ПАЧЫНАЕЦЦА НАПІСАНАЕ Ў КНІЖЦЫ ПАНЦЫРНАГА ТАК:
У год 974. Вольга, пабіўшы яцвягаў і печанегаў, пераправілася з воямі праз раку Дзвіну і заначавала, а ўпадабаўшы гару, заклала драўляны замак, які назвала ад ракі Віцьбы Віцебскам. У Верхнім замку змуравала царкву святога Міхала, а ў Ніжнім - Звеставання. Два гады тут пражыўшы, ад'ехала да Кіева.
У год 965. У Гнезне прыняў хрышчэнне польскі князь, названы ў хрышчэнні Мечыславам, і Польшча веру прыняла.
У год 980. Вугорскі князь Гейса, сын Токаў, бацька святога Стафана, прыняў хрышчэнне, а з ім і ўся Вугорская зямля.
У год 956. У Канстанцінопалі прыняла хрышчэнне Вольга; у святым хрышчэнні названа Аленай.
У год 990. У Корсуні з вады прыняў хрышчэнне Ўладзімір, а на другі год і Кіеў ахрышчаны быў. Гэты Ўладзімір заклаў Полацкае архіепіскапства. Быў унукам княгіні Вольгі, названай у святым хрышчэнні Аленай. З блаславення папы Андрыяна Мяфодзій і Кірыла патлумачылі грэцкія кнігі на мову славенскую, і першая Божая служба ў мове славенскай была адпраўлена ў Рыме года Божага 895.
З РУСКІХ КРОНІК
У год 896. Ад стварэння свету па-рускаму лічыцца ў год 6400, грэцкія кнігі патлумачылі на мову славенскую.
У год 1114. Уладзімір, унук Вольгі, віцебскай княгіні, памёр у Кіеве.
У год 1162. Волхаў, вялікая рака, што была ў Расейскай дзяржаве, праз пяць дзён ішла ўверх.
У год 1695. Галіцын хадзіў на Крым.
У год 1697. Хадзіў Галіцын1 на Крым другі раз. Там далі яму татары водкуп: замест залатых дукатаў некалькі бочак медзякоў.
ПЕРАПІСАНА З ІНШЫХ КРОНІК
У год 1171. У Полацку князёўна Еўфрасіння змуравала царкву Святога Спаса і была тут манашкай. Яе цела перавезена ў Кіеў.
У год 1179. Баляслаў, польскі кароль, забіў у касцёле святога Станіслава кракаўскага біскупа.
У год 1199. Ерусалім здабыты і забраны ад князя Готфрыда, католіка, які, забраўшы яго ад турка, быў у ім каралём. А перад гэтым гадоў праз пяцьсот трымалі горад Ерусалім сарацыны2.
У год 1189. Ізноў забралі туркі ад католікаў Ерусалім.
У год 1213. Пры Фрэдэрыку Барбаросе, імператару рымскім, закон святога Дамініка і святога Францішка заснаваны, а папай Ганорыем пацверджаны.
У год 1211. Была на небе вялікая камета. Трывала дзён васемнаццаць, мела хвост, скіраваны на захад сонца. Знакавала першае прышэсце татараў да Польшчы і Русі, якіх перад гэтаю каметаю не бывала.
У год 1323. Гедзімін-князь пачаў будавацца, заклаў горад Вільню, а гэта было такім чынам. Гэты Гедзімін, будучы ў ловах у тым месцы, дзе стаіць Вільня, забіў вялікай постаці страшнага зубра і пасля сваіх ловаў заначаваў у пушчы на Лысай гары. А праз сон убачыў, што быццам бы вельмі вялікі воўк, стаўшы на самай гары, пачаў выць, а ў ім убачыў і сто іншых ваўкоў, якія таксама вылі. Маючы ад гэтага вялікае здзіўленне, прачнуўшыся, загадаў ён паклікаць для тлумачэння сну вешчуна па імені Лездэйка, якому, калі стаў перад Гедзімінам-князем, князь сон распавядаў і загадаў вытлумачыць. Ён такім чынам пачаў тлумачыць, што на тым месцы, дзе бачыў у сне вялікага ваўка, маецца стаць вялікі горад, а выццё ваўкоў значыць тых мяшчан, што будуць жыць у горадзе, і гэты горад слаўным будзе і стане сталіцай Літвы, а слава яго і голас пашырацца па ўсім свеце. Быў з гэтага вельмі князь задаволены, вешчуна ўзнагародзіў і надаў яму ганаровыя званні і багацці, а за тое, што парадзіў Вільню заснаваць, назваў яго Радзівілам.
У год 1307. Папскі пасад перанесены з Рыма ў французскі горад Авіньён папам Кліментам Пятым.
У год 1376. Папскі пасад з французскага горада Авіньёна перанесены назад у Рым папам Грыгорам Адзінаццатым.
У год 1387. Літоўскі князь Ягайла, пахрышчаны, узяў за сябе польскую каралеву і злучыў Літву з Польшчай.
У год 1452. Месяца верасня забраў турак ад грэцкага імператара Канстанцінопаль.
У год 1439. Ісідар, мітрапаліт кіеўскі, ездзіў на сабор у Фларэнцыю, там яго святы айцец ушанаваў тытулам кардынала, толькі, калі вярнуўся з Фларэнцыі ў Кіеў, неўзлюбіў гэтага маскоўскі князь і загадаў пасадзіць яго ў Смаленску ў вязніцу, ад чаго ратуючыся, уцёк у Польшчу.
У год 1453. У Вільні памёр святы Казімер, польскі каралевіч, сын польскага караля Казімера Вялікага.
У год 1453. Памёр бернардзін Сымон Дзеліпніка.
У год 1332. Літоўскі князь Альгерд узяў за сябе дачку цверскага князя Марыну, альбо Ўлляну. Дадзена яму ад цверскага князя ў пасаг Віцебск; нажыў з ёю дванаццаць сыноў. Гэтая Ўлляна змуравала ў год 1345 царкву Святога Духа.
Цэвіўку, віцебскага старасту, і Герасіма-ўладыку спалілі за здраду на жыдоўскім камені ў год 1415.
Загадаў Альгерд павесіць пяць вялебных манахаў, якія зараз усе ў праваслаўных святцах.
У год 1495. Эмануіл, партугальскі кароль, паслаў морам на ўсход сонца, да Індыі, двух дасведчаных у зорнай навуцы, Крыштафа Калумба (так у тэксце. - В.Т.). Дзякуючы іх розуму ўпершыню была знойдзена дарога ў падземныя краіны.
У год 1510. Цар Іван Васільевіч мураваў Смаленск гадоў сем. Гэты цар Іван Васільевіч заваяваў і выбіў Ноўгарад.
У год 1523. Марцін Лютар, уцёкшы да саксонскага князя і курфюрста Яна, узняў новую веру.
У год 1543. Вугорцы паддаліся туркам і аддалі замкі: Будзін, Пешт, Белгарад, Валп, Вышгарад і іншыя.
У год 1562. Быў у нашым краі Шухалей, казак, валюнтарыст. Гэты многа ліхога нарабіў у Польшчы і Белай Русі.
У год 1563. Цар ягамосць Іван Васільевіч узяў Полацак.
У год 1577. Стафан Баторы, сяміградскі князь і ваявода, абраны на Польскае каралеўства.
У год 1601. Быў з-за маразоў вялікі голад.
У год 1602. Казакі з атаманам Дубінам за здраду віцебскіх мяшчан Віцебск выбілі.
У год 1603. У Віцебску і па іншых гарадах лютаваў паморак.
У год 1604. Акаваных Дубіну, атамана, і дванаццаць старшых прывялі да караля, а потым на Заручаўскіх Валатоўках трох з іх пасадзілі на палю жыўцом.
У год 1605. Віцебскі мешчанін Марка Іллініч Лытка, маючы з сабою пяцьсот чалавек мяшчан, хадзіў здабываць Феліч. Іх завёўшы, Фелін (так у тэксце. - В.Т.) здабыў.
У год 1606. Віцебскаму мешчаніну Марку Лытку дадзены прывілей на шляхецтва і права называцца Фялінскім, а на Банцы, Сокальскім прадмесці, даў яму кароль ягамосць пяцьсот грыўняў падаравання штогодна і на пяцьдзесят гадоў.
У год 1606. Быў рокаш і вялікая сумятня.
У год 1606. Цар ягамосць Дзімітры ўзяў за сябе панну Мнішкаву з Сандаміра, і калі нашы палякі прыбылі з ёю ў Маскву, тады ў гэтую ж ноч цар ягамосць Дзімітры быў забіты, а нашых палякаў з Мнішкавай ганебна выгналі.
У год 1609. Кароль Жыгімонт Трэці падступіў да Смаленска.
У год 1610. Кароль Жыгімонт, мінамі і порахам падарваўшы Смаленск, яго ўзяў і здабыў.
У год 1611. Палякі заваявалі Маскоўскую сталіцу.
У год 1614. Скапін (Скапін-Шуйскі. - В.Т.), прыйшоўшы да Маскоўскай сталіцы, выгнаў з яе палякаў.
У год 1614. Калі ўязджаў ваявода Ракаўскі, тады ў Віцебску згарэлі абодва замкі.
У год 1614. У Глазовічах мелі віцябляне сутычку з маскоўцамі, маскоўцы віцяблян пабілі.
У год 1619. Кароль Жыгімонт заключыў з маскоўскім царом мірны дагавор.
У год 1620. Кароль Жыгімонт пачаў ваяваць з туркам, а на другі год заключыў дагавор.
У год 1620. Блаславёны Язафат3, адабраўшы ў Полацку царкву Святой Сафіі, загадаў яе паправіць і аздобіць нанова.
У год 1623. Месяца лістапада, другога дня, паводле старога календара, на другі дзень рускага свята Кузьмы і Дзям'яна, у Віцебску мяшчане замардавалі і забілі блаславёнага Язафата.
У год 1629. Напярэдадні свята Ахвяравання Найсвяцейшай Панны, свята рускага, згарэла Саборная царква, у якой згінула незлічоная колькасць сабранага скарбу: золата, серабра, жэмчугу і другіх каштоўнасцяў.
У год 1632. У Варшаве памёр ягамосць польскі кароль Жыгімонт Трэці.
У год 1633. Месяца ліпеня, дзевятага дня маскоўцы напалі на горад Полацак і ўвесь выпалілі.
У год 1635. Кароль Уладзіслаў адагнаў ад Смаленска Шэіна і Прозара (Празароўскага. - В.Т.).
У год 1635. У Кашэвічах віцябляне на чале з Клачкоўскім разбілі чатыры тысячы маскоўцаў, за гэта вернуты ім усе вольнасці і магдэбургія, бо за забойства блаславёнага Язафата гэта ўсё, вольнасці і магдэбургія, было ад іх забрана.
У год 1636. Па памерлым мітрапаліце Восіпе Рудніцкім стаў мітрапалітам усёй Русі Сялява, які, прыехаўшы на Віцебскае епіскапства, паздымаў з віцебскіх цэркваў званы і загадаў адліць з іх звон для Саборнай царквы, а Саборную царкву, паводле дэкрэтаў камісараў, збудаваў горад.
У год 1643. Горад Полацак выгараў увесь дашчэнту і да аднаго дома.
У год 1648. У Мерачы, у месяцы траўні, памёр ягамосць польскі кароль Уладзіслаў Чацвёрты.
У год 1654. Цар Аляксей Міхайлавіч пачаў ваяваць з польскім каралём Янам Казімерам і ўсе гарады ў Літве і Белай Русі напоўніў сваім войскам, салдатамі.
У год 1657. Цар Аляксей Міхайлавіч пайшоў пад Рыгу.
У год 1661. Паправілі і аздобілі царкву Святога Духа.
У год 1665. Пад Віцебскам, на другі дзень рускіх запустаў, разбіў гетман войска Івана Хаванскага.
У год 1667. Стаў з Масквою мір, і на рускае свята Еўдакіі аддадзены былі Полацак, Віцебск, Дзісна, Дынабург, Ворша і Амсціслаў.
У год 1668. Польскі кароль Ян Казімер пакінуў Польскае каралеўства, па ім, у год 1669, абраны Міхал Карыбут Вішнявецкі.
У год 1669. Траўня 13 дня кароль Міхал Вішнявецкі каранаваны на Польскае каралеўства.
У год 1669. У Віцебскай кафедральнай царкве створана брацтва пад назваю Ўспення Найсвяцейшай Панны.
У год 1674. Месяца сакавіка, дваццатага дня кароль ягамосць Ян Сабескі каранаваны на Польскае каралеўства.
У год 1680. Месяца верасня, 16 дня выгараў Віцебск, сам горад, чатыры царквы, ратуша і крамы.
У год 1677. Цар Аляксей Міхайлавіч аддаў нашым паслам, князю Чартарыйскаму і гетману Сапегу, Веліж, Невель і Себеж; на польскае свята святога Міхала з гэтых замкаў адступілі.
У год 1682. Месяца студзеня, 11 дня было ўступленне ксяндзоў базыліянаў у кафедральны віцебскі кляштар.
У год 1684. Ягамосць віцебскі падкаморнік Адам Кісель за свой кошт пераплавіў сялявінскі звон, які быў адліты з трох брацкіх званоў.
У год 1686. Была ў Віцебску ў Дзвіне вельмі вялікая вада, многа шкоды нарабіла віцяблянам, дамоў сто заліла і знясла.
У год 1685. Месяца лістапада, 12 дня Леанард Пацей уехаў на Віцебскае ваяводства.
У год 1689. Збудавана царква Святой Тройцы Маркаўскай.
У год 1690. Месяца снежня, 24 дня памёр бурмістр Давід Фялінскі-Лытка.
У год 1693. На свята Сымона Юды ў Супраслі памёр ксёндз Цыпрыян Жахоўскі, мітрапаліт, віцебскі біскуп.
У год 1694. Калачынскі, старшы віцебскі саборны, уцёк у Кіеў.
У год 1694. Месяца жніўня, 3 дня наўкола Віцебска быў вялікі град, пабіў у полі ўсё збожжа.
У год 1695. Цар ягамосць Пётр Аляксеевіч хадзіў з войскам пад Азоў, многа людзей страціўшы, назад вяртаўся праз Віцебск.
У год 1695. Памёр ваявода Леанард Пацей.
У год 1695. Былі моцныя маразы, а ў год 1696 вялікая дарагавізна на збожжа, бочка жыта каштавала ў Віцебску па два талеры бітыя.
У год 1695. Андрэй Крышпін уехаў на Віцебскае ваяводства.
У год 1695. Месяца траўня, 26 дня па старым календары, выпаў па калена снег і ляжаў тры дні.
У год 1696. Як пачаўся новы год, не было саннай дарогі. Дзвіна не замярзала цэлы год, не было ніякіх тавараў, бо ў мінулым, 1695 годзе мароз пабіў усё збожжа.
У год 1696. На свята Звеставання прыехаў у Віцебск мітрапаліт Даленскі.
У год 1696. Месяца чэрвеня, 17 дня памёр ягамосць польскі кароль Ян Трэці.
У год 1696. Цар ягамосць Пётр Аляксеевіч, пайшоўшы пад Азоў, насыпаў на паўтары мілі вал і месяца ліпеня, 17 дня па старым календары, узяў Азоў, а ўвесь люд у горадзе загадаў пасекчы.
У год 1697. Месяца ліпеня, дня пятнаццатага спаліў пярун ноччу Вялікі замак.
У год 1697. Месяца жніўня, 20 дня была ў Смаленску вялікая бура. На вале сарвала з кранштэйнаў дах, з царквы купал з крыжамі і званіцы са званамі паабрывала.
У год 1697. Кароль ягамосць Аўгуст Другі каранаваны ў Кракаве месяца верасня, пятнаццатага дня; месяца лістапада, першага дня было ў Віцебску ўшанаванне.
У год 1698. Месяца жніўня, 15 дня ў Віцебску ў царкве Звеставання згарэлі дах і званіца і 35 дамоў у Ніжнім замку.
У год 1698. У Віцебску была вялікая бура, з дамоў пазносіла дахі, з Заручаўскай царквы сарвала купал.
У год 1698. Андрэй Крышпін уехаў на Віцебскае ваяводства месяца сакавіка, 20 дня; назаўтра быў у ратушы.
У год 1697. Цар ягамосць Пётр Аляксеевіч ездзіў па розных нацыях, вярнуўся ў Смаленск месяца жніўня, 19 дня.
У год 1699. На Звеставанне памёр мітрапаліт Сымон Даленскі.
У год 1699. Заняў мітраполію Сільвестр Лада Пашкевіч.
У год 1699. Цар ягамосць Пётр Аляксеевіч у сваіх гарадах і мястэчках пасадзіў бурмістраў і загадаў, каб усе ўбіраліся па-нямецку і год ад Нараджэння Божага, а не ад стварэння свету ў сваіх справах пісалі і ставілі.
У год 1699. Кароль ягамосць Аўгуст Другі адабраў ад турка Камянец-Падольскі.
У год 1700. Горад Віцебск і мяшчане разбіраліся з віцебскімі жыдамі. Ваявода яго вяльможнасць пан Крышпін хацеў быў двух жыдоў, Іцку і Меера, павесіць, а ўсіх жыдоў, аж да апошняга, у горадзе Віцебску і на прадмесцях загадаў мяшчанам пасекчы, але мяшчане на такое не адважыліся, бо былі жыды вінаватыя ваявадзянам вялікія грошы.
У год 1700. Месяца ліпеня, 15 дня горад Дзісна выгараў дашчэнту, аж да апошняга дома.
У год 1700. Месяца р-бра (так у тэксце. - В.Т.) віцебская шляхта выйшла на паспалітае рушэнне да Чарэі.
У год 1700. Месяца ліпеня кароль ягамосць Аўгуст Другі разбіў у полі шведа і ўзяў Куканаўс4.
У год 1700. Ішоў праз Віцебск Дзвіною-ракою дваццаццю стругамі з войскам у 17 000 люду палкоўнік, а на Воршу ішоў з войскам другі палкоўнік; віцябляне, паклаўшы стосаў з дзесяць хлеба, цэхамі сустракалі іх у полі і гэты хлеб аддалі.
У год 1700. Каля Ашмянаў сын гетмана Сапегі разграміў у полі войскі Рэчы Паспалітай.
У год 1700. Увосень была ў Дзвіне вада ў два разы большая, чым увесну, многа шкоды мяшчанскім дамам нарабіла і нашкодзіла.
У год 1700. У Вільні гетман Сапега пастраляў княжат Вішнявецкіх.
У год 1700. Месяца лістапада, 18 дня ў Алкініках гетманскае сапежынскае войска было разбіта войскамі Рэчы Паспалітай. Там жа пасля бітвы схопленага сапежынскага сына, канюшага Войну і іншых пасеклі.
У год 1700. Казакі пад Рыгай разбілі шведа.
У год 1700. Рэпнін з 8 тысячамі ад цара ягамосці прыйшоў ад Пскова пад Рыгу на дапамогу каралю ягамосцю.
У год 1700. Пад Дэрптам са здрады немца Адама Адамовіча разбілі шведы войска цара ягамосці.
У год 1701. Месяца лютага, 17 дня каралеўскі палкоўнік і з ім 2000 рэйтараў прыбылі ў Віцебск на сустрэчу цара ягамосці.
У год 1701. Месяца лютага, 19 дня цар ягамосць Пётр Аляксеевіч не вельмі вялікай світай, але стройна ўехаў у Віцебск і стаў у бурмістра Зататая. Амаль усім людзям даўся бачыцца. На трэці дзень ад'ехаў з Віцебска да Біржаў.
У год 1701. Камісар караля ягамосці, дваранін Жыгімонта прыехаў у Віцебск на выбіранне даўгоў, якія віцебскія мяшчане былі вінаватыя Рызе.
У год 1701. У траўні гэты ж камісар Рыбінскі прыехаў у Віцебск другі раз, а з ім і 1000 саксонскіх рэйтараў. Стаяў па мяшчанах у Віцебску дзён 14; вялікая была ад іх гораду шкода, жывадзёрства і свавольства. Многа даўгоў выбраў па віцебскіх купцах, што былі вінаватыя Рызе, гатовымі грашыма шэсцьдзесят чатыры тысячы талераў бітых. 40 стругаў наладаваў адною пянькою, 15 каноплямі і стругамі па Дзвіне-рацэ ад'ехаў. Многа ўзяў у віцебскіх купцоў рыжскіх даўгоў гатовымі грашыма, пянькою і каноплямі; тое і другое рахуючы, талераў больш чым на сто тысяч. За гэта ўсяму Віцебску надаў кароль прывілеі, вызваліў яго ад усіх падаткаў, малых і вялікіх. Даў свабоду гадоў на сем, каб нічога не плаціў у скарб яго каралеўскай міласці.
У год 1701. Месяца траўня камянецкі палкоўнік праводзіў на пяці стругах 444 бочкі пораху і каля тысячы чалавек царскай пяхоты.
У год 1701. Месяца ліпеня, 8 дня войска Рэчы Паспалітай з іх вяльможнасцямі панамі Пацеямі пабіла пад Дуброўнам 18 тысяч семсот сялян, якія былі сабраліся супраць іх.
У год 1701. Месяца красавіка, на рускі Вялікдзень, пад час начнога набажэнства былі страшныя грымоты, у час якіх запаліла царкву святога Яна Багаслова, але людзі, што былі на начным набажэнстве, затушылі.
У год 1701. Месяца ліпеня, 24 дня саксонцы ўзарвалі порахам Куканаўс і паразрывалі гарматы. Гранатамі сапсавалі мост, а самі, пераправіўшыся з маскоўскім войскам праз Дзвіну, пайшлі ў Курляндыю, а маскоўскае войска ў Друю, а потым пайшлі ў Пскоў. Назаўтра прыбылі шведы і забілі віцебскага купца Ксаверы Александровіча, а яго маёмасць паразбіралі ў лодкі.
У год 1701. Казакі з нашым Юрэвічам у Галоўчыне, пад Магілевам, пабілі шведаў.
У год 1701. Месяца снежня шведы забралі назад у маскоўцаў Дыямент (Дынабург. - В.Т.).
У год 1702. Швед увайшоў у Жамойць, а потым у Літву і Белую Русь і ўсюды браў правіянт.
У год 1702. Месяца красавіка, 5 дня шведскі кароль з 20 тысячамі войска ўвайшоў у Вільню.
У год 1702. На самы Вялікдзень нашы, уварваўшыся ў Вільню, пабілі 1000 шведаў, старшых загінула чалавек 250, за што шведскі кароль помсціўся манахам і мяшчанам: пасадзіў іх у гарачую лазню, загадаў нанасіць і накласці ў яе трупаў і папарыць іх з трупамі ў гарачыні і смуродзе.
У год 1702. У Кракаве шведскі кароль спаліў палац, Торунь зруйнаваў і ўсю Польскую дзяржаву рабаваў без усякай міласэрнасці.
У год 1703. Палкоўнік Пратопаў (так у тэксце, напэўна, Пратапопаў. - В.Т.) і з ім 20 000 чалавек ішлі праз Віцебск, а другі з 70 000 чалавек ішоў праз Воршу.
У год 1703. Ішло праз Віцебск 1500 вазоў з кулямі і порахам.
У год 1703. Касцёл дамініканцаў святога Міхала (так у тэксце. - В.Т.).
У год 1703. Месяца р-бра (так у тэксце. - В.Т.) праводзілі ўніз 8000 гармат, калясніцы і бердышы.
У год 1704. Сакавіка дня, 26 ранкам былі бачны тры сонцы, тое, што было з правага боку, згінула першым, а што на левым, то няхутка.
У год 1704. Ягамосць пан Дзялынскі, хелмінскі ваявода, ехаў паслом да цара ягамосці ў Рагудзеў (Нарву. - В.Т.), а пры ім 2500 чэлядзі.
У год 1704. Месяца траўня, 6 дня царскі палкоўнік Федасей Навумовіч і пры ім 2500 чалавек праводзілі на стругах грошы, напакаваныя ў мяшкі і бочкі.
У год 1704. У месяцы ліпені генерал яго вялікасці ягамосць пан Багдан Корсак і пры ім, пры Корсаку, два палкоўнікі, Рыгор Рыдванскі і пан Станкевіч, праводзілі трыма палк?мі смаленскую пяхоту.
У год 1704. У месяцы ліпені, у дзень рускага свята святога Іллі, ліпеня дваццатага, з'явілася на небе пры захадзе сонца камета. Спачатку рухалася як куля, а потым гадзіны са дзве стаяла слупом.
У год 1704. Цар ягамосць узяў Нарву, або Рагудзеў. Пасля ўзяцця загадаў усіх пасекчы.
У год 1704. Месяца кастрычніка, 18 дня была ў Віцебску вялікая бура, з дамоў дахі пазносіла, на цэрквах крыжы паламала.
У год 1705. Месяца студзеня, 15 дня ўехаў у Віцебск Барыс Пятровіч Шарамецьеў, фельдмаршал, а з ім дзевяць палкоў войска; сталі па гасподах.
У год 1705. Месяца траўня, чацвёртага дня выйшла войска з Віцебска і стаяла ў полі тры дні, а потым пайшло ў Полацак. У гэты ж час праводзілі з Парэчча ўніз 50 стругаў з ваеннымі прыпасамі: кулямі, гарматамі і бердышамі.
У год 1705. Цар ягамосць прыплыў да Лукішак і на чацвёрты дзень паплыў да Полацка. Eodem anno mense iulli 11 die eclessia S.ISofia ipse occisit 4 basilianos in Polocia5 і пасадзіў у Полацку каменданта. Як гэта было напісана, так тут я яго і перапісаў.
У год 1705. Генерал Баўэр адабраў ад шведа Мітаву, Борск і Ліпаў, нямала там шведаў палажыў, а потым выйшаў з войскам у поле, мінамі гэтыя гарады ўзарваў і зруйнаваў і прыйшоў у Воршу.
У год 1706. Цар ягамосць, сабраўшы сваё войска ў Магілеве, пайшоў з ім пад Белую Царкву.
У год 1706. Выходзячы з Горадні, войска цара ягамосці патапіла ў Нёмане-рацэ порах, кулі і гарматы і прыйшло пад Белую Царкву.
У год 1706. Выгарала большая частка горада Вільні, ратуша, крамы, Святы Казімер і што ў склепах было замуравана, усё гэта патлела і пагінула. Чалавек з пяцьдзесят загінула і згарэла жыўцом. Гэты бок, млыны і за Спаскай брамай (так у тэксце. - В.Т.).
У год 1707. Гатовыя грошы цара ягамосці з цла праводзілі на Барысаў, а валюнтарыст Сініцкі, іх пераняўшы, маскоўцаў, што былі пры іх, пабіў, грошы забраў і ўцёк да Быхава.
У год 1707. Цар ягамосць Пётр Аляксеевіч аблажыў Быхаў, а потым быхаўцы здаліся і выдалі Сініцкага, якога з яго братам, акаванымі, праводзілі на Маскву.
У год 1707. У месяцы траўні ў Віцебску каля рынку згарэла 45 дамоў.
У год 1707. У месяцы чэрвені прыбыло 40 казакаў, узялі па паўтары бочкі жытняй мукі з дыма, а дзе выходзіла, і больш.
У год 1707. Валахі гетмана яго вяльможнасці ягамосці Рыгора Агінскага прыбылі ў Віцебск, старшына стала ў горадзе, а вайсковыя харугвы ў полі. Узялі з горада 60 тысяч злотых гатовымі грашыма, з архіепіскапскіх маёнткаў - 1120; бралі на Ўсвяце і па іншых каралеўскіх уладаннях.
У год 1707. Прыслалі з Полацка загад, каб з кожнага дыма далі па паўтары бочкі жытняй мукі. Мусілі даць, і адвязлі да Полацка.
У год 1707. Прыслалі з Менска загад, каб па Люблінскім тарыфе далі коней, з трох дымаў (так у тэксце. - В.Т.). Горад і мяшчане мусілі даць 24 коней, далі і адаслалі да Менска. А шляхта і ваявадзяне не далі нічога.
У год 1707. Для Быхава з другога боку Дзвіны выдалі правіянт: па дзве бочкі жыта, па два фунты масла, па чатыры фунты солі, па пяць фунтаў саланіны, па дзве бочкі аўса. А з гэтага боку Дзвіны далі для Себежа аднаму праклятаму капітану ўдзесяцёра больш, ён і Віцебск выпаліў. Гэты правіянт бралі з ваяводства.
У год 1707. Пан гарадскі пісар Боніч задобрыў у Копысі гатовымі грашыма Даўгарукага.
У год 1707. Маёмасць цара ягамосці праводзілі праз Віцебск месяца бра (так у тэксце. - В.Т.), дня 19 на Лукі, праводзілі з Польшчы.
У год 1708. Барыс Пятровіч Шарамецьеў выбраў з віцебскіх мяшчан на сваё войска сем тысяч чэцвярцяў збожжа.
У год 1708. Месяца чэрвеня, 12 дня ўсе палкі выйшлі пад Лукішкі ў поле, а потым пайшлі да Чарэі.
У год 1708. На Дзвіне на стругах былі пастаўлены два масты, адзін насупраць пана Мірона Галузы, а другі насупраць Астаховіча. Потым гэтыя масты сплавілі ўніз.
У год 1708. Запоўнілі дзесяць стругаў хворымі салдатамі і адправілі ў Парэчча; для іх праводзінаў даў горад сто малайцоў.
У год 1708. Прыйшла ў Віцебск харугва смаленскай шляхты, выстаяўшы некалькі дзесяткаў тыдняў, пайшла ў Полацак.
У год 1708. 7000 мяшкоў жытняй мукі было прывезена з Полацка і складзена ў пунях пана Галузы і Астаховіча.
У год 1708. У горадзе Віцебску ўзялі з мяшчан на шведскага наёмніка 6000 талераў, потым узялі з ратушы бурмістраў і дванаццаць другіх асоб і завялі да Астроўна, адтуль іх выкупілі мяшчане, даўшы шведскаму дыпламату 1000 талераў бітых цалковымі.
У год 1708. Капітан Салаўёў з 2500 конных казакаў і калмыкаў месяца верасня, дваццаць восьмага дня выпаліў увесь Віцебск, замкі і горад, ратушу і крамы, Узгор'е, Заручаўе і Задунаўе, чатыры касцёлы і дваццаць цэркваў, а за Заручаўем узяў адкупнога - 600 талераў бітых. Ліхі. Ён жа з тымі ж казакамі раней выпаліў Магілеў, Быхаў, Дуброўну, Воршу і Кадзін, панскія дамы, нікога не шкадаваў.
У год 1708. Месяца лістапада ішло праз Віцебск са Смаленска 300 казакаў з капітанам Мерліным; гэты ўзяў з горада і з мяшчан адкупнога - 600 талераў бітых.
У год 1708. Гэты ж капітан Мерлін, вяртаючыся з трыма дзесяткамі коннікаў, узяў з горада і мяшчан адкупнога - 600 талераў бітых.
У год 1708. Месяца бра (так у тэксце. - В.Т.) капітан Фёдар, прыбыўшы ў Віцебск, расставіў пошту да Полацка і да мяжы.
У год 1709. Месяца студзеня, 7 дня на захадзе былі бачны тры сонцы.
У год 1709. Месяца студзеня, 19 дня на поўдні былі бачны два слупы, а сонца было пасярэдзіне.
Гэтыя ўсе гісторыі перапісаны мною, Стафанам Гаўрылавічам Аверкам, мешчанінам віцебскім, слова ў слова з кніжкі ягамосці пана Міхала Панцырнага, мешчаніна віцебскага, у Віцебску ў год Божы 1760 месяца студзеня. Перапісана з кніжкі яго рукі, напісанай потым (так у тэксце. - В.Т.), цяпер ізноў, у год 1768, месяца ліпеня, дня 13, я, Стафан Аверка, выпісаў гэтую кнігу.
А ТУТ ІЗНОЎ ПАЧЫНАЮЦЦА ГІСТОРЫІ, ПІСАНЫЯ РУКОЮ ЯГАМОСЦІ ПАНА ГАЎРЫЛЫ КІРЫЛАВІЧА АВЕРКІ, ВІЦЕБСКАГА БУРМІСТРА І ВІЦЭЛАНДВОЙТА, ТАКІМ ЧЫНАМ:
Справы даўнейшыя, што дзеяліся ў Віцебску і на свеце, перапісаны з кніжкі Яна Чарноўскага і яго дзеда ў год 1733 [месяца] кастрычніка, 25 дня.
У год Божы 1601. Быў голад і вялікія маразы.
У год 1602. Казакі высеклі Віцебск.
У год 1603. Быў вялікі паморак.
У год 1606. Быў рокаш і сумятні.
У год 1607. Цар Дзімітры ішоў на Маскву, на сталіцу, на царства.
У год 1609. Кароль Жыгімонт падышоў пад Смаленск, а на наступны год яго ўзяў.
У год 1614. Віцебск выгараў, і ў Глазовічах прайгралі бітву.
У год 1623. У Віцебску быў забіты ўладыка, блаславёны Язафат.
У год 1653. Маскоўцы ўзялі Віцебск і іншыя замкі.
У год 1661. Аздобілі царкву Святога Духа.
У год 1667. Месяца сакавіка, другога дня, па старым календары, маскоўцы пакінулі Віцебск.
У год 1680. Месяца верасня, 6 дня па старым календары згарэў горад, ратуша, крамы і касцёлы.
У год 1688. Месяца чэрвеня, 17 дня была вялікая вада, якая ўсё пазатапляла.
У год 1708. Месяца верасня, семнаццатага дня цар Пётр Аляксеевіч выпаліў Віцебск.
У год 1733. Траўня 31 па старым календары, на восьмы дзень Божага Цела, ад вялебных айцоў бернардзінцаў, якія рабілі арган і зайгралі на цэлы свет, выгараў Віцебск, рынак, крамы і цэрквы.
У год 1733. Лістапада 14 маскоўцы з Юрыем Мікітавічам Рэпніным увайшлі ў Віцебск.
У год 1710. Цэлы год лютаваў у Віцебску паморак.
У год 1737. У месяцы снежні, дзевятага дня тысячу чатырыста талераў, якія належалі з горада вялебным ксяндзам бернардзінам, выплацілі ксяндзу прыёру Восіпу Міхлерскаму.
У год 1736. У горадзе Віцебску на самым рынку віцебскія ксяндзы бернардзіны пачалі мураваць касцёл.
У год 1704. У месяцы ліпені, 20 [дня] на святога рускага Іллю быў на небе знак, камета.
У год 1752. Месяца жніўня, другога дня ад касцёла ксяндзоў дамініканцаў выгараў замак, плябанія, царква Благавешчання, езуіты і многа дамоў.
У год 1752. Месяца жніўня, першага дня паздыхала ў Віцебску быдла, усе каровы.
У год 1743. Ксяндзы базыльяне пачалі мураваць царкву, старшым быў Юстын Чачкоўскі, а вікарыем - Дзюрдзя.
У год 1747. Месяца чэрвеня, 11 дня, а 12-й гадзіне дня, згарэла царква святога Яна Багаслова.
У год 1752. Сакавіка 16, на святога Андрэя Крыцкага, згарэла заручаўская царква Ўваскрэсення.
У год 1757. Траўня, 12 дня, паводле рускага календара, выгарала Заручаўе і большая палавіна замка, тры царквы і два касцёлы.
У год 1757. Месяца чэрвеня, 6 [дня] ад семінарыі пачаўся пажар, дагарэлі рэшткі замка і дах у касцёле айцоў езуітаў.
Да гэтага месца гісторыі напісаны шляхетна народжаным ягамосцем панам Гаўрылам Кірылавічам Аверкам, віцебскім бурмістрам і ландвойтам. Перапісаны яны тут яго сынам Стафанам Гаўрылавічам Аверкам у Божым 1768 годзе, месяца ліпеня, 13 дня па рускім календары. А тут ізноў пачынаюцца гісторыі, выпісаныя з розных прачытаных кніг Стафанам Гаўрылавічам Аверкам. Гэтыя гісторыі, як у якой кніжцы надрукаваны, так тут і выпісаны ў годзе 1768.
У год 1215. На Ларэтанскім саборы атрымаў гнезненскі арцыбіскуп права на легацтва.
У год 1515. Ян Ласкі, гнезненскі арцыбіскуп, пацвердзіў гэтае права ў папы Льва.
А прымацыяльна, першым, яшчэ гнезненскі арцыбіскуп Мікалай Тромба на Канстанцкім саборы, каб меў права і са сваімі спадкаемцамі на каралеўскую каранацыю. Піша Мехавіта6 і Кромер7 пад годам 1416.
У год 1240. За Пудыкам, князем польскім, татары на вайне пад Кігніцай8 на Шлёнску, на месцы Bonus kompus, альбо Добрым полем званым, назжыналі ў палякаў, зжынаючы толькі па адным, дзевяць мяшкоў вушэй. А Длугаш9 піша, што толькі 6 мяшкоў было напакавана тымі вушамі.
У год 1150. Папа Інакенці ІV праз свайго пасла Якуба, леадыйскага архідыякана, паслабіў палякам дзевяцітыднёвы пост у шасцітыднёвы і загадаў пасціць чатыры дні.
У Кракаве Маргарыта, жонка графа Вяшчбоўскага, за адным разам павіла трыццаць шэсць сыноў. Пішуць пісьменнікі і летапісцы Кромер, Длугаш, Бельскі10. Testantur11 дня, 21 студзеня, года 1629.
У год 1314. Камета прадказала ў Польшчы такі вялікі голад, што маткі дзецям не саступалі, а галодныя ваўкі - людзям. Бельскі, lib.2.12 Длугаш, lib.3.
У год 1353. На Святую Тройцу выпаў такі вялікі снег, ляжаў шэсць дзён і даў людзям надзеі на багатыя ўраджаі. Мехавіта, Длугаш, Бельскі.
У год 1381. Уладзіслаў, апольскі князь, праводзячы з Бежскага замка ў Аполе цудоўны абраз Найсвяцейшай Панны, справу рук святога Лукі, стаў на Яснай гары як укопаны і не мог зрушыцца. Тут, прывёўшы з Вугоршчыны айцоў паўлінаў, заклаў іх кляштар. Длугаш, lib.10.
У год Божы 1474. Любельскі ваявода, прызначаны ваяводам сандамірскім, справы такога вялікага ваяводства не мог ахапіць да гэтага часу. Піша Гербут13.
У год 1499. У Кракаве, на вуліцы Святога Духа, нарадзіла белагаловая нежывое дзіця, на спіне якога, кусаючы і паядаючы цела, трымаўся жывы вуж. Teste Geste14, Кромер.
У год 1410. Уладзіслаў Ягайла, польскі кароль, разбіў пад Грунвальдам крыжакоў, якіх было 140 000; 50 000 забіў, узяў 51 харугву і 40 000 у няволю. Магістар загінуў на полі бітвы. Кромер, lib.16.
У год Божы 1514. Па ўзяцці Вены Цэледын (Саладзін. - В.Т.), маючы 80 000 войска, з многімі тысячамі і 25 000 кайданоў пайшоў супраць палякаў, але на рацэ Крапіўне быў разбіты, страціў 24 000 войска, а 2000 і 27 палкаводцаў узята ў няволю, сам Цэледын, закаваны ў кайданы, сядзеў у палоне ў Вільні. Палякаў палягло толькі 400. Піша Вапоўскі15.
У год 1589. Ян Замойскі, канцлер і каронны гетман, узяў у няволю Максіміліяна, аўстрыйскага вялікага князя, прэтэндэнта на Польскую Карону, толькі з заступніцтва папы, імператара і князёў быў адпушчаны.
У год 1605. Гетман Хадкевіч, маючы толькі 3500 войска, разбіў у Інфлянтах 10 000 войска Карла Гудэрмана; 9000 паклаў трупамі і шмат узяў у палон; харугваў узята 60, гарматаў - 11; сам Карл быў паранены на моры. Палякаў загінула не больш за 800. Бітва трывала тры гадзіны. Піша Пясецкі16.
У год 1610. Гетман Жалкеўскі, маючы 600 войска, пайшоў супраць турка і, прыблізіўшыся пад Цацору, што каля Магілева, разбіў 30 000 татараў. А тут пачалася між людзьмі звада, і валахі, мультаны і туркі ўдарылі на палякаў. Жалкеўскаму, які меў 73 гады, галаву адсеклі; Канецпольскага схапілі татары. Пасля гэтай перамогі татары рабавалі Падолле і Русь, бралі незлічоных нявольнікаў. Галаву Жалкеўскага, насаджаную на дзіду, адаслалі аж да Стамбула і насілі з вокрыкамі трыумфу. Піша Пясецкі.
У год 1621. За Жыгімонтам Трэцім палякі пад Хоцімам перамаглі турэцкага імператара Асмана.
У год 1526. Стафан Хмяльніцкі, маючы толькі 9 тысяч войска, забраў да няволі 50 татараў-мірзаў і 1200 паспалітых жаўнераў. У Хмяльніцкага загінула 9 і 50 палонена. Піша Пясецкі.
У год 1621. Палякі пад Батавам бітву прайгралі. Загінулі польны гетман Каліноўскі і Марк Сабескі, брат польскага караля Яна ІІІ. Піша Пшыенмскі17.
У год 1628. У час кірмашу выгараў горад Яраслаў, дзе багатых купецкіх тавараў было страты на 10 мільёнаў залатых дукатаў. Піша Пясецкі.
У год 1635. Ад каралевіча Ўладзіслава, потым караля, Ежы Асалінскі, вялікі канцлер каронны, аддаючы ад імя манарха і цэлага каралеўства subiectionem18, пышна выправіў пасольства да папы Урбана VІІІ і прывёз каралю рэліквіі святых пакутнікаў Прымаса і Феліцыяна, бо нарадзіўся кароль у дзень іх свят. Піша Квяткевіч19.
У год 1654. Пад Берасцечкам, калі гналі Хмяльніцкага, явіўся над польскім войскам у выглядзе перуновай стралы святы Міхал, палягло тут казакаў 30 тысяч, а астатнія пайшлі ўрассыпную. Піша Кахоўскі20, Клімахт21.
У год 1655. Шведскі кароль Карл, увайшоўшы ў Польшчу, калі выходзіў з Кракава ў Пазнань, убачыў цудоўны абраз, які каціўся па зямлі. Піша Кахоўскі.
У год 1657. У Польшчы лютаваў вялікі паморак, і так моцна, што ў самім Кракаве вымерла 36 тысяч людзей. Не было ўжо каму і хаваць. Пішуць Кахоўскі, Клімахт, lib.5.
У год 1650. Пад Гданьскам, у Аліўскім кляштары, падпісаны мірны дагавор палякаў са Швецыяй. Піша Кахоўскі.
Быў час фартунны для палякаў, бо на Марсавым полі пад Палонна22 разбіта 8 тысяч войска хоцімскага гетмана, узята 40 штук гарматаў, 148 харугваў з малымі стратамі палякаў, менавіта: 300 пяхоты і некалькі сотняў знатных асоб. Піша Кахоўскі.
У год Божы 1660. Татары з ваяводамі Магаем і Цэлебулам, уварваўшыся праз замерзлую раку Віслу да Сандаміра, забілі 40 дамініканцаў і абата Садоцкага. У гэтым жа годзе нарадзіўся вол з дзвюма галовамі і сямю нагамі. У гэтым жа годзе на Шлёнску, між рэкамі Одрай і Нісай, падаў крывавы дождж. Пішуць летапісцы Кромер, Бельскі.
У год 1667. Пад Гайцам заключылі з татарамі і казакамі мір, якія, калі ішлі назад, спалілі трыццаць вёсак. Пад Гараевам пабіта Сільніцкім 21 500 людзей. Піша Кахоўскі.
У год 1672. Туркі аблажылі Львоў, але, узяўшы сто тысяч талераў бітых цалковых водкупу, на самага святога Міхала адступілі.
У год 1673. Палякі разграмілі пад Хоцімам 30 тысяч туркаў. У гэты ж час знойдзена ў трупе турка 50 залатых дукатаў. Піша Кахоўскі.
У год 1675. 8 тысяч татараў і столькі ж туркаў, уварваўшыся ў Польшчу, Мікулінцы, Падгайцы і Цярнопаль спустошыўшы, набралі нявольнікаў больш чым на дзвесце тысяч.
У год 1676, дня 2 лютага ўкаранаваны кароль польскі Ян ІІІ Сабескі.
Ян Сабескі, кароль польскі, ідучы пад Вену, атрымаў блаславенне ад львоўскага арцыбіскупа, а другое ў Кракаве ад папскага пасла і, стаўшы войскаў хрысціянскіх найвышэйшым ваяводам, разграміў пад Венай 54 тысячы туркаў, як сведчаць Варыскі і Катубскі. Злучаны былі ў той вайне з каралём Янам князі-саксонцы, князь Карл Латарынгскі і Эмануіл, князь Баварскі. Сталася гэтая перамога дня 12 верасня года 1683.
У год 1673. Гетман Ян Сабескі на свята святога Марціна, у дзень смерці караля Міхала, разграміў пад Хоцімам 60 тысяч туркаў.
Ян Сабескі, кароль польскі, памёр на Святую Тройцу, дня 7 чэрвеня года 1696, у той дзень і гадзіну, у які быў абраны каралём.
У год 1704. Шведы ўзялі вялікі польскі горад Пазнань; гэтыя ж самыя ўзялі Львоў.
Станіслаў Ляшчынскі абраны першы раз каралём, каранаваны дня 19 чэрвеня года 1704, а другі раз узноўлена элекцыя 12 верасня 1713 года.
У год 1475. У Польшчы і на Русі было вельмі многа саранчы, на Русі многа, а ў Польшчы яшчэ больш.
У год 1536. Была вялікая, на палец, з галавой накшталт кажановай, саранча. Піша Мехавіта.
У год 1541. Калі была ў Польшчы саранча, вельмі падала і здыхала быдла.
У год 1542. Саранча велічынёй з локаць пакрыла Валашскую зямлю на дзве мілі, а каля Львова выпусташыла ўсё міль на шэсцьдзесят. Піша Квяткевіч.
У год 1660. З Белай Русі і з Літвы завітала саранча да Польшчы і Шлёнска, а ў годзе 1648 і ў годзе 1652 прынесла цяжкі голад. У годзе 1690 многа, але ў годзе 1711 на Падляшшы і Чырвонай Русі было саранчы яшчэ больш.
У год 1205. Быў у Польшчы вялікі паморак.
У год 1318. Быў паморак у Прусіі, Літве, Белай Русі і Віцебску.
У год 1358. Паморак за шэсць месяцаў вымарыў сапраўды палавіну палякаў, найбольш шляхты і багатых мяшчан. У самім Кракаве вымерла 20 000 людзей. Сведчыць і піша Кромер.
У год 1424. Быў такі цяжкі паморак, што Ўладзіслаў Ягайла з каралевай і князем Вітаўтам жылі ў лясах. Teste Гербут.
У год 1546. У Гданьску вымерла 40 тысяч, 36 тысяч пайшлі ў лясы, а звяр'ё ішло да вёскаў і гарадоў есці людскія трупы. Test. Кахоўскі.
У год 1709. У Львове вымерла дзесяць тысяч людзей, адсюль лютаваў паморак на Польшчы некалькі гадоў.
У год 1710. У Гданьску вымерла 26 тысяч, у Варме - 12 тысяч.
У год 1710. У Вільні вымерла 20 тысяч хрысціян, жыдоў - чатыры тысячы. У гэтым жа годзе лютаваў паморак і па іншых беларускіх гарадах. У год 1720 з'явіўся і ў горадзе Львове.
У год 1220. Быў у Польшчы вялікі голад. Трываў з вялікіх дажджоў тры гады. Teste Кромер.
У год 1315. З-за дажджоў і вялікай павадзі быў тры гады такі цяжкі паморак, што людзі, дзеці елі трупы, знятыя з шыбеніцаў. Test. Мехавіта.
У год 1404. Такі ж голад. Test. Кромер і Длугаш.
У год 1570. З-за доўгай і цяжкай зімы людзі з лісця рабілі сабе ежу і елі трупы, ішлі ў лясы на з'ядзенне звярам. На Белай Русі сабакі кідаліся на людзей і елі. Teste Каяловіч.
У Вільні памерла з голаду 15 тысяч людзей, а ў аднаго шляхціца збожжа абярнулася ў вужоў.
У год 1386. Лютага, 12 дня кароль Ягайла, які пры святым крышчэнні быў названы Ўладзіславам, злучыў Літву з Польскай Каронай.
У год 1597. На сейме, пад выглядам адшукання Інфлянтаў, Полацка, Смаленска, Віцебска, Кіева і іншых забраных Масквою гарадоў, аб'яўлена ёй вайна. Сам кароль Стафан Баторы пайшоў з войскам, здабыў Полацак, замак і цэлае ваяводства, якое гадоў 17 разам з Віцебскам было ў маскоўскіх руках.
У год 1686. З вялікай крыўдай і стратай для Рэчы Паспалітай заключаны пазнанскім ваяводам Гжымультоўскім і канцлерам Агінскім дагаворы з Масквою, бо многія землі, набытыя польскаю крывёю, гарады Кіеў, Чарнігаў, Смаленск, Себеж з цэлымі ваяводствамі Маскве аддадзены.
Дасюль гісторыі сабраны і спісаны Стафанам Гаўрылавічам Аверкам, мешчанінам віцебскім, у Віцебску, у годзе 1768, месяца ліпеня, 13 дня.
А тут ніжэй выпісаў я і змясціў тыя рэчы, якія ў іншых асобаў не ўпісаныя.
За імператарам Лявонам Ізаўрыкам вымерла ад пошасці трыста тысяч людзей. У год 876, піша Стэнгеліюс, быў па ўсім свеце такі вялікі паморак, што ледзьве трэцяя частка людзей уратавалася ад смерці. Людныя чужаземскія гарады і нашыя Кракаў, Варшаву, Вільню, Віцебск зрабіў паморак адной магілай, па паморку як вымела. Што да людзей, то ўсюды стала пуста.
А тут ніжэй змешчаны іншыя рэчы. Запісаў я тут імёны і прозвішчы паноў радных, якія ў год 1597, сакавіка 17 дня былі першы раз абраны да наданай месту Віцебскаму магдэбургіі.
Войт Аляксандар Корвін Сухосаў, стараста веліжскі, сакратар яго каралеўскай міласці.
Ландвойт Захар Воўк, мешчанін віцебскі.
Бурмістр Іван Гаўрылавіч Клыха, бурмістр Васіль Сымонавіч Веліжанін, бурмістр Васіль Іллініч Танко, бурмістр Іван Ісікавіч Андронаўскі, райца Канстанты Хамініч Стузакоўскі, райца Сергій Пятровіч Зататай, райца Лаўрын Хадкевіч Галуза, райца Міхайла Колес, райца Фёдар Стафанавіч Спіца, райца Восіп Гаўрылавіч Клыха, райца Якім Юр'евіч Шаўра.
Лаўнік Кузьма Іванавіч Комаса.
Лаўнік Багдан Якімавіч Пякуча.
Лаўнік Фёдар Сымонавіч Вяртошка.
Лаўнік Багдан Сыдзкевіч.
Лаўнік Іван Гутар.
Лаўнік Восіп Нікіфаравіч Шаўра.
Лаўнік Іван Ісакавіч Самуйлаў.
Лаўнік Даніла Рыгоравіч Шулька.
Гэтыя шаноўныя мяшчане былі абраны да ўпершыню наданай гораду рады за панаваннем найяснейшага манарха, пана нашага міласцівага Жыгімонта Трэцяга ў год 1597, месяца сакавіка, 17 дня.
Даўгі, якія былі перад гэтым на ўсім горадзе Віцебску, змяшчаю я тут са старога рэестрыку, напісанага рукою ягамосці пана Боніча, пісара гарадскога віцебскага.
1. Віцебскім бернардзінцам талераў бітых 1750.
2. Вяльможным віцебскім панам базыльянам талераў бітых 1677.
3. Ягамосці пану Альшэўскаму талераў бітых 500.
4. Ягамосці пану Лубашчынскаму талераў бітых 770.
5. Ягамосці пану Рамшы талераў бітых 100.
6. Ягамосці пану Каржанеўскаму талераў бітых 50.
7. Розным панам, віцебскім мяшчанам і купцам талераў бітых 1000. Сума efficit23 5247.
Уся гэтая сума, названая вышэй, згаданым іх мосцям вернута і выплачана, а скасаваныя аблігацыі і дакументы маюцца і знаходзяцца ў ягамосці пана Яна Ігольніка, віцебскага бурмістра. Гэтае паведамленне ўпісана сюды ў годзе 1768, а тут змяшчаю я імёны, сабраныя ў адно з вялікай цяжкасцю, хто і калі быў ваяводам віцебскім.
Януш Касцевіч, ваявода віцебскі. Быў ваяводам у годзе Божым 1516, жніўня, 7 дня.
Іван Багдановіч, ваявода віцебскі. Быў ваяводам у годзе 1551.
Станіслаў Кішка. Быў ваяводам віцебскім у 1552 годзе.
Стафан Андрэевіч Збаражскі. Быў ваяводам у годзе Божым 1561.
Мікалай Паўлавіч Сапега. Быў ваяводам віцебскім у годзе 1591. З ласкі гэтага ваяводы і магдэбургія дадзена ад караля ягамосці Жыгімонта Трэцяга ў 1597 годзе.
Ян Завіша. Быў ваяводам віцебскім у 1600 годзе.
Ян Ракоўскі. Быў ваяводам у 1614 годзе.
Сымон Самуіл Сангушка. Быў ваяводам у годзе Божым 1633.
Крыштоф Кішка. Быў ваяводам у 1641 годзе.
Станіслаў Валовіч, польны гетман Вялікага Княства Літоўскага. Быў ваяводам віцебскім у 1663 годзе.
Ян Антоні Храпавіцкі, ваявода віцебскі. Быў у годзе 1683.
Леанард ці Лявон Пацей. Быў ваяводам віцебскім у 1688 годзе.
Андрэй Крышпін. Быў ваяводам віцебскім у 1695 годзе.
Казімір Аляксандар Пацей. Быў ваяводам віцебскім у 1701 годзе.
Марцыян Міхал Агінскі, ваявода віцебскі. Жыў у 1730 годзе.
Восіп Салагуб, няхай шчасліва жыве і цяпер, ваявода віцебскі. Стаў на ваяводства Віцебскае ў 1753 годзе.
Усе ваяводы, яснавяльможныя паны нашы, тут сабраны, толькі ніяк не знайшоў я пецярых. Хоць і з цяжкасцю, але імёны розных асоб, жывых і памерлых, упісаны тут у годзе 1768, месяца ліпеня. Яснавяльможны ягамосць пан Марцыян Міхал Агінскі памёр у год 1750, красавіка, 1 дня.
Пані Зоф'я Пёрава, ландвойтава віцебская, жонка Антона Пёры, памерла ў год 1750, лютага, (?) дня.
Пані Тэрэза Пацеева, троцкая ваяводзіха, памерла ў год 1749, кастрычніка, 18 дня.
Ксёндз Люцыд Аверка Z.S.B.W.24 [памёр] у Любавіцкім кляштары ў год 1759, кастрычніка, 4 дня.
Ягамосць пан Гаўрыла Кірылавіч Аверка, віцебскі бурмістр і віцэландвойт, памёр у год 1759, месяца кастрычніка, 18 дня па рускім календары.
У год 1755. Месяца лютага, 22 памёр пан Рыгор Пырскі, бурмістр віцебскі.
У год 1755. Сакавіка, 7 дня памёр пан Якуб Сухар.
У год 1753. Месяца студзеня, 29 яснавяльможны ягамосць пан Восіп Давойна стаў на Віцебскае ваяводства.
Вяльможны ягамосць пан Сымон Мількевіч прысягнуў на ландвойтаўства ў год 1750, ліпеня, 7 дня, памёр у год 1768.
Ягамосць пан Мацей Галуза прысягнуў быць бурмістрам у год 1750 ліпеня, 7 дня.
Ягамосць пан Сяргей Сіпко прысягнуў быць бурмістрам у год 1750, ліпеня, 17 дня; памёр у год 1767.
У год 1750, 1 сакавіка, памёр ягамосць пан Восіп Маркаў, бурмістр віцебскі.
Пан Дзімітры Аверка памёр у год 1686, чэрвеня, 19 дня.
Пан Пётр Аверка памёр у год 1718, траўня, 12 дня.
Пан Лявон Свіршчэўскі памёр у год 1709.
Пан Мірон Галуза памёр у год 1720, траўня, 4 дня.
Пан Мірон Лагошны памёр у год 1724, сакавіка, 24 дня.
Пан Аўрам Ярашэвіч памёр у год 1725, чэрвеня, 6 дня.
Пан Кірыла Аверка памёр у год 1727, кастрычніка, 30 дня.
Пані Еўдакія Аверкава памерла ў год 1728 ...бра (так у тэксце. - В.Т.), 23 дня.
Пан Аўдакім Грыгораў памёр у год 1729, жніўня, 13 дня.
Ксёндз Юстын Ліцвінка Z.S.B.W. памёр у год 1732, лютага, 27 дня.
Ксёндз Гальяш, базыльянін, утапіўся ў год 1732, у аўторак, на Каляды.
Ксёндз Гаўрыла Быкоўскі, базыльянін памёр у год 1732.
Пан Амеллянік памёр у год 1732 ...гбра (так у тэксце. - В.Т.), 11 дня.
Пан Мацей Амеллянік памёр у год 1732, жніўня, 18 дня.
Пан Ян Боніч памёр у год 1733, траўня, 14 дня, на Тройцу.
Пан Андрэй Лапа памёр у год 1732, жніўня, 5 дня.
Пан Казімер Мушчынка памёр у год 1735, ліпеня 25 у Полацку.
Пан Цімафей Мушчынка памёр у год 1735, студзеня, 21 дня.
Пані Хадора Лагошна памерла ў год 1735, чэрвеня 24.
Пан Мушчынка Якуб памёр у год 1737, красавіка, 7 дня.
Гэта перапісаў Стафан Гаўрылавіч Аверка.
Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.

RSS-стужка