Кожная дзяржава нараджаецца і зьнікае не з эканамічных ці вайскова-палітычных прычынаў. Усімі гэтымі фактарамі кіруе Дух і гераічны Высілак. Пад іх узьдзеяньнем невялікая рашучая група людзей можа стварыць магутную дзяржаву нават у неспрыяльным асяроддзі, і наадварот – ідэйная дэградацыя вядзе да заняпаду краіны нават у цяплічных умовах.

Дык які ж дух, якія ідэі аб'ядналі нашых продкаў у велічныя манархіі, слава пра якія дагэтуль саграе нашыя сэрцы? Гэтае веданьне дапаможа нам лепш зразумець прычыны сучаснай слабасьці і нетрываласьці нашай краіны.

Няцяжка здагадацца, што той стваральны дух прыляцеў да нас з Поўначы – разам з ваяўнічымі германскімі плямёнамі. Менавіта яны першымі ўзаралі і засеялі нашу глебу дзяржаўнага будаўніцтва. Старажытныя тэўтоны перадалі нашым продкам агонь рыцарскага этасу, вядомага яшчэ ў старажытнай Грэцыі і Рыме: гонар, вернасьць, гераізм. Гэтыя каштоўнасьці бурлілі ў гарачай крыві дзёрзкіх германскіх заваёўнікаў і прымушалі іх накатвацца на Поўдзень хваля за хваляй. І паўсюль, куды сягаў нардычны меч, утвараліся маладыя амбіцыйныя дзяржавы, дзе гонар каштаваў даражэй за жыцьцё.

Вякі Траянавы

Остгоцкі шлем

Апошнім часам зьяўляюцца цікавыя дасьледваньні старажытных стасункаў нашага краю са Скандынавіяй, напрыклад паноў С. Дзярновіча, А. Катлярчука і інш. Асноўная ўвага надаецца часам вікінгаў, як найлепш дакумэнтаваным. Але звычайна па-за ўвагай застаюцца яшчэ больш старадаўнія часы, якія таксама тычацца нашай тэмы.

"Слова пра паход Ігаравы", пачынаючы расповед пра Ўсяслава Чарадзея, кажа: "На седьмомъ вѣцѣ Трояни връже Всеславхъ жребий о дѣвице любу". Паспрабуем зазірнуць у гэтыя таямнічыя Траянавы вякі. Калі адмерыць сем стагодзьдзяў ад часоў Усяслава, мы трапім у сярэдзіну IV ст. – у часы росквіту магутнай гоцкай дзяржавы Германарыха.

Як вядома, тэўтонскае племя готаў паходзіць з Паўднёвай Скандынавіі – у Швэцыі дагэтуль захаваліся назвы Заходні і Ўсходні Ётланд і выспа Готланд. У першым стагодзьдзі пасьля Нараджэньня Хрыста гоцкі кароль Берыг прывёў свой народ цераз Балтыйскае мора ў вусьце Віслы. Пра гэтую і іншыя падзеі тых часоў сьведчыць гоцкі гісторык Ёрдан[[1]].

Готы спачатку спыніліся ў раёне сучаснага Гданьску. За гэты час у іх зьмянілася пяць каралёў. Ужо тады готы ведалі дынастычную манархію: Ёрдан называе пятага караля Фэлімэра сынам папярэдніка – вялікага Гадарыга. Згаданы Фэлімэр ініцыяваў чарговае перасяленьне готаў з абжытай імі паўднёвай Балтыкі далей на поўдзень – на абшары сучаснай Украіны. Шлях готаў ляжаў транзытам цераз Беларусь, на што намякае Ёрдан, з жахам прыгадваючы палескія балоты і віры.

Замацаваўшыся паблізу Чорнага мора, готы падзяліліся на остготаў пад уладай царскага роду Амалаў і на вэстготаў з уласным каралеўскім домам Балтаў.

Напрыканцы другога стагодзьдзя готы прынялі хрысьціянства з Малой Азіі і Ерусаліма, іхны япіскап Тэафіл удзельнічаў у Нікейскім саборы (325 г.), а япіскап Вульфіла (311-386) стварыў арыгінальны гоцкі альфабэт і пераклаў Дабравесьце на родную мову[[2]].

У IV ст. готаў аб'яднаў самы вядомы кароль – Германарых (Ermenerich) (266-376) з роду Амалаў. Рымскі гісторык Аміян Марцэлін кажа пра яго[[3]]: "Вельмі ваяўнічы кароль, які сваймі разнастайнымі доблеснымі дзеяньнямі ўразіў суседнія народы". Германарых здолеў стварыць вялізную дзяржаву – амаль імпэрыю, якая кіравалася паводле гоцкіх законаў.

Ёрдан пералічвае скораныя Германарыхам паўночныя народы па гадзіньнікавай стрэлцы ад Балтыйскага мора цераз Волгу і аж да Каўказу: Golthescytha, Thiudos, Inaunxis, Vasinabroncas, Merens, Mordens, Imniscaris, Rogas, Tadzans, Athaul, Navego, Bubegenas, Coldas. Паводле акадэміка Б.А.Рыбакова[[4]] у гэтым сьпісе няцяжка заўважыць чудзь (Thiudos), весь (Vasinabroncas), мер (Merens), мардву (Mordens). А першым у гэтым сьпісе йдзе народ гольтэскіфаў, які хутчэй за ўсё адпавядае Пталямэеўскім галіндам – голядзі. Гэта значыць, пад гольтэскіфамі трэба разумець тагачасных балтаў, якія жылі на шырокім абшары ад Нёмана да Акі. Дадатак "скіфы", хутчэй за ўсё, зьявіўся, каб падкрэсьліць індаэўрапейскае паходжаньне галіндаў, у адрозьненьне ад астатніх фіна-вугорскіх плямёнаў.

Такім чынам, ужо ў IV ст. наш край уваходзіў у нардычную хрысьціянскую імпэрыю Германарыха. Менавіта ў тых Траянавых вякох і трэба шукаць падмуркі нашых пазьнейшых дзяржаўных утварэньняў.

Відавочна, тады ж узьніклі й першыя шляхі "з варагаў у грэкі", па якіх прычарнаморскія готы падтрымлівалі сувязь са сваёй мэтраполіяй. Магчыма, тады і закладаліся першыя беларускія гарады, як умацаваныя перавалачныя пункты готаў. Некаторыя дасьледчыкі кажуць пра сугучнасьць Полацку з гоцкім каралеўскім домам Балтаў (Paltesk-Baltesk) і нават пра магчымасьць паходжаньня Рагвалода ад гэтага старажытнага роду[[5]].

Дзяржава Германарыха была зьнішчаная навалай гунаў, а сам Германарых памёр на сто дзясятым годзе жыцьця ў 375 ці 376 годзе. Гуны рушылі далей на захад цераз прычарнаморскія стэпы. Асноўная частка готаў сышла тады разам зь імі, каб пазьней заснаваць яшчэ некалькі магутных гоцкіх каралеўстваў у Эўропе. Некалькі стагоддзяў пра наш край амаль ніякіх гістарычных зьвестак не сустракаецца, што ўвогуле характэрна для "цьмяных вякоў". Можна, аднак, прыпусьціць, што сувязь з Поўначчу, прынамсі гандлёвая, не перарывалася нават у тыя змрочныя часы.

Прыход нарманаў

Рукаяці швэдзкіх мячоў

Чарговая магутная хваля нардычных заваёўнікаў абрынулася на Эўропу ў эпоху вікінгаў у VIII-XIII стст. Нарвэскія і дацкія ваяры распачалі тады сэрыю ўварваньняў у Заходнюю Эўропу, у выніку чаго ўзьніклі нарманскія дзяржавы ў Ангельшчыне (Ёрвік), Францыі (Нармандыя) і нават у Італіі (Сіцылія).

Швэдзкія ж вікінгі, як і готы раней, масава рушылі на Паўднёвы Ўсход цераз балцкія і фінскія землі. Уздоўж рэк яны рубілі ўмацаваныя паселішчы і рэзыдэнцыі князёў, якія кантралявалі навакольле, зьбіралі падаткі, забясьпечвалі свабоду гандлю. Уся занятая вікінгамі тэрыторыя атрымала назву Русь – бо так называлі гэтых адважных заваёўнікаў. У скандынаўскіх крыніцах гэтыя землі называюць Гардарыкай – краінай умацаваньняў.

У "Аповесьці мінулых часоў"[[6]] Нестара-летапісца тым далёкім падзеям прысьвечана некалькі радкоў, у якіх згадваецца і наш край:

В лѣто 6367 (859 г.). Имаху дань варязи, приходяще изъ заморья, на чюди, и на словѣнехъ, и на меряхъ и на всѣхъ, кривичахъ. А козаре имахуть на полянех, и на сѣверехъ, и на вятичихъ, имаху по бѣлѣ и вѣверици тако от дыма.

В лѣто 6370 (862 г.). И изгнаша варягы за море, и не даша имъ дани, и почаша сами в собѣ володѣти. И не бѣ в нихъ правды, и въста родъ на род, и быша усобицѣ в них, и воевати сами на ся почаша. И ркоша: «Поищемъ сами в собѣ князя, иже бы володѣлъ нами и рядилъ по ряду, по праву.» Идоша за море к варягом, к руси. Сице бо звахуть ты варягы русь, яко се друзии зовутся свее, друзии же урмани, аньгляне, инѣи и готе, тако и си. Ркоша руси чюдь, словенѣ, кривичи и вся: «Земля наша велика и обилна, а наряда въ ней нѣтъ. Да поидете княжить и володѣть нами». И изъбрашася трие брата с роды своими, и пояша по собѣ всю русь, и придоша къ словѣномъ пѣрвѣе. И срубиша город Ладогу. И сѣде старѣйший в Ладозѣ Рюрикъ, а другий, Синеусъ на Бѣлѣ озерѣ, а третѣй Труворъ въ Изборьсцѣ. И от тѣхъ варягъ прозвася Руская земля. По дъвою же лѣту умре Синеусъ и братъ его Труворъ. И прия Рюрикъ власть всю одинъ, и пришед къ Ильмерю, и сруби город надъ Волховом, и прозваша и́ Новъгород, и сѣдѣ ту, княжа, и раздая мужемъ своимъ волости и городы рубити: овому Полътескъ, овому Ростовъ, другому Бѣлоозеро. И по тѣмь городомъ суть находницѣ варязи; пѣрвии населници в Новѣгородѣ словенѣ, и в Полотьскѣ кривичи, Ростовѣ меряне, Бѣлѣозерѣ весь, Муромѣ мурома. И тѣми всѣми обладаше Рюрикъ.

З гэтага ўрыўку бачна, што крывічы плацілі даніну вікінгам яшчэ да сярэдзіны IX ст. Кароткачасовае паўстаньне тубыльцаў супраць варагаў прывяло бунтаўнікоў да жорсткай грамадзянскай вайны. Гэткі сумны вынік вымусіў крывічоў разам зь іншымі плямёнамі запрашаць варагаў-русь ізноў. Цікава, што ў V ст. кельцкі народ брытаў амаль у нестаравым стылі запрасіў да сябе германскае племя саксаў. Ці сапраўды згаданыя запрашэньні былі добраахвотнымі – дакладна невядома.

Так ці інакш, але Рурык (Rorik) з братамі сапраўды навёў парадак і распачаў будаўніцтва ўмацаваных гарадоў, якія існуюць і зараз. У гэтым кантэксьце згадваецца заснаваньне Полацку дзеля аднаго зь ярлаў Рурыка.

Неўзабаве пасьля згаданых падзеяў распачынаецца Хрышчэньне Русі, якое адбывалася адначасна з хрысьціянізацыяй усіх краёў, дзе ўладарылі вікінгі: 912 г. – Нармандыя, 943 г. – Ёрвік, 965-986 гг. – Данія, 980 – 1036 гг. – Русь, 995-1000 гг. – Нарвэгія, 1000 г. – Ісьляндыя, 1008 г. – Готлянд, 1050-1100 гг. – Швэцыя. Нарманскія князі паўсюль былі ініцыятарамі і актыўнымі ўдзельнікамі хрышчэньня народу. Так і было і ў нашых краёх, дзе першай манашкай сталася Рагнеда, а патронкай краю – сьв. Эўфрасіньня Полацкая з роду Рагвалода.

Дзяржаўны лад нарманаў

Прагалошаньне караля на муратынгу.
Гравюра XVI ст.

Паспрабуем уявіць той дзяржаўны лад, які прынесьлі з сабой нарманы на нашыя землі. Безумоўна, ён быў вельмі падобным на той, што існаваў на іхнай радзіме – у Швэцыі[[7]].

Швэцыя эпохі вікінгаў уяўляла сабой канфэдэрацыю плямёнаў з адзіным каралём (konungaer) на чале. Кожная племя ў сваім краі мела свой народны сход - ляндстынг (landsþing), якому належала вярхоўная ўлада і які абіраў 12 старэйшынаў з самых магутных радоў. Рада старэйшынаў кіравала краем паміж тынгамі паводле старажытнага звычайнага права. У сьвейскіх і ётскіх краёх тынг таксама абіраў пажыцьцёвага лангмана (Laghman) – чалавек закона, які ведаў на памяць усе законы і звычаі краю, а таксама тлумачыў іх тынгу.

Кароль быў адзіным дзяржаўным органам, што злучаў канфэдэрацыю плямёнаў, прычым ён не валодаў заканадаўчай і судовай уладай. Новага караля абіралі са старажытнага сьвейскага роду, звычайна – з сыноў памерлага манарха. Часам маглі абраць адразу двух каралёў, як саўладальнікаў. Але трэба зазначыць, што швэдзкія выбары ня мелі нічога агульнага з сучаснымі выбарамі. Калі на пасад меліся два ці больш прэтэндэнты з розных радоў, яны павінны былі самастойна вырашыць спрэчку яшчэ да выбараў, звычайна – зброяй. Такім чынам, караля ў Швэцыі не выбіралі, а прагалошвалі. Прычым вырашальную ролю ў гэтым прагалошваньні адыгрывала, вядома ж, арыстакратыя.

Правам абіраць ці зрынаць караля валодалі ня ўсе плямёны, а толькі сьвеі, прычым толькі 3 фольклянды з вобласьці Уплянд на сваім сумесным тынгу, які адбываўся заўжды на лузе Мура ў 10 км ад Упсалы і называўся "Мура тынг" (moraþing). На гэтым лузе знаходзіўся вялізны сакральны валун "Мурастен" (Morasten), на які ўздымалі новага караля. З гэтага ж каменя адбывалася і рытуальнае зрынаньне кепскага ўладара.

Абраны кароль не рабіўся аўтаматычна ўладаром усяе Швэцыі. Ён павінен быў аб'ехаць кожную землю (eriksgata) і прыняць прысягі ад мясцовых ляндстынгаў. У сваю чаргу кароль кляўся ляндам захоўваць іхныя старыя законы і звычаі.

Улада каралёў у дахрысьціянскі пэрыяд мела, безумоўна, сакральны характар. Нават адно з тлумачэньняў іхнае назвы – "чалавек, які паходзіць ад багоў". Звычайна кароль быў вярхоўным жрацом галоўнага храму Швэцыі ў Упсале.

Кароль таксама быў галоўнакамандуючым на вайне і меў уласную невялікую дружыну (каля сотні чалавек). Падчас падарожжаў караля па краіне плямёны ўрачыста сустракалі яго, наладжвалі піры, плацілі добраахвотную дань і прыносілі дарункі. Зь цягам часу добраахвотныя ахвяраваньні ператварыліся ў абавязковыя падаткі. Акрамя таго, па ўсёй краіне былі раскіданыя зямельныя надзелы, якія былі каралеўскай уласнасьцю і называліся "Упсальскім удзелам".

Такім чынам, можна заўважыць шматлікія паралелі з тымі вядомымі дзяржаўнымі мэханізмамі, што існавалі ў Полацкім і іншых старажытнарускіх княствах: пакліканьне і выгнаньне князёў вечам, абраньне князёў з аднаго роду, заканадаўчая ўлада веча, прысяга "ня рухаць старыну", моцнае мясцовае самакіраваньне і г.д. Больш за тое, шмат якія звычаі і інстытуты тых часоў перайшлі ў нязьменным выглядзе і ў Вялікае Княства Літоўскае[[8]].

Рагнеда, як прыклад вернасьці роду

Акрамя свайго дзяржаўнага ладу нарманы прынесьлі ў наш край і ўласны кодэкс гонару і гераізму. Гэтыя правілы паводзінаў паступова пераўтварыліся ў рыцарскі этас, якім кіраваліся ў сваіх учынках наступныя пакаленьні тутэйшай арыстакратыі: князі, дружыньнікі, баяры, пазьней – літвінская шляхта.

Фэномэн рыцарскага этасу быў падрабязна вывучаны польскай дасьледчыцай Марыяй Асоўскай[[9]]. Нашыя летапісы добра ілюструюць скандынаўскі кодэкс гонару. У летапісных прыкладах нас будзе цікавіць ня столькі іх гістарычная дакладнасьць, колькі тыя ўзоры паводзінаў, якія для сучасьнікаў былі найбольш каштоўнымі і высакароднымі. Перачытаем, напрыклад, вядомы ўрывак з "Аповесьці мінулых часоў" пра няўдалы замах Рагнеды на Ўладзімера.

В лѣто 6488 (980 г.). «О сих же Всеславичих сице есть яко сказаша вѣедущии преж, яко Роговолоду держащю и владѣющю и княжящю Полотьскую землю, а Володимеру сущю Новѣгородѣ — дѣтьску еще и погану. И бѣ у него [уи его] Добрыня — воевода и храборъ и наряденъ мужь. Се посла к Роговолоду и просу у него дщере [его] за Володимера. Он же рече дещери своей: «Хощеши» ли за Володимера?» Она же рече: «Не хочю розути робичича, но Ярополка хочю!» Бѣ бо Роговолодъ перешелъ изъ заморья, имѣяше волость свою Полтескъ. Слышавше же Володимеръ, разгнѣвася о той рѣчи, оже рече: «Не хочю я за робичича». Пожалиси Добрына и исполнися ярости, и поемше вой, [и] идоша на Полтескъ, и побѣдиста Роговолода. Рогьволодъ же вбѣже в городъ. И приступивъше к городу и взяша городъ, и самого [князя Роговолода] яша и жену его, и дщерь его. И Добрына поноси ему и дщери его: нарекъ ев «робичица» и повелѣ Володимеру быти с нею пред отцемь ея и матерью. Потом отца ее уби, а саму поя женѣ и нарекоша ей имя Горислава. И роди Изяслава, поя же памы ины жены многы. И нача ей негодовати. Ньколи же ему пришедщю к ней и уснувшю, хоть и зарѣзати ножемь. И ключися ему убудитися, и я ю за руку. Она же рече: «Сжалиласи бяхѣ, зане отца моего уби и землю его полони мене дѣля. И се нынѣ не любиши мене и съ младенцем симь». И повелѣ ею устроитится во всю тварь цесарьскую, якоже в день посага ея, и състи на постели свѣтлѣ в храминѣ да пришедъ, потнеть ю. Она же тако створи и давши же мечь сынови своему Изяславу в руку нагъ и рече: «Яко внидеть ти отець, рци выступя: Отче! Еда единъ мнишися ходя!» Володимеръ же рече: «А хто тя мнѣлъ сдѣ!» И повергъ мечь свои и созва боляры, и повѣда им. Они же рекоша: «Уже не убии ея дѣтяти деля сего, но въздвигни отчину ея и дай ей с сыном своимъ». Володимеръ же устрой городъ и да има. И нарече имя городу тому Изяславль. И оттоль мечь взимают Роговоложи внуци противу Ярославлим внуком.

Помнік заснавальнікам Полацка.
Скульптар А. Шатэрнік.

Перадусім мы бачым, што Полацак ператварыўся ў незалежнае княства, якім кіраваў вікінг Рагвалод (Rangvald). Прычым род Рагвалода быў вельмі знатнага, арыстакратычнага паходжаньня, які ўжо тады грэбаваў марганатычнымі шлюбамі. У адмове Рагнеды (Ragnhild) варта падкрэсьліць ня столькі свавольнасьць ганарлівай княжны, колькі тое, што трымаць адказ перад сватамі ёй даручыў сам бацька. Гэта значыць, Рагвалод цалкам давяраў сваёй дачцэ, і быў абсалютна ўпэўнены, што Рагнеда, выхаваная ў арыстакратычных традыцыях свайго роду, дасьць годны адказ, за які яму ня будзе сорамна.

І сапраўды Рагнеда, нават ведаючы люты нораў жаніха, абірае асабісты гонар замест прынізьлівага марганатычнага шлюбу з чалавекам нізкага паходжаньня. І ўвесь род Рагнеды, як адзін чалавек, падтрымлівае сваёй зброяй гэты выбар: вернасьць роду, крыві была не пустым словам для нашых князёў. Такі безаглядны гераізм дорага каштаваў ім усім, затое нават праз тысячу гадоў кожны беларус з дзяцінства ведае гэтую захапляльную гісторыю змаганьня за гонар свайго роду.

Паводле народнага паданьня, чэлядзь князя Ўладзімера (Valdemar) забіла полацкага князя Рагвалода з сынамі каменным молатам – рытуальнай зброяй мітычнага скандынаўскага эпасу. Злачынства адбылося на кургане каля ракі Дрыса. Цьвердзяць таксама, што Рагнеда пакінула запавет пахаваць сябе на тым самым кургане, побач са сваякамі, таму й завецца гэтае месца дагэтуль – гара Рагнеды. Тут мы бачым чарговы прыклад нардычнай вернасьці да сьмерці – вернасьці свайму роду.

Зьвернемся зараз да паводзінаў Уладзімера, каб аддаць належнае і ягонаму характару – ён таксама меў моцнае пачуцьцё ўласнага гонару, за які быў гатовы біцца не на жыцьцё, а на сьмерць. Помста за абразу "рабычычам" была зьдзейсьненая па-першабытнаму жорстка і крывава, але цалкам адпавядала скандынаўскаму кодэксу гонару.

Заўважым яшчэ адну дэталь: Уладзімер добра разумеў сваё нізкае пазашлюбнае паходжаньне і ведаў таксама, што дадаць яму легітымнасьці ў вачох суайчыньнікаў можа шлюб зь дзяўчынай з арыстакратычнага роду. Менавіта гэткі шлюб ў рэшце рэшт ён і атрымлівае, і робіцца заснавальнікам магутных уладарных дынастыяў. Крыху пазьней Уладзімер у падобнай жа ваяўнічай манэры даможацца прыняцьця хрысьціянскай веры ад бізантыйцаў. Той штурм Корсуні "дзеля хросту" чарговы раз падкрэсьлівае арыстакратычнае пачуцьцё ўласнага гонару, якое скандынавы несьлі ў сваёй дзікай нардычнай крыві.

Далей летапіс распавядае пра няўдалы замах Рагнеды на Ўладзімера. Сюжэт помсты жонкі свайму мужу за пакрыўджаны род часьцяком сустракаецца ў скандынаўскіх эпасах, напрыклад у "Крузе зямным" Сноры Стурлусана[[10]] мы знаходзім наступны эпізод:

У Жалезнага Скегі была дачка, якую звалі Гудрун. Замірэньне скончылася тым, што Олаў конунг павінен быў ажаніцца з Гудрун. Калі згулялі вясельле,  Олаў конунг і Гудрун леглі ў адну пасьцелю. Але ў першую ж ноч, калі яны ляжалі побач, яна выцягнула кінжал, як толькі конунг заснуў, і хацела закалоць яго. Калі конунг убачыў гэта, ён забраў у яе кінжал, устаў з пасьцелі, пайшоў да сваіх людзей і расказаў, што здарылася. А Гудрун узяла сваю адзежу і ўсіх тых людзей, якія зь ёй туды прыйшлі, і яны зь ёй пайшлі сваёй дарогай, і Гудрун больш ніколі ня легля ў адну пасьцель з Олавам конунгам.

Такім чынам, скандынаўскія легенды даюць нам ключ для разуменьня дзёрзкага замаху Рагнеды на свайго мужа і бацьку свайго сына. Відавочна, яна зь дзяцінства выхоўвалася на гэтых сагах і захавала ў сваім сэрцы прыклады мужнага змаганьня за свой гонар. Таму нядзіўна, што вернасьць роду, пачуцьцё ўласнай годнасьці былі для Рагнеды даражэйшымі за само жыцьцё.

І зноў нельга абысьці ўвагай рэакцыю Ўладзімера: нязломнасьць Рагнеды разам з гераічным заступніцтвам маленькага Ізяслава настолькі ўразілі яго, што ён ня толькі захаваў ім жыцьцё, але й згодна са скандынаўскім спадчынным правам вярнуў ім Полацкае княства.

Этас "Прадзі аб Эймундзе"

Рунічны швэдзкі камень з элемэнтамі хрысьціянскай і паганскай сымболікі

Хрысьціянізацыя краіны спрыяла асьвеце грамадзтва, ўмацаваньню маралі, зьмякчэньню дзікунскіх нораваў нашых продкаў. Але адразу ж выявіліся і супярэчнасьці паміж нардычнай і хрысьціянскай сыстэмамі каштоўнасьцяў. Таму часьцяком на схіле свайго жыцьця альбо па асаблівым пакліканьні Божым ваяўнічыя князі і дружыньнікі адкладалі меч і пастрыгаліся ў манахі – ужо дзеля зваяваньня Царства Нябёснага. Гэтым і тлумачыцца імклівы росквіт манаства ў нашых землях, аснову якога заклаў вікінг Сымон – інак Антоні, першы насельнік Кіева-Пячорскае лаўры.

Аднак пакуль нарман жыў у міру, ён па-ранейшаму гераічна змагаўся за свае нардычныя каштоўнасьці – за ўласны гонар, за вернасьць князю і роду. Толькі зараз абарона гэтых прынцыпаў вялася ў славу Божую і з імем Божым на вуснах.

Прыклады такога змаганьня захаваліся ня толькі ў рускіх летапісах, але і ў скандынаўскіх сагах. Для нас найбольшую цікавасьць уяўляе "Прадзь аб Эймундзе Хрынгсане", бо там месьціцца найбольш зьвестак пра Полацкае княства часоў Брачыслава Ізяславіча – праўнука Рагвалода. Гэтая сага мае два пераклады на расейскую мову – віленчука Восіпа Сянкоўскага[[11]] (сярэдзіна XIX ст.), і савецкай скандынавісткі Е.А. Рыдзеўскай[[12]] (першая палова XX ст.). "Прадзь аб Эймундзе" шчодра даносіць да нас тыя ідэалы і прынцыпы, якімі кіраваліся нарманы, і якія яны міжволі ўкаранялі й на нашай зямлі.

Вылучым некаторыя чалавечыя якасьці, якія ўслаўляе "Прадзь аб Эймундзе". Можна заўважыць, што ў вікінгаў вайсковы занятак лічыўся больш высакародным за гандлярства: спадарожнікі Эймунда перад адплыцьцём у Гардарыку пераймаюцца, каб іх ня зблыталі з купцамі. Так пацьвярджаюцца сьведчаньні Тацыта[[13]] і Юлія Цэзара[[14]] аб асобным існаваньні сярод тэўтонаў купецкага і ваярскага станаў, прычым багацьце, здабытае зброяй, надавала больш пашаны. Дзеля справядлівасьці трэба дадаць, што германскія купцы таксама мелі свой кодэкс гонару: перавага надавалася таварнаму бартэру, золата і срэбра не было галоўнай мэтай гандлю, а ліхвярства не практыкавалася ўвогуле.

Шмат месца ў "Прадзі" адводзіцца бясконцым войнам – нарманы высока цанілі доблесьць і гераізм. Пра гэта сьведчаць нават штогадовыя дамовы з Яраславам і Брачыславам, у якіх кошт паслуг нарманаў кожны раз павялічваўся. Мэта гэткіх дамоваў – ня толькі ўзбагачэньне ваяроў, але й заахвочваньне ўладароў да больш актыўнага выкарыстаньня сваіх гасьцей у вайсковай справе. Яшчэ Тацыт заўважыў, што германскія юнакі ў выпадку працяглага міру самі выпраўляліся на пошукі вайны.

На вайне ў германцаў спрадвеку лічылася найвялікшай ганьбай застацца ў жывых пасьля бітвы, у якой загінуў іхны манарх. Гэтым тлумачыцца падвойны націск нарманаў на ворагаў падчас адной з бітваў на баку Яраслава пасьля атрыманьня зьвестак пра раненьне князя.

Таксама для вікінгаў на вайне важным сымбалем быў сьцяг, за які нават варта было загінуць. Падчас адной з перамог падкрэсьліваецца сьмерць варожага сьцяганосца. Характэрна і зьняважлівая рэпліка Эймунда у бок Бурыцлава-Сьвятаполка: "Яму зручней згубіць сьцяг, чым жыцьцё".

У "Прадзі" нароўні з мужчынамі дзейнічае і вялікая княгіня Інгігерда – яна сама вядзе перамовы з нарманамі і нават выпраўляецца на вайну. Сярод германцаў жанчыны заўжды карысталіся самастойнасьцю і нават адной сваёй прысутнасьцю падтрымлівалі баявы дух мужчынаў, заахвочвалі іх на новыя змаганьні й перамогі.

Вайсковыя дзеяньні не выключалі выкарыстаньня нарманамі розных вайсковых хітрыкаў, такіх як напад з тылу, начное забойства соннага Бурыцлава, і нават захоп закладнікаў, – на вайне гэта лічылася дапушчальным і справядлівым. У "Прадзі" падкрэсьліваецца, што справядлівасьць ёсьць адной зь якасьцяў Бога: "Атрымалі яны (нарманы) за перамогу вялікі гонар, і ўсё было па дамове, бо Госпад Бог, Ісус Хрыстос, быў у гэтым справядлівы, як і ва ўсім іншым".

Свае вайсковыя перамогі нарманы прысьвячалі свайму князю і княгіне – для павелічэньня іхнае славы. Вернасьць манарху лічылыся пачэсным абавязкам ўсіх ваяроў – вядома ж, пры ўмове выкананьня ім сваіх абяцаньняў і дамоваў. Калі дагавор скасоўваўся, нарманам дазвалялася перайсьці да новага ўладара – у дадзеным выпадку Эймунд пакінуў Яраслава Мудрага, перабраўся ў Полацак да Брачыслава Ізяславіча і нават ваяваў са сваім папярэднім наймальнікам.

Пры ўсёй лютасьці тагачасных войнаў, трэба адзначыць павагу да ворагаў, нават ужо памерлых: напрыклад, Эймунд праяўляе больш клопату пра належнае пахаваньне забітага ім жа Бурыцлава, чым хаўрусьнікі і сваякі апошняга.

Заканчэньне

Такім чынам, вытокі нашай манархічнай дзяржаўнасьці, арыстакратычнага і рыцарскага этасу знаходзяцца на Поўначы Эўропы.

Вядома ж, нельга казаць, быццам усім нашым здабыткам мы абавязаны толькі нарманам – на наш край у розны час моцна паўплывалі і шмат іншых народаў. Ды й самі нашы даўнія продкі самастойна стварылі самабытную культуру, якая і сёньня захапляе вытанчанасьцю народнага мастацтва. Тым ня менш, для пабудовы й запуску магутных дзяржаўных мэханізмаў спатрэбілася жалезная нардычная воля скандынаваў. Тутэйшы люд стаўся мяккай глінай у рукох паўночных правадыроў – і гэтае ўнікальнае спалучэньне нардычнага гераізму з балтыйскай паэтычнасьцю забясьпечыла росквіт нашых старажытных княстваў і заклала падмуркі іхнага наступніка – слаўнага Вялікага Княства Літоўскага.

Зараз лёс Беларусі знаходзіцца ў рукох пакаленьня, якое амаль цалкам страціла арыстакратычны дух старажытных правадыроў. Замест велічных ідэй паўсюль пануюць мэркантыльны разьлік, матэрыяльныя задаволеньні, спажывецкая безыдэйнасьць, бязвольны канфармізм... Чакайма на новы вецер з Поўначы?



[1] Jordanis. "De origine actibusque Getarum"

[2] Вернадский Г.В. Древняя Русь. — Тверь—М.: «Леан»; «Аграф», 1996

[3] Ammianus Marcellinus. Res gestæ, XXXI, 3, I.

[4] Рыбаков Б. А. "Язычество Древней Руси". – М.: "Наука", 1987.

[5] Егоров В.Б. "Русь и снова Русь". ИПИ РАН. 2002

[6] Повесть временных лет // Памятники литературы Древней Руси: XI — нач. XII века / Подгот. текста О.В. Творогов. М., 1978.

[7] Ковалевский С.Д. Образование классового общества и государства в Швеции. – М.: "Наука", 1977.

[8] Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. – Мн.: "Беларусь", 2005.

[9] Оссовская М. Рыцарь и Буржуа. Исследования по истории морали. – М.: "Прогресс", 1987.

[10] Снорри Стурлусон. "Круг Земной" (Snorri Sturluson "Heimskringla"). – М.: "Наука", 1980.

[11] Сенковский О. И. Собр. соч. СПб., 1858, т. 5.

[12] Рыдзевская Е.А. Древняя Русь и Скандинавия. IX-XIV вв. – М.: "Наука", 1978.

[13] Тацит К. Сочинения. О происхождении германцев и местоположении Германии. – Л., "Наука",  1969.

[14] Записки Юлия Цезаря. Галльская война. - М., "Наука",  1962.

Аляксандар Сінкевіч.

Крыніца: Архэ 4/2009 

Дадатак

Прадзь аб Эймундзе. Арыгінал: Eymundar thattr - Norroen Dyrd

Эймундава сага. Пераклад Сянкоўскага

Прадзь аб Эймундзе Хрынгсане. Пераклад Радзеўскай