Як вядома, манархія можа быць прагалошаная і ў новых дзяржавах. Гэтае пытаньне вырашаецца праз рэфэрэндум альбо ўхвалай парлямэнту. Нельга цалкам выключаць такі шлях і для Беларусі, але ў нашай краіне з багатымі манархічнымі традыцыямі гэта будзе выглядаць недарэчна. Зь гістарычнага пункту гледжаньня, беларускім землям найбольш пасуе рэстаўрацыя манархіі.


Адным з галоўных пытаньняў рэстаўрацыі зьяўляецца выбар дзяржавы, на якой будзе грунтавацца аднаўленьне манархіі. На тэрыторыі Беларусі за апошняе тысячагоддзе зьмянілася некалькі манархічных дзяржаваў, якія могуць разглядацца ў якасьці такога грунту.

Расейская Імпэрыя


Апошняй манархічнай дзяржавай на тэрыторыі Беларусі была Расейская Імпэрыя. Аднак легітымнасьць уваходжаньня беларускіх земляў у склад Імпэрыі, мякка кажучы, сумнеўная. Часьцей за ўсё працэс падзелаў Рэчы Паспалітай называюць анэксіяй і ўзурпацыяй. Тым ня менш у сучаснай Беларусі даволі часта сустракаюцца манархісты расейскага кірунку. Звычайна гэта прадстаўнікі Рускай Праваслаўнай Царквы, якія тлумачаць сваю прыхільнасьць да Расейскае Кароны старадаўнім уваходжаньнем беларускіх земляў у склад Кіеўскай Русі і адсутнасьцю такой нацыі, як беларусы. Гэтыя довады выклікаюць пярэчаньні:

1. Частка Беларусі (а менавіта Тураўскае і Полацкае княствы) былі падпарадкаваныя кіеўскаму князю зброяй і на вельмі кароткі час.

2. Вывядзеньне радаводу маскоўскіх цароў ад Рурыкавічаў вельмі спрэчнае.

3. Княствы на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны ўвайшлі ў склад ВКЛ у XIII-XIV стст., прычым далучэньне было пераважна добраахвотным.

4. Нацыянальнае пытаньне ўвогуле недарэчнае для манархіі.

Калі ж разглядаць мажлівасьць аднаўленьня Расейскай Імпэрыі, то для гэтага можа быць абвешчаны рэфэрэндум або скліканы Земскі Сабор. Беларускія землі ў такім выпадку будуць разглядацца як вотчына, нароўні зь іншымі землямі Расейскай Імпэрыі ў межах 1914 года. Зараз на Расейскі трон прэтэндуюць Марыя Кірылаўна і Мікалай Раманавіч.

Вялікае Княства Літоўскае

Марыя-Эмануіл Веттын

Апошнія стагоддзі ВКЛ існавала пад вялікім ціскам суседніх дзяржаў, таму легітымнасьць амаль усіх заканадаўчых актаў тых часоў выклікае вялікія спрэчкі. Тым ня менш, апошнім законам, які тычыцца манархіі, можна лічыць Гарадзенскую Канстытуцыю ад 23 лістапада 1793 года. Канстытуцыя скасоўвала папярэднюю Канстытуцыю ад 3 траўня 1791 года і аднаўляла элекцыі каралёў.

Такім чынам, калі грунтавацца на Гарадзенскай Канстытуцыі, ініцыятыва па рэстаўрацыі павінна ісьці ад шляхты, якая мусіць сабрацца на элекцыйны Сойм. Адзначым, што шляхта Вялікага Княства можа абвясьціць Канфэдэрацыю ВКЛ, а потым на яе базе правесьці Сойм. Далейшы шлях залежыць ад Сойму: ён можа аднавіць дзеяньне Канстытуцыі 3 траўня на тэрыторыі Беларусі, альбо ўсёй Рэчы Паспалітай, а можа проста абраць Вялікага Князя Літоўскага.


Канстытуцыя 3 траўня
Аднаўленьне Канстытуцыі 3 траўня азначае легітымізацыю Сасаў - саксонскай дынастыі Веттынаў. Зараз саксонскую дынастыю ўзначальвае Марыя-Эмануіл Веттын (31.01.1926). У яго няма нашчадкаў, і ў 1999 годзе ён прызначыў пераемнікам свайго сястрыніча Аляксандра, што выклікала пратэсты іншых чальцоў саксонскай дынастыі за парушэньне права перадачы трону толькі па мячы.
Свабодная элекцыя

Отта фон Габсбург

 

У выпадку свабоднай элекцыі колькасьць мажлівых прэтэндэнтаў цяжка ўявіць.

Гэта могуць быць чальцы практычна ўсіх манаршых дынастый Эўропы. Да ліку прэтэндэнтаў могуць таксама далучыцца прадстаўнікі беларускіх шляхецкіх родаў, асабліва тыя, якія маюць сярод продкаў Вялікіх Князёў Літоўскіх: Сангушкі, Чартарыскія, Панятоўскія і г.д. Даволі верагодна, што перавагу могуць атрымаць нашчадкі Ягайлавічаў, якія пасьпяхова кіравалі Вялікім Княствам у XIV-XVI стст. Законныя пераемнікі Ягайлавічаў - дом Габсбургаў, які зараз узначальвае Отта фон Габсбург (20.12.1912). Можна адзначыць, што элекцыя можа й не спатрэбіцца - дастаткова прызнаньня дынастычных правоў
Гедымінавічаў-Ягайлавічаў-Габсбургаў.
Падрабязьней аб гэтым - у артыкуле "Літоўскі леґітымізм".

Полацкае княства

Маргарэта ІІ

У Полацкім Княстве валадарыў род Рагвалодавічаў, які парадніўся зь некаторымі эўрапейскімі дынастыямі, якія існуюць і зараз - напрыклад дацкі каралеўскі дом.

Адраджэньне традыцыі Полацкага княства мае свае перавагі і недахопы. Зь відавочных плюсаў:
- "тутэйшасьць" Полацкай манархіі (г.зн. ня трэба "дзяліць" традыцыю гэтай дзяржавы зь іншымі народамі).
- сталіца Полацкага княства знаходзіцца ў межах сучаснай Беларусі.
- старажытнасьць і папулярнасьць на Беларусі дынастыі Рагвалодавічаў.
Але адмыслоўцы бачаць і некаторыя праблемы, зьвязаныя з рэстаўрацыяй Рагвалодавічаў:
- вялікая адлегласьць у часе (амаль 8 стагоддзяў). Гэта значыць - страчана традыцыя, цырымоніял і г.д.
- няпоўны ахоп тэрыторыі сучаснай Беларусі Полацкім княствам.
- спрэчная легітымнасьць сучасных Рагвалодавічаў.

Такім чынам, рэстаўрацыя Рагвалодавічаў непазьбежна будзе нагадваць заснаваньне новай манархіі, а не адраджэньне старай.

Дадатковыя пытаньні

Павал Сангушка

Перш чым абіраць манархію, неабходна вызначыцца зь легітымным ворганам, які абвесьціць манархію: Вальны Сойм, агульнанародны сход, парлямант, або інш. Заўважым, што скліканьне Сойму сустрэне шмат перашкод: малая колькасьць шляхты з-за фізычнага вынішчэньня і эміграцыі, слабая арганізацыя шляхты ў Беларусі, згасаньне родаў, давер насельніцтва і г.д. Зь іншага боку легітымнасьць іншых ворганаў таксама можа выявіцца сумнеўнай.
Яшчэ адным цяжкім пытаньнем будзе веравызнаньне манарха. Апошнія Канстытуцыі Рэчы Паспалітай патрабуюць, каб каралём быў каталік, а гэты пункт можа сустрэць супраціў з боку іншых канфэсіяў і атэістаў.

Аднак усё гэта тэхнічныя пытаньні, якія могуць пры жаданьні быць вырашаны шляхам грамадзкае згоды.

© 2007; Aliaks; паводле суполкі by_monarchist

Габсбурґі

Насамрэч, калі я казаў аб ідэі адраджэньня Габсбурґскіх прэтэнзіяў на літоўскую карону, я асабліва падкрэсьліваў, што гаворка тутака ідзе не аб уласна нейкіх зьменлівых чалавечых законах і іншых аблудных паперках, а аб сакральным праве Аўстрыйскага Дому, які, як вы самі зацемілі, ёсьць адзіным законным пераемнікам Яґайлавічаў. Таму гэта ніякім чынам не “вольная элекцыя”, але асобная плынь – можна ўмоўна яе назваць “Габсбурґска-Яґелонскі леґітымізм”. Праўдзівы літоўскі леґітымізм па сутнасьці “антыэлекцыйны” й “антысармацкі”. Ён абсалютызуе пастулят аб мэтафізычнасьці манархіі. У той час, як да прыкладу “Ліга ВКЛ” зыходзіць да роўню нейкага сьмешнага бюракратызму й адраджэньня вычварэнскае формы “сармацкае” дзяржаўнасьці, якая адмаўляла саму літоўскую манархію як зьяву ўвогуле, ператвараючы Літву ў правінцыю (тэрмін часоў Чатырохгадовага сойму) адзінага ўнітарнага гаспадарчага арґанізму з Польшчаю… Што тычыцца “Полацкага” (з Альдэнбурґамі-Манпэза на пасадзе) й іншых арґанічных княстваў кшталту Радзівілаўскага Слуцкага ці Біронаўскага Курляндзка-Земґальскага, то іх адраджэньне не супярэчыць “імпэрскае” ідэі літоўскіх леґітымістаў, а нават выдатна дапаўняе яе, бо існаваньне аўтаномных дынастычных лучнасьцяў у складзе Літоўскае кароны цалкам адпавядае традыцыяналістычнаму канцэпту рэґіянлізма...

Расея таксама за Яґелонаў

Дадатак слушны. Крыху пазьней скарэктую артыкул.

Дарэчы, знайшоў цікавы радавод Яґелонаў у расейскім гербоўніку ад 1 студзеня 1798 года: http://gerbovnik.ru/og/v1/p0011.jpg (1,8 Mб)

Аказваецца, Расейская Імпэрыя афіцыйна ўважала Яґайлу за праўдзівага Рурыкавіча і Рагвалодавіча. Але тады, прабачце, якога ляду маскалі сюды пнуцца - на "свою вотчину"?

 

Wow!

Cikavaja navina :)

Маскоўскі міт

Насамрэч міт паходзіць ад часоў Івана Жахлівага, калі апошні выстаўляю сваю кандыдатуру на элекцыі гаспадара РП (тады спадчыннасьць яшчэ ўважалася ці не за галоўны фактар у выбары, як я ўжо шматкроць заўважаў).

PS Дарэчы, мо вам які тэкст пазьней напісаць (зараз трохі заняты), эксклюзіўны? ;) У рэчышчы літоўскага легітымізму? :) Калі ёсьць якія думкі, пішыце: torden (сьлімак) tut.by