"Як вы ставіцеся да манархіі?" Апытаньне газэты "Свабода"

Вераніка, хатняя гаспадыня:
“ГЭТА ВЕЛЬМІ ПРЫГОЖА”
Ой, гэта вельмі прыгожа. Хацелася б, каб манархіі захоўваліся як мага даўжэй. Можа, у рэальным палітычным жыцьці ад каралёў мала карысьці, яны нічога не вырашаюць. Але дзякуючы гэтым традыцыям, гэтаму, на першы погляд, тэатру, у манархічных краінах больш унутранага парадку. Гэтая тэатральная прыгажосьць дысцыплінуе і напаўняе людзей адказнасьцю перад гісторыяй.

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік:
“У БЕЛАРУСІ ЁСЬЦЬ ДЛЯ ГЭТАГА ГІСТАРЫЧНЫЯ ТРАДЫЦЫІ”
Сталася так, што апошнім часам некалькі маіх замежных вандровак якраз мелі сваімі адрасамі манархіі. І я прыехаў са Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі, са Швэдзкага Каралеўства з даволі ўзьнёслымі пачуцьцямі. Мяне натхніла тое, што грамадзяне гэтых манархіяў уяўляюцца мне значна больш надзеленымі самымі рознымі свабодамі ў параўнаньні з грамадзянамі рэспублік. Калі казаць пра пэрспэктыву манархіі ў Беларусі, дык яна выглядае, напэўна, даволі аддаленай. Але, паколькі ў нас ёсьць шматвяковыя гістарычныя традыцыі манархіі, дык я не выключаю стварэньня руху манархістаў і нейкага плёну ў іх дзейнасьці. Праўда, ніяк ня зьвязваю будучага манарха зь цяперашнім кіраўніком краіны

Зінаіда, пэнсіянэрка:
“СТАРУЮ МАНАРХІЮ НЯ ВЕРНЕШ”
Я цудоўна стаўлюся да манархіі. Мой дзед жыў, працаваў і нажываў дабро за царом. А пры бальшавіках усё было зьнішчана. Але ж тую манархію ня вернеш. А новую… Толькі б не Лукашэнка. 

Уладзімер Някляеў, паэт:
“ГЭТА КАЗКА НЕ ПРА НАС”
Стаўленьне нармальнае. Дзіцячыя казкі адразу ўзгадваюцца – Андэрсэн, да прыкладу. Заўважце, што пры цары ў народных казках усё хораша. Амаль няма жорсткіх цароў, хіба толькі дзівакаватыя. А такіх, каб секлі, вешалі і палілі, у казках і нямашака. Але гэтае пытаньне, хутчэй, пасуе да расейскага кантэксту. Да Беларусі цар зусім неяк не пасуе. Манархія пры любым рэжыме, як яго ні называй, застаецца самаўладзьдзем – што пры камуністычным, што пры дэмакратычным. І я думаю, што Расея інакш проста ня можа існаваць. Расейскім месяцам так пасеяна. А што да сёньняшняй Беларусі, дык гэта казка не пра нас. Ну хто ставіцца да сёньняшняга нашага кіраўніка як да манарха? Можа толькі тыя, хто служаць у яго ў адміністрацыі. Сярод маіх знаёмых няма ніводнага такога падданага.

Андрэй, прадпрымальнік:
“УСЁ ЛЕПШ, ЧЫМ ТАКАЯ “РЭСПУБЛІКА”
Манархія ў Беларусі? А што? Усё лепш, чым такая вось “рэспубліка”. Традыцыя, наколькі я ведаю, у нас была. На трон запрасіць можна любую эўрапейскую аўгусьцейшую асобу. Нашы міністры, можа, хоць крыху манерам навучацца. Ды і ўвесь электарат крыху працьверазее. Уявіце, калі замест Лукашэнкі ў тэлевізары будзе якая прыгажуня, кшталту прынцэсы Дыяны. Гэта ж зусім іншая карцінка! Хочаш ня хочаш, а будзеш ганарыцца за сваё каралеўства.

Аляксандар Мілінкевіч, палітык:
“НАМ ГЭТА НЕ ПАГРАЖАЕ”
Мне здаецца, што нам гэта не пагражае. Бо апошні наш манарх напрыканцы 18-га стагодзьдзя пайшоў у лепшы сьвет. І я не веру, што сёньня для нас гэта адпаведная форма праўленьня. Яна хутчэй для Расеі, якая без манарха ня можа. І я думаю, што Лукашэнка перабольшвае ў сваёй самаацэнцы, калі пачынае думаць пра сваіх дзяцей як спадкаемцаў. Якія мы ні ёсьць, але мы ня Азія. Нават з паездак па вёсках ведаю, па сваіх сябрах, якія там жывуць. Штосьці ім гэта не падабаецца.

Канстанцін, мэнэджэр:
“ГЭТА ЎСЯГО ТОЛЬКІ ФОРМА ПЕРАДАЧЫ ЎЛАДЫ”
Манархія – гэта ўсяго толькі форма перадачы ўлады. А ня мэтад праўленьня, як думаюць у нас. У супольнасьці вольных грамадзян, дзе ёсьць маральнасьць, дзе ёсьць вольная прэса, дзе ёсьць прыватная ўласнасьць, ня так важна, як вярхоўная ўлада будзе перадавацца – праз выбары ці дынастычна. Гэта ўсяго толькі маленькая надбудова над усім будынкам грамадзтва. З натоўпу рабоў ніякую рэспубліку стварыць нельга. А вось манархія, як у нас называюць аўтакратыю, можа атрымацца выдатная. Як працуе дэмакратыя ў нясьпелым грамадзтве, мы ўсе пабачылі і ў 94-м, і ў 96-м гадах. Нельга малпе даваць пісталет, дзіцяці – запалкі, а рабу – бюлетэнь. У ягоных руках бюлетэнь – страшная зброя. Павінны прайсьці стагодзьдзі, пакуль высьпее адказны чалавек, вольны грамадзянін, якому можна даверыць бюлетэнь. І лепшай формай праўленьня для нас ёсьць адукаваная аўтакратыя. Бяда Беларусі не ў аўтакратыі. Бяда ў тым, што яна абсалютна неадукаваная.

Валянцін Акудовіч, філёзаф:
“УСЯМУ СВОЙ ЧАС”
Стаўленьне абсалютна нармальнае. Але ўсяму свой час. Дынастычная  манархія ў сярэднявечнай эўрапейскай гісторыі – гэта найбольш тоесны лад тым сацыяльна-эканамічным і палітычным рэаліям, якія мелі эўрапейцы. І менавіта таму манархіі ў Эўропе праіснавалі гэтак доўга і падчас менавіта гэтага тыпу ўлады якраз і сфармавалася сучасная эўрапейская цывілізацыя. Што да манархіяў сёньня – нават там, дзе яны канстытуцыйна аформленыя, яны выконваюць, хутчэй, дэкаратыўную функцыю, функцыю пераемнасьці традыцыяў. Ня час зараз для манархіі. Гаварыць можна колькі заўгодна, можна нават стварыць манархічную партыю. Нават у Беларусі нешта падобнае ёсьць. Але гэта ўсё не ўсур’ёз. Я  не выключаю, што чалавецтва перад глябальнымі пагрозамі будзе шукаць недэмакратычныя тыпы ўлады. Ізноў будзе запатрабаваная жорсткая цэнтралізацыя. Але гэта будзе не манархія. Гэтая ўлада будзе пабудаваная на зусім іншых прынцыпах. Ня будзе ніякай дынастычнасьці.


Крыніца: Газэта Свабода: Як вы ставіцеся да манархіі?