Юрыдычныя падставы манархіі:
1) бэстэрміновае, гэта значыць пажыцьцёвае, карыстаньне ўладай;
2) занятак трона паводле спадчыны або сваяцтва;
3) прадстаўніцтва ў зьнешніх зносінах не па даручэньні (мандату), а па ўласным праву;
4) недатыкальнасьць кіраўніка дзяржавы (у Швецыі ў 1809 году быў прыняты закон аб форме кіраваньня, дзе гаворыцца, што «учынкі караля не падлягаюць нараканьню»).
Абсалютная і абмежаваная манархіі
Манархамі ў розных народаў былі каралі, цары, імпэратары, шахі, шахін-шахі, султаны, правіцелі і г.д. Але ва ўсе эпохі манарх — аднаасобны валадар дзяржавы, як правіла, спадчынны. Гэта і ёсьць асноўнай ўласьцівасьцяй манархіі як формы кіраваньня. Вядомыя дзьве яе формы: абсалютная (неабмежаваная) і абмежаваная.
Асноўная прыкмета абсалютнай манархічнай формы кіраваньня – гэта адсутнасьць якіх-небудзь дзяржаўных ворганаў, якія абмяжоўваюць паўнамоцтвы манарха. Ёй уласьцівыя наяўнасьць пастаяннага войска на чале з манархам і дзяржаўнае казны з сыстэмай пастаянных падаткаў, з зародкамі мытнае сыстэмы, панаваньнем шляхты, якая кіруе з дапамогай адмысловае касты службоўцаў і паліцыянтаў. Ліквідуюцца або прыходзяць у поўны заняпад саслоўныя прадстаўнічыя ўстановы, замацоўваецца палітычнае і грамадзянскае бяспраўе простага народа.
Спосабы, формы абмежаваньня ўлады манарха ў розныя эпохі, натуральна, неаднолькавыя. Найболей тыповымі з іх зьяўляюцца:
– саслоўна-прадстаўнічая (у эпоху феадалізму);
– канстытуцыйная ў двух разнавіднасьцях — дуалістычнай і парлямэнтарнай (у эпоху капіталізму).
Абмежаваньне ўлады манарха павязанае з разьвіцьцём таварна-грашовых адносінаў, якія падарвалі карані замкнёнай, натуральнай гаспадаркі. Паўстала палітычная цэнтралізацыя, арганізавалася саслоўна-прадстаўнічая манархія — форма, пры якой улада кіраўніка дзяржавы абмежаваная саслоўна-прадстаўнічымі органамі (соймы у Рэчы Паспалітай, Земскі сабор у Масковіі, парлямэнт у Ангельшчыне, Генэральныя Штаты ў Францыі, картэсы ў Гішпаніі і г.д.). Трэба адзначыць, што на саслоўны сабор як на арэну легальнае барацьбы саслоўяў не была дапушчаная большасьць насельніцтва (сяляне).
Канстытуцыйная манархія вынікае ў пэрыяд станаўленьня буржуазнага грамадзтва і ўяўляе сабой такую форму кіраваньня, пры якой улада манарха абмяжоўваецца прадстаўнічым ворганам, што замацоўваецца, як правіла, у канстытуцыі, якая зацьвярджаецца парлямэнтам. Манарх ня мае права яе зьмяніць.
Калі ў абсалютнай манархіі канстытуцыя і парлямэнт адсутнічаюць, падзела ўладаў не існуе, уся поўнасьць улады засяроджаная ў рукох аднаасобнага галавы дзяржавы — манарха, то ў дуалістычнай дзяржаўная ўлада носіць дваісты характар. Фактычна і юрыдычна ўлада падзеленая паміж урадам, які фармуе манарх, і парлямэнтам, які выдае законы. Кіраваньне краінай зьдзяйсьняе манарх, перад якім (а не перад парлямэнтам) нясуць адказнасьць міністры. Урад утворваецца незалежна ад партыйнага складу ў парлямэнце. Дуалізм адзначае, што манарх звычайна прадстаўляе інтарэсы феадалаў, а парлямэнт бароніць інтарэсы буржуазіі і іншых пластоў насельніцтва. У цяперашні час такая форма кіраваньня практычна зьнікла.
У парлямэнтарнай манархіі кароль валадарыць, але не кіруе; урад фармуецца парлямэнтам з прадстаўнікоў партыяў, якія атрымалі большасьць галасоў на выбарах і адказвае толькі перад ім; лідэр партыі, што валодае найбольшай колькасьцяй дэпутацкіх мандатаў, робіцца кіраўніком урада; заканадаўчыя акты прымаюцца парлямэнтам і фармальна падпісваюцца манархам; у заканадаўчай, выканаўчай і судовай сфэрах улада манарха фактычна сымбалічная.
Такім чынам, манархіі як форме кіраваньня ўласьцівая агульная асаблівасьць — засяроджваньне вярхоўнае улады ў рукох аднае асобы — кіраўніка дзяржавы, які атрымлівае гэтую ўладу па праве атрыманьні ў спадчыну, прычым пажыцьцёва (да яго паўналецьця кіруе дзяржавай рэгент або рэгенцкая рада).
Нетыповыя манархіі
У сучасных умовах ёсьць такія нетыповыя манархіі, дзе кіраўнік дзяржавы не пажыцьцёвы і не спадчынны, а абіраецца праз вызначаны прамежак часу. Малайзія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты выбары манарха праводзяць раз на пяць гадоў. Гэта збліжае манарха з прэзыдэнтам, а форма кіраваньня набліжаецца да рэспубліканскае. Аднак абедзьве названыя дзяржавы зьяўляюцца, несумнеўна, манархіямі, бо кіраўніком дзяржавы можа быць абраны толькі адзін з правіцеляў ейных складовых частак. У Малайзіі з 13 манархаў 9 зьяўляюцца спадчыннымі, яны ўтвораць Раду правіцеляў і абіраюцца па чарзе паводле адмысловага сьпісу. Фактычна па форме кіраваньні гэтая дзяржава зьяўляюцца парлямэнтарнай манархіяй. У адрозьненьне ад Малайзіі ў ААЭ, па сутнасьці, функцыянуе калектыўны манарх у выглядзе Вышэйшае рады сямі эміраў, які валодае ўсёй поўнасьцяй ўлады. Нацыянальны сойм прызначаецца эмірамі і мае толькі кансультатыўны характар. Галавой дзяржавы абіраецца толькі манарх эмірата Абу-Дабі, які займае 86% тэрыторыі ААЭ. Такім чынам, гэтым манархіям уласьцівая рэспубліканская прыкмета — сыстэматычная выбарнасьць кіраўніка дзяржавы.Высновы
Зыходзячы з тыпаў манархіі арганізацыя ўлады будуецца па розных прынцыпах: 1) рабаўладальніцкая манархія ўвасабляла дэспатычную ўладу рабаўласьнікаў;
2) феадальная манархія адлюстроўвала іерархічную структуру феадальнае зямельнае ўласнасьці, а пазьней – цэнтралізацыю ўлады феадалаў у асобе манарха;
3) буржуазная манархія будуецца з улікам прынцыпу прадстаўнічага кіраваньня.
Такім чынам, манархія — толькі зьнешняя форма выяўленьня ўлады, яна знаходзіць увасабленьне як арганізацыя ўлады гістарычна вызначаных палітычных сілаў, вельмі гнуткая установа, якая здольная прыстасавацца да розных умоваў.
