Паняцьце
Літоўскі леґітымізм ёсьць радыкальным ультра-раялісцкім і традыцыяналістычным рухам Паўночнае Эўропы, які выступае за аднаўленьне манархіі, згодна тутэйшым арґанічным шматвяковым традыцыям, і рэстаўрацыю на вялікалітоўскім пасадзе адзіных законных наступнікаў і прамых сукцэсараў дынастыі Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў – Габсбурґска-Лятарынґіскага Дому. Разам з тым літоўскі леґітымізм ёсьць яскрава антыглябалісцкім, антынацыяналістычным, антылібэральным, антысацыялістычным і антымадэрнісцкім па сваёй сутнасьці.
Прынцыпы й сымбалі
Тое, што мы разумеем пад літоўскім леґітымізмам магчыма растлумачыць з дапамогай трыадзінага дэвізу руху: Patriæ, Rex et Lex. Ніжэйзгаданыя прынцыпы ёсьць ідэальнымі катэгорыямі. Леґітымізм ня ёсьць ані палітычным, ані грамадзкім рухам у іх звыклым азначэньне. Няма ў леґітымістых памкненьня і да партыйнае арґанізацыі. Бо нас злучаюць вышэйшыя за простую палітычную каньектуры мэты й ідэалы. Наша барацьба – гэта бясконцы й цяжкі шлях да адраджэньня Старое Літвы. Наша мэта – замкнуць зьнявечанае, замардаванае кола літоўскае гісторыі, злучыўшы будучае й мінулае. Гэты шанец схаваны ў сакральнае крыві Ґедымінавічаў і іх спадкаемцаў Габсбурґаў: празь іх традыцыйную ініцыяцыю на літоўскае гаспадараньне мы выклічам таемныя сакральныя сілы, якія яны перахавалі для нас праз стагодзьдзі ў свае крыві: у ёй аблічча праўдзівае Крыві, покліч Вялікалітвы, памкненьне народаў Эўропы да аднаўленьня праўдзівае Імпэрыі, апошняга прытулку Волі й бастыёну Традыцыі.
- Patriæ (лац. Айчына) ёсьць ўвасабленьнем трох важкіх, шчыльна зьвязаных прынцыпаў руху: паўночнаэўрапэйскага цывілізацыйнага адзінства, дынастычнага імпэрыялізму й этнагістарычнага рэґіяналізму. Беручы пад ўвагу традыцыяналістычны ўхіл руху, леґітымізм выступае за аднаўленьне ґеапалітычнае й культурнае супрацы балтыка-скандынаўскага рэґіёна на падмурку гісторыі арґанічных кантактаў і дачыненьняў паміж народамі й дзяржавамі Балтыі й Скандынавіі 1. Разам з тым асноўным прынцыпам дзяржаватварэньня рух лічыць дынастычнасьць і леґітымізм, паводле якіх усе краі Эўропы мусяць кіравацца гаспадарамі, зьвязанымі сакральнаю крывёю з першаснымі пакліканымі дынастыямі, і ініцыяванымі паводле архаічных традыцыяў. Літве было наканавана стаць адною з каронаў імпэрыі Габсбурґаў. Штандарам нашае чорна-жоўтае імпэрыі 2 ёсьць старажытны містычны габсбурґскі дэвіз AEIOU. Нарэшце, леґітымістыя лічаць рэґіяналізм асноўнаю формаю фармаваньня этнакультурнага мэнталітэту й найбольш натуральнага палітычнага ўладкаваньня імпэрыі 3 праз поўны лякальны (мясцовы) і рэгіянальны аўтанамізм, самакіраваньне й дэцэнтралізацыю. Падсумоўваючы тры гэтыя прынцыпы, трэбы адзначыць, што асноўным кірункам дзейнасьці літоўскага леґітымізму ёсьць дэканструкцыя штучнае нацыянальнае сьвядомасьці й адраджэньне традыцыйнае шматузроўневае ідэнтычнасьці. Наша жаданьне – вызваліць Эўропу зь вязьніцы папулізму, ілжы, войнаў і канфліктаў на псэўданацыянальнае глебе, выратаваць рэґіянальную культуру ад зьнішчэньня й дэфармацыі. Мы марым, каб палачанін-крывіч (ці чалавек зь любога іншага этнагістарычнага рэґіёну Літвы), носьбіт тутэйшае культуры й мовы, мог з годнасьцю уважаць сябе за падданага спадчыньнікаў Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў і іх традыцыяналістычнае эўрапейскае імпэрыі.
- Rex (лац. Гаспадар) іншы сымбаль важкіх падвалінаў руху, увасоблены ў ультра-раялізму, дынастычнасьці й леґітымізму. Наш манархізм накіраваны не на аднаўленьне штучных часовых новаўтварэньняў і пісаных каньектурных прывілеяў і законаў накшталт гэтак званых “канстытуцыйнае манархіі” ці “шляхецкае дэмакратыі”, але на рэстаўрацыю праўдзівае Традыцыі, сапраўднае літоўскае манархіі. У зьвязку з гэтым мы лічым, што манархічная ўлада носіць сакральны й сувэрэнны характар, а ўсякія вычварэнскія напластаваньні, абмяжоўваючыя натуральныя прэрагатывы гаспадара (як сьвецкія, так і духоўныя), мы разглядаем як праявы дэградацыі й заняпаду – сымбаляў сучаснага сьвету, атручанага антытрадыцыйнымі ідэалёгіямі кшталту лібэралізму, нацыяналізму, фашызму, нацызму, сацыялізму, камунізму й інш. Гаспадар – ёсьць вышэйшай крыніцай усякай улады. Пад дынастычнасьцю й леґітымізмам мы ўважаем барацьбу за рэстаўрацыю Габсбурґаў, спадкаемцаў сакральнае крыві Ґедыміна й пераемнікаў іх традыцыі, на літоўскім пасадзе.
- Lex (лац. Права): традыцыяналізм, герархізм і арыстакратызм. Першы прынцып заклікае нас вярнуцца да велічнае Традыцыі продкаў ва ўсіх сфэрах жыцьця: культуры, палітыцы, сацыяльным і грамадзкім будаўніцтве. Гэта тычыцца ўсіх роўняў Традыцыі, ад рэґіянальнага да імпэрскага й цывілізацыйнага. Герархія бачыцца нам як найбольш набліжаная да натуральнае структура грамадзтва, як частка пастуліраванага памкненьня да адраджэньня традыцыйнага ладу й барацьбы з дыктатураю палітыкаў-папулістаў, масс-культуры й вялікага капіталу. Акрамя таго, леґітымістыя, пільнуючыся праўдзівых арыстакратычных традыцыяў Літвы, лічаць вельмі істотным зрабіць усё дзеля аднаўленьня ролі праўдзівае літоўскае арыстакратыі ў жыцьці гаспадарства.
Стаўленьне да іншых манархічных рухаў
Зыходзячы з гэтых прынцыпах, літоўскі леґітымісцкі рух разглядае цэнтральнаэўрапейскі пра-габсбурґскі раялізм, гішпанскі карлізм, брытанскі якабізм і французкі легітымізм (з 1883 г. паяднаны ультра-раялісцкі й арлеанісцкі рух) як ідэйна найбольш блізкія. Большасьць эўрапейскіх і мясцовых кансэрватыўных і манархічных арґанізацыяў ўважаюцца намі за сяброўскія.
Разам з тым, спробы некаторых польскіх, літоўскіх і беларускіх каталіцкіх “манархістаў” зьвесьці літоўскі раялізм да мары аб “адраджэньні” агіднае дэґрадаванае анарха-лібэральнае антыталеранцыйнае ветынаўскае манархіі Рэчы Паспалітае ўзору канца XVIII ст. разам з Трэцятравеньскай канстытуцыяй, якая афіцыйна “замацоўвала” статус Літвы як “трэцяе правінцыі” адзінае ўнітарнае дзяржавы (чым быў ліквідаваны інстытут літоўскае манархіі ўвогуле), – такія спробы мы лічым прафанацыяй самае манархічнае ідэі й зьдзекам над тутэйшаю Традыцыяй.
Юрыдычныя й гістарычныя вытокі прэтэнзіяў Дому Габсбурґаў
Што тычыцца згаданае прыроды габсбурґскіх прэтэнзіяў на літоўскі пасад, то я ўжо зьвяртаўся да іх раней. Пералічу тутака некаторыя важнейшыя аспэкты з раней абмеркаваных.
Юрыдычныя перадумовы
Хаця ў Вялікім Княстве Літоўскім да ўсталяваньня вычварэнскае псэўдарэспубліканскае формы элекцыйнае манархіі не было кадыфікаванага спадчыннага закону (пісанага), тут дзейнічалі тысячагадовыя сакральныя інда-эўрапейскія традыцыі, паводле якіх сукцэсія літоўскае кароны адбывалася згодна з паўсалічным прынцыпам – найбольш распаўсюджанае ў традыцыйнае Эўропе формы спадчыннасьці трону. Паводле яго насьледаваньне літоўскае кароны адбывалася па прамое мужчынскае лініі; у выпадку адсутнасьці ў манарха прамых родных сукцэсараў па мужчынскае лініі роду (сыноў, братоў, пляменьнікаў), пасад мог перайсьці праз старэйшую спадчыньніцу гаспадара (дачку, сястру, пляменьніцу) да яе кансорта (мужа). Трэба адзначыць, што гэтая традыцыя мела на Літве й Крыўі глыбокія карані. Нават калі зьвярнуцца да гісторыі Полацкага, Менскага, Віцебскага і іншых мясцовых княстваў.
Як вядома, Полацак ня меў уласьцівае іншым рускім княствам-суседзям складанае лесьвічнае сыстэмы 4, і ад пачатку да ўзмацненьня ўплыву веча насьледаваньне трону адбывалася згодна вышэйзгаданаму паўсалічнаму закону. Узгадаем слынны эпізод з траґічным шлюбам полацкае князёўны Раґнэды 5, якім вялікі князь кіеўскі Уладзімер І жадаў замацаваць кіеўскі сюзэрэнітэт над Полацкам. Паводле гэтага ж прынцыпу, які, відавочна, быў традыцыяй у Полацку, Ўладзімер не аддаў Полацак на княжаньне ані ў спадчыну старэйшаму сыну Вышэславу Ўладзімеравічу, ані свайму кіеўскаму спадчыньніку чацьертаму сыну Яраславу Мудраму, але свайму другому й старэйшаму сыну ад Раґнэды – Ізяславу. Празь яго галіну ўжо ў XIV ст. спадчыньніца Віцебскага княства Марыя, стаўшы жонкаю вялікага князя літоўскага Альґерда, перадасьць свае ўладаньні ў спадчыну Дому Ґедымінавічаў.
Цалкам верагодна, што падобная сыстэма ад пачатку існавала і на Літве 6. Асаблівасьцю існаваньня пазьнейшае вялікалітоўскае манархіі была сталая працягласьць панаваньня прадстаўнікоў мясцовае пакліканае дынастыі – Ґедымінавічаў, і асабліва пасьля ўмацаваньня на Літве яе прамое старэйшае галіны – Яґайлавічаў 7, калі пасад насьледаваўся згодна патрылінеяльнаму прынцыпу.
Гістарычныя арґумэнты
- Да 1573 г. на Літве з даўніх часоў спадчыннасьць пасаду рэґлямэнтавалася паводле паўсалічнага прынцыпу, што было цалкам ўласьціва для большасьці традыцыйных эўрапейскіх манархіяў.
- У 1471 і 1490 гг. Уладзіслаў, старэйшы сын і натуральны леґітымны сукцэсар Казімера Яґелончыка, быў абраны адпаведна на чэскі й вуґорскі каралеўскія пасады. Ён заснаваў старэйшую (багемска-вуґорскую) лінію Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў. Пасьля яго сьмерці, у 1516 г. яго наступнікам стаў адзіны сын Людвік ІІ.
- У 1521 г. сястра Людвіка (Лаёша) ІІ (і адзіная дачка Уладзіслава ІІ Яґелончыка) пабралася шлюбам з аўстрыйскім эрцгерцаґам Фердынандам І Габсбурґам. Праз чатыры гады бязьдзетны Людвік ІІ загінуў у бітве пад Мохачам; спадчына старэйшае лініі Яґайлавічаў фактычна перайшла да аўстрыйскіх Габсбурґаў.
- У 1572 г. памёр апошні прадстаўнік роду Яґайлавічаў 8 па мужчынскае лініі. У 1573 г. у Польскае кароне й на Літве была ўведзена элекцыйная манархія. Аднак, літоўскія леґітымістыя лічаць традыцыйнае права вышэйшым за штучнае кан'юнктурнае пісанае, і таму лічаць прамых спадчыньнікаў старэйшае лініі Яґайлавічаў за праўдзівых наступнікаў дынастыі Ґедымінавічаў і леґітымнымі гаспадарамі Літвы й усіх асацыяваных зь Вялікім Княствам дамініёнаў. Гэтая апінія пацьвярджаецца й пазыцыяй літоўскае арыстакратыі, якія цягам трох першых элекцыяў стала трымаліся баку габсбурґскіх кандыдатаў. У іх мэнталітэце леґітымісцкія традыцыі пратрывалі яшчэ даўгі час (прынамсі сьведчаньнем таму нават іншыя, “альтэрнатыўныя” кандыдаты, якія атрымалі перамогу на гэтых элекцыях: Генрык Валюа й Стэфан Баторы павязаныя зь Яґайлавічамі праз Ганну Яґелонку, дынастыя Вазаў – наступнікі Яґайлавічаў праз сястру Жыґімонта Аўґуста – Катарыну). Такім чынам, цягам усяго “залатога веку” Рэчы Паспалітае (1573-1648) літоўская і польская шляхта стала трымалася (у большае ці меншае ступені) старадаўняга прынцыпу дынастычнае леґітымнасьці.
- У XVII ст. Літва была ўцягнутая ў шэраг авантурыстычных дынастычных войнаў Вазаў, якія прывялі да катастрофы 1654-1667 гг., калі літоўскі набілітэт і адмысловая літоўская манархічная традыцыя былі зьнішчаны зьнешнімі (Масковія, казакі) і ўнутранымі (контррэфармацыя, інтрыгі езуітаў і аблудная вазаўская палітыка рэкаталізацыі на Літве, якая выклікала рэліґійную варажнечу). Літоўская манархія дэ факта перастала існаваць як адмысловая традыцыя й інстытут, а Літва паступова ператварылася ў трэцюю правінцыю Рэчы Паспалітай, якая ўвайшла ў пэрыяд татальнага палітычнага, культурнага і эканамічнага заняпаду ў часы панаваньня нелеґітымных манархаў (асабліва гэта датычыцца кіраваньня Ветынаў у XVIII ст.).
- У гэты ж час большасьць прамых ліній нашчадкаў малодшае галіны Яґайлавічаў (ад дачок Жыгімонта Старога) прыйшла ў заняпад. Гэта датычыцца й Дому Вазаў. Адзінай дынастыяй, якая перахавала ў сабе кроў і прамую спадчыннасьць ад Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў, згодна літоўскай традыцыі, ёсьць Габсбурґі.
- У 1740 г. згодна літоўскага паўсалічнага прынцыпу й Праґматычнае санкцыі 1713 г. 9 Карла VI 10 Габсбурґа, Імпэратара Сьвяшчэннае Рымскае Імпэрыі й леґітымнага ўладара Літвы, усе дынастычныя ўладаньні Габсбурґаў перайшлі да яго старэйшае дачкі Марыі Тэрэзіі й яе кансорта Францішка І Лятарынґскага, тым самым паклаўшы пачатак Габсбурґска-Лятарынґскага Дому, працягнуўшага дынастычную гісторыю Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў.
- На сёньняшні дзень прамым спадкаемцам Ґедымінавічаў-Яґайлавічаў і главою Габсбурґска-Лятарынґскага Дому зьяўляецца Яго Імпэратарская й Каралеўская Вялікасьць эрцгерцаґ Ота фон Габсбурґ.
Калі выкласьці згаданыя арґумэнты паводле простае схемы, то вымалёўваецца наступная прамая лінія спадчыннасьці 11 ад літоўскае пакліканае дынастыі Ґедымінавічаў: першыя літоўскія князі (улучна Міндоўґа) → Ґедымінавічы (Ґедымін) → Яґайлавічы (Яґайла) → Габсбурґі (праз Ганну Яґелонку й Фердынанда І Аўстрыйскага пасьля сьмерці Жыґімонта Аўґуста: імпэратар Максіміліян ІІ) → Габсбурґска-Лятарынґскага Дом (Марыя Тэрэзія й Францішак І Лятарынґскі) → Ота І фон Габсбурґ.
Сьпіс леґітымных літоўскіх гаспадароў пасьля сьмерці Жыґімонта ІІІ Аўґуста, паводле тутэйшае традыцыі (у дужках гады кіраваньня):
Дом Габсбурґаў:
Максіміліян І (1572-1576)
Рудольф І (1576-1611 12 )
Мацей І (1611-1619)
Фердынанд І (1619-1637)
Фердынанд ІІ (1637-1657)
Леапольд І (1657-1705)
Юзэф І (1705-1711)
Карл І (1711-1740)
Габсбурґска-Лятарынґскага Дом:
Францішак І (1740-1765) і Марыя Тэрэзія (1740-1780)
Юзэф ІІ (1765/1780-1790)
Леапольд ІІ (1790-1792)
Францішак ІІ (1792 – 1835)
Фердынанд ІІІ (1835-1848 13 )
Францішак Юзэф І (1848-1916)
Карл ІІ (1916-1922)
Ота І (з 1922)
1 - З гэтага вынікае антыглябалізм руху.
2 - Імпэрскія колеры Дому Габсбурґаў.
3 - У гэтым рэзкі антынацыяналізм і антылібэралізм леґітымізму.
4 - Насьледаваньне ўсімі членамі сям’і па парадку першародства ад старэйшага брата да малодшага й г.д. розных асобных фэадальных дамэнаў (якія мелі сваю пэўную герархію “старэйшых” і “малодшых” удзелаў-“пасадаў”): насьледаваў не старэйшы сын, але старэйшы мужчына ў родзе. Цалкам верагодна, што гэта сыстэма мае пэўныя повязі зь цюрскімі традыцыямі.
5 - Ragnheid Ragnvaldsdottir, фактычна спадчыньніца пасаду пасьля забойства Ўладзімерам свайго бацькі князя Раґалода/Раґнвальда Полацкага й ягоных сыноў.
6 - Аб гэтым ускосна сьведчыць узьнікненьне вялікае колькасьці складаных спадчынных галінаў сярод літоўскіх уладароў да Ґедыміна.
7 - Пачынаючы ад вялікага князя літоўскага Казімера І Вялікага (Kazimierz IV, згодна польскае каралеўскае традыцыі).
8 - Жыґімонт ІІІ Аўґуст (Zygmunt II August, паводле польскае традыцыі).
9 - Яна стала першым пісаным увасабленьнем літоўскае дынастычнае традыцыі, якою леґітымізм кіруецца па сёньняшні дзень. Карл VI ня меў нашчадкаў мужчынскага полу, і таму зьмяніў спадчынны закон Габсбурґаў з салічнага на паўсалічны.
10 - Карл І паводле літоўскае традыцыі.11 - А не звычайнае “крэўнасьці”.
12 - Выракся ўсіх тытулаў на карысьць брата Мацея.
13 - Выракся пасаду на карысьць пляменьніка, ня меў дзяцей.
© 2007 Datčanin
