
Ідэя адраджэньня Рэчы Паспалітай
Статья по-русски
Стаття українською
Artykuł w języku polskim
Latviešu
Lietuviškai
Як вядома, гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Таму замест разваг над мінулым, гляньма на сучаснасьць і будучыню.
Дзьве крывавыя сусьветныя вайны прынесьці нечаканыя наступствы і нават выгоды для былой Рэчы Паспалітай. Галоўнае дзіва - зьнясіленыя Расея і Нямеччына згубілі свой непасрэдны кантроль над краем.
Самой старой Рэчы Паспалітай таксама няма. На яе мейсцы ўзьніклі 5 нацыянальных краін: Беларусь, Латвія, Літва, Польшча і Ўкраіна. І калі мы складзем гэтыя кавалкі ў "Новую Рэч Паспалітую" (НРП), то са зьдзіўленьнем убачым, што яе тэрыторыя павялічылася амаль удвая - з 733 500 (1772 г.) да 1 253 696 кв.км. (зараз). Выглядае, як неверагодная геапалітычная перамога! Але нявыкарыстаная і таму безсэнсоўная.
Я ўпэўнены, што ідэя адраджэньня Рэчы Паспалітай яшчэ вынікне. Але хутчэй за ўсё гэта будзе запозна: ці-то Бэрлін пачне вяртаць Сілезію, ці-то Масква пачне разбураць Украіну альбо далучаць Беларусь...
Аднак уявім на хвіліну, што народы нашых краін зараз жа вырашылі аб'яднацца ў НРП.
І вось што мы маглі б атрымаць:
| Краіна | Насельніцтва | % | Плошча, кв.км. | % | СУП* (млрд.$) | % |
| Беларусь | 9 489 000 | 10% | 207 600 | 17% | 119,554 | 10% |
| Латвія | 2 231 503 | 2% | 64 589
| 5% | 32,346 | 3% |
| Літва | 3 366 357 | 3% | 65 200
| 5% | 52,749 | 4% |
| Польшча | 38 138 000 | 38% | 312 679
| 25% | 685,594 | 58% |
| Украіна | 45 999 934 | 46% | 603 628
| 48% | 294,564 | 25% |
| Новая Рэч Паспалітая | 99 224 794 | 100% | 1 253 696
| 100% | 1 184,807 | 100% |
* - СУП - Сукупны ўнутраны прадукт
за 2009 год, разьлічаны паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці. Для параўнаньня:
Нямеччына - 82 060 000 чал, 357 022 кв.км., 2 806,987 млрд.$
Расея- 141 903 979 чал, 17 075 400 кв.км., 2 216,390 млрд.$Кароткія высновы такія - з НРП былі б вымушаны лічыцца яе абодва гістарычныя ворагі. У будучым непазьбежным супрацьстаяньні з імі можна было б нарэшце абаперціся на ўласную моц, а не на прывідныя Будапешцкія абяцанкі. Увогуле, пра кошт эўрапейскіх "гарантыяў" могуць распавесьці палякі - на прыкладзе англа-французскай "дапамогі" ў 1939 г.
Вядома ж, лепш не даходзіць да ўзброенага супрацьстаяньня з Расеяй і Нямеччынай. Асабліва з ядзернай Расеяй. Тут трэба ўлічваць усе фактары - ад правоў рускамоўнай грамады да Калініградзкага пытаньня.
Акрамя зьнешніх выклікаў будуць і нутраныя пагрозы. Перадусім, гэта праблема некаторых спэцыфічных рэгіёнаў, накшталт Віленскага краю. Рэлігійнае пытаньне таксама трэба ўлічваць, хоць яно і ня мае зараз такой вастрыні, як у XVII ст. У НРП большасьць вернікаў будзе рыма-католікамі, праваслаўных - менш за 40%, пратэстанты і ўніяты - яўная меншасьць.
Новая краіна будзе мець магутны эканамічны патэнцыял: з трыльённым сукупным унатраным прадуктам ня грэх і ўласныя спадарожнікі ў космас запушчаць. Да таго ж - багатыя радовішчы карысных выкапняў, разнастайная прамысловасьць, урадлівыя землі, выхад на два моры, кантроль амаль над усім тразітам Усход-Захад...

Але эканамічныя праблемы - бадай, галоўная перашкода для нармалёвага функцыянаваньня Новай Рэчы Паспалітай. Ці пагодзяцца больш разьвітыя заходія рэгіёны цягнуць на сабе адсталы Ўсход? Ці здолее ўся НРП павялічыць свой СУП хоць бы ўдвая, каб цягацца з моцнымі суседзямі?
Перамагчы пералічаныя праблемы можа толькі гнуткая сыстэма кіраваньня, якая спалучае і цэнтралізацыю, і самакіраваньне. Ну вы зразумелі - я пра сваю ўлюбёную манархію. Так, толькі кароль (імпэратар?) можа надаць патрэбную трываласьць дзяржаве і забясьпечыць нашу вольнасьць.
Гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Футурыстычныя прагнозы таксама каштуць няшмат. Але калі пэўная колькасьць людзей з верай у сэрцы імкнецца да канкрэтнай будучыні, Бог ім дапамагае.
Эканоміка новай Рэчы Паспалітай
У чытача, можа ўзьнікнуць законнае пытаньне: а што можа прапанаваць новая Рэч Паспалітая сваім народам, акрамя рамантыкі і духоўнасьці? Паспрабую адказаць з эканамічнага пункту гледжаньня, тым больш, што гэта мая прафэсійная спэцыялізацыя.
Пасьля заканчэньня халоднай вайны магутныя суседзі хутка паставілі на калені эканоміку былой Рэчы Паспалітай. З аднаго боку Расея цягне вялізарныя грошы за энэрганосьбіты (між іншым, расейскія радовішчы ў свой час распрацоўваў увесь СССР). З іншага боку, Эўразьвяз вынішчае нашу прамысловасьць, энэргетыку і сельскую гаспадарку - каб зручней было навязваць нам свае тавары і паслугі. Вось дадзеныя ЦРУ за 2009 года па
імпарту і
экспарту ў мільярдах даляраў:
| Краіна | Імпарт | Экспарт | Плацёжны балянс | Зьнешні доўг |
| Беларусь | 22,400 | 18,040 | -4,360 | 17,08 |
| Латвія | 8,849 | 6,721 | -2,128
| 38,01 |
| Літва | 15,630 | 14,680 | -0,950
| 36,43 |
| Польшча | 141,700 | 134,700 | -7,000
| 201,20 |
| Украіна | 45,580 | 41,490 | -4,090
| 88,92 |
| Новая Рэч Паспалітая | 234,159 | 215,631 | -18,528
| 381,64 |
Агульны зьнешні доўг параўнальна невялікі, у той жа Нямеччыны ці Нарвэгіі ён нашмат большы. Але ў адрозьненьні ад іх, УСЕ краіны новай Рэчы Паспалітай маюць адмоўнае сальда зьнешняга гандлю. Слупок "Балянс" бязьлітасна паказвае, што нашы дзяржавы шпарка крочаць да банкруцтва, а ўвесь край агулам губляе амаль 20 мільярдаў даляраў штогод!
Але ці можа быць інакш, калі нам не даюць працаваць, вырабляць тавары і прадаваць іх? Напрыклад, Эўразьвяз не шкадуе каляровай паперы, каб у прыбалтаў зарасталі палеткі і ліквідавалася энэргетыка. Расея блякуе нафтаправоды, каб спыняліся НПЗ і банкрутавалі заводы. У той жа час абодва монстры займаюцца эканамічным шантажом і вельмі неахвотна пушчаюць нашу прадукцыю на ўласныя рынкі - напрыклад, расейцам смачнейшае бразільскае мяса за польскае. У выніку армія нашых беспрацоўных вымушана эміграваць і на сваім карку ўздымаць расейскую і эўрапейскую эканоміку, пакуль уласная Бацькаўшчына гіне ў жабрацтве...
Паасобку ніводная дзяржава нашага краю дагэтуль ня выкараскалася з гэтага гаратнага становішча, і ніякіх перадумоў для зьменаў няма. Бо ні Брусэлю, ні Вашынгтону, ні Маскве наш дабрабыт і бясьпека нецікавыя абсалютна.
І гэта нармальна! Наракаць на іх - значыць прыпадабняцца гаіцянам, што скардзяцца на малую дапамогу.
А зараз галоўнае пытаньне: ці можа новая Рэч Паспалітая даць рады гэтым праблемам? Я лічу, што так, безумоўна - бо толькі мы самі можам істотна дапамагчы сабе.
Для пачатку - шок: у агульным імпарце (234 млдр.$ - гл. папярэднюю табліцу) гандаль паміж краінамі самой Рэчы Паспалітай не дасягае нават 20 мільярдаў!
Я лічу, гэта нахабнае злачынства супраць нашых народаў. Відавочна, што нават толькі за кошт аптымізацыі нутранога гандлю новая РП можа выйсьці на станоўчы плацёжны балянс.
Але гэта толькі першы крок. Зноў
з дапамогай ЦРУ прааналізуем, з якіх краін Рэч Паспалітая імпартавала найбольш у 2008 годзе:

Мы бачым, што аж 42% ідзе з Расеі і Нямеччыны. То-бок наш край з уласнай кішэні штогод плоціць 92 млрд.$... двум сваім гістарычным ворагам! На маю думку, гэта пытаньне дзяржаўнай бясьпекі, прычым надзвычайнай важнасьці. Што тут Рэч Паспалітая магла б зьмяніць?
Наконт расейскага імпарту:
1) Для патрэбаў ацяпленьня тэрмінова перайсьці з расейскай нафты і газу на польскі і ўкраінскі вугаль.
2) Не рабіць глупстваў з будаўніцтвам новых АЭС, бо украінскія АЭС і ГЭС здатны забясьпечыць усю патрэбу краю ў электрычнасьці.
3) Пераарыентаваць машынабудаўнікоў на ўкраінскую чорную мэталюргію.
4) Усім краем працаваць над пэрспэктыўнымі праектамі: ветраной энэргетыкай і здабычай серавадароду з Чорнага мора.
Наконт нямецкага імпарту:
1) Імпартазамяшчэньне ўласнай прадукцыяй.
2) Забараніць імпарт гатовых вырабаў.
3) Імпартаваць выключана тэхналёгіі.
4) Дывэрсіфікаваць імпарт за кошт іншых краін Эўропы.
Хтосьці скрывіўся пры слове "імпартазамяшчэньне"? Так, я падкрэсьліваю, што на гэтым этапе Рэчы Паспалітай проста неабходна ўзважаная аўтаркія. Тым больш, што мы не лайдакі, не дурныя і не бязрукія. Калі ня верыце - вывучайце эканамічную мапу новай Рэчы Паспалітай. Яна зроблена на аснове яшчэ савецкіх дадзеных, бо амаль нічога з тых часоў не дадалося (клікабельна - 1,7 Мб):

Дам толькі кароткі пералік той магуты, якой мы валодаем, але не карыстаемся з узаемнай выгодай:
- Увесь сьпектр цяжкой і лёгкай прамысловасьці, судабудаўніцтва, вытворчасьць самалётаў і нават ракет, сучасных легкавікоў, грузавікоў, аўтобусаў, цягнікоў, камунальнай, сельскагаспадарчай, складской тэхнікі, разнастайная хімічная, будаўнічая, аптычная і дрэваапрацоўчая прамысловасьць.
- Найурадлівейшае ў Эўропе чарназем'е, буйная жывёлагадоўля, рыбалавецтва, вялізныя лясныя масівы.
- Разнастайныя карысныя выкапні - у дэфіцыце толькі нафта і каляровыя мэталі.
- Высокакваліфікаваныя інтэлектуальныя кадры (адзін толькі рынак афшорнага праграмаваньня чаго варты), працалюбныя рабочыя і сяляне.
- Пакуль яшчэ не разбураная навука і ваенна-прамысловы комплекс.
- І нарэшце, пляжы Балтыкі і Чарнамор'я, Крымскія і Карпацкія горы, беларускія лясы і азёры, прызначаныя Самім Богам для турызму і аздараўленьня.
Нам застаецца толькі скарыстацца гэтым багацьцем, аптымізаваць і завязаць эканоміку ў адзіны арганізм. На гэта здатны толькі агульны вярхоўны Гаспадар, які прымусіць алігархаў дбаць ня толькі пра свой гаманец і будзе надзейным гарантам для іншаземных інвэстараў.
Акрамя таго, адзіны кароль-гаспадар знойдзе агульнадзяржаўныя пэрспэктыўныя праекты, сканцэнтруе фінансавы, навуковы, чалавечы і прамысловы патэнцыял дзеля іх вырашэньня. На паверхні ляжаць такія рэчы, як:
1) Разбудова аўтамабільных, чыгуначных, марскіх, рачных, трубаправодных, электрычных, паветраных і інфармацыйных каналаў Захад-Усход і Поўнач-Поўдзень з адмысловай інфраструктурай і сэрвісам. Наш край павінен не ствараць перашкоды транзіту, а наадварот, усімі сіламі спрыяць яму - бо гэта адна з асноўных крыніц заробку інвалюты.
2) Альтэрнатыўная энэргетыка і іншыя праграмы імпартазамяшчэньня.
3) Стварэньне агульных навуковых цэнтраў, інвэстыцыі ў фундамэнтальную і прыкладную сфэры.
4) Мадэрнізацыя і дыфэрэнцыяцыя адсталых галін гаспадаркі, мэдыцыны, адукацыі.
5) Падрыхтоўка эфэктыўных гаспадарчых і дзяржаўных мэнэджэраў.
Гэтыя і іншыя праекты сталі б лякаматывам нашай эканомікі, далі б працу сотням тысячаў чалавек, а ў будучым зрабіліся б крыніцай сталага дзяржаўнага прыбытку.
Тое, што я пішу - ніякае не адкрыцьцё. Усё гэта было відавочна вялікай колькасьці людзей яшчэ напрыканцы 80-х. Зянон Пазьняк тады называў гэты праект БЧС. З таго часу змарнавана два дзесяцігоддзі - два найлепшыя дзесяцігоддзі, пакуль Расея і Нямеччына былі занадта слабымі, каб лезьці ў нашы справы. Зараз сусьветны крызіс, магчыма, дае нам яшчэ адзін шанс. Не змарнаваць яго - наша задача.
Крыніца: aliaks
Dzedx