска і прысягнулі. І князь вялікі Вітаўт з бацькам сваім, вялікім князем Кейстутам, паехалі ў войска да Ягайлы, спадзеючыся на тыя прысягі. Князь жа Ягайла парушыў іх, кажучы: «Паездзем у Вільню, там дамовімся». На тым войскі, нічога не пачынаючы, раз'ехаліся.

І як у Вільню прыехалі, князь вялікі Ягайла дзядзьку свайго, князя вялікага Кейстута, у ланцугі закаваўшы, да Крэва паслаў і пасадзіў у вежу, а Вітаўта яшчэ пакінуў у Вільні. Там, у Крэве, на пятую ноч князя Кейстута задушылі каморнікі Ягайлавы. Аднаго з іх звалі Прокша, ён ваду Ягайлу падаваў, а астатнія былі: Мосцер брат, ды Кучук, ды Лісіца Жыбянцяй. Такі быў канец вялікага князя Кейстута.

[ЯК КНЯЗЬ ВІТАЎТ УЦЁК АД НЕМЦАЎ, А ПОТЫМ ЯГАЙЛУ ПЕРАМОГ]

Пасля смерці вялікага князя Кейстута князь вялікі Ягайла паслаў Вітаўта з жонкаю ў Крэва і загадаў пільна сцерагчы яго ў хораме. І Ягайла, помсцячы за Вайдылу, якому замуж аддаў быў сястру сваю, дваіх загадаў калесаваць: аднаго - Відымонта, дзядзьку маткі вялікага князя Вітаўта, другога - Бутрыма, брата ягонае маці, што трымаў Улляну, якая потым была за Монвідам, ды шмат іншых баяраў пасцінаў.

Князь жа вялікі Вітаўт сядзеў у Крэве. Хадзілі да яго з княгіняю ў пакой дзве жанчыны слаць пасцель і, паслаўшы, выходзілі разам з вартаю. І вялікая княгіня [Вітаўтава] пачула ад людзей: «Калі князь Вітаўт будзе ў іх доўга сядзець, тое ж самае з ім учыняць, што і з бацькам ягоным». І параіла яна яму так: як прыйдуць жанчыны слаць, каб ён наклаў на сябе адзенне адной з жанчын ды выйшаў з другою жанчынаю, а каб першая жанчына засталася з ёю. Вітаўт паводле тое рады ўбраўся ў адзенне адной жанчыны ды выйшаў з другою і, спусціўшыся з