Гэты тэкст выкладзены з ласкавай згоды Ліґі Манархічнай Вялікага Княства Літоўскага "За Веру, Айчыну і Князя!"*
Існуючая сытуацыя
На пачатку належыць акрэсьліць фундамэнтальны прынцып, водле якога будуць весьціся наступныя разважаньні. Мы зыходзілі з апошняга легітымнага стану існаваньня ВКЛ пры ўмове фактычнай незалежнасьці дзеяньняў апошняга. На нашу думку апошнім момантам такой фактычнай незалежнасьці стаў 1654 год, калі казацкія бунтаўнікі і прадстаўнікі зацнага роду Радзівілаў, скарыстаўшыся з недалужнасьці гаспадарствавага ладу Рэчыпаспапітай і запрасіўшы на дапамогу суседнія Маскоўскую і Швэдзкую Дзяржавы, фактычна першы раз сьвядома санкцыянавалі ўмяшальніцтва зьнешніх сіл ва ўнутраную палітыку Рэчыпаспалітай. Пазьней надобнымі крокамі ня грэбавалі і найвышэйшыя дастойнікі ВКЛ, прадстаўнікі такіх зацных фамілій, як Сапегі і Чартарыскія. Такія здрадніцкія крокі спрычініліся да вялікага ўпадку нашага Гаспадарства, што знайшло свой выраз у бязладзьдзі канца XVII ст., грамодзянскай вайне і ўмяшальніцтве суседніх дзяржаваў у вызначальныя рашэньні нашага гаспадарства на працягу XVIII ст., такія як "Нямы Сойм" 1717 г., элекцыя Аўгуста ІІІ Саса 1733 г., узьвядзеньне на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1764 г.
Прававы стан нашага гаспадарства азначае такім чынам, што мы знаходзімся ў стане вайны з Маскоўскай Дзяржавай, якая зламаўшы папярэднюю дамову 1634 году у Сямлёве, падтрымала адзін з бакоў ва ўнутрыдзяржаўным канфлікце Рэчыпаспалітай. Супакой Андрусаўскага пагадненьня 1667 г., зьяўляецца на нашу думку штучным і дасягнутым пры дапамозе сілы. Пры гэтым тэрыторыя Смаленскага Княства (Ваяводзтва) на доўгі час стала адлучана ад Вялікага Княства.
3 пункту гледжаньня ўспрыняцьця наступных праўных актаў Рэчыпаспалітае мы ўзнаем іх фаіктычную рэалізацыю, дасягнутую ў большасьці сілавымі мэтадамі, але пакідаем за сабой права не ўзнаваць іх юрыдычную сілу, бо прававы дух гэтых актаў супярэчыць самой сутнасьці паняцьця права, якое мяркуе справядлівасьць.
Узнаючы, іж найболей памыснасьцю наша Гаспадарства цешылася за прадстаўнікамі дынастыі Ягэлёнаў-Ягайлавічаў, якая мацавала спадчынны характар нашага трону, і бачачы да якіх зьнішчэньняў давяла "вольная элекцыя", мы выступаем за аднаўленьне спадчыннага характару нашай манархічнай улады, згаджаючыся ў гэтым з аўтарамі Канстытуцыі 3-га Мая.
Наступства трону і рэґэнцыйная рада
Згодна з прынцыпамі сукцэсыі (наступства), у выпадку бескаралеўя, гаспадарствам мусіць урадаваць рэґэнт або рэґэнцыйная рада. Водле традыцыі ў Рэчыпаспалітай і ВКЛ да рэгэнцыйнай рады ўваходзілі:
• Прымас: галава Касьцёла Каталіцкага Гаспадарства;
• Маршалак (Земскі);
• Канцлер Найвышэйшы (Міністр Пячаткі);
• Гэтман Найвышэйшы (Міністр Сілаў Збройных);
• Падскарбі Дворны (Міністр Скарбу);
• Гэтман Дворны (Міністр Поліцыі);
• Міністр замежных спраў (Міністр Пячаткі да спраў заґранічных).
Згодна з гэтым першачарговай задачай ёсьць аднаўленьне рэґэнцыйнай Рады ВКЛ і яе Канцэлярыі. Гэты орган стане падставай для юрыдычяай рэстаўрацыі Вялікага Княства. Належыць зазначыць, што на сёньняшні момант манархічны лад зьнішчаны ва усіх суб'ектах, якія калісь тварылі Рэчпаспалітую: Каралеўства Польскае, Вялікае Княства Літоўскае, Княства Рускае, Прускае, Мазавецкае, Жмудзкае, Кіеўскае, Валынскае, Падольскае, Інфланцкае, Северскае і Чарнігаўскае. У сувязі з гэтым манарха таго суб'екта, дзе трон будзе рэстаўраваны першы, аўтаматычна стаецца Каралём цэлай Рэчыпаспалітай.
Спрэчныя пытаньні
Пытаньнямі, што могуць выклікаць спрэчкі паміж будучымі (старадаўнімі) суб'ектамі Рэчыпаспалітай зьяўляюцца:
• усталяваньне спрадвечных межаў паміж суб'ектамі Рэчыпаспалітай;
• статус Кіеўскага, Падольскага, Валынскага, Чарнігаўскага і Рускага Княстваў (Ваяводзтваў) у сувязі із фундамэнтальным узрастаньнем палітычнай сьвядомасьці люду Ўкраіны;
• пацьвярджэньне шырокай аўтаноміі для Інфлянтаў і Жмудзі.
Мы тут не засяроджваліся на стасунках паміж манархічнымі рухамі і дзяржаўнай адміністрацыяй фактычных наступнікаў на большасьці тэрыторый Рэчыпаспалітай, якімі зьяуляюцца Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Польшча, Украіна, Літоўская Рэспубліка, Латыская Рэспубліка. 3 дадзенымі рэжымамі манархічныя рухі знаходзяцца ў абсалютным канфлікце і аб гэтым гутарка ў іншых матэрыялах.
Прыклад:
На сёньняшні дзень да тэрыторыі фактычнага наступніка суб'екта першай Рэчыпаспалітай - Рэспублікі Польшча адыйшоў цэлы шэраг земляў, што раней належалі да ВКЛ. Падаецца, што найбольш верагодным варыянтам вырашэньня дадзенай праблемы для ВКЛ было б: адмовіцца ад прэтэнзый на адарваныя ад ВКЛ землі ўзамен за падтрымку Каронай Польскай падвышэньня статусу Княства да ўзроўня Каралеўства, пры захаваньні раўнапраўнай Уніі, і хадайніцтва за гэта перад Рымам. Пры рэалізацыі дадзенага варыянту падвышаўся б статус цэлай Рэчыпаспалітай, якая станавілася б Цэсарствам (Царствам), а Кароль Рэчыпаспалітай ставаўся б Цэсарам.
* - Ліґа Манархічная ВКЛ аб'ядноўвае прыхільнікаў рэстаўрацыі Вялікага Княства Літоўскага ў гістарычных межах, рэстытуцыі шляхэцкіх і касьцёльных прывілеяў і маёмасьці.
Статус літоўскай кароны ў кантэксьце легітымнага аднаўленьня
»
- Увайдзіце або зарэгіструйцеся, каб камэнтаваць
