АПОВЕСЦЬ ПРА КНЯЗЁЎ МІНДОЎГА, ВОЙШАЛКА І ТРОЙДЗЕНЯ

АПОВЕСЦЬ ПРА КНЯЗЁЎ МІНДОЎГА, ВОЙШАЛКА І ТРОЙДЗЕНЯ

 

У год 6760 (1252)... У той жа год выгнаў Міндоўг сваіх пляменнікаў Таўцівіла і Эрдзівіда. Ён паслаў іх разам з іх дзядзькам Выкінтам на Русь ваяваць, к Смаленску, і сказаў: «Хто што захопіць, хай тым і валодае». Сам жа ён, варагуючы з імі, вераломна завалодаў Літвою, захапіў усю зямлю Літоўскую і шматлікае дабро іх і прысвоіў іх набытак. І паслаў Міндоўг услед за імі сваіх вояў, каб забіць іх. Уведаўшы пра гэта, яны ўцяклі да [князёў] Данілы і Васількі1 і прыехалі ва Ўладзімер. Міндоўг жа прыслаў сваіх паслоў, кажучы: «Не чыні ім літасці». Але Даніла і Васілька не паслухалі яго, бо іх сястра была замужам за Данілам.


Пасля Даніла дамовіўся з братам сваім [Васількам] і паслаў у Ляшскую зямлю да князёў ляшскіх, кажучы: «Надышоў час ісці хрысціянам на язычнікаў, бо яны ваююць паміж сабою». Ляхі абяцалі, але не стрымалі сваё слова. Даніла і Васілька паслалі Выкінта да яцвягаў, да жамойтаў і да немцаў у Рыгу, і ён падкупіў срэбрам і шматлікімі дарункамі яцвягаў і палову Жамойці. Немцы ж адказалі Данілу так: «Дзеля цябе ўчынілі мір з Выкінтам, хоць ён шмат нашых загубіў». Нямецкія рыцары абяцалі прыйсці на дапамогу Таўцівілу. Даніла ж і Васілька пайшлі да Наваграда (Наваградка). Параіўшыся з братам сваім Васількам і са сваім сынам, Даніла паслаў брата свайго на Ваўкавыск, сына на Слонім, а сам пайшоў да Здзітава2. Яны захапілі шмат гарадоў і вярнуліся дамоў. Пасля прыслаў Выкінт пасла, паведамляючы, што немцы хочуць прыйсці на дапамогу Таўцівілу. І паслаў Даніла Таўцівіла [у паход] і даў яму ў дапамогу русінаў і полаўцаў, і доўга яны ваявалі. Адтуль Таўцівіл пайшоў з палоннымі Данілы ў Рыгу, і прынялі яго рыжане з вялікаю пашанаю і хрысцілі яго.

Калі ўведаў Міндоўг, што Таўцівілу хочуць дапамагаць божыя дваране, і біскуп, і ўсе рыжскія воі, ён спалохаўся і таемна паслаў да Андрэя, рыжскага магістра, і пераканаў яго з дапамогаю багатых дарункаў, улітасцівіў яго, паслаўшы шмат золата і срэбра, і прыгожых срэбных і залатых сасудаў, і шмат коней. І сказаў ён [магістру]: «Калі ты заб'еш або выжанеш Таўцівіла, атрымаеш яшчэ больш». Магістар жа адказаў: «Не пазбавішся ты ад гэтага, пакуль не пашлеш да папы і не прымеш хрышчэння - не адолееш ворага. Я ж да цябе дружалюбнасць маю». О, горай зла! Золатам асляпіў ён [магістар] вочы свае і цяпер зноў з-за іх бяды набярэцца.

Міндоўг прыслаў да папы і прыняў хрышчэнне. Аднак хрышчэнне яго было няшчырае, ён таемна прыносіў ахвяры сваім багам: першаму Нанадзею, і Целявелю, і Дзіверкізу, заечаму богу, і Мідзяіну. Калі ён выязджаў у поле і выбягаў заяц на поле, ён не заходзіў у лес і не асмельваўся нават дубца выламаць. Міндоўг багам сваім прыносіў ахвяры, целы мёртвых спальваў і адкрыта трымаўся свайго язычніцтва.

Таўцівіла ж падтрымлівалі біскуп і пробашч Віржан, якія шкадавалі аб ім, бо ведалі, што калі б Таўцівіла не выгналі, то Літоўская зямля была б у іх руках і нехаця прыняла б хрышчэнне. А што літоўцы не хрысціліся, вінаваты Андрэй. За гэта Ордэн пазбавіў яго сану. Таўцівіл жа прыбег у Жамойць да свайго дзядзькі Выкінта, прыхапіўшы яцвягаў, жамойтаў і дапамогу Данілаву, якую раней князь даў яму, і пайшоў на Міндоўга.

Міндоўг жа падрыхтаваўся, але вырашыў не біцца з ім, а ўвайшоў у горад Варуту3. Ноччу ён выслаў свайго швагра, але яго прагналі русіны і яцвягі. Раніцай выехалі немцы з самастрэламі, і паехалі супраць іх русіны і полаўцы з [лукамі і] стрэламі і яцвягі з суліцамі, і ганяліся яны па полі, быццам у час гульні. Адтуль вярнуліся ў Жамойць.

Прыйшоў Міндоўг, сабраўшы вялікую сілу, на горад Выкінта, называны Цвірамет4. Таўцівіл выехаў з горада, а з ім русіны і полаўцы Данілавы, і жамойць з імі, і шмат пешых вояў. У пагоні з ім палаўчанін трапіў стралой у сцягно каня Міндоўгавага, і вярнуўся Міндоўг у сваю зямлю. І шмат бітваў было паміж імі. Пад тым горадам [Цвіраметам] забілі Вісімота.

У год 6761 (1253). Таўцівіл прыслаў [да Данілы] Роўбу, кажучы: «Ідзі к Наваграду». І Даніла пайшоў з братам [сваім] Васількам, сынам Львом, з полаўцамі і са сваім сватам Цягакам5 і прыйшоў к Пінску. Князі ж пінскія былі няшчырыя, іх узялі з сабою на вайну сілком. Літоўцы прыслалі вартавы атрад, і прайшоў ён праз балоты аж да ракі Шчары. Калі ўсё войска злучылася, учынілі раду і сказалі: «Пра нас ужо ведаюць». Спрачаліся воі, не хочучы ваяваць. І сказаў ім Даніла мудрае слова: «Сорамна нам будзе перад Літвою і іншымі землямі, калі мы не дойдзем і вернемся. Заўтра, - сказаў ён, - учынім раду». Тае ж ночы ён паслаў да ўсіх вояў сказаць: «Ідзіце, няхай убачаць усе тыя, хто не хоча ісці на вайну». І, убачыўшы, што частка вояў пайшла, мусілі пайсці і іншыя воі. Раніцай жа яны захапілі ўсю зямлю Наваградскую і адтуль вярнуліся назад. Яцвягі таксама прыйшлі на дапамогу Данілу, але не змаглі праехаць, бо снег вялікі выпаў. Адтуль яны вярнуліся, захапіўшы з Божаю дапамогаю шмат палонных.

Пасля паслаў Даніла з братам сваім [Васількам] і з сынам сваім Раманам сваіх людзей, і ўзялі яны Гарадзень, а самі вярнуліся ад Бельска6 [дадому]. Пасля Даніла паслаў шмат пешых вояў і коннікаў на іх гарады, і яны захапілі ўсе іх вотчыны і землі. Міндоўг жа паслаў свайго сына [Войшалка], і той ваяваў каля Турыйска7. У той жа год Міндоўг прыслаў да Данілы [паслоў], просячы міру і жадаючы згоды. Тады ж Таўцівіл прыбег да Данілы ад жамойтаў і яцвягаў і сказаў, што Міндоўг падкупіў іх срэбрам. І Даніла раззлаваўся на іх [з-за гэтага].

У год 6763 (1255)... Учыніў Войшалк мір з Данілам і выдаў дачку Міндоўгаву, сястру сваю, за Шварна8. І прыйшоў ён у Холм да Данілы, пакінуўшы сваё княжанне, і пастрыгся ў манахі. Ён аддаў Раману, сыну караля [Данілы], Новагарадок ад Міндоўга, а ад сябе Слонім і Ваўкавыск і ўсе гарады, сам жа прасіўся ісці да Святой гары9. І знайшоў яму кароль [Даніла] дарогу праз [землі] караля Вугорскага. Але не змог [Войшалк] дайсці да Святой гары і вярнуўся назад праз Балгарыю.

У год 6770 (1262). Пайшлі літоўцы ад Міндоўга ваяваць супраць ляхаў, і Астап Канстанцінавіч з імі, пракляты і беззаконны, які калісьці ўцёк з Разані. Літоўцы разбурылі [горад] Ездаў напярэдадні Іванавага дня, на самае Купалле. Там забілі і князя Семавіта10, а сына яго Кандрата паланілі, і шмат палонных узялі, і так вярнуліся дамоў.

Успомніў Міндоўг, што князь Васілька з батыром [Бурундаем] ваяваў зямлю Літоўскую, і паслаў раць супраць Васількі, і ваявалі літоўцы каля Камянца. Князь Васілька не пайшоў на іх, чакаючы другой раці. Ён паслаў на іх Жаліслава і Сцяпана Мядушніка, і яны гналіся за імі [літоўцамі] аж да самай Ясельды і не дагналі іх, бо войска было невялікае. Літоўцы ўзялі толькі палонных і таму хутка пайшлі. Другая [літоўская] раць ваявала ў той жа тыдзень каля Мельніка11. Быў з імі ваявода Каўдзіжад Тудзіямінавіч. Узялі яны шмат палонных.

Князь жа Васілька паехаў за імі з сынам сваім Уладзімірам, з баярамі і слугамі, спадзеючыся на Бога, і на прачыстую Яго Маці, і на сілу святога крыжа, і дагнаў іх каля горада Небля12. Літоўцы ўжо стаялі ля возера і, убачыўшы войска, гатовае да бою, селі, як звычайна, у тры рады за шчытамі. Васілька ж, падрыхтаваўшы свае палкі, пайшоў супраць іх, і пачалася бітва. Літоўцы не вытрымалі і кінуліся наўцёкі, але нельга было ўцячы, бо побач было возера. І пачалі іх секчы, а іншыя ў возеры патапіліся. І так усіх іх перабілі, ні адзін з іх не выратаваўся.

Уведаўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юрый прыехалі да Васількі з напоямі і пачалі весяліцца, бо ўбачылі сваіх ворагаў разбітымі, а ўсю дружыну цэлаю. Толькі адзін быў забіты ў войску Васількі - Прайбор, сын Сцяпана Радзівіча. Пасля князі пінскія паехалі дамоў, а Васілька паехаў ва Ўладзімір з перамогаю і пашанаю вялікаю, славячы і хвалячы Бога, які стварыў цуд - пакарыў ворагаў князю Васільку.

...Прайшоў год, і восенню быў забіты вялікі князь літоўскі Міндоўг, самаўладца ўсёй зямлі Літоўскай. Пра яго забойства так раскажам. Калі ён княжыў у Літоўскай зямлі, пачаў забіваць сваіх братоў і пляменнікаў, а іншых выгнаў з краіны і стаў княжыць адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай. І пачаў ён вельмі ганарыцца і пышыцца, лічачы, што няма роўнага яму. Былі ў яго сын Войшалк і дачка. Дачку ён аддаў замуж за Шварна Данілавіча ў Холм13.

Войшалк жа пачаў княжыць у Наваградку, будучы язычнікам, і стаў праліваць шмат крыві. Кожны дзень ён забіваў па тры-чатыры чалавекі. Калі ж у які дзень не забіваў нікога, то вельмі смуткаваў, а калі забіваў - тады радаваўся. Пасля ўвайшоў страх Божы ў яго сэрца, і задумаўся ён, і хацеў прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся там жа, у Наваградку, і стаў хрысціянінам. Пасля гэтага пайшоў Войшалк у Галіч да князя Данілы і Васількі, жадаючы пастрыгчыся ў манахі. Тады ж Войшалк хрысціў Юрыя Львовіча. Пасля ён пайшоў у Паланіну ў манастыр да Грыгорыя і там пастрыгся ў манахі. У манастыры [Войшалк] прабыў тры гады, а адтуль пайшоў да Святой гары, прыняўшы блаславенне ад Грыгорыя. Грыгорый быў святы чалавек, якога перад ім не было і пасля яго не будзе. Войшалк не змог дайсці да Святой гары, бо тады ў тых землях быў мяцеж вялікі. І вярнуўся ён зноў у Наваградак, заснаваў сабе манастыр на рацэ Нёман, паміж Літвою і Наваградкам, і там жыў.

Бацька ж яго Міндоўг дакараў яго за такое жыццё. А ён бацьку свайго вельмі не любіў. У той час памерла княгіня Міндоўгава, і пачаў ён аплакваць яе. Сястра ж [яе] была замужам за Доўмантам14, князем нальшанскім15. І паслаў Міндоўг у Нальшаны па сваю швагерку і так сказаў: «Гэта твая сястра памерла, прыязджай аплакваць сястру сваю». Калі ж яна прыехала аплакваць, Міндоўг захацеў ажаніцца з ёю. І пачаў гаварыць ёй: «Сястра твая, паміраючы, наказвала мне ўзяць цябе за жонку. Яна сказала так - няхай чужая дзяцей не крыўдзіць». І ўзяў яе за жонку. Доўмант, дачуўшыся пра гэта, вельмі засмуціўся і стаў думаць, як бы яму забіць Міндоўга. І знайшоў сабе Траняту, пляменніка Міндоўга, і разам з ім вырашыў забіць Міндоўга. Транята ж быў тады ў Жамойці.

У год 6771 (1263). Паслаў Міндоўг усё сваё войска за Дняпро супраць Рамана, князя бранскага. Доўмант пайшоў разам з імі на вайну, але, выбраўшы зручны час, вярнуўся назад, кажучы: «Варажба паказвае, што мне не трэба ісці разам з вамі». Вярнуўшыся назад, ён шпарка паскакаў, дагнаў Міндоўга і забіў яго і двух яго сыноў, Рукля і Рапек'я. Так учынілася забойства Міндоўга.

Пасля забойства Міндоўга Войшалк, баючыся такога ж [лёсу], уцёк у Пінск і там жыў, а Транята пачаў княжыць ва ўсёй зямлі Літоўскай і ў Жамойці. І паслаў ён у Полацак па брата свайго Таўцівіла, сказаўшы так: «Брат, прыедзь сюды, падзелім зямлю і набытак Міндоўга». Калі Таўцівіл прыехаў да яго, пачаў думаць Таўцівіл, як бы забіць Траняту, а Транята стаў думаць, як бы забіць Таўцівіла. Задуму Таўцівіла раскрыў яго баярын Пракоп, палачанін. Транята ж апярэдзіў Таўцівіла і забіў яго і стаў княжыць адзін. Пасля гэтага конюхі Міндоўга, чатыры парабкі, сталі думаць, як бы ім забіць Траняту. Калі Транята ішоў у лазню, яны выбралі зручны момант і забілі яго. Так учынілася забойства Траняты. Дачуўшыся пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Наваградка, а адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Усе літоўцы прынялі яго з радасцю, сына свайго гаспадара.

У год 6772 (1264). Войшалк стаў княжыць ва ўсёй зямлі Літоўскай, і пачаў ён вынішчаць сваіх ворагаў, і перабіў іх безліч, а іншыя разбегліся хто куды. І таго Астапа, праклятага, беззаконнага, ён забіў, пра якога мы раней пісалі.

...Калі Войшалк княжыў у Літве, сталі яго падтрымліваць князі Шварн і Васілька. Назваў ён Васільку сваім бацькам і панам... І прыйшоў з дапамогаю ў Літву да Войшалка. І ўбачыў Войшалк дапамогу Шварна і Васількі, бацькі свайго, і вельмі ўзрадаваўся, і стаў рыхтавацца да вайны, і пайшоў з вялікім войскам і стаў захопліваць гарады ў Дзяволтве16 і Нальшанах. Пабраўшы гарады і перабіўшы сваіх ворагаў, ён вярнуўся дамоў.

У год 6776 (1268)... Пасля Войшалк аддаў сваё княжанне швагру свайму Шварну, а сам зноў захацеў стаць манахам. Шварн яго вельмі ўпрошваў, каб ён яшчэ княжыў з ім у Літве, але Войшалк не хацеў, так кажучы: «Я шмат саграшыў перад Богам і людзьмі. Ты ж княж, і зямля будзе ў бяспецы». Шварн не змог яго ўгаварыць і стаў княжыць у Літве, а Войшалк пайшоў ва Уграўск17, у манастыр святога Данілы, і апрануўся ён у манаскае адзенне, і стаў жыць у манастыры, і так сказаў: «Тут паблізу ад мяне сын мой Шварн, а другі - мой пан і бацька, князь Васілька, і гэтым суцяшаюся». Грыгорый жа Паланінскі, яго настаўнік, тады яшчэ быў жывы. Войшалк распытаў, ці жывы ён, узрадаваўся і паслаў яму сказаць: «Там мой бацька, прыедзь сюды». І той прыехаў да яго і накіраваў яго на шлях манаскі.

У той час Леў прыслаў да Васількі сказаць: «Я хацеў бы з табою сустрэцца, але каб і Войшалк тут быў». Васілька паслаў па Войшалка ў перадвелікодны тыдзень, так сказаўшы: «Прыслаў да мяне Леў, каб мы сустрэліся. [Прыязджай], не бойся нічога». Войшалк жа пабаяўся Льва і не хацеў ехаць, але паехаў на заруку Васількі. Ён прыехаў ва Ўладзімір у святую нядзелю (на Вялікдзень) і спыніўся ў манастыры святога Міхаіла Вялікага. Немец Маркольт паклікаў усіх князёў на абед: Васільку, Льва, Войшалка. І сталі яны абедаць, піць і весяліцца. Васілька, напіўшыся, паехаў дамоў спаць. Войшалк жа паехаў у манастыр, дзе спыніўся. Пасля прыехаў да яго ў манастыр Леў і пачаў гаварыць Войшалку: «Куме, вып'ем яшчэ!» І пачалі яны зноў піць. Д'ябал, які заўсёды не хоча дабра чалавечаму роду, падбухторыў Льва, і забіў ён Войшалка ад зайздрасці, што той аддаў Літоўскую зямлю яго брату Шварну. Так учынілася забойства Войшалка. Прыбралі цела яго і пахавалі ў царкве святога Міхаіла Вялікага.

Пасля Войшалка княжыў у Літоўскай зямлі Шварн, княжыў ён нядоўга і памёр, і пахавалі яго ў царкве святой Багародзіцы ля труны яго бацькі.

У год 6778 (1270). Пачаў княжыць у Літве злачынны, беззаконны, пракляты, нялітасны Тройдзень. Злачынствы ж яго не можам апісаць: такія яны ганебныя. Ён быў такі ж злачынец, як і Антыёх Сірыйскі18, Ірад Ерусалімскі19, Нерон Рымскі20, і шмат іншых, яшчэ горшых, чым яны, злачынстваў учыніў. Пракняжыўшы 12 гадоў, памёр злачынец. Былі ў яго браты Борза, Сірпуці, Лесі і Свялкені. Жылі яны ў святым хрышчэнні, жылі ў любові, ціхмяна і пакорліва, трымаліся праваслаўнай веры, больш за ўсё любілі веру і міласціну чыніць. Яны памерлі яшчэ пры жыцці Тройдзеня.

У год 6782 (1274). Тройдзень яшчэ княжыў у Літоўскай зямлі і жыў з [князем] Львом у поўнай згодзе, яны пасылалі адзін аднаму шмат падарункаў. З Уладзімерам жа ён не жыў у поўнай згодзе, таму што бацька Ўладзімера, князь Васілька, забіў у час войнаў трох братоў Тройдзеня. Вось чаму ён не жыў з ім у згодзе, а ваяваў з ім, хоць і не было вялікіх войнаў. Тройдзень, пасылаючы крадком пешых вояў, ваяваў [зямлю] Уладзімера, а Ўладзімер такім жа чынам ваяваў [зямлю Тройдзеня]. Так яны ваявалі цэлы год.

Пасля Тройдзень, забыўшыся на згоду з Львом, паслаў гарадзенцаў захапіць Дарагічын21. І быў з імі Трыд, ён ведаў [гэты] горад [і ведаў], як можна яго ўзяць. Ён выступіў ноччу, і так яны захапілі горад на самы Вялікдзень і ўсіх перабілі. Уведаўшы пра гэта, Леў вельмі засмуціўся і стаў рыхтавацца да вайны. Ён паслаў паслоў да татараў, да вялікага цара Меньгу-Цяміра, просячы ў яго дапамогі супраць літоўцаў. Меньгу-Цямір даў яму войска, а з ім ваяводу Ягурчына, і даў яму ў дапамогу ўсіх задняпроўскіх князёў: Рамана Бранскага з сынам Алегам, і Глеба, князя смаленскага, і шмат іншых князёў. Былі тады ўсе князі ў волі татарскай.

Калі падышла зіма, пачалі збірацца рускія князі Леў, Мсціслаў22 і Ўладзімер [у паход на Літву]. Пайшлі з імі і князі пінскія і тураўскія. Калі яны ішлі каля Турава к Слуцку, то каля Слуцка злучыліся з татарамі. І так усе разам пайшлі к Наваградку. Не дайшоўшы да ракі Сервеч23, яны спыніліся на начлег. Назаўтра, рана ўстаўшы, пайшлі і перайшлі раку на дасвецці і дачакаліся світання. І калі пачало ўзыходзіць сонца, сталі рыхтаваць войска да бою. Падрыхтаваўшы войска, пайшлі да горада [Наваградка]. Татары ішлі справа сваім палком, побач з імі ішоў Леў са сваім палком, а злева ад яго ішоў Уладзімер са сваім палком.

[Неўзабаве] прыслалі татары да Льва і Ўладзімера [пасланца], так кажучы: «Нашыя юныя воі бачылі, што раць стаіць за гарою: пара ідзе з коней. Пашліце верных людзей з нашымі татарамі, няхай паглядзяць, што гэта такое». І яны паслалі з імі верных людзей. Тыя паехалі і ўбачылі, што няма [ніякай] раці, а пара ідзе з крыніц, што цякуць з гор, бо быў моцны мароз.

І так яны падышлі да горада і спыніліся каля яго. Мсціслаў жа не прыйшоў, бо ён пайшоў ад Капыля, ваюючы па Палессі. Не прыйшлі ні Раман [Бранскі], ні Глеб [Смаленскі], князі задняпроўскія, толькі адзін Раман, сын Рамана, прыйшоў, бо ён прыйшоў раней з татарамі. Татары вельмі хацелі, каб Раман прыйшоў. Леў жа ашукаў сваіх братоў: патаемна ад Мсціслава і Ўладзімера ён разам з татарамі ўзяў вакольны горад, а замак застаўся. Назаўтра пасля ўзяцця горада прыйшлі Раман і Глеб з вялікім войскам. Загневаліся ўсе князі на Льва: Мсціслаў, Уладзімер, і цесць яго Раман Бранскі, і Глеб Смаленскі, і шмат іншых князёў - усе яны раззлаваліся на яго, што ён не палічыў іх за людзей, сабе роўных, а сам з татарамі ўзяў горад. Князі задумалі, каб усім разам узяць Наваградак, а пасля ісці ў зямлю Літоўскую. Аднак, раззлаваўшыся на Льва, яны не пайшлі [туды] і вярнуліся дамоў.

У год 6784 (1276). Прыйшлі прусы да Тройдзеня, выгнаныя са сваёй зямлі немцамі. Ён прыняў іх і пасяліў частку іх у Гародні, а другую частку ў Слоніме. Уладзімер жа, параіўшыся з Львом, братам сваім, паслаў сваю раць к Слоніму, і захапілі прусаў, каб яны [больш] не сяліліся ў гэтай зямлі. Пасля гэтага Тройдзень паслаў брата свайго Сірпуця і ваяваў каля Каменя24. Уладзімер жа паслаў супраць яго [войска] і ўзяў у яго Турыйск на рацэ Нёман і сёлы навакольныя захапіў. Пасля гэтага яны памірыліся і сталі жыць у вялікай згодзе.

Потым уклаў Бог добры намер у сэрца князя Ўладзімера, пачаў ён думаць, дзе б за Бярэсцем паставіць горад... І стаў шукаць ён зручнае месца, дзе пабудаваць горад. Гэтая зямля пуставала восемдзесят гадоў пасля [князя] Рамана. Цяпер жа Госпад адрадзіў яе сваёю ласкаю. І паслаў Уладзімер умелага мужа па імені Алекса, які яшчэ пры бацьку яго шмат гарадоў пабудаваў, паслаў [яго] з тутэйшымі жыхарамі ў чаўнах у вярхоўе ракі Лесны25, каб знайсці такое месца, дзе б горад паставіць. І той [Алекса] знайшоў такое месца, і прыехаў да князя, і пачаў расказваць. Князь жа [Уладзімер] сам паехаў туды з баярамі і слугамі, і спадабалася яму тое месца на беразе ракі Лесны. І ачысціў яе берагі, і пабудаваў там горад, і назваў яго Каменец, таму што зямля там была камяністая.

У год 6786 (1278). Тройдзень яшчэ княжыў у Літоўскай зямлі. І паслаў ён вялікае войска супраць ляхаў, і брата свайго Сірпуція паслаў. Былі таксама і яцвягі тады з імі. І ваявалі каля Любліна тры дні, і ўзялі безліч палонных, і так вярнуліся дамоў з вялікім гонарам.


Крыніца:
Беларускія летапісы і кронікі.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1997.
ISBN 985-6318-15-7