Нягледзячы на тое, што амаль уся Еўропа прадстаўляе сабой адзіную палітычную і эканамічную прастору, тым не менш яна не з’яўляецца суцэльным геапалітычным арганізмам, які меў бы адзінае бачанне кірункаў знешняй палітыкі і акрэсленыя геапалітычныя прыярытэты. З гэтай прычыны ў нібыта агульным Еўрапейскім Саюзе існуе некалькі геапалітычных цэнтраў, якія імкнуцца праводзіць адносна самастойную знешнюю палітыку. Асабліва гэта датычыцца Усходняй Еўропы, той яе часткі, якая стаіць па-за межамі ЕС.

За апошні час у межах ЕС дакладна вызначыліся тры геапалітычныя цэнтры, чые інтарэсы засяроджаныя на Беларусі, Украіне, Малдове і Расіі. Гэтымі гульцамі з’яўляюцца Германія, Польшча і Літва. Калі памкненні Германіі і Польшчы выдаюцца зразумелымі, то з'яўленне Літвы як самастойнага геапалітычнага суб’екта са сваёю асабістай знешнепалітычнай дактрынай падаецца дзіўным і незразумелым. Тым не менш Літва -- вельмі актыўны геапалітычны суб’ект, які імкнецца, прынамсі, сцвердзіць сябе як вядучага геапалітычнага гульца ў рэгіёне і ўплываць на палітычныя працэсы, што адбываюцца ў суседніх дзяржавах. Ускосна аб гэтым сведчаць абвінавачанні з боку афіцыйнага Мінска ў адрас Літвы, нібыта апошняя падтрымлівае беларускую апазіцыю, і тым самым умешваецца ва ўнутраныя справы незалежнай дзяржавы, а таксама тое, што менавіта на тэрыторыі Літвы адбываюцца важныя сустрэчы прадстаўнікоў беларуская апазіцыі з еўрапейскімі і амерыканскімі палітыкамі.

Геапалітычную актыўнасць Літвы можна патлумачыць некалькімі прычынамі. Па-першае, гэта зніжэнне геапалітычнай зацікаўленасці і актыўнасці ў дачыненні да ўсходнееўрапейскіх дзяржаў, якія не ўступілі ў ЕС, тым самым перадаўшы іх у сферу геапалітычнага ўплыву Расіі. Па-другое, сама Літва, хаця і імкнецца да добрасуседскіх адносін з Расіяй, адчувае ўсё большую яе прысутнасць у рэгіёне, а, значыць, і пагрозу для сваіх геапалітычных памкненняў і інтарэсаў. Па-трэцяе, нязменным застаецца інтарэс і прысутнасць ЗША, для якіх Літва і іншыя балтыйскія краіны з’яўляюцца важкімі геапалітычнымі сатэлітамі як у дачыненні да Расіі, так і да Еўрасаюза. Па-чацвёртае, у літоўскіх палітычных і грамадскіх колах узрастае настальгія па «залатым веку» Літвы, і ідэя адраджэння ВКЛ становіцца вельмі папулярнай.

Даючы геапалітычную ацэнку Літве можна казаць, што Літва ператварылася з геапалітычнага аб’екта ў геапалітычнага медыятара з пэўнай геапалітычнай аўтаноміяй. Гэта азначае, што Літва, хаця і з’яўляецца незалежнай краінай, тым не менш з прычыны слабога гаспадарчага, сацыяльнага і тэрытарыяльнага патэнцыяла не можа быць паўнавартасным геапалітычным суб’ектам, гэта значыць праводзіць цалкам незалежную ад другіх дзяржаў знешнюю палітыку (дзеля гэтага патрабавалася б нанова адрадзіць ВКЛ). Але ў інфармацыйную эпоху, калі геапалітыка пераходзіць з узроўню тэрытарыяльнага захопу на ўзровень прасторавай прысутнасці і геапалітычнага ўплыву, значна павялічваецца роля дзяржаў-медыятараў, якія выконваюць наступныя функцыі:

a. Прадстаўляюць інтарэсы рэальных геапалітычных гульцоў.
b. Павялічваюць прастору і магчымасці ўплыву на тэрыторыях патэнцыйнага ворага.
c. Аддаляюць магчымасці якога заўгодна ўплыву на ўласныя тэрыторыі.

У большасці выпадкаў дзяржавы-медыятары становяцца своеасаблівай буфернай зонай, але, уключыўшыся ў такую геапалітычную гульню, яны могуць пашырыць асабістыя інтарэсы і прысутнасць у зоне ўплыву.

Літоўскі эстэблішмэнт, абапіраючыся на знешнюю палітыку ЗША і крытыкуючы ЕС, тым не менш імкнецца выпрацаваць і рэалізаваць сваю асабістую геапалітычную дактрыну. «Літва намагаецца прымусіць ЕС і NATO праводзіць палітыку «адкрытых дзвярэй» у дачыненні да ўсходніх суседзяў. Справа ў тым, што большасць старых сяброў ЕС бачыць перспектывы развіцця ЕС у іншым святле, чым гэта бачыцца для Літвы і іншых новых сяброў." [1]

Да 2004 года геапалітычныя прыярытэты Літвы акрэсліліся і набылі канкрэтную і зразумелую форму. Найбольш важнымі сярод знешнепалітычных кірункаў, дзе Літва можа рэалізаваць сябе яе геапалітычны суб’ект, з’яўляюцца наступныя: 1. Узмацненне паўночнабалцкага супрацоўніцтва з мажлівасцю ўтварэння больш інтэграванага Балтыйскага рэгіена. 2. Садзейнічаць прасоўванню Калінінградскай вобласці бліжэй да Еўропы. 3. Актыўна падтрымліваць Беларусь у яе памкненнях быць дэмакратычнай і незалежнай еўрапейскай краінай. 4. Забяспечыць поўную падтрымку рэформаў на Украіне і яе крокаў да далучэння ў ЕС.

Выпрацоўваючы і рэалізуючы уласную геапалітычную канцэпцыю, Літва прэтэндуе не толькі на ролю звычайнага гульца ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, але жадае выйсці на ўзровень рэгіянальнага лідэра. Неабходнасць гэтага падкрэсліваюць як палітыкі (у рэзалюцыі Літоўскага парламенту ад 1 мая 2004 г. гаворыцца, што Літва павінна стаць рэгіянальным цэнтрам і мусіць мець уплыў на палітыку ЕС у дачыненні да суседзяў), так і літоўскія навукоўцы: «Найбольш важным элементам новай палітыкі Літвы -- гэта памкненне стаць «цэнтрам рэгіянальнага прыцягнення, рэгіянальным лідэрам», альбо, кажучы простымі словамі, «рэгіянальным цэнтрам». [2]

Спецыфіка геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне спрыяе таму, каб Літва магла замацавацца як суб’ект уплыву на суседскія краіны. Больш таго, праз сваю актыўную палітыку яна таксама імкнецца калі не паменшыць, дык прынамсі стварыць альтэрнатыву геапалітычнаму ўплыву ў рэгіёне з боку Польшчы, якая на працягу апошніх гадоў праводзіла вельмі актыўную палітыку адносна суседніх дзяржаў, у тым ліку і самой Літвы.

Геапалітычным арэалам сваіх непасрэдных інтарэсаў Літва лічыць Беларусь, Украіну, Калінінград і часткова Малдову. Разам з тым Літва павінна лічыцца з інтарэсамі Польшчы і іншых балцкіх краін. Але літоўскія геапалітычныя планы выглядаюць больш канкрэтнымі, чым планы Латвіі і Эстоніі. Як заўважыў адзін з літоўскіх даследчыкаў К. Паўлаўскас: «Літва мае больш шырокую рэгіянальную праграму працы і адыгрывае больш актыўную ролю ва ўсходнесуседскай палітыцы, чым Латвія і Эстонія... Латвія падзяляе літоўскія інтарэсы адносна будучыні Беларусі і імкнецца дапамагаць Украіне і Паўднёваму Каўказу. Эстонія менш зацікаўлена ў Калінінградзе і Беларусі, але праяўляе свой інтарэс да Украіны і Паўднёвага Каўказу». [3]

Разглядаючы геапалітычную функцыянальнасць Літвы ў рэгіёне трэба спыніцца на больш сціслым аналізе асобных кірункаў з пункту гледжання перспектыў і пагроз.

1. Расія – геапалітычна пагрозны, небяспечны і бесперспектыўны кірунак. Нягледзячы на тое, што Літва, уступіўшы ў ЕС і НАТА, пазбавілася непасрэднай пагрозы з боку Расіі, яна тым не менш ўспрымае Расію як патэнцыйнага ворага, які так ці інакш імкнецца ўплываць на рэгіён. Больш таго, у знешняй палітыцы Расіі ўсе больш ясна прасочваюцца рэвізіянісцкія тэндэнцыі, асноўны матыў якіх -- адбудаванне «Вялікай Расіі».

Літва не ў стане самастойна супрацьстаяць геапалітычнаму монстру і таксама ўплываць на палітычныя працэсы ў Расіі. У дадзеным выпадку Літва выступае не толькі як медыятар геапалітычных інтарэсаў ЗША, але, разам з іншымі Балтыйскімі дзяржавамі, уключана ў глабальную таласакратычную сістэму, якая супрацьстаіць тэлуракратычнай. [4] Дзякуючы гэтаму прыбалтыйскія дзяржавы выконваюць геастратэгічную функцыю: «Яны ствараюць бар’ер і з’яўляюцца аванпостам марскіх дзяржаў. Літва выконвае ролю эксперта па Усходняй Еўропе і Паўночнай Расіі (аванпост па распаўсюджанні ўплываў ЗША), яна ў любы момант можа стаць важнай перашкодай для рэімперыялізацыі Расіі. Рэалізацыя памкненняў ЗША па ўзмацненні трансатлантычнага супрацоўніцтва (стварэнне трансатлантычнай зоны свабоднага гандлю, трансатлантычнага вышэйшага савета і гэтак далей) дало б магчымасць Літве спадзявацца на атрыманне палітычных і эканамічных выгодаў». [5]

2. Калінінград – праблемны і непрадказальны кірунак, але зона мажлівага ўплыву. Гэтая частка Расіі атрымала назву «шэрай зоны» -- тэрыторыі, якая з’яўляецца геапалітычна нестабілізаванай. Нягледзячы на тое, што Калініград -- гэта суб’ект Расійскай Федэрацыі, ён знаходзіцца ў спрыяльнай для геапалітычнага ўплыву зоне і разглядаецца як геаграфічная і гістарычная частка Еўропы. Зразумела, што адарваць гэтую тэрыторыю ад Расіі проста немагчыма, прынамсі ў найбліжэйшы час, аднак можна стварыць на ёй такія гаспадарчыя і палітычныя ўмовы, пры якіх Калінінград больш наблізіцца да еўрапейскай цывілізацыі.

3. Украіна – найбольш спрыяльны кірунак для ўплыву і супрацы. Гаворачы аб Украіне трэба зазначыць, што гэта тэрыторыя, якая на сённяшні дзень адчувае на сабе моцны геапалітычны ўплыў з боку Усходу і Захаду. Нягледзячы на перамогу «памаранчавай рэвалюцыі» ў 2004 годзе і змену ўлады, Украіна пакуль не ў стане цалкам выйсці з-пад геапалітычнага ўплыву Расіі. Гэтаму спрыяе і неакрэсленая пазіцыя ЕС у стасунках з Украіны. «Яны (краіны ЕС) не бяруць пад увагу геапалітычную важкасць Украіны і як заўседы азіраюцца на мажлівую рэакцыю з боку Расіі ў адказ на ініцыятывы ЕС у гэтай краіне... І, прынамсі псыхалагічна, разглядаюць Украіну як частку Расіі». [6]

Зусім па-іншаму на праблему геапалітычнага становішча Украіны разглядае Літва. З аднаго боку, геапалітычныя памкненні Літвы ў гэтым кірунку з’яўляюцца працягам палітыкі ЗША па адарванні Украіны з геапалітычнай сферы Расіі. З іншага боку, супраца Літвы і Украіны можа значна ўзмацніць палітычныя пазіцыі Літвы ў NATO, ЕС і ў рэгіене.

Так, напрыклад, у кастрычніку Літва садзейнічала ў арганізацыі сустрэчы перамоваў на вышэйшым узроўні Украіна-NATO па пытаннях магчымага уступлення Украіны ў NATO.
Іншымі словамі, для Літвы незалежнасць Украіны з’яўляецца элементам суцэльнай сістэмы бяспекі ў рэгіёне.

4. Беларусь – геапалітычна нестабільная і патэнцыйна агрэсіўная зона. З аднаго боку, Беларусь стварае для Літвы стратэгічную праблему, бо яна з’яўляецца элементам геапалітычнага абшара Расіі. З другога боку, Беларусь – гэта аб’ект для непасрэднага геапалітычнага ўплыву Літвы, які з цягам часу можа стаць больш перспектыўным. Бо ў выпадку палітычных перамен Літва адразу становіцца геапалітычным апірышчам і важным саюзнікам для Беларусі і новай палітычнай эліты.

Вядома, што геапалітычныя прыярытэты Беларусі цалкам залежаць ад цяперашніх інтарэсаў палітычнай эліты. Перамены на палітычнай сцэне Беларусі, згодна з чаканнямі літоўскага эстаблішмэнту, павінны прывесці да пераменаў у геапалітычнай сітуацыі. Таму першай мэтай, якую ставіць перад сабою Літва – гэта дэмакратызацыя Беларусі. Другой мэтай з’яўляецца памяншэнне геапалітычнага ўздзеяння Расіі, трэцяй -- уцягненне Беларусі ў сферу непасрэднага еўрапейскага ўплыву.

Такім чынам, актыўная пазіцыя ў рэгіёне стварае вельмі спрыяльныя ўмовы калі не для таго, каб Літва разглядалася як асобны геапалітычны суб’ект, дык прынамсі для таго, каб лічыць яе дзяржавай, з якой трэба лічыцца. Больш таго, актыўная знешнепалітычная дзейнасць прыносіць пэўныя палітычныя выгоды і дывідэнды для Літвы. Сярод іх:

a. Павышэнне міжнароднага статуса і аўтарытэта Літвы.
b. Літва разглядаецца іншымі дзяржавамі рэгіёна, якія не ўваходзяць у ЕС, як саюзнік і пасярэднік у перамовах з Захадам, што павялічвае палітычную значнасць Літвы.
c. Сканцэнтраванне на Літве матэрыальных рэсурсаў, неабходных для падтрымання працэсаў дэмакратызацыі ў рэгіёне.
d. Перспектывы стварэння асобнай геапалітычнай групы ў рамках Балцка-Чарнаморскай рэгіянальнай супрацы, дзе Літва будзе займаць вядучыя пазіцыі.

Разважаючы на тэму геапалітычнай актыўнасці Літвы трэба таксама звярнуць увагу на больш амбітныя знешнепалітычныя праекты, прынамсі ў тэорыі, якія дазваляюць паглядзець на палітыку Літвы з іншага боку і патлумачыць вялікія прэтэнзіі гэтай малой дзяржавы. Магчыма, гэтыя праекты з’яўляюцца ідэалагічным падмуркам знешняй палітыкі Літвы. Гаворка ідзе аб намаганнях асобных тэарэтыкаў папулізаваць і ажыццявіць ідэю адраджэння новай Літоўскай імперыі. «Мы павінны стварыць самадастатковую імперыю і пашыраць яе ўплыў. Былыя тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага акрэсліваюць яе натуральныя межы», -- піша адзін з вядомых літоўскіх гісторыкаў Гінтарыс Барысневічус, -- неабходна, каб ЗША і Расія рухнулі. Тады адзінай рэальнай моцай застанецца Еўропа, і мы будзем адной з тых сілаў, якая будзе кантраляваць Еўропу». [7]

Такія сцвярджэнні выдаюць неабгрунтаванымі і выклікаюць крытыку і вядомы скепсіс, бо ў Літвы для іх рэалізацыі не хапае самага малога -- матэрыяльных рэсурсаў. Тым не менш геапалітычныя абшары «новай імперыі» супадаюць са знешнепалітычнымі кірункамі, якія Літва акрэсліла для сябе як прыярытэтныя, а менавіта Беларусь, Украіна і часткова Малдова. Акрамя гэтага, яны адгрываюць практычную ролю ў пабудове геапалітычнай канцэпцыі самой Літвы і яе самаакрэслення ў геапалітычнай прасторы свету. Іншы літоўскі даследчык, Альвідас Нікжатайціс сцвярджае: «Літва намагаецца замацавацца на пазіцыях рэгіянальнай дзяржавы, і яе знешняя палітыка усё больш набывае рысы «імперыяльнай палітыкі». Вось чаму, абмяркоўваючы сённяшнюю замежную палітыку будзе справядлівым вярнуцца ў мінулае, да часоў «імперскай» Літвы». [8]

У адрозненне ад суседніх дзяржаў, Літва абапіраецца на гістарычную традыцыю ВКЛ, якое лічыцца літоўскай дзяржавай, а гэта азначае, што Літва па праву з’яўляецца стаўленніцай геапалітычных традыцыяў ВКЛ. Таму прасоўванне новай геапалітычнай ідэалогіі мае канкрэтныя функцыянальныя задачы. Функцыянальная неабходнасць новай ідэалогіі заключаецца ў наступным:

1. Паказвае і тлумачыць абгрунтаванасць геапалітычнай актыўнасці Літвы ў рэгіёне, бо менавіта тэрыторыі, у дачыненні да якіх рэалізуецца знешняя палітыка, былі часткай літоўскай дзяржавы. Ідэалогія акрэслівае канкрэтныя аб’екты геапалітычных прэтэнзій Літвы.
2. Стварэнне ідэалагічнай і каштоўнаснай напоўненасці геапалітычных намаганняў Літвы, дзякуючы чаму становіцца зразумелай гістарычная і палітычная місія Літвы. Гэтая місія заключаецца ў збіранні зямель ВКЛ і яго адраджэнні.
3. Выцясненне іншых геапалітычных гульцоў, якія б маглі прэтэндаваць на палітычны цэнтр ВКЛ, і зрабіць гэтую ідэю часткай сваей геапалітычнай дактрыны. Напрыклад, Беларусь.

Нягледзячы на абмежаванасць рэсурсаў і палітычную слабасць Літвы, ідэя адраджэння ВКЛ можа быць усходнееўрапейскай альтэрнатывай дзвюм іншым геапалітычным дактрынам, якія уключаюць тэрыторыі Украіны і Беларусі ў сферу свайго ўплыву. Гэта ідэя Вялікай Русі і Вялікай Польшчы. Таму, згодна з поглядамі літоўскіх тэарэтыкаў, гэтыя краіны павінны зразумець неабходнасць стварэння новай геапалітычнай прасторы, якая адпавядала б былым межам Вялікага княства Літоўскага. Важным механізмам у рэалізацыі гэтай ідэі павінна стаць дэмакратызацыя суседзяў, бо, уключыўшыся ў барацьбу з аўтарытарызмам і постсавецкай спадчынай, менавіта Літва будзе з’яўляцца носьбітам новага бачання будучыні рэгіёна, дзе яна будзе адыгрываць важную ролю. «Хаця культурная памяць гэта не тое самае, што гісторыя, але мажліва, гісторыкі павінны перайсці Рубікон у імя дэмакратыі суседніх дзяржаў, з якімі яна падзяляе агульнае мінулае і не толькі вывучаць, але таксама і ствараць новую культурную памяць. У імя Літвы». [9]

Такім чынам, Літва за апошнія гады сталася новым геапалітычным суб’ектам, які спрабуе праводзіць асэнсаваную знешнюю палітыку, пераследуючы свае асабістые мэты, імкнучыся зрабіцца цэнтрам прыцягнення для тых дзяржаў Усходняй Еўропы, якія яшчэ не да канца акрэсліліся ў сваім геапалітычным выбары. І хаця сама ідэя Літоўскай імперыі больш падобна на прадукт для ўнутранага карыстання літоўскай грамадскасці, а для яе рэалізацыі не існуе аб’ектыўных умоваў, знешняя палітыка Літвы падаецца рацыянальнай і паспяховай, прынамсі ў межах усходняга рэгіёна.

[1] Evaldas Nekrašas. Lithuanian Foreign Policy: Concepts, Achievements and Predicaments // Lithuanian Foreign Policy Review. - 2004. № 1-2, р. - 34.
[2] Ibidem, р. – 31 - 32.
[3] Kęstutis Paulauskas. The Baltic States: picking region, shedding myths, decoding acronyms // Lithuanian Foreign Policy Review. – 2005. № 1-2, р. – 54.
[4] Згодна з традыцыйнай геапалітычнай тэорыяй, дзяржавы свету падзеленыя на марскія (таласакратычныя) і сухапутныя (тэлуракратычныя), якія вядуць паміж сабою бясконцую барацьбу. ЗША з’яўляецца тыповай марской дзяржавай, Расея – сухапутнай.
[5] Raimundas Lopata. Nortautas Statkus Empires, the World Order and Small States // Lithuanian Foreign Policy Review. – 2005. № 1-2, р. – 57.
[6] Evaldas Nekrašas. Lithuanian Foreign Policy: Concepts, Achievements and Predicaments // Lithuanian Foreign Policy Review. - 2004. № 1-2, р. - 34.
[7] Raimundas Lopata, Nortautas Statkus Nortautas Statkus Empires, the World Order and Small States // Lithuanian Foreign Policy Review. – 2005. № 1-2, р. – 16.
[8] Alvydas Nikžentaitis. The “Imperial” Diplomacy of Lithuania // Lithuanian Foreign Policy Review. – 2005. № 1-2, р. – 41.
[9] Alvydas Nikžentaitis. The “Imperial” Diplomacy of Lithuania // Lithuanian Foreign Policy Review. – 2005. № 1-2, р. – 47.

 

©Павел Усаў, 14.04.2007

Крыніца: Новая Эўропа